Сокал, які знаходзіўся прыблізна за 30 кілямэтраў на поўнач ад Полацку, меў значную абарончую каштоўнасьць. З поўдня яго прыкрывала Дрыса, а з поўначы і захаду ў яе ўпадала пад замкам Нішча. Ня вельмі шырокі доступ да ўмацаваньняў з усходняга боку ахоўваў роў. Драўляна-земляныя ўмацаваньні з ізьбічнай канструкцыяй былі пабудаваныя зь яловых бэлек у форме замкнёнай падковы. Іх умацоўвала ажно дзесяць вежаў. Праз адзінаццатую, якая выходзіла на поўнач, вяла галоўная брама. Каб патрапіць у яе, трэба было ісьці дастаткова вузкім праходам паміж валам і ракой Нішчай.
Сілы Шэіна і Шарамецева, якія тут стаялі, панесьлі пэўныя страты ў партызанскіх баёх, што вяліся ў жніўні з аддзеламі Крыштапа Радзівіла. Акрамя таго, на вестку пра надыход корпусу Мялецкага здрадзілі данскія казакі, якія пакінулі замак без дазволу і адправіліся ў свае сядзібы. Варта зыходзіць з таго, што ў Сокале надалей знаходзілася каля 5 тысяч жаўнераў, бо да войскаў, пасланых сюды царом з Пскова, трэба дадаць залогу замку і згаданы аддзел стральцоў Булгакава.
Войскі Мялецкага вырушылі з-пад Полацку найпазьней 7 ці 8 верасьня і прасоўваліся вельмі павольна. Хоць яны ня бралі з сабой цяжкіх табарных вазоў, коні і людзі досыць хутка растапталі размоклую дарогу, якая ператварылася ў бруд. На шчасьце, гарматы сплавілі Дзьвіной, а потым Дрысай амаль пад сам Сокал.
10 верасьня корпус Мялецкага зьявіўся непадалёк ад замку, даходзячы да правага берагу Дрысы. Пераправа аказалася цяжэйшай, чым меркавалася. Не было і гаворкі пра тое, каб на другі бераг ракі перабралася пяхота. У такіх абставінах Януш Збараскі пераправіўся з часткай коньніцы па паўночны бераг Дрысы ўплаў і заблякаваў дарогу да Пскова. Толькі празь нейкі час ротмістар Мікалай Угравецкі прыйшоў да думкі пабудаваць памост з дрэва. Адразу адправіў частку пяхоты ў суседні лес, там яны падрыхтавалі тоўстыя камлі дрэў, якія счапілі жалезнымі ланцугамі і паставілі ўпоперак ракі. Канечне, гэта быў часовы мост, аднак пяхота здолела прайсьці па ім на другі бераг ракі.
На зьдзіўленьне камандзіраў, моцная залога Сокалу не перашкаджала пераправе. Хоць яна адбывалася на ўсход ад замку, па-за абсягам маскоўскіх гармат, але ўдар коньніцы мог выклікаць сумятню ў шэрагах. Тым часам падчас пераправы ў полі зроку жаўнераў зьяўляліся толькі невялікія маскоўскія разьезды, якія стараліся напалохаць праціўніка, імітуючы татарскія воклічы. Іх адганяла коньніца Збараскага, абмяжоўваючыся дробнымі сутычкамі так званых наезьнікаў.
Толькі калі ўсе аддзелы Мялецкага апынуліся за ракой, Шэін і Шарамецеў вывелі значную частку сваіх войскаў пад муры замку. Аднак яны ня рушылі наперад, увесь час застаючыся пад прыкрыцьцём уласнай артылерыі. Яна нанесла нападнікам значныя страты, як аддзелам коньніцы, якія стараліся адцягнуць маскоўскіх жаўнераў ад замку, так і пяхоце, якая ўзялася за абложныя працы. Урэшце, царскія ваяводы завялі свае войскі назад за валы Сокалу, адкладаючы магчымую бітву на наступны дзень.
Польскае камандаваньне намервалася праводзіць аблогу з аднаго магчымага кірунку, г. зн. з усходу. Яшчэ 10 верасьня пачалі насыпаць шанцы пад валамі крэпасьці. Польская пяхота прасоўвалася ў іх кірунку ўздоўж Нішчы, а нямецкай — уздоўж Дрысы. Неўзабаве ўдалося зацягнуць на шанцы гарматы, і артылерысты на чале з Марцінам Дабраслаўскім пачалі абмен агнём з маскоўскімі гарматамі.
