Ён умеў гаварыць зь дзецьмі. Сам ня ведаў, дзе навучыўся. Там, у лесе, у сінім лесе, дзе была база і дзе ў іх кожны дзень праходзілі курсы і майстар-клясы, іх не вучылі гаварыць зь дзецьмі. Іх настройвалі на тое, што гэта будзе такая вайна. Дарослыя супраць дарослых. Вайна чыстага голасу супраць мармытаньня. Вайна музыкі супраць лішняга шуму.
***
Пазьней ён часта прыгадваў той дзень і думаў, што ўсё было невыпадкова. Аўтобус мог прыехаць своечасова, і доктар зьехаў бы на вакзал, а адтуль вярнуўся б у сваё пыльнае мястэчка – дзе зрабіўся б настаўнікам або пайшоў бы на пладова-ягадны камбінат. Але лёс абраў яго – і ўзяў пад апеку. Пасьля войска доктар пражыў некалькі месяцаў у сталіцы, спыніўшыся ў далёкіх сваякоў: халодны пакойчык, падобны да нумара правінцыйнага гатэлю, халодная ежа, халодныя ўсьмешкі, бедны родсьцьвеньнік; ты ўжо знайшоў працу? І вось ён амаль што здаўся. Стаяў на прыпынку са спартовай торбай, і грошай было толькі на білет. Рана палыселы, падужэлы, лінія вуснаў канчаткова выпрасталася і, здавалася, акамянела. Гэта ён стаяў і разглядваў свой адбітак у вітрыне. Ён так і не наважыўся паступаць – а ўжо ваўсю ішлі іспыты, і зноў міма яго беглі тыя самыя няўдаліцы, толькі лета было халаднейшае.
Аўтобуса даўно не было – і доктар, удосталь наглядзеўшыся на сваё дэпрэсіўнае адлюстраваньне, пачаў вывучаць абвесткі на слупе. Нічога цікавага. На прыпынку хутка сабраўся народ – і доктар адчуваў сябе, як у кампаніі вар’ятаў: тут не было нікога, хто правільна вымаўляў бы гукі. А яшчэ сталіца…
І тут поруч зь ім спыніўся хлопец у нейкай напаўвайсковай вопратцы. Доктар машынальна саступіў яму месца – бо хлопец дастаў з заплечніка невялікую абвестку і спрытна наклеіў яе на апрануты ў папяровыя лахманы слуп. Зірнуў на доктара – і пайшоў сабе далей. Дзясяткі вачэй абыякава правялі яго, памацалі абвестку і зноў утаропіліся на дарогу. А доктар прачытаў яе з пачатку і да канца. Бо аўтобус ня ехаў. Бо прыпынак рабіўся ўсё больш людны. Бо заняцца не было чым.
Абвестка запрашала ўсіх на курсы пад назваю “Чистый голос”. “Приглашаем всех друзей…” – гаварылася там, але за наведаньне прасілі заплаціць, суму ня тое што вялікую, але для доктара ўсё ж сур’ёзную. Столькі каштаваў білет у ягонай кішэні. Курсы абяцалі дапамагчы разабрацца: што ў табе чыстае, а дзе гразь. Ня надта ўцямная была аб’ява. Такіх па горадзе вісела даволі шмат. То нейкі замежны майстар невядомых навук, аўтар нікому не вядомых бэстсэлераў ашчасьліўліваў сталіцу сваёй лекцыяй на тэму “Як спасьцігнуць сутнасьць сябе і зрабіцца багатым і пасьпяховым”, то нейкія нудысты вэрбавалі ў эзатэрычны гурток, то жанчына-экстрасэнс з дыплёмам прапаноўвала ўсім ахвотным пагуляць зь ёй у карты Таро. Але тут было нешта сур’ёзнае. І назва – у доктара было непрыемнае адчуваньне, што ў яго скралі нешта, што належыць толькі яму. І гэты знак пасярэдзіне. Сонечны знак. Знак чысьціні.
Ён застаўся, ён паехаў у належны час на край гораду – спачатку яму падалося, што яму проста дураць галаву. Але ён наведаў і другія, і трэція заняткі – і слушна зрабіў; кожнага разу, калі ён слухаў развагі пра важнасьць чыстага голасу і артаэпічнай гігіены, яму падавалася, што нешта тут недагаворваюць, што ёсьць тут нейкая таямніца. На трэціх занятках сышлі ўсе лішнія, усе выпадковыя асобы, якія задавалі тупыя пытаньні. Доктар застаўся – і вось тады пачалася сапраўдная вучоба. Такога чыстага языку, як тут, ён ніколі ня чуў. Так маглі гаварыць толькі людзі, якія прайшлі адбор. І неўзабаве доктар даведаўся, дзе ён адбываецца.
