Маскоўская залога Сокалу з поўначы пагражала сухапутнай дарозе зь Дзісны да Полацку, якая ішла правым берагам Дзьвіны. Спачатку напады на канвоі і нарыхтоўшчыкаў фуражу былі спарадычнымі, аднак актывізаваліся, калі ў Сокал прыбылі аддзелы Барыса Шэіна і Фёдара Шарамецева, пасланыя царом з-пад Пскова. Як мы ўжо згадалі, гэта было каля 5 тысяч жаўнераў, падтрыманых групай данскіх казакоў. Высланыя з Пскова 1 жніўня 1579 г., яны маглі дабрацца да Сокалу прыблізна ў сярэдзіне гэтага месяца. У выпадку немагчымасьці бясьпечна прабрацца да асаджанай крэпасьці, яны павінны былі спыніцца ў Сокале і праводзіць партызанскія дзеяньні супраць арміі Батуры, што і рабілі. Да Сокалу ўжо дайшоў аддзел стральцоў, прыведзены Юр’ем Булгакавым, аднак ацэнка яго колькасьці на 2 тысячы жаўнераў здаецца завышанай.
Зьяўленьне значных маскоўскіх сілаў у аддаленым на няпоўныя 30 кілямэтраў Сокале ў польскім лягеры палічылі небясьпечным. Шэін і Шарамецеў распускалі чуткі, што за імі ідзе ўся царская армія. Паколькі не было вядома, які зьмест царскіх загадаў і ці ў наступныя дні не падцягнуцца сапраўды з Пскова чарговыя маскоўскія аддзелы, Батура вырашыў скіраваць пад Сокал наёмную літоўскую коньніцу на чале з Крыштапам Радзівілам (каля 2 тысяч коней), а таксама прыватныя аддзелы менскага кашталяна Яна Глябовіча, смаленскага кашталяна Яна Валамінскага і князя Канстанціна Астроскага-малодшага. Усе сілы, пасланыя ў экспэдыцыю пад Сокал, налічвалі больш за 3 тысячы коньніцы.
Калі Радзівіл дайшоў пад Сокал, маскоўскія ваяводы вывелі свае войскі пад валы замку, аднак не намерваліся ўцягвацца ў адкрытую бітву. Яны хацелі хутчэй уцягнуць літоўскую коньніцу пад агонь замкавых гармат. Палявы гетман літоўскі разумеў гэта, але дазволіў некалькім харугвам атакаваць ворага. У кароткай сутычцы палегла па некалькі чалавек з абодвух бакоў, было схоплена колькі маскоўскіх палонных, пасьля чаго праціўнік канчаткова схаваўся ў мурах замку. Таму Радзівіл пакінуў частку коньніцы для блякады Сокалу. Яна працягвалася ў другую палову жніўня і першую палову верасьня. Сам вярнуўся пад Полацак.
ШТУРМ І КАПІТУЛЯЦЫЯ КРЭПАСЬЦІ
Нарастаньне цяжкасьцяў, выкліканае недахопам правіянту і беспасьпяховай аблогай Полацку, паглыблялі рознагалосьсі ў галоўнакамандаваньні. Мялецкі з усё большай неахвотай глядзеў на фаварызаваньне вугорцаў і Бэкеша, а літоўскія гетманы не хацелі прызнаваць яго камандаваньня. Усё гэта ўзьдзейнічала на жаўнераў і прыводзіла да аслабленьня дысцыпліны.
Пагаршэньне становішча арміі схіліла Батуру склікаць ваенную нараду, на якой трэба было прыняць рашэньне аб далейшых дзеяньнях. Варыянт адступленьня ад крэпасьці на ёй ня браўся ў разьлік. Большасьць камандзіраў выказвалася за правядзеньне генэральнага штурму адначасова з усіх кірункаў. Батура быў рашуча супраць гэтага. Ён даводзіў, што пры магчымай няўдачы генэральнага штурму жаўнеры палі б духам. Гэта магло б несьці з сабой вялікія страты, а ў выніку нават неабходнасьць адступіць ад крэпасьці. Кароль усьведамляў, што перад пачаткам штурму яго жаўнеры павінны здабыць хоць невялікі, але відавочны посьпех, які б падняў іхны дух і адначасова аслабіў волю абаронцаў да супраціву. Для такога посьпеху трэба было б, напрыклад, падпаліць валы і зрабіць пралом ва ўмацаваньнях, што аблягчыла б атаку на Полацак.
