“Найдутся”. – Зараз яна пойдзе і ўсё скончыцца. – “Яны нікуды не маглі падзецца. У нас такія сумленныя людзі працуюць, сваім задавяцца, а чужога ня возьмуць”.
“Вы так странно говорите. Вы из деревни?”
Яна ўсьміхнулася яшчэ лепш. Цяпер гэта была ўсьмешка для яго. Для яго аднаго. Яна ведала, ведзьма, што адбываецца.
“Можа, віна?” – спытаў бацька яшчэ змрачней. Прагучала пашлавата. Але пляваць, на працы ён заўсёды быў такі.
Дзіўна, але яна не адмовілася. Ён наліў ёй да краёў. Яна зрабіла зусім маленькі глыток. Зараз, зараз усё скончыцца. Ён прыгадаў гульню, у якую пачаў гуляць нядаўна. Напэўна, ад роспачы і адзіноты, адзінага, чаму немагчыма супрацьстаяць. Апынаючыся ў нейкім пустым памяшканьні – у бібліятэцы, краме, пакоі, калідоры, ды хаця б нават у вагоне мэтро, ён часам заплюшчваў вочы і чакаў, пакуль нехта зойдзе. Сядзеў з заплюшчанымі вачыма і загадваў сам сабе – калі гэта будзе жанчына, ты яе пакахаеш. Ён чуў, як адчыняліся дзьверы. Жанчыны, якія ўваходзілі ў катоўню ягонай гульні, кожнага разу мелі ўзрост яго маці. Ён сустракаў толькі старасьць. Варта ж было спыніць гульню – і побач садзіліся нейкія анёлы ў кароткіх спадніцах, чарцяняты неймавернай пекнаты. Як на зьдзек.
Зараз, зараз усё скончыцца. Але ад яе, бацькавай вечаровай госьці, ішла такая цеплыня. Быццам яна шукала яго, доўга шукала ў гэтым горадзе, пад бальконамі, і нарэшце знайшла.
“Пагрэйцеся”, – папрасіў бацька. Менавіта папрасіў – так умольна гэта прагучала.
Яна зноў ледзь памачыла вусны ў партвэйн. Ён узяў яе за руку. Зараз, зараз усё скончыцца. Напаіць яе да ачмурэньня, заваліць яе на гэты стол, проста на падшыўкі, расправіцца, задраць, задзерці, задушыць, засунуць, заснуць зь ёй побач, а заўтра хай будзе што будзе.
“Вы жывяце тут недалёка?”
“Далёка… А вы здесь работаете, это ваш кабинет?” – запыталася яна задуменна, абвёўшы вачыма музэйную абстаноўку бацькавай каморкі.
“Ды не, тут падшыўкі і так… усялякі стары друз. Мой кабінэт за сьцяной”.
“А что такое друз? А что в этом шкафу? Можно посмотреть? Вы их моете когда-нибудь? Эти чашки?”
І яна вызваліла рукі і адчыніла шафу – і, вядома ж, адразу ж пачала чхаць. Сьмешна так, быццам наўмысна. Бацьку захацелася атруціць яе гэтым пылам. Каб яна таксама не магла адарвацца ад гэтых старых падшывак, каб сядзела побач і гартала іх. Зрабіць так, каб яна яго разумела. Зрабіць яе сабой. Часткай сябе. Змоўніцай. Яна правяла пальцамі па стале. “Там ёсьць чакалядка”, – сказаў бацька, ня зводзячы зь яе вачэй, і яна адчыніла шуфляду.
“Где?”
“Значыць, няма”.
І тады бацька падышоў і абняў яе.
“Это вместо шоколадки? Какие у тебя тонкие пальцы”, – сказала яна. Так і сказала – на ты. І шафа з падшыўкамі ўхвальна скрыпнула, а з балькона пачуліся нясьмелыя воплескі.
“Пальцы піяніста”, – скрывіўся бацька, і голас яго задрыжэў.
“Скорее массажиста”, – яна зноў усьміхнулася. – “Ты мог бы зарабатывать деньги. Никогда не пробовал? В этом городе много старых женщин. Которые, если к ним правильно прикоснуться такими руками…”
Што яна вярзе. І як яна здагадалася? Пра старасьць, якой ён так баяўся, старасьць, якую ён шторазу выйграваў у гэтай сваёй дурацкай гульні. Ён ня меў права старэць, ня ўпэўніўшыся, што пасланьне будзе дастаўленае.
