Давялося нам пад гэтымі вербамі, узбоч крынічкі, заначаваць. Атабарыліся. Ноч сустракалі зморанымі, вымаклымі. I нават збітымі з тропу: думалася, баброў тут, у Хоцімцы, не менш дзясятка возьмем, бо ўсе норы проста капітальныя, без праломаў, добра затопленыя вадой, а выйшла так, што бадай да цёмнага ганялі аднаго-адзінага, дый таго не змаглі абмішурыць. Смяльчак трапіўся, уцякаў проста з-пад рук, прыгожа, спрытна, пакуль і зусім не знік. Што ж, калі змог заўзятым бабраловам пяты паказаць (усплыў і нейкі час трымаўся на вадзе, назіраў за намі, а мы — за ім: чорны і, па ўсім відаць, самец), дык ад залётнага браканьера-карысліўца тым больш уцячэ.
Водсветы сышоўшага з гарызонту сонца барвай ірдзелі над срэбранай, падобнай на вышчарблены грэбень, каёмкай прылужнага лесу. Прыцемкі паволі ахутвалі наваколле.
Вячэру гатавалі на цяпельцы. Паеўшы, развязалі пупы, як любіць казаць бацька, і ўлегліся на спачын. Замест матрацаў — брызент, якога хапала і пад бок усёй нашай тройцы, і заставалася яшчэ акрыцца на выпадак дажджу.
Бацька не ў крыўдзе на зуха-бабра, кажа:
— Аблапошыў-такі, круцель. Нейкі ж дужа чуткі — да лавушкі й блізка не падступіўся. Ён тут няйначы за стоража, а ўсе астатнія — у Расце, недалёчка дзе-небудзь. Хітруны-разумцы — берагуць норы для зімоўкі: пустыя, то, значыць, ніякі чорт лёжак не рушыць. Нічога, заўтра мы ім жару зададзім. I радзімца гэтага, мудраца, зачураем — няхай, во, калі такі спрытны, едзе з усёй сваёй плоймай абжываць Сібір.
Сомаў азваўся не без посмеху, прагудзеў у нос:
— Шурка, не хавай заўтра соль далёка.
— А што такое, дзядзька Іван?
— Ды тут Андрэевіч губу раскатаў... Збіраецца няўлоўным хоцімскім бабрам солі на хвост насыпаць.
Бацька павярнуўся са спіны на правы, непаранены бок, і нібы й не чуў Соміка, сказаў:
— Мы так зробім: выкапаем ямку ў беразе, лаўкі з бабрамі пакладзём радком, добра ўкрыем, і з пустой лодкай, думаю, ты, Іван, любы манеўр адцыбучыш.
— З пустой буду ганяць на трэцяй скорасці, — зморана выбуркнуўся Сомаў.
— Трэба тэлеграму на ўсякі выпадак адбіць — няхай Пецька чатыры клеткі вязе... Усе запоўнім.
Раніца — недарма кажуць — мудрэйшая за вечар: думалася, хуценька выберамся ў Расту, дый пачнем «бамбіць» яе берагі. Аж — не. Сомаў усеўся ў лодку і паспрабаваў разгайдаць яе, каб неяк усё ж такі зняцца з падводнай карчагі, што ўпёрлася ў днішча. Гэтага не ўдалося зрабіць, і ён не без дакукі ўзрушыўся:
— От жа, га?.. Чорту на рогі селі!
I праўда, мы так учора заюшыліся — і во, адно цяпер уцямілі, што разбурылі бабровую плаціну занадта ўжо, вада спала: яшчэ ўчора паўнаводная і шырокая, занач рачулка ператварылася ў вузенькі кволы ручай, і цяпер скрозь па ўсім рэчышчы — акурат штыкетнік на вясковай вуліцы пасля па-жару — тырчала шпіляста-чорнае карчавежжа. Тут ужо нам самім давялося аднаўляць плаціну — тахцілі ў яе ўсё, што трапляла пад рукі, нават дзёрнам «супынялі» шумна-порсткую плынь. Намардаваліся ў ахвоту.
У Харанёў хадзілі ўдвух — Сомаў і я. Каб паскорыць прыезд машыны, я пазваніў у Чэрыкаў на пошту, назваўся знаёмым Лоры Пагаркі й папрасіў перадаць праз Лору нашу просьбу Малініну. Потым зайшлі ў магазін, дзе купілі колькі кансерваў і пяць буханак хлеба — быў толькі белы. Пілі журавінавы сок — выжлукцілі, каб не пакідаць недапіўкаў, усе тры літры. Крамніца расчулілася і паспачувала нам:
— Вада на рацэ не ўжадобку, на больш смачнае цягне?.. — I з уздыхам дадала: — Калі б, здаецца, гарэлкі столькі было, як вады, от, можа, ніхто б на яе прагна так і не глядзеў бы.
— Што, у вас гарэлкі няма? — нібы між іншым, дзеля таго, каб прадоўжыць размову, пацікавіўся Сомаў.
