— Вы, мама, хавалі дабро ад германцаў, а суседзі, выходзіць, пільнейшыя, чым немцы.
— Ты слухай... Дык я ўскалупала матычкай для пшаніцы ляда, пасеяла. Граблямі запахывала, і кожнае зернейка паліла слязьмі. I што ж? Пшаніца на колас слаба ўрадзіла. Затое ўдаўся ячмень, хоць і не сеяла — сам пасеяўся. Скрозь па ўсядзьбе маёй дарога была. Бежанцы стаялі, салому ячную насілі, і натрусілі яе з восені яшчэ. Ці яны спалі на ёй, ці так чаго. Дзе толькі й бралі, не ведаю. Я патруху гэту заматычыла ў зямлю. I вырас ячмень. Густы. Зжала яго разам з каліўцамі пшаніцы, у бабкі паставіла. Каласкоў навыбірала, пасушыла і стаўкла ў ступе, правеяла — суп зварыла. Смачны суп з навіны. Сохне ў агародзе ячмень, радуюся. Ды нехта пазарыўся — 80 снапоў было ўзята, а мне 50 засталося. Во якія людзі, не паглядзелі, што дзеці малыя. — Маці прайшла ў парог да бачка з вадою, напілася вады й зноў вярнулася, села на ўслончык. — Ну, бацьку ж на суткі адпусцілі дамоў. Іх атрад злучыўся з арміяй, яго ў сапёры ўзялі, і часць гэта стаяла ў Брындзіках, дзе Хралкі жылі, на ўзлессі. I там Граська рабіў зямлянкі салдатам. Часта ў Малінаўку прыязджаў са сваім старшыном. Хлопцу Маруся прыглянулася. Мама выцісне з бульбы гарэлкі, дык было чым учасціць і зяця, і доччынага ўхажора. Умела яна моцны гнаць самагон, солад жытнёвы быў. Няма свайго жыта — на кірмашы купіць.
Ну гэта ўжо занадта — калі б не ад маці пачуў, то і не паверыў бы, што мая бабуля займалася самагонаварэннем. Не стрымаўся, спытаў наўздзіў уражана:
— Такі круцялюшны час — і гарэлка?!.
— Гарэлка — тыя самыя грошы. У старшыны конь быў, на адно плячо цягнуў, дык гэты добры чалавек як едзе — і дошкі вязе. Дзе толькі й браў — добрыя дошкі. Імі й абставілі зямлянку ўсяродку. Утульна стала. А без гарэлкі хто б дошак прывёз?.. I Граська недзе сабраў аполкаў, сабугорыў сеньчыкі. А там і пуньку для каровы прыбудаваў. I ў нашай лазенцы цяплей стала. А Жэнька разжыўся керасіну — салдаты далі, тут іх трактар гармату вялікую цягнуў за сабою... О, Жэнік быў гаспадарлівы: што ні знойдзе — дамоў нясе. Ну, гэты гаснічак запалілі — светла ў хаце. Мы назбіралі на пячышчы цэглы, і за адну ноч Граська склаў у лазенцы печ. Я свяціла яму гэтым гаснічкам. Ён усё да ладу давёў, і лазенка — у немцаў за нужнік была, таму і захавалася, можа, і не спалілі таму — стала хату нагадваць, бо ўжо з акенцам і сенцамі, дымок з коміна ўецца. Бацька не-не дый прыбяжыць двору. А як пачалі гэту іх часць рыхтаваць да бою, то ўжо так іх там загнятобілі, нікуды не пускалі. Нашае войска тут, а немцы — па той бок Проні. Перад боем Граська пераказаў, каб я прыйшла з дзецьмі да мамы, у Малінаўку, папрашчацца з ім. Дык я хлапцоў узяла, а дзевак пакінула дома. Там, у мамы, і старшына той быў. Такей красівы, маладзенькі. Казала Маруся, што ён з Восіпавай Кацяй любіўся. Але наўрад ці: можа, на Кацю пазіраў, а з ёй бавіўся каторую ноч. Да мяне ўнімацельны быў, як і свой ужо, радніўся. Дайжа так сказаў: «Чаму вы дачок не ўзялі?..» Спачуваў бацьку, што не ўсіх дзяцей пабачыць. Бацька пайграў троху, павесяліў нас, тады з вамі на печ залез і нешта ўсё гаварыў. Я зажурылася, а старшына гэты жартуе, Граську хваліць. I Маруся з ім тут. Я таксама капельку гарэлкі ўзяла, ці ўсё ж плакаць?!. Старшына і кажа бацьку: «Завязі сям'ю дахаты. Дачок пабачыш — і назад. Тры гадзіны табе даю». А ён жа, бацька твой, такі — заўтра, можа, у бой, а ні мяне, ні дзяцей сваіх, бачу, ні разу і не пацалаваў. Не любіў сюсюкання, хоць і знаю, што не глухі на ласкавае слова. Збоку паглядзець, дык як мы ўсё роўна нялюбыя, чужыя. Жаніўся чалавек — як правініўся, акурат не па сваёй хоці са мной жыве. Яно ж, калі падумаць, дык нам не было калі й любіцца.