Жаўнераў яшчэ раз заклікалі падсунуцца пад валы і паспрабаваць падпаліць іх. Адначасова ім параілі не ўцякаць, пакуль добра не распаліцца агонь. На гэты раз добраахвотнікам зь пяхоты павінны былі спадарожнічаць валянтэры з коньніцы. Ня выключана, што перад атакай удалося адрамантаваць мост пад Верхнім замкам, разбураны перад гэтым маскоўскай артылерыяй. Пра гэта сьведчыць рэляцыя Гайдэнштайна, які згадвае, што на варце мосту была пастаўлена пяхота Замойскага. Таксама некалькі гравюр паказваюць штурм праз мост, якія знаходзіўся насупраць Верхняга замку. Зразумела, меркавалася выкарыстаць і неразбураны мост за млынам.
Раніцай 29 жніўня (была гэта субота) неба над Полацкам крыху распагодзілася і ўпершыню за некалькі тыдняў перастаў ісьці дождж. Добраахвотнікі палічылі гэта добрым знакам і, перайшоўшы мост на Палаце, рушылі пад замкавыя валы. У гэты момант гарматы і гакаўніцы, пастаўленыя на польскіх і вугорскіх шанцах, раптоўна адкрылі агонь. Яго падтрымалі мушкеты пяхоты, якая спадарожнічала добраахвотнікам, і гэта павінна было стрымаць жаўнераў ворага па-за ўмацаваньнямі. Абаронцы адказалі агнём стралковай зброі. Аднак частка людзей дабегла да драўлянай сьцяны Верхняга замку,
Аналіз плянаў аблогі Полацку паказвае, што агонь, распалены гераічным чаляднікам і іншымі добраахвотнікамі, ахапіў ня столькі вежу, колькі наступальна высунутую на поўнач трохкутную бастэю Верхняга замку.
Убачыўшы зарыва пажару, кароль паставіў у стан боегатоўнасьці ўсю пяхоту і коньніцу. Сам з прыдворнымі ротамі пераправіўся на правы бераг Палаты, каб падтрымаць ліцьвінаў і іншыя згрупаваныя там пяхотныя роты. Некаторыя казалі, што ён баяўся вылазкі з замку або спробы залогі прабрацца ў навакольныя лясы. Насамрэч гэта рабілася для таго, каб адбіць магчымую апэрацыю з боку маскоўскіх войскаў, сабраных у Сокале. Якраз туды ішла дарога з Пскова праз Сокал на Полацак. Толькі пазьней выявілася, што Шэін і Шарамецеў не намерваліся рабіць ніякіх дзеяньняў, хоць дым над Полацкам быў відаць з валоў Сокалу.
Адначасова кароль загадаў паслаць у крэпасьць ліст з абяцаньнем, што ў выпадку добраахвотнай капітуляцыі абаронцы будуць выпушчаныя
Ён даваў залозе час адказаць да паўдня, абяцаючы, што, калі яны адчыняць брамы, паслаць афіцэраў і чыноўнікаў, якія прасочаць за парадкам і ўсьцерагуць залогу ад самаволі абложнікаў.
