Парадак паўсюль адменны. Мне падабаецца літаральна ўсё: і вышкі з сенам, дзе спачываюць супрацоўнікі базы, і шарэнга новенькіх бочак-асінавак (недзе ж, во, набралі столькі), у кожную дапаўна напіхана кашлатых лазовых ды вярбовых цурбалак. Усё гэта мокне ў вадзе, каб затым апетытней грызлося-елася бабрамі. Даспадобы прыйшоўся мне і незавязаны мех з сухарыкамі, сярод якіх трапляліся нават з рызынкам. Не, бабраняткі не вельмі ахвочыя да белай сушанай здобы — ім вітаміны падавай: маладую вярбу, лазу, асіну...
Позна ўвечары вярнуўся з Крычава Малінін. Бадай усё ўжо, паведаміў ён, на «мазі»: праз дзень-два адпраўка.
— Заўтра зоймемся кальцаваннем. — Малінін падміргнуў бацьку. — Абагналі вы ўсіх — гэты раз з Бязлапым 40 баброў здабылі. — Ён пстрыкнуў электрычным ліхтарыкам, павёў пучок святла па двары. — Купіў сабе забаўку. Патрэбная рэч.
Бацька нечага нават задужа сур'ёзны, як незадаволены, кажа:
— От, каб ты для бензінкі маёй купіў талковых каменьчыкаў, то і я з табой разам мог бы пахваляцца. Мне што з гэтай забаўкі тваёй? Запалкамі карыстаюся, нязручна.
— Чаго ж не сказаў раней?.. Чакай, а тыя каменьчыкі, што я прывозіў, пацёр хіба?
— Яны бракованыя нейкія: чыркнеш раз-другі — пшыкне, дымок пусціць. I ўсё — голы апалыш.
Мы смяемся. Малінін апраўдваецца:
— Яны адсырэлі... Не пробаваў падсушыць?
— I я так думаў. Але нічога з падсушкай не атрымалася. Паклаў на скавараду, то шпокалі, як капсулі. Не адсырэлі, а іх такімі робяць — серка дрэнная. Віцька Хведараў прывёз мне з Германіі — во то былі каменьчыкі, не брэдне гэтым, маскоўскім. Два гады карыстаўся імі. А зараз бензінку хоць на сметнік выкідвай — каменьчыкаў няма.
— Бяды такой, — смяецца Малінін. — Дастану табе каменьчыкі! Пайшлі спаць... Не бяры да галавы.
Улегліся на вышках у сене. Ды які сон? Ледзьве аціхлі нашы галасы, як пачалі бушаваць бабры. Пуня і падворак проста грымелі: там, дзе стаялі клеткі з бабрамі, бясконца барбатала, шкраблося, грукала, фыркала, каўкала... Вар'яцкая какафонія гукаў! I ўсё ж такі мы заснулі.
Раніцою пабудзіла нас Гэля. Стоячы на лесвіцы, клікала Малініна. Я спаў з краю, была яна блізка ад мяне: працягні руку — такое жаданне з'явілася — і мог бы ўшчыкнуць дзеўчыну. Расплюшчыў вочы — і дзіву даўся: белы каснік цудам трымаўся ў яе над ілбом; тут жа, вокамгненна, прыцяглі маю ўвагу яе чорна-калматыя бровы й насцярожаны прыжмур правага вока. Нібы падміргвала мне, і я, убачыўшы праз шырокі росхрыст кофты як не да паловы яе абедзве ўжо даволі ладныя грудкі, нечага раптам захутаўся ў коўдру з галавой.
— Кірыл Аляксандравіч, бабра прынеслі, чуеце?!. — Гэля счакала троху, але ні Малінін, ні бацька нават не варухнуліся. — Ды прачніцеся ж вы, бабры!.. Ну і спіце, спіце, загавалы, — па-даросламу пакрыўдзілася яна і пакінула вышкі.
Малінін заварушыўся. Ён скінуў з сябе шарсцяны плед, пацягнуўся.
— Колькі там, на тваім архірэйскім? — спытаў у мяне. Неяк жа во здагадаўся, што я таксама не сплю, а мо і ён бачыў Гэлю?
Я прыўзняўся, палез у кішэню па гадзіннік, але там яго не было. Пароўся доўга, нібы шукаў нешта зусім маленькае — макулінку якую.
— Згубіў ты яго, ці што?.. Герасім, сынок твой дзяўчатам гадзіннік падарыў! — сказаў насмешліва Малінін.
— Пашукай, пад сабой, — параіў бацька. — Ды не варочай сена, а то слізгане долкі, — сказаў так і прыўзняуся. — Дзе-небудзь тут павінен быць... Казаў жа, каб пачапіў на шнурок, а ты, убоіна, не паслухаў.
Злез з вышак... Гадзіннік мой ляжыць на цэментавай падлозе. Два вечкі яго адляцелі ў бакі. Сабраў іх, прыладзіў, але што з гэтага — гадзіннік не цікаў. I я пахваліўся:
— Капец майму архірэйскаму — упаў з вышак, разбіўся! Так што, тата, прыйдзецца новы купляць, але цяпер ужо толькі наручны.
— Калі так будзеш берагчы, то лепей па сонцу час вызначаць — дзешавей будзе. — Відаць, што бацька сярдуе. — Безалаберны ты... Новы гадзіннік, а ты яго ўкакошыў.
— Там няйначай вось маятніка зламалася, то можна другую паставіць... I зноў зачакае архірэйскі, — супакойвае бацьку Малінін. Нага яго шукае планку лесвіцы.
Я пакінуў хлеў. Толькі выйшаў за вароты, як напаткаў Гэлю. Яна зноў бегла па Малініна.
— Там бабра прынеслі, — трывожылася дзяўчына. — Дзе Кірыл Аляксандравіч?
— Прачнуўся... — I тут я заўважыў «госця» з бабром, пайшоў да яго.
Гэта быў стары. Ён сядзеў на тоўстым бервяне, што было прыкочана да драцянай агароджы, курыў. Ля яго ног ляжала ватоўка, аперазаная — проста ўся апутаная — лыкам. З ватоўкі тырчаў бабровы хвост. «Нішто сабе бабралоў!» — падумаў я трывожна і пабег па лавушку. Ад хлява, атрэсваючы з пінжака труху, шыбаваў Малінін.
— Хто бабра прынёс? — спытаў ён.
— Незнаёмы... Дзед нейкі.
— Фокуснік!.. — Малінін шпарчэй засігаў.