У наступны дзень Дабраслаўскі здолеў паслаць у кірунку замку некалькі запальных ядраў. Паводле Р. Гайдэнштайна, два зь іх адразу распалілі агонь, які непрыяцель хутка пагасіў. Трэцяе ўдарыла ў ніжнюю частку паркану, трапіўшы ў дрэва. Не заўважанае абаронцамі, яно толькі празь нейкі час распаліла агонь, які ахапіў значную частку яловай сьцяны. Мялецкі загадаў адразу трубіць трывогу, ставячы ўсе роты на зыходных пазыцыях для штурму.
У той час адбыўся адзін з найбольш крывавых баёў ва ўсёй кампаніі 1579 г. Частка маскоўскай коньніцы з Шарамецевым на чале вырвалася на поўнач, спрабуючы ўцячы ў Пскоў. Аднак тамтэйшы шлях пільнавала коньніца Збараскага, і толькі нешматлікія маскоўскія коньнікі прабіліся паасобку або малымі групамі ў навакольныя лясы. Большасьць з Шарамецевым на чале лучыла ў няволю.
Ня меў такога шчасьця аддзел Шэіна, які кінуўся наўцёкі на ўсход. Тут на Дрысе яму загарадзіла дарогу нямецкая пяхота. Разгарэлася бойня, бо немцы, помсьцячы за сваіх суродзічаў, закатаваных у Полацку, ня мелі літасьці. Спалоханыя маскоўскія жаўнеры пачалі ўцякаць назад, у бок замку, а тыя, што ў ім засталіся, малілі аб захаваньні ім жыцьця, гатовыя ўзамен здацца. Аднак калі нямецкія пехацінцы ўварваліся ў замак, «седзячы на карках» тых, што ўцякалі, і пачалі забіваць усіх без выключэньня, абаронцы ў парыве роспачы апусьцілі краты, якія віселі ўверсе брамы. Так частка каралеўскіх жаўнераў апынулася ў пастцы і, нягледзячы на зацяты бой, была выразана пад корань. Толькі празь нейкі час рэшта пяхоты пад камандаваньнем Крыштапа Разражэўскага здолела выбіць браму і ўварвалася на дзядзінец замку, поўны польскіх, літоўскіх, нямецкіх і маскоўскіх трупаў. Пачаўся апошні этап разьні. Многія абаронцы зацята біліся да канца, іншыя кідаліся ў агонь або спрабавалі ўцячы праз бакавыя брамкі, аднак усюды чакалі каралеўскія жаўнеры.
Вынік бітвы быў жудасны. Нават калі перабольшаныя данясеньні крыніц, якія казалі пра 4 тысячы палеглых царскіх падданых і 500 каралеўскіх (пераважна немцаў) паменшыць напалову, то і так яны надзвычай высокія, як на той час. Здолела ўцячы ня больш за 200 маскоўскіх жаўнераў, а рэшта залогі трапіла ў палон. Тым разам, насуперак ранейшай практыцы, нікога не адпусьцілі. Мялецкі прывёў палонных пад Полацак, дзе паказаў іх усяму войску, а потым найважнейшых перадаў каралю і хаўрусьніцкім магнатам. Пяхоце дасталіся багатыя трафэі, здабытыя ў замку, што пэўным чынам кампэнсавала жаўнерам расчараваньне, якое зазналі пад Полацкам.
На жаль, у баявым запале не было каму гасіць пажар замку, які згарэў датла. Такім чынам, была здабыта тактычная перамога, але Сокал часова ня мог выконваць функцыі вартаўніка пскоўскага тракту.
Суша, Нешчарда
Пасьля падзеньня Сокалу ўладаньні Івана Жахлівага на Полаччыне скурчыліся да адной толькі Сушы. Разьмешчаная на левым беразе Дзьвіны на высьпе возера, з умацаваньнямі на пляне чатырохкутніка, Суша здаўна была найдалей высунутым на поўдзень маскоўскім пляцдармам. Яна мела шматлікую залогу (800 жаўнераў) і вялікія запасы зброі, харчоў і боепрыпасаў, аднак, абкружаная замкамі з каралеўскімі залогамі, ня мела шанцаў пратрымацца доўга. У такім абставінах Іван IV рэкамэндаваў залозе затапіць гарматы, зьнішчыць запасы харчоў і боепрыпасаў і адступіць бяз бою. Аднак царскі ліст патрапіў у рукі аднаго з каралеўскіх разьездаў. Мялецкі адразу ж адправіў пад Сушу полацкага ваяводу Драгастайскага. Той, гарантуючы залозе бясьпечнае адступленьне ў Масковію, схіліў яе пакінуць замак і здацца 6 кастрычніка ў разам з усімі запасамі. Так, была захоплена 21 гармата, 136 гакаўніц, 123 ручніцы, 100 бочак пораху вагай 400 цэнтнэраў, 4822 жалезныя ядры для гармат і мноства іншага рыштунку.
