“Я тоже не понимаю, зачем вам мёртвый язык, но акцент – здесь я не соглашусь!” – заматляў галавой немец. – “Он красивый. Он расцветёт ваш чистый язык. Слишком чисто, это, знаете ли, слишком пресно. Должна быть изюминка! Знаете, вот людям так иногда идёт лёгкое заикание… Или картавесть“.
Вядучы дабрадушна засьмяяўся. Прафэсар таксама ўсьміхнуўся:
“Должна же у вашего Языка быть какая-то индивидуальность! Вообще, что считать мовой – это сейчас большой вопрос. Почему бы не считать ей чистый язык, но с вашим акцентом… Фонетические особенности, да. Если в бывшей Югославии…”
Далей яны ня слухалі, сядзелі, агаломшаныя, перад тэлевізарам і спрабавалі спасьцігнуць – няўжо гер Гюншэ, такі паважаны чалавек, дурыў ім галаву? Бацька пагаджаўся з тым, што акцэнт – гэта тая саломінка, за якую варта хапацца. Але хапацца, каб так і застацца з саломінкай у руцэ? Ня з Коласам?
Думаць пра гэта было страшна.
Каця знайшла нейкія кантакты гера Гюншэ і напісала яму пра тое, што прафэсар памыляецца – бо ёсьць адна дзяўчынка. Дзяўчынка, у якой хутка не застанецца нават акцэнту. Каця прасіла дапамогі, але прафэсар так і не адказаў. Мо кантакты былі ня тыя. Або пісаць трэба было па-ангельску. Гер Гюншэ не выглядаў на чалавека, які можа гаварыць па-іхнаму.
А Каця гаварыла.
Каця.
Жанчына, якая здрадзіла. Бацька закрыў рукамі твар. Яго цела, аднак, хацела большага І вось ён упаў у мох і заплакаў. І лес пачуў ягоныя ўсхліпваньні. Перад лесам не было сорамна. Урэшце, лес – гэта ўсяго толькі лес, што б там ні казалі паэты, якіх ніхто не чытае. Іх любімыя паэты.
13. ГЭТАЕ СОНЦА МЯНЕ ЗАБ’Е
“Гэтае сонца мяне заб’е”, – падумаў пісьменьнік Міхась Барадаўкін, спыніўся, дастаў смаркатку і выцер з ілба свой гераічны пот. Такія словы заўжды прыходзілі яму ў галаву на роднай мове. Бо ён быў пісьменьнік, і яму было можна.
Ён выехаў з самага раньня, каб апярэдзіць сьпёку. У пустым трамваі даехаў да аўтавакзалу, потым сеў у маршрутку, якая за дзьве гадзіны вытрасла зь яго ўсю душу. Кіроўца быў знаёмы – высадзіў яго ля патрэбнага слупа, што рос паміж бярозак і соснаў, да дачы адсюль было бліжэй, чым ад прыпынку. Асфальтавая дарога пацякла далей, а Міхась Барадаўкін паклэпаў проста ў лес. Лес патыхаў такой бясьпекаю і такім спакоем, што Міхась Барадаўкін з асалодаю ўявіў сабе, як яму будзе працавацца на дачы. Как у Христа за пазухой, сказаў ён уголас.
Зь лесу ён выйшаў на белы, нешырокі гасьцінец, над якім клубіўся пыл – заставалася адолець яго, кілямэтры два, ня болей, падняцца на ўзгорак – і там нырнуць у падлесак, дзе і стаяла ягоная нядаўна набытая – за капейкі! – самотная хата. І вось тут, на гэтым гасьцінцы, яго і насьцігла сьпёка.
Быццам помсьцячы Міхасю Барадаўкіну за ягоную ранішнюю хітрасьць, яна падсмажвала яго на сваёй патэльні з усіх бакоў, яна гнала яго па схілах і прымушала, задыхаючыся, узьбірацца на ўзвышшы – і ён пакорліва клэпаў, быццам качаўся у расплаўленым тлушчы.
