— Хапіла б за нагу — і што б ты рабіў, звералоў?
— I праўда... Ну, от, як бы ты атруту з нагі выдаляў? — Сомаў дапытліва глядзеў на мяне.
— Вас бы пагукаў, — адказаў я, і бацька, здаецца, быў задаволены маім адказам. — Вы, дзядзька Іван, як ляснік шмат чаго ведаеце, і мне дапамаглі б.
— Яна ж, бачыш, забітая, а хвастом будзе матляць, пакуль і сонца не зайдзе. — Сомаў варочаў змяю мыском чобата. Расплюшчаная галава яе крывяніла, руплівыя мурашы ўжо збягаліся на спажыву. — Галоўка ж саўсім маленькая. Чарапочак — дзікая макаўка, не болей, а цела такое даўжушчае... Гэтая круць-верць, — стаў на змяіны хвост, — носіць у сабе смерць. Хвост жоўты напалавіну, значыць, столькі атруты скапілася. Бачыш? — звяртаўся да мяне Сомаў. — Падзялілася б смяротным ядзевам з табою — і было б табе няўносна-мутарна. Дык вот: калі змяя раптам жыгане за лытку, трэба нямедлячы жгут накласці вышэй калена. А не — ранку разрэзаць і як мага хутчэй выціснуць яд... I як ты, Шурка, не падставіўся?
— Ён чакаў, пакуль яна сама падпаўзе ды цапне. Дзеля гэтага боты скінуў, босы па беразе гойсаў. Самадумец!.. А цяпер жаласніка з сябе корчыць. — Вось, бацька не залюбіў, што я ўступіўся за змяю, папракнуў у жорсткасці. — Пашкадаваў воўк кабылу, дык тая капытом чэрап яму праламіла. — Яўна насміхаўся з мяне, з маёй непрыстасаванасці да вакольнага свету. — Было б і табе, каб мы не падаспелі — жыганула б!.. Змеі ж гіпнозам валодаюць: разіне рот, уставіцца на курапку — і тая, дурнуха, сама скокае ёй проста ў пашчу. Во якія яны, змеі!
— Каб па ўзрэччы не гойсаць, не турбаваць змеяў, прыдумаць бы такі прыбор, якім можна было б заманьваць бабароў у лавушкі, — сказаў я на поўным сур'ёзе. — Уключыў — і зверукі навыперадкі шыбуюць з нораў, не трэба і гнаць-мардавацца, норы бабровыя рушыць... Было б здорава!
— Глядзі ў мяне, прыбарыст, — бацька надзіва строгі, узрушаны. — Каб я не бачыў цябе галапятым на беразе!
Пецька завёз нас з Расты ажно ў вярхоўе Проні, пад Чаусы. Спусцілі лодку на рачулку Басю. Але злавілі ў ёй усяго толькі двух баброў. Мала. Зноў жа — паўтарылася бадай тое ж самае, што і на Хоцімцы: бабровыя харомы падрыхтаваны яўна для зімоўкі, з гэтай прычыны й пуставалі.
Улоў наш — пяць баброў за чатыры дні. Плывём уніз па Проні. Толькі што мінавалі вёску Сварск. Каларытная назва. Галоўнае — адпавядае праўдзе: дзве жанчыны, лупцуючы пранікамі бялізну, зацята сварыліся адна з адной. Джульбарс перабіў іх сварку брэхам. Убачылі чужых людзей — перасталі галганіць, глядзяць у наш бок.
— Гэта вы, дзядзькі, рыззё збіраеце? — спытала маладзейшая.
— Мы ловім у свае снасці такіх во, як ты, пышнагрудых малодак, — сказаў весела Сомаў. — Зараз цябе зачураем, падыходзіш. Калені мне твае даспадобы. — Пасміхнуўся.
Выпрамілася і паўстала на ўвесь рост худушчая, у доўгай спадніцы жанчына гадоў пяцідзесяці, сказала:
— Чаго захацеў, корч рагаты!.. Для цябе мая дзеўка замалада. Ты на мае калені падзівуйся! — і падняла спадніцу. — Магу ўспышку ўключыць — сфатаграфую.
— Не-е, мамка! — Сомік не пераставаў пасміхацца. — Твая ўспышка высмаліць усё начынне маё, баюся.
— А каб ты не гарэлкі, а вады проннай напіўся!.. — кінула ў запале жанчына і голасна загагатала — акурат успалошаная коршукам гуска.
Сварск — вёска невялічкая, але надзіва ўтульная. Надае ёй завершанасць будынак млына, высокі, на два крылы. Дабротны, з чырвонай цэглы, ён некалі прыводзіўся ў рух вадою, цяпер працуе ад электрычнасці.