Пазнаёміліся, помню, ля коней. Ен мяне ўбачыў, я — яго. Прывядзе коней сваіх, знойдзе мяне. Мы на Мішурышыным пагорку пасвілі, яны — на Усохскім паніззі. Сыдземся, коней асобна пасем, мілуемся. А як пабраліся — дома мой чалавек не стыкаўся: у вольны ад работы час то вяселлі йграў, то хрэсьбіны... Не-е, прайграла я ў сваім жыцці: адна радасць — дзеці, дзеля вас і жыву. А з мужам сваім у мяне ўзлёту не было. Ну вот нашто яму была Малання?
— Дарма вы так, мама... Няпраўда ўсё з Маланняй!
— А нашто было, калі прыехалі баброўнікі, транжырыць заробленыя грошы? Шафёру сто рублёў аддаў, той кажа: «Не хвалюйся, Андрэевіч, прышлю». I не прыслаў, забыўся. А хай бы ж тыя ўсе грошы мне аддаў, ад мяне шафёр дулю атрымаў бы... Дый калі я грошы яго бачыла? Ён жа і аднаго рубля не паклаў перада мной.
— Ай, мама... Не варта пра гэта. Помню, як бабровыя ловы скончым, мукі прывязём — і белы акрайчык пад рушніком бадай штодня на стале ляжаў. У школу вазьму скібку, стану на перапынку есці, дык сынок старшыні калгаса аж носам чмыхае. Усё дапытваўся, дзе мы такі хлеб купляем. Не верыў, што сваёй выпечкі.
— Во, не даеш матцы й слова сказаць... Не такі ўжо ён, бацька твой, і харашун. Даўся ў знакі.
— Які не харашун, як вы кажаце, але пра вас ніколі слова дрэннага не сказаў.
— Гэта ён табе не казаў... Ну, хопіць. Слухай, а то пачну блытацца і нічога не ўспомню. Ага... Пакуль біліся за Проню, людзей нашых наклалі многа — ляжалі, як снапы. У лясны шпіталь, гэты, што ў Трасцянцы быў, глыбока ў лесе, вазілі салдацікаў машынамі: і жывыя на саломе ляжаць, і мёртвыя, кроў цурком сцякае з кузава... Бацьку той раз не раніла, убярогся. Людзі бачаць: у Грашчыхі сенцы з дошак. Нехта ж, значыць, парупіўся. А таго не ведаюць, што мужык мой і печку склаў, і сенцы агораў. Прыйшоў з Трасліўкі бацькаў знаёмец, яшчэ даваенны, напрошваўся зрубіць хату. Я адмовілася ад яго паслуг, сказала, што ў мяне ёсць каму хатай займацца. А ён і кажа: «Ты й без Граські, во, нагнала самагонкі, і табе салдаты з лазні святліцу зрабілі».
— Гэта ён адэкалон выпіў?
— Ён... Купіла «трайнога» бутэлечку, ад прастуды націрку зрабіла з канапляным маслам, узяў, панюхаў — і не апрогся, выжлукціў, закусіць папрасіў. Такі вось даброснік. Чапялой выгнала.
— Не закусіў?
— А пакарміла. — Маці махнула рукой. — Ён з бацькам у партызанах быў, на чыгунку хадзілі. Некуды аж пад Мугулёў. На паліцэйскі дзот наткнуліся, кінуліся ўцякаць, яго і дзеўбанула ў пяту. Ступак удоўжкі прабіла. Хацелі адняць, але не даўся. I во, ходзіць без кавілды, накульгвае. Бацька твой дапамог яму выбрацца з-пад абстрэлу, перавязаў.
