— Многа чаго кажуць... А людзі жывуць. Адныя хлеб маслам мажуць, а нехта сухой скарынцы рад.
Малінін пайшоў следам за бацькам. Сцяжына была вузкая, трымаліся адзін за адным, цугам. Я ішоў апошнім. Бабрыха была не цяжкая, і Малінін ішоў роўна, не горбіўся, і тым часам працягваў роспыты:
— Дзе ж ты, чалавеча, жыў пры Польшчы?
— Ля Нёмна, на хутары, — браканьер шыбаваў праваруч Малініна, сцежкі не трымаўся. — У Чэрыкаве мой сын атабарыўся. Я да яго і перабраўся. I здураваў... Дарма прадаў свой хутар. Цяперака сяджу скулой у сына на карку — замінаю толькі. У яго ж сваё жыццё, маладое.
— А гэтага бабра злавіў далёка адсюль?
— Пад лесам, у канчары. Вады — вераб'ю па хвост, бадай што высахла. Хады запоўнены ды канаўкі... Значыцца, ён пачуў мяне і з норкі сваёй выпаўз, выткнуўся, а я — на яго і кухвайкай накрыў! Выхапіў, панятна, з вады, абціснуў добранька лыкам, скруціў...
— Ясна, дзед. Замардаваў ты звера, даць бы табе ўсё ж штрафака!
— За грошы ўсё можна неўзлюбіць: і звера, і чалавека, — стары прыкметна запаволіў крок. — Я, от, не звер, а мяне мардуюць і так, і гэтак... I скардзіцца няма каму.
— Не раскатвай язык на чужое, — нібы жартам кінуў Малінін і знарок, пэўна, каб не крыўдзіць старога, на «вы» перайшоў. — Гайда з намі. Пабачыце, як гэты ваш заморак плавае... — Апусціў лавушку долу, паправіў ватоўку, каб не з'язджала з пляча і зручней было несці, спытаў: — Скажыце, навошта вам столькі грошай? Сто рублёў — гэта добрая сума. Мае паляўнічыя значна меней атрымліваюць.
— Каму яны лішнія былі, грошы? Душу хіба пякуць? Саграваюць — гэна праўда. — Стары насупіўся. — Дык вы не шуткуеце са мной, на сур'ёзе?
— Не шуткуем. Для таго і да рэчкі пяшкуем. — Бач, для каларыту Малінін нават у рыфму сказаў, складна і даходліва. Ён — мастак на жарты нават тады, калі й не да жартаў бывае. — Выпусцім у Сож незаконна вылаўленага звера. Гэта мы абавязаны зрабіць... Хоць — які ўжо гэта звер? Ледзьве дыхае.
— Прыдумалі: заморак, слаба дыхае... А ўсё, каб мне грошай не даць!
— Я толькі вам закурыць магу даць, — Малінін прыязна ўсміхнуўся. — Ад насельніцтва баброў не прымаем... Бабры — не грыбы, а мы — не грыбавары.
— То хто ж вам іх столькі нанасіў?
— Самі... Навазілі.
— Ручыць вам. Кожан дзень, мусі, ловіце?
— Усяк бывае. Сёння — пуста, назаўтра — густа. Як і заўсёды на паляванні.
Падышлі да ракі. Малінін апусціў лавушку на жаўцяк, адчыніў дзверцы. Бабрыха, пачуўшы ваду, прыкметна пажва-вела, пасунулася вонкі. Выпаўзла і нечага адразу стала на заднія лапы, агледзелася. У-у!.. Як рашуча — што гэта з ёй? — скокнула яна да дзеда.
— Фш-шы-ых-х! — зашыпела пагрозна.
Стары прытка — не правароніў-такі — віхлянуўся ўбок, падняў галас:
— Які ж ён хворы, мой бабёр, га?!. Ён жа, бачыце, здаровы... Здаровы! Вы проста камедзь разыгралі, падман учынілі!
Бабрыха апусцілася на ўсе чатыры лапы, колькі часу сядзела непаварушна, затым імкліва, рыўкамі, як усё роўна не верачы, што ўжо на волі, памкнулася наперад, шчыльна прыпадаючы да зямлі, і нарэшце з ходу, струнка, бясшумна, шухнула ў ваду — нырнула, схавалася з вачэй.
Гора-бабралоў гатовы быў кінуцца следам, занерваваўся яшчэ больш:
— Знаў бы, што так абыдзецеся са мной, забіў бы лепей, а не цягнуў столькі на гарбу... От жа, асталопіна, прыпёрся, паказаў сваю дуроту.
— Матай адсюль, злы чалавек! — Малінін стаяў проці клышаногага дзядка з дробным насатым тварам і калюча-рухлівымі, як у дразда, вочкамі. — Ну, што я сказаў?.. Ідзі дадому!
Стары буркнуў нейкі праклён у адрас Малініна, павярнуўся і потрушкі, трымаючы локці напаўсагнутымі, упрыскок пацеляпеніў ад нас.
Я глядзеў на ваду. Бабрыха ўсплыла на паверхню акурат на сярэдзіне ракі й доўга адпачывала — чорнай карчагай тырчала яе рахманая мордачка.
— Ачуняе... Гэта ёй не ў ліповых путах ды ватоўцы. — Малінін закурыў сам і пачаставаў цыгарэткай бацьку, стаў жартаваць з бабрыхі: — Эйш, хітруха, схавалася ў вераб'іную канчару, каб жаніхі не даймалі. Цяпер і ёй, красуні нечапанай, прыйдзецца пад вянец ісці, адзінцоў мы тут напакідалі нямала.
Кальцаваць баброў пачалі адразу пасля сняданка. Работа не складаная, але далікатная: Валодзя трымае бабра за пярэднія лапы, Лора — заднія ашчаперыла. Малінін спачатку абстрыгае з кончыка бабровага вуха асцюкі поўсці, змазвае аголенае месца ёдам, падстаўляе спецыяльна вырабленую з сасновай кары плашачку і затым, спаласнуўшы лязо скальпеля ў спірце, асцярожна пратыкае вуха. Бабёр аж скалынаецца ўвесь, з вачэй коцяцца слязінкі. Малінін совае ў праколіну алюмініевую пласцінку, дзе значацца нумар і слова «МОSКVА», згінае кончыкі пласцінкі й наглуха сціскае іх пасаціжамі — гатова!
Я тут жа заношу ў ведамасць нумар пласцінкі (кальца), пол бабра і дзень, калі звер закальцаваны...