Вянцом кампаніі стаў тактычны посьпех, атрыманы 13 сьнежня 1579 г. полацкай залогай. Тады ваявода Драгастайскі засьпеў нечаканай атакай залогу Нешчарды і заняў замак. У няволю патрапілі чатыры ваяводы і некалькі соцень жаўнераў ворага. Нешчарда, разьмешчаная за 70 кілямэтраў ад Полацку, стала найдалей высунутым на поўнач пляцдармам Рэчы Паспалітай у гэтым рэгіёне. Ён мог пераняць частку функцый спаленага Сокалу, абараняючы Полацак ад нечаканай атакі з боку Пскова або Вялікіх Лукаў.
Агонь па Смаленшчыне
Посьпехі на галоўным фронце ваенных дзеяньняў, напэўна, не былі б такія значныя, калі б ня дзеяньні польскіх і літоўскіх войскаў на бакавых кірунках. Баі, якія вяліся здалёк ад Полаччыны, зьвязвалі толькі лякальныя маскоўскія сілы і не выходзілі за адносна маланаселены абшар памежжа, але сутычкі ў Лівоніі і на Смаленшчыне мелі вялікае значэньне для арміі Батуры. Яны зьвязвалі частку палявых сілаў Івана Жахлівага і абаранялі крылы каралеўскай арміі, не дазваляючы цару выкарыстаць супраць яе сабраныя там аддзелы.
У Лівоніі дзейнічаў Мацей Дэмбінскі, якога кароль прызначыў галоўнакамандуючым. Яны налічвалі ўсяго 2585 наёмных жаўнераў, аднак Дэмбінскі змог выкарыстаць іх для актыўных дзеяньняў. Хоць яму не ўдалося стрымаць летняй ваеннай кампаніі царскіх ваяводаў на Курляндыю, але пасьля яе заканчэньня ён атрымаў пэўныя падмацаваньні. Зь ліста Сьцяпана Батуры да віленскага кашталяна Яна Хадкевіча, пасланага ў жніўні зь лягеру пад Полацкам, вынікае, што гэта былі літоўскія татары і 200 коней коньніцы, прысланай літоўскім падскарбіем. Потым Дэмбінскі чыніў пасьпяховыя сутычкі з маскоўскай коньніцай і маскоўскімі татарамі, блякаваў Кукейнос, словам, разьвіў такую шырокую дзейнасьць, што стварыў пачуцьцё сталай пагрозы ў камэндантаў замкаў, якія знаходзіліся ў маскоўскіх руках.
Аршанскі стараста Філон Кміта Чарнобыльскі праводзіў сьмелыя рэйды пад Смаленск на чале сваіх аддзелаў, якія складаліся ўсяго са 100 гусараў, 100 казацкай коньніцы і 1400 казацкай пяхоты. Ён ня быў у стане атакаваць смаленскую крэпасьць, укамплектаваную шматлікай царскай залогай, але, дзейнічаючы з Воршы, спаліў смаленскія прадмесьці і шматлікія вёскі ад Смаленску да самага Дарагабужу. Паўднёвыя раёны Смаленшчыны спусташаў амсьціслаўскі стараста Ян Саламярэцкі, які на чале казацкіх добраахвотнікаў спаліў Рослаўе.
На паўднёвым участку маскоўскага памежжа дзейнічалі князі Канстанцін і Януш Астроскія, а таксама Міхал Вішнявецкі. Першыя сабралі сярод сваіх падданых амаль 2 тысячы ваяроў, Вішнявецкі — 700 шляхты і казакоў з ваколіц Кіева і Гомелю, да якіх далучылася 300 татараў з белгарадзкай Арды пад камандаваньнем Агі Кашкелдзея. Уся гэтая групоўка, якая разам налічвала каля трох тысяч чалавек, уварвалася з Кіеўшчыны пад Чарнігаў. З прычыны адсутнасьці артылерыі не ўдалося ўзяць горад, а ўвесь набег скончыўся поўным спусташэньнем Севершчыны пад сам Старадуб, Почап і Радагошч.
Прычыны пасіўнасьці Івана IV
Тым часам Іван Жахлівы знаходзіўся яшчэ нейкі час у Пскове, пасьля чаго ў кастрычніку распусьціў частку войска і ад’ехаў у Маскву. Кампанія 1579 г. скончылася маскоўскай паразай пры дзіўнай пасіўнасьці цара і яго камандзіраў. Гэту пасіўнасць крытыкавалі, тым больш што данясеньні дыпляматаў і маскоўскіх ганцоў згадвалі Полацак як адну з ваенных мэтаў Батуры.
Гэтая бязьдзейнасьць Івана Жахлівага схіліла большасьць гісторыкаў (перадусім расейскіх) ускласьці на яго віну за маскоўскую паразу ў першай сутычцы з арміяй Батуры.
Урэшце, зьвярталася ўвага на страх маскоўскага камандаваньня ваяваць з войскамі з вышэйшым узроўнем ваеннага майстэрства, якім вызначалася армія Батуры.
Ужо ў папярэдніх разьдзелах згадвалася, што цар сканцэнтраваў свае палявыя сілы ў раёне Ноўгараду — Пскова, а таксама Смаленску. Згадвалася і тое, што гэта не была такая вялікая армія, як меркавалася раней. Колькасна яна перавышала галоўныя сілы Батуры, калі ён ішоў на Полацак, але яўна не ўдвая ці ўтрая, як пісалі.
У расейскіх крыніцах эпохі знайшлася заўвага, якая тлумачыць прычыны царскай пасіўнасьці ў кампаніі 1579 г. У ёй запісана:
Асабліва правальным аказаўся рэйд 20-тысячнай групоўкі па Курляндыі. Цар паслаў ганца ў Курляндыю, загадваючы ваяводам вяртацца пад Пскоў, але тыя маглі зьявіцца там не раней за сярэдзіну жніўня, а значыць у час, калі ўжо ішла аблога Полацку.
Аналіз запісаў у цытаванай тут «Разрядной книге» даказвае, што цар найбольш непакоіўся якраз за лёс Лівоніі. На поўначы правінцыі актывізаваліся швэды, якія хацелі скарыстацца тым, што маскоўскі ўладар быў паглынуты вайной з Батурам. Швэдам ня шчасьціла ў гэтай вайне. Хоць яны спустошылі Інгрыю, але ўвосень панесьлі паразу пад Нарвай. У Эстоніі яны не змаглі ўзяць Хаапсалу і прайгралі бітву пад Вэзэнбэргам (Раквэрэ, у крыніцах на старабеларускай мове — Белы камень). Нягледзячы на гэта, яны зьвязвалі частку царскіх войскаў, што было выгадна з гледзішча Рэчы Паспалітай.
Дзеяньні Мацея Дэмбінскага ў Лівоніі выклікалі значны непакой камандзіраў тамтэйшых маскоўскіх залог. На іхныя заклікі аб дапамозе ў жніўні ў цэнтральную Лівонію быў высланы пярэдні полк, а пад канец верасьня — тры чарговыя палкі на чале зь Цімафеем Трубяцкім, Сямёнам Чаркаскім і Іванам Турэніным. Таму ўсё ўказвае на тое, што цар клапаціўся перадусім пра абарону сваіх уладаньняў у Лівоніі і толькі на гэтым кірунку быў гатовы распачаць больш актыўныя дзеяньні. На іншых ён карыстаўся абарончай тактыкай, ня верачы, каб сілаў, якія засталіся ў яго распараджэньні пад Псковам, хапіла для бітвы з польска-літоўскай арміяй у адкрытым полі. Напэўна, гэта не былі настолькі шматлікія палкі, каб цар
У прыняцьці абарончай тактыкі Іванам IV і яго дарадчыкамі было багата прычын, вынесеных з досьведу папярэдніх войнаў з Рэччу Паспалітай. Цар меркаваў, што спэцыфічны лад польска-літоўскай дзяржавы не дазволіць Батуру доўга і няспынна весьці ваенныя дзеяньні ў вялікім маштабе. Цар, напэўна, нават не дапускаў, што кароль здолее так хутка сабраць грошы і войска, патрэбныя для кампаніі. Калі ўсё-такі яна пачалася, ён заняў пазыцыю, якая найбольш яму адпавядала, а для праціўніка была найменш выгаднай.