— Мама, у мяне такое пытанне: а хто ўсё-ткі Ельчын бацька?.. Той самы старшына?
— Яшчэ вайна не скончылася, а ў нас тут, ужо ж, той бабе, якая народзіць, давалі пяць метраў мульту. I якраз Маруся Ельку выпуліла — атрымала і яна свае пяць метраў. Са мной падзялілася. Хто бацька, пытаеш? Калі па часе, дык выпадае, што хлапчына той, старшына. Ты ж ведаеш, Маньку яна ад Карнеева нарадзіла. У Гіжэнцы настаўнічаў да вайны. Распісаліся. А пасля — тыль-мыль, вочы адводзіць убок, вярэда гняце: сорамна — узяў гламазду бязграматную, нездаляку, якая, калі й здатная на што, дык на сварку. I развёўся, акурат перад вайной. Так і застаўся ў войску, капітан, і не які там дуроня — вучыць сувораўцаў, аліменты на Маньку сплочвае... А старшына, значыць, загінуў паблізу Быхава — на міне падарваўся: саступіў з дарогі, якраз і ўлучыў на міну стаць.
— Тата казаў, што ішло іх сем чалавек, прасекаю. Уначы. Ён за камандзіра быў.
— Пухам яму зямелька. — Маці гаротна ўздыхнула, памаўчала троху і зноў павяла расказ: — Мікіціха стала лаяцца са мной. Ля варот затрымалася і аж заходзіцца — вярзе абы-што. А тут і бацька твой падышоў, чуе ўсё.
«Табе і сенцы салдаты зрабілі, і печ склалі, — ніяк не можа суняцца Мікіціха. — Ты за салдатамі жыла, круцілася!»
Я смяюся і кажу ёй:
«Аняго ж!.. Мне ўсё салдаты рабілі. Гэта чыстая праўда: адзін сапёр хадзіў да мяне! А пасля і партызан прыходзіў — Колю мне зрабіў... Во, Граська тут! I пра салдатаў чуў то няхай і пра партызана ведае». Граська ступіў у бок весніцаў, сварліўка ўбачыла яго — лахі пад пахі й пабегла.
— У горадзе чым добра — людзі не надта чэпяцца адзін да аднаго, — сказаў я і ўжо дадаў як жартам: — Мікіціха — лыжка дзёгцю ў бочцы мёду.
— Ой, сынок, я табе скажу так: акрамя твайго бацькі нікога ў мяне не было. Ні з кім бы я нічога такога і не стала б рабіць — хай бы мяне дайжа рэзалі. Можа, ён і змяняў, а мне калі было? Засталася ў хвінскі хронт з чацверыком на руках. А ў нямецкі — з пяцерыком!
— Вы, помню, расказвалі, як гарэлку з Васілінай гналі. Была печка жалезная, з бочкі, у якую вялікі чыгун быў умазаны, а зверху — змеявік у карыце з вадой... Запомніўся мне той ваш бровар.
— У сенцах гналі. Тых самых, што бацька зрабіў. Няўдашная гарэлка атрымалася — у бочцы з-пад сялёдкі брагу ўчыніла, брага не ўстаялася... Ой, калі б у мяне было троху болей розуму, дык я не так зрабіла б. Збіў з панталыку салдат. Пасе коней, ходзяць яны па маёй усядзьбе, падступіліся да кучы агар'я (капа ячменю згарэла) і выбіраюць паленыя зернейкі. Я ўзяла адно, раскусіла — бачу, добрае, бела ўсярэдзіне, не ўсё спалена. Падумала: «Во, трэба патаўчы й дзецям праснакі спяку». А салдат стаіць, глядзіць на гэту чорную кучу і кажа:
«Ты, жанчынка, саграбі ўсё ды на гарэлку пусці».
Я адказваю:
«Не ўмею гарэлку гнаць. А дзецям, от, можна было б ці суп зварыць, ці мукі намалоць і праснакоў спячы. Паленым троху пахла б, але затое хлеб свой мелі б!» — Сказаць — сказала, але зрабіла так, як параіў конюх. I з бочкай здуравала... Ну хай бы з мамай параіцца, дык не цюкнула ў голаў. Ат, век жыві, век вучыся.