Так ён зноў апынуўся ў лесе.
Ім выдалі форму бяз знакаў адрозьненьня і пасялілі ў вялікіх брызэнтавых намётах. За дубовымі сталамі інструктары вучылі іх тысячам розных спосабаў, як прымусіць чалавека гаварыць тое, што трэба – а галоўнае, так, як трэба. Афіцыйна гэта называлася псыхатрэнінгам, але насамрэч было навыкамі дрэсіроўкі. Тысяча спосабаў – і ніхто ня ведаў, што доктар адкрыў тысяча першы. Ён ня стаў адразу ж дзяліцца сваім сакрэтам, ён наогул імкнуўся не выдзяляцца, уважліва слухаў, запісваў, ніколі не спазьняўся на практычныя заняткі – допыты, якія часам адбываліся з самага сьвітанку да позьняе ночы: дапытвалі калгасьнікаў, якіх удавалася налавіць у лесе, тыя ніколі не абураліся, ахвотна раскрываючы раты і трываючы ўсё, што ад іх патрабавалася, нават экспэрымэнты з высокім напружаньнем.
Час праляцеў хутка – як быццам ад таго дня, калі доктар упершыню пабачыў на прыпынку абвестку, і да таго, калі, стоячы ў шэрагу выпускнікоў, ён атрымаў дыплём, прайшла ўсяго адна ноч. Яго прызналі найлепшым – упершыню ў жыцьці. Салідныя людзі далі яму ўсе неабходныя рэкамэндацыі – і вось ён, доктар, якога ўсяго тры гады таму ніхто не хацеў бачыць у сталіцы, сядзеў у кабінэце міністра аховы здароўя глядзеў у акно – і сталіца ляжала перад ім, паслухмяна раскрыўшы свой рот, і ён адчуваў, што можа рабіць зь ёй усё, што жадае.
Але яму не патрэбная была сталіца. Некалі яна адрынула яго, выкінула на сьметнік жыцьця – і цяпер ён з пачуцьцём адноўленай справядлівасьці адрынаў яе.
Доктар глядзеў, як міністар, поўная жанчына з высокай прычоскай, чытае ягоны ліст з просьбай прадаставіць у ягонае распараджэньне сьпісаны з усіх балянсаў былы піянэрскі лягер. Зараз яна падпіша – і ён зможа спакойна займацца справай, якой вырашыў прысьвяціць усё жыцьцё.
Што праўда, міністарка не сьпяшалася. Чытаючы, яна варушыла вуснамі – можа, баялася прапусьціць нейкую двухсэнсоўнасьць, а можа, проста ня звыкла чытаць такія даўгія лісты. Адзіная жанчына ва ўрадзе. Мамка ўсіх дзяцей краіны, адзіная кабета ў гарэме міністраў, што належаў самому прэзыдэнту.
“Да, харашо”, – сказала яна, падняўшы вочы. – “Я віжу, вы опытны сьпецыяліст. Спасіба вам от усех дзяцішак і ўсех радзіцелей. Дзетак нашых лячыць нада, хто ж спорыт… Вы знаеця, как ужо даўно тую мову адмянілі, і ўсё раўно не можам наўчыцца гаварыць, как людзі. За дзяржаву абідна”.
“Да”, – сказаў доктар. – “Обидно”.
Ён мог бы ёй дапамагчы. Ня толькі дзяржаве, але і ёй асабіста, гэтай бабе з высокай, як торт, прычоскай і сінімі шчокамі. Як яна, пэўне, камплексуе, калі прыяжджаюць госьці зь іхнымі чыстымі галасамі. А як баіцца выступаць, даваць інтэрвію… Напэўна, калі б яна зразумела, што насамрэч ён мог бы зрабіць для яе, дык запісалася б да яго на прыём.
“Харашо”, – сказала яна і падпісала. – “Как мы назавем этат… это учэрэждзеніе? Цэнтар арфаэпічнай артадонтыі? Лінгвахірургіі? Ілі какта іначэ?
“Название я придумаю”, – сказаў ён. – “Это же дети. Тут спешить нельзя”.
“Ну, сматрыце самі. Чэрэз год пасмотрым на рэзультат. Удачы вам, доктар!”