— Адкуль жа ёй быць? I жук і жаба навыперадкі п'юць, быдта ў пролабку льюць. Прывязу колькі скрыняў, дык ажно б'юцца, як перад пагібеллю якой. Хлеб во, бачыце, не разбіраюць, млын блізка, дык мука ёсць, свой пякуць. А гарэлку глокчуць і ў святы, і ў будзень. I якім ліхам людзічкі звіхнуты?
— Калі ўсякія там жукі ды жабы хлешчуць спіртное, то бабраловам і падаўна можна. — Сомаў пасмешліва зіркаў на гандлярку, пераступаючы з нагі на нагу. — Уночы зябка каля вады... Пашукалі б для нас бутэльку руска-горкай, га?
— Што вы, дзядзька?.. Нямаш! Зараз во еду ў Слаўгарад. Калі прывязу — дам адну пляшку. Толькі адну.
— Нам і не трэба больш. Пакіньце, падбягу.
Я ўбачыў на кніжнай палічцы, сярод запыленых томікаў Максіма Горкага, дзве пляшкі балгарскае «Пліскі». Хацеў скіраваць увагу Сомава на замежны напой, але не рашыўся: раптам у яго не знойдзецца грошай на каньяк.
Сомік не ўтрымаўся і ўзяў яшчэ соку — такі ж самы слоік, трохлітровы. Сказаў:
— Нязручна будзе несці, але ж няхай і Герасім пакаштуе. — Яшчэ прыкупіў і курыва. — Запас бяды не чыніць, — заключыў ён і пасміхнуўся. — Няма рускай, будзем «Пліскай» грэцца, — і сунуў у працягнутую руку крамніцы пяцёрку.
Да нашага прыходу бацька ўправіўся з бабрамі — перанёс у вырытую на беразе ямку, закідаў зялёным вешшам. Мяне здзівіла, што ў лодцы, падрыхтаванай для ловаў, ляжала чамусьці шэсць лавушак. Усіх адзінаццаць. З той нашай, першай. Зрэшты, яна поўнасцю рэканструявана — драцяная ўся, адно памеры засталіся ранейшыя, раскошнасцю і адрозніваецца ад астатніх. Падумалася, няйнакш уцёк бабёр, Ды бацька маўчыць пакуль, не прызнаецца. Аж не — бабры ўсе. Нічога асаблівага не здарылася. Проста брыгадзір наш — дадумаўся ж! — пасадзіў у гэтую раскошную лавушку дваіх звяркоў. Аднасямейнікаў. Звычайна мы такіх мецім, каб падчас перавозкі не паблытаць з чужакамі. Ён і падабраў, залучаных у адной нары. Самца і самку, парачку.
У лодцы — бацька з Сомавым. Я іду па беразе. Джульбарс трусіць упобачкі. Трымаю на павадку. Даручылі мне сабаку часова: памагаць мушу, пакуль лодка знаходзіцца блізка ад бівака. А як толькі аддаліцца — вярнуся да пакінутых без прыгляду баброў. Рака бруйная, з частымі віракрутамі. Берагі патанаюць у зялёным шумавінні зараснікаў. Спакон веку, здаецца, былі ў гэтым месцы бабры. Жыць ім тут і далей. Грэбалы ў нас (бацькаў выраз) кароткія, каб усіх пабраць. Такое і немагчыма: трапляюць у нашы снасці адно лежабокі, сапуны, ды яшчэ самаўпэўненыя рызыканты, якія слепа спадзяюцца на свае спрыт і сілу: маўляў, ён і з сабакам справіцца, і любую лавушку патрушчыць — каму заўгодна дасць фору. Чуткія ж, кемлівыя рэдка апынаюцца ў абкладзе. Прыклад гэтаму — хоць бы ўчарашні, з Хоцімкі. Аднаго з такіх, «чуткіх», мы ўсё ж упалявалі. Малінін пасля назваў яго Шаманам. Раскашаваў ён у прырэчным азярку, глыбокім, але занадта малым. Адзінцом жыў. Спрабавалі залучыць без лодкі, не ўдалося. Прыцягнулі лодку. Дык ён знарок у норы не заходзіў далёка, і мы не паспявалі перакрыць яму ход. Хітрушчы — сапраўдны шаман.
Джульбарсу ўдалося-такі ўхапіць празуку за хвост. I што ж, бабёр зацягнуў яго ў возера і нырнуў — дагадаўся, інакш наўрад ці выратаваўся б. Джульбарс мужна трымаўся і расцяў пашчу ажно на сярэдзіне азярка, будучы глыбока пад вадой.
Пасля бабёр стараўся не паказвацца на паверхні — затойваўся на дне. Набярэ паветра ў лёгкія — боўць, і прапаў. Ляжыць, пускае бурбалкі. Лодка над ім. I Малінін... Свой апошні вынырк абяссілены звер зрабіў няўдала — апынуўся акурат пад рукой Малініна, які й хапіў яго за густую поўсць карка, насілкам запіхнуў у падрыхтаваную лавушку.