Некаторыя з палачан, заахвочаныя каралеўскім лістом, а больш, напэўна, спалоханыя пажарам, захацелі здацца. Дзесяць абаронцаў нават спусьціліся з валоў па канатах, уцякаючы ў бок каралеўскіх жаўнераў. Напэўна гэта не былі пасланцы «для перамоваў», як меркаваў Я. Бельскі, а звычайныя жаўнеры. Аднак яны трапілі ў рукі вугорскіх пехацінцаў, а тыя пазабівалі іх так пасьпешліва, што Бэкеш здолеў уратаваць толькі аднаго. Уцеклага адразу ж адправілі да караля, каб здабыць ад яго каштоўныя зьвесткі пра стан крэпасьці і настрой залогі. Ня вельмі рыцарскі ўчынак вугорцаў тлумачыўся тым, што яны хацелі адахвоціць іншых абаронцаў ад капітуляцыі, бо меркавалі здабыць Полацак штурмам — у надзеі, што гэта прынясе ім багата трафэяў. Яны не маглі на гэта разьлічваць, калі б крэпасьць здалася. Усё ж пра ўяўныя багацьці і скарбы, схаваныя ў саборы сьвятой Сафіі, жаўнеры расказвалі адзін аднаму ад пачатку аблогі.
Пад канец дня пажар спаліў ужо вялікую частку замкавай бастэі. Аднак зьмяркалася, і Батура перасунуў час генэральнага штурму назаўтра. Калі б атака адбылася яшчэ ў той жа дзень, яна магла б зацягнуцца да ночы, што, беручы пад увагу ляндшафт, прынесла б шмат цяжкасьцяў. Акрамя таго, доступ да замку закрывала яшчэ вялікае полымя, што магло стаць большай перашкодай, чым зьмярканьне. Таму кароль вырушыў з коньніцай у бок лягеру, загадаўшы назіраць за пазыцыямі праціўніка.
Як толькі манарх пераехаў на левы бераг Палаты, яму паведамілі, што група жаўнераў, прагных здабычы, самавольна пайшла ў пралом ва ўмацаваньнях Верхняга замку. Акцыю ініцыявалі дзесяць зь нечым вугорцаў. Яны перайшлі мост і, забраўшыся на пагорак, фарсавалі папялішча паўночнай бастэі, не зважаючы на яшчэ распаленыя галавешкі. За імі пайшла вялікая група польскай пяхоты. Праз момант першыя сьмельчакі, абсмаленыя полымем і асьлепленыя дымам, апынуліся за валамі Полацку. Раптам грымнулі стрэлы, і на атаку абрынуўся град куляў. Засьпетыя зьнянацку жаўнеры кінуліся наўцёкі, але адразу ж спыніліся за праломамі, крыху астыўшы, зноў уварваліся ў замак. Здавалася, што абаронцы ўцякаюць, таму пехацінцы сьмела рушылі наперад. Аднак празь некалькі дзясяткаў мэтраў перад іх вачыма вырас дыяганальны вал, абаронены ровам. Пастаўленыя на ім маскоўскія гакаўніцы адкрылі агонь, і тым давялося зноў адступіць.
Упартыя жаўнеры трэці раз кінуліся ў атаку, падбадзёрваючы сябе гучным воклічам. Аднак іх напаткала тое ж, што і раней. Шквальны агонь абаронцаў не дазваляў падысьці да валу, які перагароджваў дарогу на двор замку, а дадатковую сумятню выклікалі сваркі паміж вугорцамі і палякамі. Не зважаючы на прысутнасьць ворага, некаторыя мад’яры палічылі, што ім не патрэбныя памочнікі, або, хутчэй, канкурэнты ў рабунках. Дайшло да непрыстойных інцыдэнтаў, падчас якіх польскага харунжага падштурхнулі ў агонь, а некалькі пехацінцаў былі скінуты з замкавага пагорку проста ў Палату. Абражаныя палякі адступілі за ўмацаваньні, што адразу ж выкарысталі маскоўскія камандзіры. Яны падхапілі сваіх людзей у контратаку, і ня толькі выгналі атакуючых з Верхняга замку, але і пусьціліся за імі ў пагоню на Палату. Толькі на мосьце іх спыніў залп 200 пехацінцаў Замойскага, якія сьцераглі пераправу. Маскоўскія жаўнеры адразу павярнуліся і схаваліся за валамі крэпасьці.
