“Дык жэніць вас бабуля?” – спытаў Зрыцель, ня зводзячы зь іх вачэй. – “Бабуля любіць, калі шмат дзетак. А я вось не люблю…”
Нечакана ў адной руцэ ягонай зьявіўся ліхтарык, а ў другой бінокль. Тэатральны.
“Тая, каторая большая, і праўда – тыповае дзіця”, – маркотна сказаў Зрыцель. – “Адчуваю, як яна пахне. Як сарваны спэктакль Дударава. Не Шэксьпіра, але ж… А вось што там побач зь ёй?”
“Я таксама нешта не зразумела”, – таропка ўставіла бабуля. – “Але замест Паўліка майго падохлага пойдзе”.
“Забудзь ты пра Паўліка”, – паморшчыўся Зрыцель. – “Што прыдумала – зь дзяцей сабакаў рабіць. Ніколі ў тэатры не была, а туды ж, да таінстваў пераўвасабленьня… Налівай давай”.
Зрыцель уладкаваўся на краі яміны, зьвесіўшы ногі, і выпіў яшчэ адзін кілішак. Гэтым разам ён закусіў каўбасой – і брат зь сястрою адчувалі, як пранізьліва яна пахне.
“Гэтую я забяру з сабой”, – сказаў Зрыцель, прыклаўшы да вока бінокль. – “Ты яшчэ ня ўсю кроў ёй выпусьціла. А другое, неапазнанае, мне ня трэба. Глядзі толькі, наробіць яно табе шкоды. Лепш закапай яго тут”.
“А яму, па-мойму, не хапае фантазіі”, – шапнуў Лёччык. І Лёся кіўнула.
“Дык яно гаворыць?” – сказаў Зрыцель, які ўважліва сачыў за тым, што адбываецца ў яміне. – “Хай яно скажа, адкуль узялося. Хаця дзеці ня ўмеюць гаварыць праўду. Сказаць па шчырасьці, яны наогул ня ўмеюць гаварыць. Дзеці – ня людзі. Зь імі можна рабіць усё, што заўгодна, іх можна нават прымусіць паверыць, што бацька і маці заўсёды кажуць праўду – яны паслухмяныя. Яны адзіныя ў сьвеце істоты, якія вераць мове. А мова – гэта тэатр. Усё ўмоўна, усё ненасамрэч. Дзеці ведаюць адну мову – мову бацькоў”.
“А вось і не!” – крыкнуў Лёччык. – “Я магу гаварыць на Языку!”
“Толькі той, хто гаворыць на языку, і мае права гаварыць наогул”, – павучальна сказаў Зрыцель. – “А ты не крычы тут з задняга раду. Я старамодны чалавек, люблю парадак. А яшчэ я мужчына і таму хачу, каб мне адказвалі коратка і ясна. Дык хто вы такія?”
І ў гэты момант Зрыцель быццам незнарок выпусьціў з рук недаедзены кавалак каўбасы. Лёся бліснула вачыма. Лёччык сьціснуў у руках іхны атлас.
“Я Лёччык, а гэта мая сястра Лёся”, – прамовіў Лёччык сур’ёзна. – “Мы ідзем у Брэмэн і заблукалі. Нам трэба трапіць на мапу. А далей мы самі”.
“А вы хто?” – спытала Лёся, не падымаючы вачэй. Каўбаса гіпнатызавала яе, але падняць каўбасу Лёся не наважвалася. Ці мала што магло быць на кавалку каўбасы, ад якога адкусіў чалавек без фантазіі.
“Маўчаць”, – сказаў Зрыцель і паглядзеў на Лёсю – і толькі цяпер яна заўважыла, што вочы ў яго чырвоныя-чырвоныя, як лямпачкі на бацькавай машыне. – “Чаму дзеці ніколі ня могуць маўчаць? Нават у тэатры…”
Зрыцель цяжка задыхаў, але потым голас яго падабрэў.
“Я… Хочаце ведаць, хто я такі? Добра, я раскажу. Напасьледак…”
І Зрыцель нясьпешна пачаў свой аповед.
***
“Некалі я займаўся тым, што выводзіў з кіна- і тэатральных заляў ашалелых дзяцей.