Усю ўзятую з сабой ваду ён выпіў яшчэ ў маршрутцы. Гасьцінец усё не сканчаўся – пісьменьнік пакутліва чакаў, калі ж пад ногі яму кінецца запаветны ўзгорак, за якім ляжала ўсё: тры дні, якія цалкам можна прысьвяціць працы, калодзеж з чароўнай, сьцюдзёнай вадой, якая вяртае прытомнасьць нават з самага моцнага перапою, натхненьне, якое ён абачліва захоўваў на дачы: дома маглі сьперці – бо, па-першае, ці мала хто зайздросьціў Міхасю Барадаўкіну? – а па-другое, у горадзе ў яго і так хапала вялікіх і малых справаў. А яшчэ грыбы-ягады, харошая кніжка з голымі кабетамі, і ягоная модная вышываная кашуля – толькі надзеўшы яе, Міхась Барадаўкін садзіўся працаваць, дый наогул адчуваў сябе чалавекам. А яшчэ ў спартовай торбе Міхася Барадаўкіна, што, кажуць, належала самому І. Шакоўскаму, ляжала апавяданьне, ды не абы-якое, а пра вайну. Ім, гэтым пранізьлівым і шчымлівым апавяданьнем, Міхась Барадаўкін думаў прымірыць усіх – ён любіў, калі яго называлі пісьменьнікам, які стаіць па-над сваркамі і інтрыгамі і сваім аўтарытэтам дапамагае знаходзіць кампрамісы. І галоўнае: на дачы не было жонкі.
Жонку Міхась Барадаўкін ненавідзеў. Жонка і натхненьне былі неспалучальныя: жонка цягнула яго да зямлі, а Міхась Барадаўкін быў паэт. Паэт, які нядаўна пачаў пісаць прозу – бо адкрыў у сабе празаіка, як, бывае, адкрываюць кніжку, а там хопа! – і забытая заначка, трыццаць даляраў! Гэты празаік аказаўся неспакойны, злапамятны, нязручны і вельмі таленавіты. А яшчэ празаік вельмі хацеў быць актуальным – і Міхась Барадаўкін стараўся яму не замінаць.
“Што ты мяне ў зямлю закопваеш?” – крычаў ён на жонку. – “Я гэтым выскачкам пакажу, як пісаць!”
“Ты ўсю жызьнь пісаў пра зямлю!” – адказала жонка. – “Ты ні пра што больш ня ўмееш! Аксьціся! Толькі за зямлю цябе і любяць, Міша!”
І тут трэба патлумачыць некаторыя важныя рэчы.
Думаючы пра тое, што наперадзе ў яго тры дні працы, Міхась Барадаўкін меў на ўвазе не зусім тое, што маглі б падумаць далёкія ад літаратуры людзі.
Працаю, якая так хвалявала ягоную чулую да хараства душу, была вялізная і глыбокая яміна, выкапаная на належнай адлегласьці ад яшчэ ня надта абжытай ім хаты. Міхась Барадаўкін задумаў за гэтае лета зладзіць сабе прыбіральню. Старая, што засталася ад мінулага гаспадара, зусім спарахнела – і хадзіць у яе было небясьпечна. Дзьмула зьнізу, збоку, і нават зьверху, і ўсё збудаваньне пагражала ў самы інтымны і прыемны момант паваліцца на свайго гаспадара, пахаваўшы яго пад руінамі.
Таму на пачатку лета Міхась Барадаўкін старую прыбіральню разабраў, пусьціў палову дошак на дровы, а палову проста закінуў чым далей за хату, дзе ў яго захоўвалася рознае ламачча. Туды ж паляцеў і стары, ненадзейны драўляны насьціл. Яміна зрабілася голая, адкрытая ўсім вятрам і вачам – і, як высьветлілася, перапоўненая. Пакаленьні нашых продкаў хадзілі туды па вялікіх і малых справах, думаў Міхась Барадаўкін, у задуменьні стоячы над ямінай. Камусьці шчасьціла, камусьці не. А зямля прымала ўсё – і надежду, і ласку, і пламя.
У рэдкія вольныя хвіліны ён, крэска за крэскаю, намаляваў праект новай прыбіральні. Пакрысе навёз матэрыялу, купіў у райцэнтры шалёўкі, дамовіўся з адным трактарыстам, каб той прывёз усё на гэты зацішны, схаваны ад людзкіх вачэй хутар. У сьпякотныя дні прыбіральня пачынала дыхаць сівой даўніной. І Міхась Барадаўкін у кожны свой прыезд не пераставаў зьдзіўляцца, як добра захавалася тая даўніна. Ён нават падумваў, ці не запрасіць сюды свайго сябра, краязнаўцу і археоляга. Якія пласты гісторыі тут можна было накапаць!
Праца абяцала прынесьці яму даўно забытую асалоду творчасьці. І Міхась Барадаўкін вельмі цешыўся гэтым тром дням, вырваным ім у шэрай будзённасьці. Там, на дачы, усё было напагатове: малаткі, цьвікі, абцугі. Міхась Барадаўкін цярпець ня мог плягіяту. Ён усё рабіў сам – і сваімі рукамі.
А апавяданьне ў торбе Міхася Барадаўкіна было не ягонае, а чужое. Міхась Барадаўкін быў настолькі заслужаны пісьменьнік, што яму ўжо ня трэба было нічога пісаць. Яму трэба было чытаць іншых і шукаць сярод іхных твораў тыя, якія можна было б надрукаваць у вялікім часопісе. Бо Міхась Барадаўкін быў ягоны галоўны рэдактар. Неабходнасьць прачытаць за гэтыя дні некалькі дзясяткаў аркушаў трохі засмучала пісьменьніка. Таму ён вырашыў так: спачатку ён возьмецца за самае нуднае, за апавяданьне, а заўтра ад самай раніцы зоймецца тым, вобраз чаго так соладка халадзіў яму хрыбет.
Маладыя літаратары паважалі Міхася Барадаўкіна. Але сам Міхась Барадаўкін быў ужо немалады, паедзены шашалем творчых дасягненьняў чалавек. Калі ён дабраўся да хаты, ні чытаць, ні пісаць моцы ў яго ўжо не было. Ён дастаў ключы, але вырашыў пасядзець крыху перад дзьвярыма. Цяжка апусьціўся на драўляную лаву, перад якой стаяў шырокі, зроблены з цэльнага кавалку дрэва, стол, дастаў рукапіс… Не. Заўтра. Міхась Барадаўкін адчыніў дзьверы, выпіў, закусіў і пайшоў на агледзіны сваіх уладаньняў.
Мінулы раз ён захінуў яміну поліэтыленам. І цяпер урачыста, быццам здымаючы покрыва з каштоўнай статуі, ён сьцягнуў каламутную плеўку з таго месца, дзе была яміна, задаволена зазірнуў у яе і паглядзеў на неба. Сьпёка была ў самым разгары. Міхась Барадаўкін вярнуўся ў цень, сеў на лаву і паклаў рукі на стол. Падпёр галаву і паспрабаваў уявіць сабе, якой Яна будзе.
Блакітнай. А ўверсе – у нацыянальных колерах. І на кожнай сьцяне – партрэт нейкага нацыянальнага дзеяча. Бяда толькі, сьценаў усяго чатыры, а дзеячоў процьма. Багатая на таленты наша зямля, падумаў Міхась Барадаўкін. Ну, і, вядома, цытаты. І сярод іх (чаму б і не, хіба ён не заслужыў?) – якоесьці чатырохрадкоўе зь ягонага верша.
Так ён сядзеў, падпершы галаву рукой – некалі ягоны здымак у такой позе абышоў усе хрэстаматыі. Міхась Барадаўкін ведаў, што моладзь яго памятае і шануе. Нядаўна адзін такі заявіўся да яго дахаты. Пагаварылі пра мову. Харошы хлопец.
“Глаўнае, любіць сваю землю”, – сказаў яму на разьвітанне Міхась Барадаўкін. – “А нацыяналізм – урэдзен. Не так важна, на каком языке ты любіш сваю землю. Зямля, ана не спрашывает. Ана бярот то, што мы ей даём”.