А сама такая ўся раскрытая, як тая ружа, шчокі пунсавеюць, далоні трымцяць. А ты такі ўвесь падбіраўся, непрыступны і велічны, і строга казаў:
“Сачыць трэба за сваімі апекаванцамі. Вы ж прафэсіянал!”
Гэта ў старыя добрыя часы так было. І гэты Касьпяровіч, ці Казьбярук, ці Казьлёначкін, ці проста Казёл, глядзеў на цябе з павагай, паціраючы вуха. А потым падыходзіў сам рэжысэр, разам з дырэктарам тэатру, і запрашалі цябе на банкет, улічваючы тое, што ты ўратаваў прэм’еру, і пад руку з маладой настаўніцай ты ішоў у сутарэньні, дзе ўжо быў накрыты стол і ўзьнімалася пара ад сьціплых закусак. Ну, а далей ужо магло быць усё што заўгодна. Залежала ад фантазіі.
…Гэта адбывалася ў адным з тых старых менскіх кінатэатраў, якія ўсё яшчэ паказваюць час ад часу кіно і завабліваюць гледача сапраўднымі маляванымі афішамі.
Праўда, да аднаго фільму афішы чамусьці не зрабілі. Бо фільм быў пра старасьць і самоту. Вядома, іх таксама можна намаляваць – але вось ці можна імі завабіць? Наўрад ці. Была самая сярэдзіна сэансу, і на экране быў сэкс. Экран быў вялікі, таму і сэксу было шмат. Двое вельмі пажылых людзей кахаліся, забыўшыся пра ўсё на сьвеце. Друзлая скура, абвіслыя жываты і грудзі, шнары ад апэрацый, старэчае рабаціньне, кіляграмы плоці, якая ўсё яшчэ хоча жыць, але якую ўжо нікому не прадасі. І гэта – на ўвесь экран. Поўнамэтражная старасьць, самота велічынёй у сьцяну. Але ў залі былі дзеці. І гэтыя дзеці рагаталі ваўсю… Увесь сэанс”.
***
Зрыцель уздыхнуў.
“Яны думалі, што ніколі не памруць”.
Ён замаўчаў, дапіў проста з бутэлькі тое, што налівала яму бабуля, і дастаў з кішэні пігулку. Лёся і Лёччык чулі, як храпе побач бабуля.
“Зараз я скіну лесьвіцу, і ты пойдзеш са мной”, – сказаў Зрыцель, гледзячы зьверху на Лёсю. – “Я ня буду вучыць цябе правільна вымаўляць гукі. Зусім хутка ты сама зробішся гукам. Гэта ўсё, на што здатныя жанчыны. Прагучыш – і цябе ня будзе. Зусім не балюча. Проста цябе выведуць з залі, а спэктакль будзе працягвацца далей”.
“Нікуды я не пайду!” – сказала Лёся.
“Нікуды яна ня пойдзе”, – сказаў Лёччык.
“Яна пойдзе”, – сказаў Зрыцель, і вочы яго бліснулі чырвоным. – “А яно памаўчыць. Яно і так сарвала добрую пастаноўку шмат якім добрым людзям і дастойным мужчынам”.
“Я не пайду”, – паўтарыла Лёся.
“Лічы, што ты выходзіш за мяне замуж”, – засьмяяўся Зрыцель, і рукі ягоныя, якія ён распасьцёр над ямінай, быццам грэў іх над вогнішчам, задрыжэлі. – “Сёньня ты ўжо зьбіралася замуж”.
“Я не пайду, я застануся з братам!”
“З братам? Нешта мне падказвае, што твой тата нешта недарасказаў тваёй мамашы!” – цяпер Зрыцеля ўжо трэсла, як нейкі няспраўны аўтамат. – “З братам! Скажы яшчэ, што ў яго такая самая кроў, што ў цябе! Ты пойдзеш сюды і сагрэеш мяне! Я сказаў! Інакш я ўтаплю вас тут жыўцом”.
І тады Лёся зрабіла рух. Зусім непрыкметны рух рукой – быццам засунула палец у вуха, каб разварушыць захраслы там серны корак. І ў пальцах у яе зьявілася пігулка – маленькая чорная пігулка, падобная да сьпелай, напятай, самаўпэўненай чарнічыны.
“Чарнадур”, – сказаў Лёччык.
І гэта сапраўды быў ён. Лёся працягнула яму пігулку – і ён схапіў яе вуснамі проста з далоні, прагна ўцягнуў у сябе, кадык здрыгануўся і скочыў на месца, як жывы. Лёччык задаволена прыцмокнуў.
“Трэба гаварыць!” – прашаптала Лёся. – “ У нас атрымаецца! Гаварыць так чыста, як мы толькі можам!”
“Не гаварыць, а сьпяваць!” – паправіў яе Лёччык. І яны хорам, дрогкімі, але рашучымі галасамі зацягнулі песьню, якой навучыліся ў лягеры:
“Чистый голос, звонкий смех,
Говори для всех:
Чь! Ре! Жи! Ши!
Чисти зубы перед сном,
Чисти голос утром, днём:
Жи! Ши! Бряк! Кряк!”
І вяровачная лесьвіца сама папаўзла ў яміну, выгінаючся, як кобра пры гуках факіравай дудачкі. А Зрыцель, стоячы на самым краі, раптам жаласьліва застагнаў і пачаў памяншацца ў памерах. Спачатку ён зрабіўся ростам такі, як Лёся, калі б яна стала на дыбачкі. Потым такі, як Лёччык, калі б ён нацягнуў боты на абцасах. Потым такі, як Лёся, калі б яна нагнулася, каб завязаць матузкі. Потым такі, як Лёччык, калі б ён нагнуўся, каб укусіць Лёсю за нагу.
“Наш язык как солнце,