Войскі стаялі ў парадку паводле нацыянальнага крытэра, пачынаючы з правага берагу Дзьвіны. Вугорскі лягер быў разьмешчаны насупраць Запалоцьця. Адразу за мостам, пры самай Дзьвіне, стаяла пяхота, а зьлева ад яе вугорская коньніца пад агульным камандаваньнем Каспэра Бэкеша. Зьлева ад вугорцаў, таксама на правым беразе Палаты, стаялі ліцьвіны на чале зь Мікалаем і Крыштапам Радзівіламі. Першы літоўскі лягер, у якім стаялі наёмныя роты, набыў форму пляцу, абкружанага колам намётаў. Ён знаходзіўся адразу ж за літоўскім лягерам. Намёты літоўскіх добраахвотнікаў і магнацкіх аддзелаў, разьбітыя асобна, занялі ўсю прастору уздоўж лесу аж да царквы, якая была пабудаваная пры Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры непасрэдна на беразе Палаты. Паводле пляну С. Пахалавецкага, на поўдзень ад той царквы, на правым беразе Палаты стаяла яшчэ прыдворная коньніца, якой камандаваў Ян Збароўскі.
На левым беразе Палаты стаяў польскі лягер, які набыў авальную форму.
На левы бераг Палаты накіроўвалі таксама ўсе спозьненыя аддзелы, якія падцягваліся да Полацку ўжо падчас баёў (напрыклад, аддзел коньніцы князя Канстанціна Астроскага). Напэўна, гэта яны разьбілі два меншыя лягеры, якія складаліся зь неабароненых вазамі намётаў, на поўнач і поўдзень ад каралеўскай сядзібы.
Урэшце, зьлева ад галоўнага табару, на самай Дзьвіне, сярод гарадзкіх садоў разьбілі свае намёты нямецкія наёмныя аддзелы, якімі камандаваў Крыштап Разражэўскі. Перад сабой яны мелі невялікі ручай, які ўпадаў у Дзьвіну, і бачныя за ім вежы Стралецкага замку, за сьпінамі — старыя курганы, справа — польскія роты, зьлева — Дзьвіну. Да нямецкіх аддзелаў далучыліся таксама прыбылыя пазьней 500 жаўнераў леньніка Рэчы Паспалітай, маркграфа Георга Фрыдрыха Гогенцолерна.
Такім чынам, армія Сьцяпана Батуры абкружыла Полацак вялізным паўколам, якое пачыналася на Дзьвіне, на захад ад крэпасьці, і заканчвалася на Дзьвіне, на ўсход ад яе ўмацаваньняў. Як мы ўжо згадвалі, Дзьвіна шырынёй 120 мэтраў не дазваляла правесьці атаку на горад з паўднёвага боку, таму тут не разьмяшчалі ніякіх аддзелаў, за выключэньнем варты, што паказваюць асобныя намёты, выяўленыя на адной з гравюраў.
Першай мэтай абложнай арміі стала Запалоцьце. Яго абстрэльвалі з двух бакоў. Батарэя зь дзьвюх гармат вяла агонь з паўднёвага берагу Дзьвіны, аднак асноўны абстрэл умацаваньняў Запалоцьця вялі вугорцы з гармат, разьмешчаных на правым беразе гэтай ракі.[17] Адтуль таксама рылі два зыгзагападобныя апрошы, накіроўваючы іх у бок валоў і адной з гарадзкіх брамаў.
Бамбардаваньне Запалоцьця з гармат лінейнага і навяснога агню было такім эфэктыўным, што ўжо 12 жніўня маскоўскія камандзіры страцілі надзею на ўтрыманьне гораду. Таму яны загадалі падпаліць яго ў некалькіх месцах, а жыхароў пагналі мостам, які злучаў берагі Палаты, у Верхні замак. Драўляны горад гарэў некалькі гадзін. На давяршэньне маскоўскія жаўнеры спалілі драўляны мост над Палатой, што было натуральным вынікам спаленьня Запалоцьця.