Аднак сытуацыя выглядала сур’ёзна. Пад польскія і вугорскія акопы вярнуўся як кароль, так і Замойскі зь Мялецкім. Манарх яшчэ раз распарадзіўся дадаткова ўмацаваць дарогу да Сокалу, а падканцлер і гетман адправіліся да пазыцый пяхоты і артылерыі. Падчас маскоўскай контратакі абложнікі пэўны момант баяліся за лёс гармат — і небеспадстаўна, калі ўлічыць самавольны ўдзел часткі пяхоты ў баях за Верхні замак. Можа, калі б не згаданая вышэй рота Замойскага, абаронцы спакусіліся б на гарматы і атакавалі польскія ці вугорскія пазыцыі за Палатой.
Вядома, вяртаньне караля і вышэйшых камандзіраў заўважыла залога крэпасьці. Яны зразумелі гэта як падрыхтоўку да новага штурму і адкрылі шчыльны агонь. Польскія гарматы не заставаліся ў даўгу, і артылерыйская кананада працягвалася яшчэ некалькі гадзін. Абаронцы Верхняга замку былі занятыя перадусім гашэньнем пажару, таму на гэты раз больш актыўнымі былі гарматы Стралецкага замку. Як заўсёды, асаблівай трапнасьцю адзначаліся артылерысты, якія стралялі з высокай вежы на дзядзінцы. Менавіта адтуль выстралілі ядро, якое забіла коньніка з каралеўскага эскорту, які знаходзіўся паблізу манарха ў момант, калі Батура зноў прыбыў на правы бераг Палаты.
Каралеўскія камандзіры яшчэ празь некалькі гадзінаў пасьля злашчаснай атакі мусілі ўпарадкоўваць зьмешаныя аддзелы пяхоты і супакойваць узаемную непрыхільнасьць. Палякі вінавацілі вугорцаў у легкадумнасьці, а тыя — сваіх праціўнікаў ва ўніканьні бою. Дайшло нават да таго, што адзін з вугорскіх ротмістраў злавіў гетмана Мялецкага і адкрыта пачаў скардзіцца на палякаў, быццам тыя не хацелі дапамагаць падчас атакі на Замак. Выведзены з раўнавагі, вайскаводца нібыта адказаў:
Апісаныя вышэй інцыдэнты сьведчаць пра цяжкасьці, якія стварала камандаваньне шматнацыянальнай арміяй. Толькі ў наступны дзень удалося суняць усе скаргі і ўзаемныя абвінавачаньні.
Паводле афіцыйных дадзеных каралеўскай канцылярыі, у баях за 29 жніўня загінула 27 каралеўскіх жаўнераў і 200 чалавек з гарнізону крэпасьці. Апошняя лічба, заснаваная на ацэнках, безумоўна, моцна завышаная.
Тым часам абаронцы пад выглядам нарадаў над каралеўскім лістом атрымалі час да паўдня 30 жніўня, ашукваючы польскае камандаваньне надзеяй на перамовы. Дзякуючы гэтаму яны дагасілі агонь і ўсю ноч з 29 на 30 жніўня працавалі над умацаваньнем валу, які ўжо раз стрымліваў вугорцаў і палякаў. Збудавалі яго паміж дзьвюма яшчэ не кранутымі агнём вежамі, дзякуючы чаму адрэзалі рэшту ўмацаваньняў ад спаленай бастэі і загарадзілі падыход да Верхняга замку. Гэта была драўляная канструкцыя, набітая зямлёй, узятай з подступаў да крэпасьці, што, як мы згадвалі, прывяло да ўзьнікненьня рову — дадатковай абароны. Выкарыстоўваючы начны перапынак у ваенных дзеяньнях, абаронцы ня толькі ўмацавалі вал, але і паставілі на ім некалькі лёгкіх гармат, набіваючы іх сечанымі аскепкамі жалеза.
Урэшце, каля паўдня 30 жніўня маскоўскія камандзіры прынялі перад валамі польскага пасланца. Сказалі яму, што ня могуць адкрыць брамаў крэпасьці,
Адначасова маскоўскія жаўнеры пачалі ўкамплектоўваць спалены бастыён Верхняга замку. Рэшткі ўмацаваньняў гэтай бастэі, адпаведна адрамантаваныя і ўмацаваныя, напэўна, дазвалялі стварыць зь яго першую лінію абароны.
