Пабачыўшы бабра-інваліда, Пецька павёў расказ пра чорную бабрыху, злоўленую Дзямідам недзе на возеры:
— Клетка ў яго была адна, і ён памясціў у яе ажно шасцёра баброў — наламаў дроў, намудрагеліў: спарыў Чорную не з самцом, а з другой бабрыхаю, маладой, ваяўнічай. Яму падалося: калі звер драбнейшы й надта смелы, дык ён і ёсць самец. Карацей, прывёз Чорную на базу мёртвай. Малінін узяўся лупіць. I што ж, вы думаеце, выявілася? Спрэс пакусаная была, ранаў з дваццаць налічылі на спіне і баках. У клетцы поўна крыві... Але і гэта не ўсё, — інтрыгаваў нас Пецька. — Аляксандравіч, калі здымаў шкурку з галавы й дайшоў да вачэй, дык убачыў, што Чорная зусім сляпая была...
— Як гэта? — перапытаў уражана бацька.
— А так — пустыя ямкі ў вачніцах. Нехта стрэліў і шротам высек вочы.
— I што ж далей? — бацька насцярожаны, на Пецьку глядзіць спадылба. — Футра не ты забраў?
— Яно ж бракованае — усё ў дзірках!.. — У вачах Пецькі загойсалі чорцікі. — Ты мне, Андрэевіч, лепш свайго Бязлапага ўступі, — дагодліва ўсміхнуўся. — Бачыш, я сам імёны ім даў: Чорная, Бязлапы... — Памаўчаў і таксама спадылба глянуў на бацьку: — Ну? Аддаеш Бязлапага? Пакуль што-якое, дык я з ім тут і ўпраўлюся... Згода?
— Ты не жартуеш, Хвост?
— Не задарма ж, Андрэевіч.
— Дзіва што — задарам і скулка не сядзе — пачосу просіць. — Бацька нават больш чым спакойны. — Нейкі ты, Пятро, дваякі: і — нашым, і — чорт ведае каму. — I рашуча дадаў: — Дык вот: да мяне з такімі прапановамі не прыставай, а то ў вочы плюну.
— Ясненька, — пачырванеў Пецька, адвярнуўся. — У такім разе, Андрэевіч, выканай маю просьбу: выпусці Бязлапага... Шкада мне яго.
— Эйш, жаласнік, — бацька хітнуў галавой. — Выпушчу, але не тут... Завязём на дачу — няхай там жыве-раскашуе.
— На дачу?.. Гэта куды ж?
— У мяне наўвеце лясное возера ёсць. Ціхае, спакойнае, чыстае, і жратвы ўдосталь. Нам па дарозе, завернем... Не возера — казка, рай!
— Мудры ты, Герасім Андрэевіч, чалавек. — Пецька глядзеў на бацьку адкрыта і пасміхаўся. — Даруй за нахабства... Гэта ж я такім макарам, ведаеш, выкупіў ужо двух сяголеткаў. За бабра — і ў кусты, нібы лупіць. Зайду далёка, вытрасу нябогу з пасткі — эх, як жа ён бяжыць, як уцякае!.. Дзве плёнкі сфатаграфаваў. Во будуць фоткі — сама жывая прырода!
— I хто ж ён, скажы, той ёлупень-тарбахват, які ў цябе грошы браў?
— Не, Андрэевіч, не скажу, слова даў... Па дваццаць рублёў выйшла мне кожнае бабранятка. — I заключыў: — Па-мойму, такіх бабраловаў трэба гнаць у шыю з нашай экспедыцыі.
— А што Малінін?
— Усё ты, Андрэевіч, хочаш ведаць... Хаця — таіцца перад табой не буду: я памагаю Малініну падбіраць надзейных бабраловаў. Усёк нашу хітрасць?.. А грошы Аляксандравіч мне верне — вылічыць з тарбахвата пры разліку.
— Памагай, канешне... Але ж ты выступаеш у ролі правакатара. Ды яшчэ, як я зразумеў, правакатара-самазванца.
— Не крыўдуй, Андрэевіч. Сумленны чалавек — ён заўсёды сумленны.
У Чэрыкаў мы прыехалі прыцемкам. На базе ўжо ва ўсю завіхаліся даглядчыцы Лора і Гэля Варонкіна.
Гэля зусім яшчэ дзяўчо. Яна скончыла дзевяць класаў. Цяпер спадзяецца да заняткаў у школе пабыць у далёкай камандзіроўцы — разам з Лорай і Валодзем будзе суправаджаць баброў. Гэлін галасок чуцён паўсюль: то яна захапляецца бабрамі, то спрачаецца з Валодзем, то даймае жартамі маўклівіцу Лору:
— Паглядзі, Лорка, які смешны звер. На цябе падобны: копія — ты, кропля ў кроплю... Бабрыха! — I заходзіцца ад смеху.
— Цянькала, ветраніца, — азываецца Лора. — Вушы мне пратрубіла, пустазвонка. Хутчэй бы ўсё гэта скончылася. Знай, з табой нікудышанькі больш не пайду наймацца — гэта мне навука!
У Гэлі шчокі й лоб усыпаны вяснушкамі — кропліва густое, яркае. Вяснушкі якраз да твару ёй, і яна, пэўна ж, разумее гэта, як, зрэшты, і тое, што мяне зусім не збівае з тропу яе густое, агнянае рабацінне.
Аднойчы дзяўчаты пасварыліся: Лора абазвала сваю напарніцу рапухай. Тут ужо Гэля не маўчала:
— Пачую яшчэ раз — і знаеш, што я з табой зраблю?.. Знаеш?!. — гнеўна, з пагрозай пыталася яна. — Усе твае космы павышморгваю, язык твой іголкай накалю!.. Ты ў мяне папомніш рапуху-у!
Лора гарэзіла ёй у адказ:
— Ой, Гэлька, пацешная ў цябе кляцьба. Ды я на цябе ноччу бабра выпушчу!.. — весела клекатаў яе звонкі галасок.
Я не пазнаваў базу. Ну і ну! Столькі клетак-скрыняў. I ў кожнай — два, а то і тры-чатыры насельнікі, гэта, калі з маладымі. Цяпер і мы сваіх далучылі: на базе стала 69 баброў. Вось яна, тая неабходная колькасць для чарговай адпраўкі.