Як толькі пагасьлі папялішчы Запалоцьця, Бэкеш вырашыў пасунуцца пад саму Палату, якая аддзяляла яго ад заходніх валоў Верхняга замку. Частку шанцаў і апрошаў капалі праз тэрыторыю спаленага гораду, што аказалася надзвычай цяжка. Вугорцы раз-пораз натыкаліся на забітыя ў зямлю палі, труны, кляакі і г. д. Нягледзячы на гэта, не зважаючы на шматлікія перашкоды і абстрэл з замкавых гармат, яны падвялі шанцы амаль пад самую Палату. Мэтай далейшых дзеяньняў быў перадусім Верхні замак, таму насупраць яго валоў была сканцэнтравана большая частка пяхоты і артылерыі. На левым беразе Палаты, насупраць умацаваньняў Стралецкага замку, засталася толькі нямецкая пяхота з падтрымкай артылерыйскай батарэі.
Аналіз плянаў аблогі Полацку паказвае, што каля сярэдзіны жніўня галоўныя намаганьні абложнікаў засяродзіліся на мысе Верхняга замку, які быў найдалей высунуты на поўнач. Тут, на ўзгорку, апярэзаным каленам Палаты, выставаў перад рэштай умацаваньняў трохкутны бастыён зь дзьвюма круглымі вежамі, якія флянкавалі яго па баках. Акурат гэты фрагмэнт умацаваньняў абстрэльваўся з двух бакоў. На загад Бэкеша частка вугорскай пяхоты ўзьвяла шанцы на поўнач ад спаленага Запалоцьця і тут паставіла цяпер яго батарэю. Адлегласьць вугорскіх гармат ад валоў Верхняга замку складала ня больш за 200–250 мэтраў. Другую батарэю артылерыі паставілі ў шанцах, узьведзеных польскай пяхотай зьлева ад вугорцаў.
Аддзелы каралеўскай пяхоты былі разьмешчаны так, каб разьбіўшы ўмацаваньні артылерыяй, можна было лёгка перасунуцца на пачатковыя пазыцыі для штурму.
Тым часам як будова шанцаў, так і ўстаноўка лазовых кашоў, напоўненых зямлёй для прыкрыцьця гармат, адбываліся пры артылерыйскай кананадзе абаронцаў. Асабліва небясьпечнымі былі маскоўскія гарматы, пастаўленыя на найвышэйшых вежах, што ўзносіліся на дзядзінцах абодвух полацкіх замкаў. Першымі гэта пэўным чынам адчулі каралеўскія інжынэры. Ян Барнэміша ўзьвёў на Палаце тры масты (адзін зь іх пабудавалі на затопленых рыбацкіх лодках, іншыя — на палях). Першы знаходзіўся насупраць Верхняга замку, другі — насупраць Стралецкага замку, трэці — на ўсход ад апошняга, за млынам. Яны мелі вялікае значэньне для аблягчэньня магчымай атакі на Полацак, у адрозьненьне ад мастоў, узьведзеных на даручэньне гетманаў далёка ад крэпасьці (для забесьпячэньня сувязі паміж польскімі і літоўскімі лягерамі). Ужо ў першыя дні аблогі маскоўскія артылерысты зьнішчылі адзін з мастоў Барнэмішы, а другі з часам сарвала, падняўшыся, рака. Некрануты застаўся толькі мост, прыкрыты млынам, які мэтадычна разбураўся маскоўскім агнём. На шчасьце, будынак млына аказаўся настолькі трывалым, што нават разбураны ён прыкрываў пераход на другі бок Палаты.
Польскія і вугорскія артылерысты не маглі пахваліцца посьпехамі. Дзень пры дні яны стралялі па валах абодвух замкаў, не здабываючы значных вынікаў. Звычайныя ядры забіваліся ў вал, ня робячы асаблівай шкоды. Таму былі выкарыстаныя запальныя, але і тыя не дапамаглі,
Тут варта згадаць, што маскоўскія камандзіры выдатна ўсьведамлялі ўстойлівасьць драўляна-земляной канструкцыі ізьбічных валоў пад артылерыйскім абстрэлам. Падчас наступных кампаній Батуры яны, баронячы свае крэпасьці, наўмысна рабілі танчэйшым вонкавы пласт драўніны да аднаго або двух шэрагаў бэлек, каб запальныя ядры маглі іх лягчэй прабіць і завязнуць у зямлі.