Калі своечасова не авалодаць гэтым бясцэнным уменьнем – у кіно і тэатры лепш не хадзіць. Хаця якое там уменьне… Які навык… Гэта сапраўднае ўсходняе адзінаборства. Двубой па-над безданьню. Псыхалягічны паядынак, які патрабуе максымальнай мабілізацыі арганізму.
Я вось не валодаю ім у належнай ступені, але кіно і тэатры ўсё роўна наведваю. Проста я давяраю справу прафэсіяналам. Але іх робіцца ўсё меней. А дзяцей і падлеткаў усё болей. Як кажа статыстыка, краіна перажывае першы за гады незалежнасьці паўнавартасны бэбі-бум. І гэта толькі пачатак. У людзей зьявілася ўпэўненасьць у заўтрашнім дні, і яны пачалі заводзіць дзяцей і вадзіць іх у кінатэатры, тэатры і таму падобныя ўстановы. Вось жа гэтая ўпэўненасьць у заўтрашнім дні… Калі яна ў іх зьявілася – дык хай бы вадзілі сваіх атожылкаў на заўтрашнія сэансы. Але яны ідуць на сёньняшні – акурат на той, на які ідзеш ты. “Ідзіце ў макдональдс! Там вам самае месца!” – так і хочацца сказаць гэтым самаўпэўненым суайчыньнікам, якія вырашылі, што могуць браць з сабой дзяцей паўсюль, куды ім раптам закарціць.
І вось даводзіцца спасьцігаць самавукам, як супрацьстаяць гэтай навале.
Зразумела, найлепшае выйсьце – вывесьці ўсіх дзяцей з залі яшчэ да пачатку сэансу або спэктаклю. Але часьцей за ўсё яны прыходзяць у кіно і тэатры не адны, а ў суправаджэньні дарослых, рэакцыя якіх на такія прэвэнтыўныя захады можа быць непрадказальнай.
Раней, у добрыя старыя часы, усё было проста. Ухапіў дзіцятка за вуха і пацягнуў да дзьвярэй. І ўсе праводзяць цябе ўхвальнымі позіркамі. Дзіця маўчыць, цярпіць, яго вуха наліваецца крывёй – зусім як твае строгія, але справядлівыя вочы. Неверагодная сіла расьпірае цябе знутры. І нават калі ты поўны здыхлік – у гэты момант ты адчуваеш сябе такім магутным і спрытным, і ловіш на сабе зацікаўленыя пагляды кабет. Ты – абаронца і збаўца, ты зрабіў гэта. І калі ты вывеў з залі паскудніка і нарэшце адпусьціў ягонае вуха, за якое ён адразу ж хапаецца, як за біг-мак у макдональдсе – ты разумееш, што воплескі, якія чуюцца з залі, прызначаныя ня толькі акторам. Што ў посьпеху пастаноўкі ёсьць і твая заслуга. Часьцінка тваёй працы, чорнай, але неабходнай, якую так часта даводзіцца браць на сябе неабыякавым людзям.
У старыя часы ты не патрабаваў удзячнасьці. Ты проста вяртаўся ў залю, у прыемным узбуджэньні, прыкладваючы руку да сэрца, і станавіўся тварам да сцэны, усім сваім выглядам паказваючы, што ня трэба абдзяляць увагай няшчасных актораў, што на тваім месцы так зрабіў бы кожны і што ты – усяго толькі глядач, нічым ня лепшы за астатніх.
Але на гэтым трыюмф не канчаўся. Пасьля спэктаклю да цябе падыходзіла, кульгаючы, бабулька з тых, што прадаюць праграмкі і правяраюць білеты, зазірала ў вочы і ціха прамаўляла сваім скрыпучым добрым голасам:
“Дзякуй табе, сынок…”
“Няма за што, маць”, – казаў ты бадзёра і ліха паводзіў плячыма. Бо за білецёркай ужо маячыла постаць маладзіцы-настаўніцы, якая і прывяла сюды, у тэатр, гэты вывадак чужых дзяцей – маладзіца нясьмела глядзела на твой суворы твар і таропка казала:
“Вы уж ізвініте, спасібо вам, этот Касперовіч, он із трудной семьі, без отца растёт…”