“А ў цябе прыгожая…” – сказаў ён і ўзяў двума пальцамі тое, што вісела ў яе на шыі. Кавалачак выцьвілай цёмна-чырвонай тканіны.
“Прыгожая что?”
“Вось гэта. Ня ведаю, як называецца”.
“А, это…” – прамовіла яна абыякава. “Подожди”, – спыніла яна раптам ягоныя настойлівыя, нахабныя рухі, трошкі зморшчыўшыся, і гэта ёй вельмі пасавала. – “Где здесь у тебя туалет?”
“Выйдзеш і налева, тут усяго чатыры пакоі”, – пасьпешліва патлумачыў бацька. – “Толькі там замкнута, вазьмі ключы, вось гэты…”
Яна ўзяла, усьміхнулася бацьку яшчэ раз і выйшла. Падліваючы сабе партвэйну, ён пачуў, як яна спынілася на калідоры, а потым здарылася нешта вясёлае і абсалютна непапраўнае: ён зразумеў, што яна замыкае дзьверы ў пакой, пакідаючы бацьку ў ім аднаго.
Там, у зьвязцы, было чатыры ключы. Бацька застаўся сам-насам са сваімі падшыўкамі, шафай, старой пішучай машынкай у куце і пляшывым сталом, на якім стаяла бутэлька “Масандры” і кубак з надпісам “Москва навсегда”. Падарунак рэдакцыі ад расейскіх калегаў.
Яна проста ўзяла і замкнула яго тут. Гадаўка, падумаў бацька пяшчотна. Ён сядзеў і слухаў, як яна рашуча дае рады замкам і дзьвярам, па чарзе, дзелавіта, ходзіць па рэдакцыйных кабінэтах, высоўвае шуфляды, шаргоча паперамі. Іншы на ягоным месцы адразу прыкінуў бы, што можна адсюль вынесьці. Кампутары – шэсьць штук, прынтэр, сканэр, тэлефоны і іншая дурата, драбяза, непатрэбныя рэчы. Сэйф пад бухгальтарскім сталом. Штучнае золата розных “Залатых пёраў” і лак падробных “Сярэбраных літар” за ўдзел у выставах СМІ. Новую мэблю. Але бацьку ўжо не хацелася нічога падлічваць. Ён быў у яе ўладзе, і яму гэта падабалася. Ён выйшаў на балькон, стары балькон, у цемру, закурыў, наліў сабе яшчэ.
Рэдакцыя мясьцілася на трэцім паверсе. Можна было пазваніць у міліцыю або хаця б начальству, можна было крыкнуць, каб нехта падняўся і затрымаў зладзюжку – але вуліца была бязьлюдная, дый бацьку ня надта хацелася псаваць вечар лішняй чалавечынкай. І яна… Яна ж ведала, што ён гэтага ніколі ня зробіць. Раскусіла яго адразу, як пусты арэшак, сваімі моцнымі зубамі. Ён шпурнуў недапалак у дождж і вярнуўся да стала. Яна ўсё яшчэ была тут. Ён чуў яе крокі на калідоры, ён бачыў, як паступова зьнікаюць мокрыя сьляды яе ботаў – ад дзьвярэй да стала, ён сядзеў, піў партвэйн, і яму чамусьці было вельмі добра. Упершыню за шмат, шмат гадоў. А потым ён задрамаў, паклаўшы галаву на падшыўку, і яму сьніліся таварыш Р. і дзядзька Пеця – голыя, яны сядзелі ўтрох у нейкай халоднай лазьні, і яны суцяшалі бацьку, хвастаючы венікамі, і казалі, што яна вернецца, абавязкова вернецца. Хто, Лёся? – пытаўся бацька. І яны адмоўна хіталі галовамі. “Зь Лёсяй нічога ня выйдзе”.
А назаўтра, калі прыехалі міліцыянты і рэдактар – проста зь лецішча, у спартовым касьцюме зь дзяржаўным гербам – і бацьку вызвалілі з палону, высьветлілася, што нічога ня зьнікла. Зусім нічога. Бацька пастаяў на бальконе зь нешматслоўным, злосным міліцыянтам.