Брыдзём, гамонім. Чуем, недзе гудзіць машына. Гудзіць, а самую не відаць. Аж яна забуксавала на ўзбочыне. Наша машына, руская. Двое хлопцаў пры ёй. Мы падышлі, узяліся памагаць. Пасабляем, а самі думаем: ці па дарозе яна, трохтонка гэтая? Мо сілы дарма апошнія трацім.
«Куды, хлопцы, сабраліся?» — Раман спытаў.
«У Магілёў, хлеб малаціць... Ды во, па бочкі адскочым у вёску», — адказаў шафёр.
«То ж гэтак лепей для нас, — кажу Раману. — У вёсцы, можа, паядзім, га?»
Прыехалі. Мяне шафёр да сябе запрасіў, а Рамана ўзяў другі хлопец. Шафёр сказаў сваёй маці, каб пакарміла. Яна наліла мне супу грэцкага, на малацэ. Пасёрбаў з кусманчыкам хлеба.
...Ажно не верыцца — на машыне едзем. Ускорасці й Мішку з Самусём дагналі, пехацінцаў. Яны давай махаць рукамі, ды машына не спынілася. I я падумаў: «А каб яна спорцілася!» I праўда, праехалі трохі — цуп! — стала трохтонка. Шафёр у матор палез, корпаецца. Мішка з Самусём падбеглі, просяцца. Ім давялося па пяць марак выкласці за падвоз. Былі ў хлопцаў нямецкія грошы, недзе ж узялі.
Зноў, значыць, разам. Умовіліся трымацца адзін аднаго. А там і ў Магілёў прыехалі. Мішка гаворыць:
«Я пайду з Граськам. Тут усе мае цёткі, то мы пакуль затрымаемся, пагасцюем».
Прыйшлі да Мішкавай хроснай. Яна паплакала, паспачувала нам.
«Хворы мой напарнік, жыватом маецца, — кажа ёй Мішка. — Палячыцца б яму чым... Раздабудзьце самагонкі добрай».
Яна, праўда, знайшла гарэлкі. Я шклянку выпіў — запякло ўнутры. Тут есці трэба, і ёсць што, а не магу — баюся. Збольшага, праўда, перамарыў чарвяка і заснуў адразу. Спаў да цёмнага. За вячэраю зноў патроху выпілі, блінамі закусілі. I рэзь у жываце, чую, сунялася, палепшала мне. Мішкавы родзічы нясуць нам харчы — хто што можа, што ў каго ёсць. Сабралі на дарогу.
«Цяпер, — кажа яго хросная, — нікуды й не заходзьце ўжо— сваю яду маеце».
Праз дзень мы й выбраліся. I к вечару былі ажно каля Пацяраеўкі. Во што значыць яда добрая. Пераначавалі. Іду я міма гумна таго, дзе нас трымалі ўсю ноч, і ажно не верыцца, што застаўся жывы. Перад Віравой якраз, бачу, едзе Міхалка Шымар — конюхам у пажарнай рабіў, то я пазнаў яго. На фурманцы й сянцо ў драбінах. Я павітаўся:
«Здароў, Міхалка!»
Ён углядаецца ў мяне і асцярожна адказвае:
«Здароў...»
Руку яму падаю, запытаў:
«Што тут у вас чутна?..» — рупіць мне, спадзяюся пачуць і пра сваю сям'ю.
А ён:
«Хто ты, чалавеча?.. Не магу пазнаць».
I я назваўся:
«Граська... — кажу. — Хто ж яшчэ. З Ходарава!»
Во тут і ён ажывіўся:
«Айя-яй-і... Ды ніколі ж бы я не пазнаў цябе. Змучаны, схуднелы... Хто ж гэта цябе так, дзе?»
«Немцы... У палоне быў. Скажы мне лепей, ці не чуў, як там у Ходараве? Ці цэла мая сям'я?..» — дапытваюся, хачу праўду знаць.
«Быў я там нядаўна, то бядуюць, што цябе няма, — спакойна адказаў ён. — Хэ, не бядуй, акрэпнеш, вяселлі зноў граць будзеш!»
А мне ж карціць даведацца пра Еву, пытаю:
«Дык сям'я мая ўся дома?»
«Жывыя ўсе вашы... Садзіся, паедзем — мне ў Гіжэнку трэба. А там табе ўжо блізка».
Так мне не хочацца зноў у Гіжэнку, але ж пехам ужо не магу — ногі падкошваюцца ад зморы, выбіўся канчаткова з сіл, прыстаў. I што ж? Паехаў-такі з Міхалкам. Прыбылі ў Гіжэнку, злез з калёсаў — адпачыў троху, акрыяў. Дашкробаў да Усоху, да бабы Кордзіхі зайшоў. Адразу ж і пытаю ў яе: