Зноў тое-сёе пра бацьку
— Нашы Проню фарсіравалі... Былі ўжо пад Мугілёвам, ля Быхава, і там баі пачаліся. Я перажываю: Граська мой недзе ж у пекле тым глядзеў смерці ў вочы. А тут якраз пярэпалах Жэня ўчыніў — шукаў анучкі на печы, сабраліся мы з ім па сена ісці, каб дзе якой патрухі назграбаць. Аняго ж, абіркамі даводзілася карміць карову, не ношкамі — у шчопцях сена насіла, папацягалася холадам, дзе яно тое дзенецца, усё на здароўі адбілася. I што ж? Куёўдзіцца сын мой на печы, шукае, у што б ногі агарнуць, а тады ўзяў гаснічак, што ў глінішчы знайшоў, за Лапацуевым агародам, і высвечвае, шукае. Загарэлася палавінка ад слюдзяной мыльніцы, сіні дым пайшоў... I так хлопец наглытаўся атруты, што дрэнна стала, дык я і на сена забылася.
— У той вечар, я помню, якраз чалавек прыйшоў да нас — зарослы, без шапкі, у ватоўцы й галіфэ, салдацкіх ботах...
— Прывалокся, чорт, а я здуру адчыніла...
— Яго нехта да нас падаслаў.
— Нехта... Можа, якраз Стуканожка і пастараўся. Зайшоў... У руках трымаў нейкі скрутак, ля дзвярэй паклаў. Нык-нык — глянуў на палок, на печ, і пытае:
«Вы — старастава сям'я?..»
Я спалохалася:
«Хто ета вам сказаў такое? Якая ж мы — старастава сям'я?.. Яшчэ што выдумайце. Мой гаспадар, можа, ранены дзе ляжыць. — Яшчэ ж бацька не абазваўся, я нічога пра яго не ведала. — Стараставай сям'і даўно ўжо ў вёсцы няма!..» — сказала так.
«А дзе ж яна?»
«Чула, што стараста з'ехаў ажно ў Сібір, каб тут не дакучалі... Яго не судзілі, бо з партызанамі заадно быў».
«З партызанамі?!. Хм, заадно... Як гэта? — Паморшчыў лоб, задумаўся. Пасля напіўся вады й сеў на ўслон, побач са мной. — Значыць, Іван служыў і вашым, і нашым?.. А я так спадзяваўся пабачыць яго. — Дастаў з кішэні наган, совае Колю ў ручкі, кажа: — Бяры, сынок, цацу, застрэль сваю маму. — I стаў павучаць: — Навядзі маме ў лоб дульца, тады на гэты хвосцік — ціскень пальчыкам!.. I мамы тваёй не стане — у неба ўзляціць... Хочаш, каб мамы ў цябе не было? — Коля схаваў ручкі й скасавурыўся. А я так напалохалася, што не магла глядзець на зайшлу, адступілася. Ну, ён тут і просіць: — Там, гаспадынька, маё бяллё, — паказаў на свой круцень, што ў парозе пакінуў. — Пасцірай... Булку хлеба дам і селядца. Дзеці табе дзякуй скажуць... Пасціраеш?»
Каб жа не напалохаў наганам, дык, можа, і не адмовіла-ся б. А так — не, усякаму чорту паслугі рабіць не прывыкла. Сказала:
«Няма ў мяне ні мыла, ні попелу, — і параіла: — Вы прайдзіце далей — зямлянку ўбачыце, паблізу калодзежа. Там — маладыя дзеўкі, яны й пасціраюць. У іх, можа, і самагонкі дастанеце, якраз і ваш селядзец не зашкодзіць». — Да Цімошыхі справадзіла — яна часта гарэлку гнала з сястрой; да іх ахвіцэры хадзілі гуляць.
I калі ён, валацуга гэты, спытаў і ў Васіліны пра стараставу сям'ю — даўся яму стараста, мне не паверыў. Ахвіцэры — іх двое было — выйшлі з-за шырмы, абшукалі яго. Дакументаў не знайшлі, наган забралі й павялі з сабою. Круцень той Цімошысе дастаўся: былі там два селядцы, у паперу загорнутыя, буханка хлеба, сарочка і падштанікі.
— Нейкія ж і яшчэ «госці» заходзілі?
