“Зачем же она это сделала?”
“Іскала штота…” – неахвотна адказаў міліцыянт. – “А можэт, і нет. Інагда людзі дзелают странные вешчы. Вот адзін у Дражні сваю хату спаліў. Спрашываем: зачэм? Не знаю, гаварыт. Захацелась. Бальной… Так і ана. Захацелась дзевушке чэвота, а чэво – сама не знает”.
І бацьку спадабаўся гэты адказ.
Ён сустрэў яе празь месяц – у мэтро. Пайшоў сьледам, не адступаючы ні на крок, падстаўляючы ёй свой твар: давай, пазнавай хутчэй, не марудзь. Працяг будзе. Ты абяцала. Яна паспрабавала ўцячы, схавалася ў жаночай прыбіральні ў ГУМе, яе не было доўга, можа, нават гадзіну. Выйшла, папраўляючы валасы. Хацела прайсьці міма – гордая, нявінная, як Вэнэра. Ён загарадзіў ёй дарогу. Моўчкі яны спусьціліся на праспэкт.
“Ну что, сдашь меня в милицию?” – усьміхнулася яна. – “Пальцы массажиста…”
“Не”, – паціснуў ён плячыма. – “Навошта? Проста паслухай мяне”.
Так яны пачалі гаварыць. Сустракацца ў замарожаных парках і гаварыць. І піць сьцюдзёны партвэйн у яго дома.
“Мне чего-то хочется”, – сказала яна. – “Сама не знаю чего. Хочется чего-то странного. Очень странного. Хочется, чтобы все шло не так, как должно”.
Ён расказваў ёй – доўга. Чытаў кнігі. Чытаў уголас свой дзёньнік. І ўлетку яны ўжо гаварылі на ягонай мове. Так, каб ніхто ня чуў. Ён расказваў ёй пра драўляныя дудачкі мінулага, казкі, якія ніхто больш не расказвае дзецям, пра перамогі і замкі, пра веліч і боль. Ён паказаў ёй цэлы кантынэнт, на якім яна жыла і ня ведала пра яго існаваньне.
“Ты – гэта самае дзіўнае, што са мной адбылося”.
Каця вельмі зьмянілася. Аднойчы яны сустрэліся – і ён не пазнаў яе здалёк: яе валасы былі жоўтыя, як неба над сталіцай, калі над ёй апошні раз будзе заходзіць сонца. І тады ён расказаў ёй пра Сіа, нільскую сітаўку ў вобразе дзяўчынкі, і даверанае ёй пасланьне.
І ў вачах Каці зьявіўся жах.
“А што сталася з… зь Лёсінай маці?”
“Яе няма”.
“Яна памерла?”
“Можна сказаць і так”.
“Лёся падобная да яе?”
“Лёся не падобная ні да кога. Інакш яна ніколі не змагла б перадаць пасланьне”.
На пачатку лета, калі ў службоўцаў пачаліся адпачынкі, Каця наведала адно ўпраўленьне – і дзякуючы ёй (усяго толькі і трэба было, што заблудзіць у кабінэтах) яны даведаліся пра існаваньне аднаго ня надта вядомага ляснога лягеру, у якім загартоўваюць і лечаць сіротак і тых, чые бацькі прызнаныя зваротнымі кастратамі. У самым пачатку лета яны з Кацяй пачалі снаваць пляны ўцёкаў.
Ён не адразу гэта заўважыў – але Каця моцна зьмянілася. Нібы з мовай у яе ўсяліўся нейкі неспакойны дух. Запінаючыся, уся ў нейкай дзіўнай гарачцы, яна расказвала яму, што часам, у тралейбусе, які прабіраўся праз гарадзкія завірухі, яна глядзела ў акно і бачыла там дзяцей: дзяўчынку і хлопчыка, што ішлі проста скрозь сьнежныя муры, трымаючыся за рукі. Часам ёй сьнілася – так выразна, што яна яшчэ доўга адчувала боль паміж ног – як яна аддаецца дванаццаці ваярам, па чарзе, і кожны, перад тым, як выйсьці зь яе, пакідае на яе жываце якое-небудзь слова – піша яго закаваным у браню пальцам, і яно гарыць на скуры, яна хоча вымавіць яго – і ня можа, яна нашмароўваецца крэмам, а слова застаецца. Словы былі самыя розныя – і бацька цешыўся, што ўсе яны былі словамі спрадвечнымі, забытымі, адкрытымі ім для яе.