Неўзабаве з польскіх і вугорскіх шанцаў заўважылі маскоўскіх жаўнераў, якія займалі разбураную бастэю Верхняга замку, і паведамілі пра гэта каралю. Батура адразу ж загадаў адкрыць агонь з гармат і пачаць атаку. Праводзілі яе адначасова з паўночнага ўсходу, з поўначы і з захаду ад спаленага Запалоцьця. Апошні кірунак меў, хутчэй, дапаможны характар. Як і ў папярэдні дзень, польская і вугорская пяхота, падтрыманая на гэты раз добраахвотнікамі з коньніцы, уварвалася ў Верхні замак з паўночнага боку.
Вельмі хутка прагналі маскоўскіх жаўнераў з тэрыторыі спаленай бастэі. На гэты раз сярод пехацінцаў знаходзіліся дасьведчаныя афіцэры, якія не рызыкавалі непасрэднай атакай на вал, што загароджваў падыход да наступнай часткі крэпасьці. Вугорцы на чале з трансыльванскім шляхціцам-добраахвотнікам Пятром Рашам пачалі капаць у кірунку валу апрошы. Адначасова была падпалена адна зь вежаў, прычым не было вядома, ці гэта была вежа на захад ад спаленай бастэі, або ўсходняя. У кожным выпадку абаронцы не маглі яе пагасіць, паколькі зямля з капаных апрошаў паслужыла каралеўскім пехацінцам для насыпу невялікага валу. На ім паставілі некалькі гакаўніц і пачалі імклівы абстрэл маскоўскіх пазыцый, не дазваляючы залозе праводзіць контратаку і гасіць падпаленую крэпасьць.
Разьвіваючы посьпех, Батура згадаў паслаць чарговы, трэці падчас усёй аблогі ліст да маскавітаў. Гэта быў ультыматум, падобны зьместам да ліста зь мінулага дня, аднак цяпер асаджаным гарантавалася бясьпека,
Ліст перадаў маскоўскім камандзірам троцкі кашталян Яўстах Валовіч.
Нам невядомыя ніякія рэляцыі асаджаных пра падзеі жнівеньскіх баёў 1579 г., аднак можна меркаваць, што неўзабаве пасьля атрыманьня лісту, г. зн. рана папаўдні 30 жніўня, частка гарнізону і камандзіраў прызнала безнадзейнасьць становішча. Вугорцы капалі чарговыя зыгзагападобныя апрошы, праводзячы іх вельмі блізка да маскоўскага валу, што агароджваў падыход да крэпасьці. Зрэшты, неўзабаве і гэтая перашкода цалкам страціла свае абарончыя вартасьці. Пажар спаліў ня толькі вежу, але і вялікі ўчастак гародняў, якія ішлі за ёй. Такім чынам адкрыўся доступ з боку валу, які абаранялі маскоўскія жаўнеры, і шырокі падыход да крэпасьці.
Рэляцыі пра тое, што адбылося пасьля дастаўкі ў Полацак трэцяга каралеўскага ліста, крыху спрэчныя. Вядома, што першымі запатрабавалі спыніць змаганьне прадстаўнікі «баярскіх дзяцей» і стральцоў. Яны прыбеглі ў царкву сьвятой Сафіі, дзе засядала галоўнае камандаваньне, і тут выбухнулі спрэчкі. Рашучым праціўнікам капітуляцыі быў праваслаўны ўладыка Кіпрыян.[18] Затое няма згоды наконт пазыцыі царскіх ваяводаў. Паводле адных рэляцый, усе былі супраць здачы крэпасьці, жадаючы лепей узарваць яе, а паводле іншых, адзін зь іх — Пётар Валынскі, г. зн. другі ў іерархіі маскоўскіх камандзіраў, падтрымаў патрабаваньні стральцоў.
[18] Уладыка Кіпрыян быў прызначаны Масквою.