Пасярод хаты стаяў на ножках кулямёт-ручнік. Ён быў руляю скіраваны на дзверы.
Я гэтак жа сама, як і Жэнік, вытыркнуўся з-пад коўдры й разглядваў кулямёт. Бацька сядзеў за сталом, сілкаваўся.
— Тата, — спытаў я, — а чаго кулямёт насцярожыўся?.. Як сабака.
— Не выдумляй абы-што, — шмаргнула мяне за рукаў маці.
— А ён кусаецца?.. Га, тата?
— Фрыцаў яшчэ як кусае, — адказаў бацька.
— I яны дохнуць?
— Як мухі ў мароз...
— А кулямёт бегае?
— Бывае, што і бегае, але рэдка... Зноў умяшалася маці:
— Хопіць дакучаць. Дайце нам пагаварыць.
Жэнік мне даў добрага кухталя, і я замоўк. А вось аб тым, як бегаў бацькаў кулямёт, я даведаўся значна пазней — пасля вайны.
Сядзелі партызаны ў засадзе якраз непадалёку ад Латачка, дзе лес падступаў да самай шашы. Быў сярод іх і мой бацька. Паказаліся нямецкія грузавікі. Два. Іх абстралялі. Разбілі... I тут, бачаць, з-за пагорка сунецца цэлая калона машын, і немцаў поўна. Усчалася калатнеча. Якраз у гэты адказны момант замоўк бацькаў кулямёт — затвор не выкінуў з патронніка гільзу.
Немцы апомніліся, пасаскоквалі з машын — у наступ пайшлі, многа ж. Партызаны адступілі. Бацька дастаў гільзу, праверыў кулямёт — страляе. Падумаў: няйнакш патрон трапіўся дрэнны, падплюшчаны. А праз дзень-другі — зноў пайшлі на шашу. Кулямёт і гэты раз адказаў. Тут бацька сур'ёзна занепакоіўся, бо той-сёй з партызанаў, здавалася, глядзелі ўжо скоса на яго. Паказаў кулямёт аружэйніку Пятру Кучавею. Ён разабраў затвор, сабраў, стральнуў — харош!
— А ты, Пятрок, — счапіўся бацька з аружэйнікам, — паспрабуй з паўдыска выпусці, болей пастраляй... Пабачыш, закапрызіць.
— Паўдыска, кажаш? — падазрона перапытаў аружэйнік. — Сабаку пад хвост паўдыска патронаў?!. — I далажыў камандзіру, што кулямёт спраўны.
Камандзір, праўда, не стаў эканоміць патроны — надумаў разрадзіць увесь дыск, але кулямёт зрабіў кароткую чаргу і замоўк.
— Адрамантаваць і далажыць, ясна?!. — загадаў ён Кучавею.
Той пачаў апраўдвацца:
— Дык жа кулямёт спраўны! Усё ў ім на месцы... Камандзір дастаў з нагруднай кішэні нейкую паперчыну, патрос ёй перад носам разгубленага Кучавея:
— I каб такіх во штучак не было!.. Гэта паклёп, данос.
— Я напісаў шчыра... Думаў, Герасім ад страху не страляе, трус.
Бацька зразумеў, што Пятрок ніякі не аружэйнік, слабак, і сам пачыніў кулямёт — замяніў ствол, у якім быў іржавы патроннік. Кучавей круціўся, як вуж, стараўся дагадзіць, але бацька з ім ні разу больш не хадзіў на абстрэл шашы, дый на іншыя аперацыі.
Лазу мы прывезлі, калі ўжо добра-такі ўцямнела. Уходаліся здорава. Але ж і спалася потым!
Кажуць, калі бачыш у сне, што збіраеш дробныя манеткі, то абавязкова здарыцца якая-небудзь непрыемнасць, і горкая — да слёз. Такі сон, з манеткамі, мне якраз і сніўся. А хто, калі бачыць перад сабой сярэбраную дробязь, не памкнецца яе сабраць? Я збіраў і нават не здагадваўся, што гэта сон бачу такі. Канешне, у сны я не верыў, але ж каб ведаў, што ўсё гэта не ява, то ці ж радаваўся б так, што нейкі разінька столькі грошай згубіў. Снілася, нібы якраз пасля кіно гэта было, калі ўсе ўжо выйшлі (у нашай хаце часам дэманстраваліся фільмы, кінамеханікі сталаваліся таксама ў нас). Дык вось, спачатку ўбачыў на падлозе адну манетку, потым яшчэ і яшчэ — многа! I я хапаў іх, радаваўся...
Прачнуўся і пра ўсё, што бачыў у сне, расказаў маці.
— Хай гэты твой сон на сухі лес ідзе, — сказала яна стрымана.
А праз гадзіну-другую прыбегла з Малінаўкі заплаканая цётка Маруся і сказала, што памерла ўначы бабуля мая, Донька. З тае пары я і баюся шчаслівых сноў, бо яны, як відаць, не ўсе ідуць на сухі лес.
Бацька ў войску
— Засталася мне з вайны матычка — у траве ляжала. I ступа... I я рада — гэта было па тым часе многа, залаты клад. Зіма выдалася цёплай, зямля не прамерзла. Я матычу бульбянішча, дробненькую бульбу адбіраю сеяць, а большанькую — у кош, хоць жа дзецям будзе паесці. Пераматычыла ўсё, саб-рала бульбы й пасадзіла. А яшчэ і пшаніцу пасеяла. Мама мне дала з паўпуда. Яны ж, во, закапалі — і ўсё ўцалела: два мяхі пшаніцы, ячменю столькі ж, адзёжу ўтахцілі ў тую ж ямку. Ажно за свірыдонавай пасекай схоў зрабілі, утайне, за балотцам.