Убачыўшы безвыніковасьць артылерыйскага абстрэлу, кароль і яго камандзіры прыйшлі да высновы, што адзіны спосаб заняць Полацак — гэта падпаліць яго драўляныя ўмацаваньні. Тады Батура зьвярнуўся да добраахвотнікаў, прызначыўшы высокую ўзнагароду тым, хто здолее раскласьці агонь. Першымі выказалі жаданьне вугорцы, заахвочаныя Бэкешам, аднак хутка да іх далучыліся палякі і ліцьвіны.
Першыя спробы падпаліць умацаваньні крэпасьці апісаныя ў крыніцах досыць асьцярожна. Калі параўнаць усе вядомыя нам пераказы, то вынікае, што было сфармавана некалькі групаў добраахвотнікаў. Пад прыкрыцьцём артылерыйскага агню, які вёўся з шанцаў польскай і вугорскай пяхоты, яны перайшлі Палату
Такім чынам, несумненна быў атакаваны Верхні замак празь яшчэ ня зьнішчаны мост Барнэмішы, пабудаваны насупраць яго ўмацаваньняў. Нельга выключаць, што частка добраахвотнікаў рушыла па другім мосьце да валоў Стралецкага замку. У абодвух выпадках тэрыторыя была надзвычай складаная, паколькі левы бераг Палаты ўздымаўся ў гэтым месцы досыць стромка,
Як толькі добраахвотнікі з лучынамі пачалі падымацца пад замкавую гару, на іх пасыпаўся град куляў, стрэлаў, камянёў і вялізных кавалкаў дрэва, якія, сапхнутыя з умацаваньняў, каціліся па схіле, зьмятаючы па дарозе многіх каралеўскіх жаўнераў. Нягледзячы на гэта, у некалькіх месцах пад валамі і вежамі зьявіўся дым і невялікае цяпло. Абаронцы адразу ж кінуліся гасіць пажар. Дапамагалі ўсе. Р. Гайдэнштайн згадвае пра старых, жанчын і дзяцей, якія падавалі ваду, не зважаючы на шчыльны абстрэл з польскіх шанцаў. На зьдзіўленьне абложнікаў,
Двухбаковая ўзмоцненая кананада, якая працягвалася падчас вылазак добраахвотнікаў пад валы крэпасьці, прынесла з сабой першыя сур’ёзныя страты для абодвух бакоў. Найбольшыя страты панесьлі абаронцы і няшчасныя «падпальшчыкі», але ад агню маскоўскай артылерыі загінула таксама некалькі жаўнераў, якія займалі шанцы, у тым ліку ротмістар вугорскай пяхоты Міхал Бадані (было гэта 15 жніўня).
Пэўныя страты панесла таксама нямецкая пяхота, і то зь віны камандзіраў, якія ня здолелі захаваць дысцыпліну. Праўда, гарматы, пастаўленыя на пабудаваных тут шанцах, вялі агонь па ўмацаваньнях як Стралецкага замку, так і Верхняга, аднак канцэнтрацыя дзеяньняў на паўночным і заходнім участках аблогі прытупіла крыху пільнасьць пехацінцаў. Яны пачуваліся так бясьпечна, што першыя дні аблогі праводзілі бесклапотна, папіваючы алькаголь або дрэмлючы на траве сярод пладовых дрэў. Гэта адразу заўважыў маскоўскі камэндант Стралецкага замку Дзьмітры Шчарбаты і арганізаваў нечаканую начную вылазку праз усходнюю браму, якая выходзіла на сады прадмесьця. Маскоўскія жаўнеры засьпелі некаторых немцаў падчас сну, таму былі вялікія страты — шмат забітых, параненых і схопленых у палон.
Як піша адзін з хранікёраў, многія нямецкія пехацінцы, узятыя ў палон, былі такія п’яныя, што зразумелі сваё становішча, толькі заўважыўшы, што яны за мурамі крэпасьці.
Іншых палонных, схопленых у садах, маскалі варылі ў катлах, ставячы ў кіпень да каленяў, каб тыя даўжэй пакутавалі, разрывалі або зьдзіралі зь іх палоскі скуры.
Павешаньне павольна канаючых немцаў на валах гораду павінна было, на думку абаронцаў Полацку, прыгнесьці абложнікаў. Як пазьней аказалася, гэта выклікала толькі гнеў і прагу помсты — такую ж рэакцыю, як спуск па цячэньні Дзьвіны на калодах пазабіваных, учынены маскалямі падчас маршу каралеўскай арміі пад крэпасьць.
Калі вылазкі залогі на нямецкія шанцы паўтарыліся, Батура загадаў польскай коньніцы арганізаваць засаду. Яна двойчы ўдалася, і абаронцы, што панесьлі значныя страты, адмовіліся ад далейшых вылазак.
Тым часам паўтарэньне цягам некалькіх дзён спробаў падпаліць умацаваньні Полацку з паўночна-заходняга боку не далі выніку. Лучыны, падкладання добраахвотнікамі, залівала вада ня толькі зь вёдраў полацкай залогі. Дажджы, якія пачаліся пасьля перасячэньня каралеўскай арміяй Дзьвіны, не спыняліся ні на дзень. Гэта ўскладняла як падпальваньне драўляных ізьбіцаў, так і доступ да іх. Плыткая Палата паднялася да такой ступені,
Цяжка было знайсьці кавалак сухой зямлі, таму лягернае жыцьцё ў намётах і буданах стала выключна цяжкім. Нават простыя жаўнеры пачалі шаптаць пра чары, якія спрыяюць ворагам, схаваным за валамі крэпасьці.
Празь некалькі дзён дала пра сябе знаць чарговая праблема — недахоп правіянту. Ад далейшых дажджоў папсаваліся і так не найлепшыя дарогі, што ўскладніла харчовае забесьпячэньне войска.
Дайшло да таго, што жаўнеры нямецкай пяхоты пачалі есьці падохлых коней, што выклікала заразныя хваробы з крываўкай на чале.
Была і іншая прычына галаданьня нямецкай пяхоты. Ваколіцы асаджанай крэпасьці былі слаба населеныя; акрамя таго, харчы з тутэйшых вёсак былі раней сьцягнутыя ў Полацак і іншыя невялікія маскоўскія замкі. Таму правіянт трэба было дастаўляць з ваколіц Вільні ў Дзісну, а потым водным шляхам у лягер. Тут, паблізу мосту, пабудаванага на Дзьвіне, яго выгружалі з чоўна і невялікіх суднаў. Так, натуральным чынам у першую чаргу яго маглі купляць вугорцы, потым ліцьвіны, палякі, і толькі ў канцы — згаладалыя немцы. Не ўдалося таксама кантраляваць цэны на харчы, якія ўзрасьлі да той ступені, што нават калі яны даходзілі да лягераў пяхоты, многія жаўнеры не маглі іх сабе дазволіць.
Можа быць, нават насуперак надвор’ю ўдалося б даставіць нейкую большую партыю харчоў таксама сухапутным шляхам, аднак рэзка актывізаваліся залогі замкаў Полаччыны, якія яшчэ знаходзіліся ў маскоўскіх руках. 800 царскіх жаўнераў з Сушы засьпелі зьнянацку начной атакай Краснае, высеклі пад корань частку казацкай залогі і ўшчэнт спалілі замак. Дзякуючы гэтаму чарговыя дывэрсанты з Сушы маглі безь вялікіх перашкод нападаць на канвоі транспарту, што ішлі сухапутным шляхам зь Вільні.
У сваю чаргу залога з Туроўлі, разьмешчанай прыблізна за 20 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад Полацку, не давала сплаўляць харчы ўніз па Дзьвіне з ваколіц Віцебску. Пасьля страты Краснага пад замак паслалі казакоў Францішка Жука, даючы ім у дапамогу некалькі лёгкіх гармат, але маскоўская залога не дала засьпець сябе зьнянацку. Паколькі Полацак яшчэ трымаўся, яе нельга было схіліць да капітуляцыі.
[17] Прысутнасьць батарэі на левым беразе Дзьвіны, якая дагэтуль ня згадвалася ў літаратуры, паказвае адна з гравюр з карцінай аблогі. Напэўна, яна дзейнічала толькі ў першыя дні аблогі, бо зь яе можна было абстрэльваць толькі Запалоцьце, агонь на разьмешчаны на пагорку Верхні замак быў малаэфэктыўны.