Бацька даўно не адчуваў такой радасьці адкрыцьця.
Сярод пэрсанажаў, якія сьніліся Каці ўначы, якія мроіліся ёй сярод белага, занадта белага, як бальнічны халат, дня, самае важнае пакрысе заняў адзін зеленавокі ваяр з доўгімі, сьветлымі валасамі. Ён выглядаў на ісьціннага арыйца – Каця сказала, што ён адкрыў ёй сваё імя: князь Нягорша. Аповеды пра яго бацька слухаў з найбольшым задавальненьнем – і неўзабаве той Нягорша зрабіўся іхным хаўрусьнікам у барацьбе. Дзіўна, але бацька не адчуваў ніякае рэўнасьці, калі слухаў, як Каця ў сваіх мроях кладзе сваю жоўтую, як ускалошанае поле, галаву на ягонае жалезнае плячо, як гладзіць ягоныя грудзі, на якіх яшчэ жыў халадок латаў, як абдымае сваімі нагамі ягоныя моцныя, нібы з дубу выразаныя ногі. Вершнік Нягорша расказваў Каці пра свае слаўныя перамогі, расказваў такімі дзіўнымі словамі, што яны не маглі знайсьці іх нават у самых старых слоўніках.
У адзін цудоўны дзень, першы дзень лета, бацька і Каця дамовіліся, што будуць чакаць ад Нягоршы сыгналу. На нейкі час Нягорша зрабіўся іхным аракулам – без ухвалы якога нельга было пачынаць апэрацыю па вызваленьні Сіа і ейнага брата. Кожнага дня бацька зь нецярплівасьцю чакаў, калі Каця раскажа яму свой сьвежы сон – але да пары адважны і мудры Нягорша маўчаў.
З кожным днём Каця рабілася ўсё больш празрыстай. Цяпер яна ведала, чаго хоча. І гэтае жаданьне быццам бы здымала зь яе абалонку – не было больш ні мінулага, ні досьведу, ні разгубленасьці, ні бессэнсоўнасьці. На ачышчаным ад лішніх фарбаў фоне праступала Каця – ягоная Каця, змоўніца супраць сьвету, ахвярная абаронца іхнай мовы, якую яны дзялілі цяпер на дваіх, і мовы не рабілася меней. Як Лёсі быў патрэбны Лёччык – так яму, бацьку, была патрэбная гэтая жанчына, жыцьцю якой ён падарыў сэнс.
Яна напісала ліст аднаму нямецкаму славісту, які, як распавядаў ёй бацька, быў апошні спэцыяліст у сьвеце, які лічыў іх мову жывой. Яна наважылася на тое, пра што марыў ён сам – марыў гадамі.
Навошта яны пісалі яму? Проста неяк увечары пабачылі яго па тэлевізары: гэты славіст, гер Гюншэ, даваў інтэрвію першаму нацыянальнаму. Тое, што ён казаў, не магло спадабацца ні Тацяне Эдуардаўне, ні ім усім.
“Я считаю, что реанимировать эту мова поздно, и поэтому не стал бы тратить время на это бесперспективное занятие”, – казаў гер Гюншэ правільным, вельмі правільным языком, блытаючы толькі націскі. – “Но вот акцент… этот ваш акцент – он очень узнаваем, он мог бы обьединить вас значительно лучше, чем мертворожденный мова, который, как мы знаем, был искусственный проект. Насколько я знаю, у вас нет ни одного ребенка, который бы владел ёй с рождения. Да и взрослых больше нет. Только рисователи и писатели”.
“Да, государством многое делается в этом направлении”, – уставіў румяны вядучы.
“Но акцент остается! Он как муха в янтаре. Сберечь его – и он заменит вам целый язык. Если уж вы так хотите иметь нацию в наше время – нужно становится под флаг акцента. Он – это единственное, что отличает вас от других. Больше ничего. Никс”.
“Но мы не хотим отличаться!” – усьміхнуўся вядучы. – “У нас все мечтают говорить на чистом языке! Даже писатели!”