“Спасибо”, – пакланіўся ён і пацалаваў ёй тоўстую руку, зь якой яму заахвочвальна бліснуў на разьвітаньне дарагі гадзіньнік.
12. КОЖНЫ АБАВЯЗАНЫ КЛАПАЦІЦЦА ПРА СВАЕ ГАЛЮЦЫНАЦЫІ
Кожны абавязаны клапаціцца пра свае галюцынацыі. Бацька прысеў на пень і падумаў, што такі пункт абавязкова трэба ўключыць у Закон аб шлюбе і сям’і. Той закон, які ён, бацька адной вельмі незвычайнай дзяўчынкі і аднаго яшчэ больш незвычайнага хлопчыка, так цынічна парушыў, адразу ў некалькіх пунктах праламаўшы ягоныя папяровыя сьцены. І незваротна выпаўшы з таго сьвету, дзе існуе шлюб і існуе сям’я.
Галюцынацыі – мае родныя, мілыя, адной мовы са мной і адной крыві галюцынацыі ў шортах… Добра, што цяпер лета – дзеці ня зьмерзнуць. Кепска, што не зіма – зіма пакінула б іхныя сьляды, зіма пагнала б іх да жытла, у цяпло, да людзей, і там іх значна лягчэй было б адшукаць. Часам, калі ён прабіраўся скрозь гэты бясконцы лес, дзе ніводная дарога ня мела канца, быццам танула ў гушчарах і гаях, яму здавалася, што ён бачыць удалечыні, на ўзгорках, на цыркавых арэнах палянаў Лёсю і Лёччыка, якія ідуць празь лес, узяўшыся за рукі. Ідуць, не кранаючыся зямлі. І тады ён бег да іх – і абдымаў дрэвы, і нават плакаў. Яму трэба было добра выплакацца – бо калі ён іх знойдзе, яны ня мусяць пабачыць ніводнай сьлязы. Бо ён ні ў чым ня быў вінаваты – пакуль не дазволіў ім адысьці ад машыны ў той злы, нелягічны, мітусьлівы дзень.
Седзячы на пні, ён выцягнуў ногі, глынуў гарэлкі і набраў Кацю. Ён набіраў яе нумар некалькі разоў на дзень. Яму вельмі яе не хапала. Каця прыдумала б, што рабіць. Каця ўмела гаварыць зь людзьмі і ўмела заўважаць сьляды. Гэта яна заўважыла тады прымятыя кусьцікі чарніцаў. Але нават Каця не магла б дамовіцца зь лесам пра выдачу гэтых…
Гэтых хворых на галаву дзяцей. Гэтых няўдзячных вырадкаў, якіх ён спарадзіў на сьвет.
У такія хвіліны зь ім здараліся прыступы сапраўднага гневу. Гэта быў гнеў на сьветабудову. На лес і на лёс. Бацька разумеў, што Лёся не вінаватая ні ў чым. І гэта было яе галоўнай правінай.
Яго тады пакаралі даволі мякка. Усяго толькі пазбавілі бацькоўскіх правоў. Як правоў кіроўцы – ха-ха. Гэта яны, аўтары і судзьдзі сваіх уласных дзяцей, прыдумалі такую недарэчную назву для той страшнай кары. Пазбаўленьне бацькоўскіх правоў… Быццам такога права можна пазбавіцца. Бацька падумаў тады, што такое пакараньне нагадвае нейкую зваротную кастрацыю: спачатку ты робіш дзяцей, а потым цябе прызнаюць няздольным зрабіць гэтых самых дзяцей, якія ўжо даўно бегаюць па сьвеце.
“Каця”, – сказаў ён у глухі тэлефон. – “Каця, ты мусіш вярнуцца. Ты мне патрэбная. Твае жоўтыя валасы не даюць мне засяродзіцца на пошуках. Вярніся – дзеля мяне, дзеля мовы, дзеля пасланьня, якое мусіць перадаць нільская сітаўка, пра якую я табе столькі расказваў. Я разумею, ты баішся. Я паважаю твой страх. Але ты мусіш вярнуцца. Каця, я зноў згубіў усё”.
Да гэтага пачуцьця злосьці, шкадаваньня да самога сябе, страху за Лёсю прымешвалася яшчэ адна вельмі мулкая, балючая боязь. Боязь, што Каця яго выдасьць.
Па шчырасьці, ён ня ведаў, на што яна здольная. Бо раней не было ніякай Каці. Каця зьявілася выпадкова, як каханьне. І тое, што ён навучыў каханьне гаварыць на сваёй мове, нічога ня значыла.