— I праўда, — Сомаў размахнуўся і зашпурнуў бутэлечку ў лазняк.
Мы вось тут, у лугах, можна сказаць, днюем і начуем, і заўсёды, адно варта прыслухацца, — чуваць несканчоны рокат трактароў і машын. З дня ў дзень. I гэта летам, у такі час, калі, здавалася б, на палетках ужо няма ім што рабіць, трактарам ды машынам. Аднак жа нешта робяць, гудуць. Бясспрэчна, самыя працавітыя людзі на сяле — гэта механізатары. Пэўна, таму я і стаўлюся паважліва да іх, вечна мурзатых, заклапочаных працалюбаў, спачуваю ім, дый сам падумваю вывучыцца хоць бы й на шафёра, здаецца. Вывучуся. Ужо троху ўмею кіраваць машынай, кранаюся з месца — Пецька навучыў.
Скончыўся дождж. I толькі выплылі за выгіб ракі на шырокі плёс, як напаткалі рыбака-браканьера. Сомаў з сілай грабянуў раз, другі, параўняўся з рыбаком і хапіўся рукой за борт яго пласкадонкі, недзе разы ў два меншай за нашу. У ночвах-падстаўцы ляжала яшчэ амаль новая сетка, капронавая. Паплаўкі берасцяныя. Па закону, дык нам трэба забраць браканьерскія снасці, аб чым Сомаў, зрэшты, і заявіў, строга і рашуча.
— То ж я не лавіў яшчэ, толькі выбраўся. I тут — вас убачыў... — Рыбак боязка сцяўся ўвесь, згорбіўся і непрыкаяна глядзеў на Сомава.
— Кладзі, браток, сам сваю сетку да нас у лодку. — Пайшоў у наступ Сомаў чым проста агарошыў ушчэнт разгубленага рыбака. I мяне — таксама.
— Хлопцы, я ж, ведаеце, першы раз выехаў. От жа, га? Такі нешчаслівы... Сын мне сетку прывёз, учора. Прыехаў з дзяўчоначкай сваёй. — Пры гэтым дастаў з кішэні паношанага курціка два яблыкі, працягнуў мне: — Бяры, смачныя... Белы наліў, ранні. Сёлета ўрадзілі яблыкі.
Я ўзяў частунак, падзякаваў. Сомаў пахмурна зіркнуў на мяне, сумеўся. I ўжо загаварыў да браканьера памяркоўна:
— Удружыў бы нам лепей запалак, калі ёсць. — Адпусціўся, на вачах паласкавеў. — Кажаш, сын з маладой жонкай заявіўся?
— Не-е... З дачушкай. Шэсць гадкоў ёй. Жонка яго летась памерла, і ён адзін пакуль. — Аддаў Сомаву запалкі. — Бярыце насаўсім. Толькі ўжо вельмі прашу вас, пакіньце мне сетку. Сын падбухторыў, а я, стары пень, паслухаўся... Дык я, можа, да берага прычалю, га?
Сомаў адпіхнуў пласкадонку, паспачуваў:
— Можаш закінуць пару разоў, мясцінка тут рыбная... На мяне не крыўдуй — каму-та ж і за парадкам трэба сачыць. Закінь. Рыба тут ёсць.
— Хапае... Ды, кажуць, як пасяліліся бабры, яна стала дрэн-на лавіцца. Хаваецца. Пакуль сець паставіш — рыба ўся ўжо ў бабровых норах.
— Хм, не было б то жывое, — роздумна прабубніў Сомаў. — Усё ратуецца, як можа. Хм, хаваецца... Значыць, бабры не лішнія ў прыродзе, неабходнасць.
— Ат, лепей вы іх усіх пабярыце, — пайшоў незнаёмец на шчырасць. — Гэтай вясной прыплыў бабёр у мой сад і дзве яблынькі падгрыз, ацерабіў і голле сплавіў. У-у, я на баброў злы... Гэта мае ўрагі.
— Дарма вы так. — Я мусіў заступіцца за бабровае племя. — Яблынькі вашы пагрыз які-небудзь шкоднік, бабёр-браканьер. Захацелася прысмакаў, як вам рыбы, вось і палез у чужое. І людзі ж такія ёсць, нецярпліўцы, так?
Сомаў стрымана сказаў да мне:
— Ты баброў з людзьмі не раўняй. — I — да рыбака: — Жывучы каля рэчкі, канешне, рыбы хочацца. Але ж навошта парушаць закон? Навошта лезці на ражон сярод белага дня?.. Нахабства гэта ці нявопытнасць, наіўнасць — проста не разумею. Чалавек тады чалавек, калі законы паважае і да сябе падобных. Ці не так?
— Усё так, так, — двойчы матлянуў галавой рыбак, пагадзіўся. — Цьфу!.. Няхай яе чорт ловіць, рыбу гэтую. Яно ж, ведаеце, і ўначы ад людскога вока не ўхаваешся... Рака вочы вялікія мае.
Ён і на хвілінку не забавіўся — хуценька падгроб да берага, зацягнуў лодку ў куст, сетку ўтаптаў у мяшок — і мы толькі й бачылі яго.
— Вы на поўным сур'ёзе з сеткай? — спытаў я Сомава. — Забралі б?
— А як жа! I акт склаў бы па ўсёй форме. Ты ўсё дзела падпорціў — яблыкі ўзяў. — I кінуў мне карабок з запалкамі. — Трымай, у мяне ёсць... Больш каб не запабягаў дарослым на-перад.
— I блізка ж непадобны да браканьера. Добры, уважлівы.
— Усе яны добрыя. — Твар Сомава прыкметна спахмур-неў. — Хітры — гэта відаць, выкруціўся ўдала.
— А ў вас, дзядзька Іван, хіба сеці няма?
— Няма... Павуком лаўлю, вудамі. Тады-сяды жакам. Часам, калі гулянка якая і закусі многа трэба, спрабую з падсветкай, васцямі. Гэта ж не гулёная рыба, без поту-спрыту не ўхопіш.
I тут я ўбачыў на процілеглым беразе бацьку — стаяў на пакатым адпеску, чакаў нас. Джульбарс таксама быў з ім.
— Гайда сюды!.. — махнуў бацька рукой, паклікаў. Мы прычалілі, і ён давай раіцца з намі: — Схаджу ў разведку. Рачулка тут нейкая, берагі крутыя, лазняку поўна. Абследуем, як думаеце?
— А што думаць — Хоцімка гэта. — Сомаў торкнуў вяслом у бераг, адпіхнуўся. — Бабры ёсць, я ведаю. Падымемся ўверх — да Кандулёвай крыніцы лодка, думаю, лёгка пройдзе. Павінна прайсці!
Сапраўды — хоць і з шасцю бабрамі, лодка прайшла. I акурат насупраць таўшчэзных вербаў, што некалі ўпрыгожвалі падворак хутаранца Кандуля, успёрлася на карчыжжа ўсім днішчам. Далей падымацца не было сэнсу — рэчку перагароджвала бабровая плаціна, узведзеная аж ці не да двух метраў увышкі.
Ад колішняга хутара засталася адно крынічка. Апоўзлы, збуцвелы зруб яе аброс зялёным мохам. Унутры зруба вісеў, начэплены на іржавы цвічок, бяроставы карэц з доўгім паленцам — хапцом.