— Дзяўчаткі, пошта далёка адсюль? — спытаў бацька. Гэтае яго «дзяўчаткі» прагучала як насмешка са старэйшай жанчыны, аднак маладзейшая палічыла такі зварот за камплімент, ахвотна адказала:
— У Пуцьках... Вам па дарозе.
Пошта — гэта менавіта тая адзіная і надзейная нітачка, што звязвае нас з базай. Мы адпраўляем кароткія, як шыфроўкі, тэлеграмы, у якіх спачатку называем месца, дзе знаходзімся, потым даем заказ на прадукты ці грошы, нарэшце паведамляем колькасць злоўленых баброў. Паштаркі часам падазрона зіркалі на мяне (звычайна я хаджу на пошту), а было, што проста загадвалі растлумачыць сэнс тэлеграмы. Калі быў час, тлумачыў. I не паспяваў выйсці за парог, як следам за мною беглі ўсе, хто быў паблізу, каго паштарка паспела асведаміць: маўляў, прыехалі баброўнікі, і ў іх лодцы столькі й столькі баброў — жывых! Ахвотнікаў паглядзець рэдкага звера, пакуль я праходзіў вёску, значна большала. У такіх выпадках мне нічога не заставалася, як весці людзей з сабою. Добра, калі рэчка блізка, а не — усе праставалі ажно ў лугі. Не кожны ішоў толькі пабачыць баброў. Мясцовае начальства, як правіла, абавязкова папросіць, а то і загадае паказаць дакументы. Былі сярод разявакаў і тыя, каму рупіла дазнацца, як злавіць бабра; яны ўважліва разглядалі лавушкі, каб потым сабе такую снуду зрабіць, — гэта мясцовыя браканьеры. Былыя адыходнікі, хто некалі паспытаў «вольны хлеб», тут жа, на беразе, пачыналі набівацца ў памагатыя, спадзеючыся на доўгі рубель. Іх перш за ўсё цікавіла, які ў нас заробак і ці вартая аўчынка вырабу.
Так, мы не цураліся людзей. Асабліва пажылых. Той-сёй не-не дый нарайваў бабровыя азёры, на якія без падказу мы наўрад ці ўзбіліся б. Больш за ўсё памагаюць нам пастухі. З імі бацька заўсёды знаецца, трымае цесную сувязь, і не шкадуе ні курыва, ні нават гарэлкі. Пастухі звычайна ведаюць усё наваколле. Праўда, бацька ні разу не загаворваў адразу пра баброў — спачатку распытвае пра азёры, цікавіцца, ці ёсць на іх берагах лаза, ці крутыя берагі...
Сомаў амаль не грабе, адно кіруе лодкай. Бацька паглядзеў на неба, усміхнуўся і сказаў:
— Чуеш, Іван?.. Во чаго бабы сварыліся — задажджыць.
— Ды ўжо ж. Без навальніцы не абыдзецца, — ахвотна пагадзіўся Сомаў. — Ілля наробіць гнілля.
I праўда, не прайшло і паўгадзіны, як лупцануў залеўны дождж. Узняўся вецер — віхурны, моцны. Сомаў не памыліўся: грымеў буркатліва пярун, бліскала маланка. Чорная тлустая хмара, здавалася, зачапілася за кашлатае макаўе дубоў-волатаў, якіх тут даволі-такі й багата, і вецер не ў сілах быў сарваць яе і гнаць далей.
Дождж то ўшчукаў на нейкі час, то зноў прудзіў бы з вядра. Грымоты суняліся, але вецер шугаў па-ранейшаму, змятаў прыбярэжнае смецце ў раку. I якраз жа ў самае завірушша натрапілі на чыстыя, а значыць, жылыя норы. Дзве. Адлегласць між імі — усяго метраў з тры: норы яўна ідуць з аднае лёжкі, вілаком.
Джульбарс не ўчуў баброў. I не дзіўна — збівае з тропу дождж, макрэдзь. Бацька падаў мне плашч, сказаў, каб акрыўся і пакуль не шастаў па беразе. Сам жа ўзяўся «надзейна зачыніць» баброў: адну лавушку апусціў у ваду, другую. Чую, сказаў да Сомава:
— Шавяліся і ты... «Крывую» вазьмі, памацай — глядзі, каб не было дзе закабана.
— Ды якая тут нара — вымоіна, пячурка, дзе рыба хаваецца. — Сомаў ціха поркаў «крывой» некуды пад навісь берага і ўглядаўся ў ваду, хоць што ён мог бачыць — вада проста кіпела ад кропляў, буйных і частых. — Можа, тут саўсім выдра, га?
— Не бубні. — Бацька быў засяроджаны. Праз хвілю-другую строга дадаў: — Доўга чухаешся — стаўляй лавок!
— Ну саўсім дзюрачка, — сумняваўся, марудзіў Сомаў. Няспешна, не вельмі каб і старанна закінуў дзве лавушкі й сказаў: — Сабаку можна пускаць.