— Быту не даваў капітан са шпіталя... Такі ўжо клапатун: кантрыбуцыі ўсё на людзей накладаў, падаткі. Каб яму і малако здавалі, і тое, і сёе. Стуканожка вадзіў яго па хатах. Прыйшлі й да мяне, патрабуюць:
«Здавай падатак за карову!»
А што я здам? Нічога ж няма. Слоік малака? Дык ад дзяцей трэба адрываць, галодныя будуць. I Стуканожка палохае:
«Забярэм карову!..»
Засталося ж у мяне толькі закапанае пры лазні. Тут мне як хто падказаў — схітрыла: вуголле ўбок, убок, ямку выкапала — і бочачку з ячменем паставіла, закідала зямлёй, а зверху — вуголлем прысыпала. Уначы рабіла. Дык і бочачка прыгадзілася: вады нагрэю і вас там, у бочачцы тэй, купаю. Ні вошай у маіх дзяцей, ні каросты... А ўсё астаняе было забрата — удзень сховамі займалася, і людзі бачылі. Салдатам дала два мяхі бульбы, дык тэя мне ямку вымахалі на той свет, глыбокую. Бульбы насыпала як не да верху, заканала. Ад чужакоў хавала, а спажылі свае. Нясу суседцы малако. Яна мне за гэта — маёй жа бульбы вядзерца. Во як. Я хіба сваёй бульбы не пазнаю? Мая бульба — лазоўка — адна ў адну была, хоць і драбнаватая, затое не карослівая, чыстая. А ў яе — шамятуха, падобная на скараспелку, але дужа свяржывая. I доўга не ляжала, мяккай рабілася, шайморамі пахла.
— Лазоўку помню... Калі спячы на цяпельцы, у прысаку, дык дужа смачная, духмяная.
— Лазоўка — харошая бульба, красна-жоўтая. Да вясны ў ямцы ляжыць — ніводнай не спорціцца. Ды я не зберагла — за вайну ўся звялася. Мы ж — такея: нічога не прыхавалі, хоць столькі ўсяго ляжала. Ад разбітых машын людзі чаго толькі не цягалі. Гэта ж, Лаўрэн недзе бочку дзёгцю прыхаваў. I сказаў пра свой схоў, калі Граська са шпіталю вярнуўся. Паехалі ажно ў Краснаполле прадаваць дзёгаць. Там хаты не спаленыя, немцы міма прайшлі. Казаў бацька, што людзі збегліся глядзець нямецкую каску, якой яны разлівалі дзёгаць. Во як.
— Краснаполле ў баку ад варшаўкі... Дык што, людзі там багацейшыя?
— У кожным падворку парасятніцы па тры-чатыры ляжалі на сонейку... Лаўрэн з бацькам глядзяць і не вераць, бо ў нас тут не засталося ні кала ні двара — шаша побач, галоўная дарога на Маскву. Немцы пры наступленні пёрлі па ёй і ўцякалі ёю ж. Абгалілі нас да ніткі. Во як жыць навідавоку!
— Цывілізацыя...
— Ага, дык за тэй дзёгаць прадаўцы й цукру купілі, і круп грачнёвых, і мукі прывезлі — клуначак аднаму дастаўся і другому столькі ж. Выручку пароўну падзялілі. А галоўнае — бульбы расстараўся бацька, лазоўкі. Во, зноў я ўзбілася на добрае семя, адсеяліся. А ўсё так атрымалася, што ў нас кабылка была, хоць параненая, але троху чапала — дацягнулася да Краснаполля з бочкай дзёгцю.
— Лаўрэн усё ж такі паважаў бацьку, знаўся з ім.
— Грыжа ў чалавека была — недзе праз меру ўзяў цяжкое. Дык у нас ставала пустапасмешнікаў: убачаць, што «кілун» ідзе ў хату, тут жа галень пад парог — шусь, чакаюць. 1 варта яму галень перасігнуць, то нібы ад хцівы гэтае кіла яго бушаваць пачынае. Такое павер'е. I Лаўрэн ўзяў за прывычку глядзець сабе пад ногі — каб жа толькі гальня не пераступіць. Да нас хадзіў смела, бо ведаў: мы на дурное не здатныя. Хоць і стары ўжо быў, ды з Граськам дружыў. Гэта ж не мне, а яму першаму, Лаўрэну, расказаў Граська пра бомбачку, якой чуць не падарваўся.
— Што за бомбачка?