Збавіўшы бабра ад лыкавых пут і ватоўкі, Малінін стаў папіхаць яго ў лавушку:
— Смялей, гарамыка, не бойся, дурненькі, — рукою падпіхваў у спіну. — Уходаў звера... Яшчэ гадзіну патрымаў бы вось так — і не акрыяў бы.
Стары косіць вокам на Малініна, сочыць за яго рухамі. нарэшце не ўцярпеў, пахваліўся:
— Галаруч узяў!.. Не тое што вы — сеткамі. — I пацікавіўся: — толькі ж дасцё мне за яго?
— А колькі скажаш — столькі й дадзім. — Малінін заняты бабром, на старога як бы й не зважае.
— Ну, значыцца, калі пры Польшчы, то я шмат меў бы... Усё-ткі, як вы самі, начальнік, рошаце. А лепш... э-э, злотых сто. Цьфу! Рублёў сто. Можна на які чырвонец меней. Звер гэны, самі ведаеце, каштоўны. Мусі, адзіны такі ад усіх тутэйшых футраносаў.
— I чаго ты, дзед, не ў Польшчы, а тут?.. — Малінін паглядзеў на бацьку, спытаў: — Герасім, былі тут палякі?
— Паткнуліся коннікі-фуражыры, пасля рэвалюцыі ўжо, дык іх на варшаўку ўзагналі й патурылі ва ўсю прыць.
Стары наяршыўся, чмыхнуў праз нос і прабубнеў:
— Палякі, калі хочаце ведаць, дайжа ў Маскве пабылі й цара свайго пасадзілі на трон.
— У-у, дзед! Падкаваны на ўсё капыцце... Гісторыю добра ведаеш. Хвалю. А на простую ісціну нечага забыўся.
— Якая там ісціна?
— Браканьеру за бабра даюць трыста рублёў. — Малінін усё яшчэ аглядаў звера, затым няспешна абмацаў падпуззе і заключыў: — Самачка... Яшчэ халастушка. Леташка, думаю.
Бабрыха цяжка дыхала, вочы заплылі гноем. Я памацаў хвост. Гарачы й сухі — аж лушчыўся: тэмпература, звер хворы.
Малінін узяў лавушку з бабром і сказаў бацьку:
— Андрэевіч, напрамкі пойдзем, каб не было кружна... Ступай паперадзе, я — за табой.
I яны падаліся з базы праз агарод, сцяжынаю, што роўным шнурком цягнулася да ракі.
— Дык гэта куды вы ідзяце? — успалашыўся раптам стары. Малінін спыніўся і, пераклаўшы лавушку на другое плячо, сказаў:
— Паспрабую цябе, дзед, выручыць, а то каб не было позна. — Лаўчэй падправіў лавушку. — Выпусцім заморка твай-го... Мусі, як ты кажаш, ачухаецца.
— Сабраліся бабра майго выпусціць?.. Грошы ж, спадзяюся, дасцё якія?
— Грошы?.. — Малінін на хвілю прыпыніўся. — Мы вам штраф дадзім. Аформім пратакол, панятыя падпішуцца — і ў суд. Усё чын-чынам, па закону.
Стары перайшоў на крык:
— Значыць, мне няможна лавіць, а вам можна?!.
— Нам можна — мы святыя. А табе ж ніхто не дазваляў, так?
— Ой, тут нейкія мудрыкі. Гэна вы, анціхрысты, нарошня хвастом віляеце, каб затлуміць мне галаву. Я ж думаў, што ўсе маюць права лавіць і здаваць, а яно і тут не без вымудраў.
— Дык вось, шаноўны, слухай. Штрафам абкладаць гэты раз не станем, бо ты не ведаў, памылкова злавіў... Выпусцім бабрыху на болю — і квіты!
— Ой-ёй!.. Я ж дзве ночы не спаў, каравуліў чорта гэнага.
— А пры Польшчы, дзед, таксама не спаў?
— Па-ўсякаму было, начальнік... I не спаў — само ж нічога да рук не прыб'ецца. Тады я крадма лавіў: ез адчыбучу, сетку драцяную пастаўлю — бабёр сам ненарокам і забрыдзе, захлынецца. Прадам футра, дык на паўзімы хлеба меў, гора не ведаў.
— Хто заб'е бабра, кажуць, не будзе мець дабра... Аў цябе, стары грахаводнік, усё наадварот, значыць?