Ды нешта будзе, раз форму адзелі.
— А яна табе пасуе,— усміхнуўся Самахвал і зноў двума пальцамі злавіў у сябе на галаве зеленавата-шарую пілотку.
— За такі строй, глядзі, каб галавой не расплаціліся,— Міця ўчуў, як да спіны ліпне настылая, вільготная ад поту кашуля.
— Мы салдаты. Які з нас спрос. Прымусова бралі.
— Яно так... Але ці будзе хто разбірацца? Возьмуць за кокі, ды ўсё,— Міця падышоў да раскопанай гурбы і са злосцю ўбіў у крупчасты, як бойная соль, шапаткі снег свой шчарбаты шуфель.
Пазаўчора яго, яшчэ без гэтай шара-зялёнай формы, вадзілі на другі паверх у невялікім жоўтым дамку, тут жа за казармай.
Вартавы нехаця пастараніўся, і Міця з пасланцом увайшоў у чысты, падлізаны, падфарбованы, што пах свежым пакостам, калідор.
Па рыпучых драўляных сходах яны падняліся ў немалы пакой, другія дзверы якога выходзілі на прыгожы, ажурны балкон, якраз там, дзе павінен быў быць рог дома.
Трохі з боку ад шырокіх на дзве форткі дзвярэй, каб, мусіць, не праймаў скразняк, стаяў шырокі прысадзісты стол з зялёным, трохі ўжо працёртым сукном, па краях абабіты лакірованымі планкамі ў рубчыкі. На рагу яго за шкляным сіняватым чарнільным прыборам і точанай драўлянай вазай для алоўкаў блішчаў нікеліраванай трубкай на высокай вілцы белы тэлефонны апарат.
За сталом у цяжкаватым крэсле з выгнутымі падлакотнікамі рухава адкінуўся чарнявы, віхраваты мужчына гадоў трыццаці ў зялёным нямецкім фрэнчы, з партупеяй і чырвона-бела-чырвонай апаскай на левым рукаве, у белым крузе якой ламалася чорная свастыка. З боку ад стала, заклаўшы нага за ногу, пакалыхваў цяжкім ботам схуднелы, жаўтлява-адутлаваты Костак Камашыла.
— Далей заходзь,— махнуў ён цяжкім ботам і павярнуўся да чарнява-прыгожага з вайсковай зухаватай выпраўкай афіцэра: — Я казаў — гэта Змітры Корсак.
— Так,— афіцэр акінуў Міцю трохі касаватым позіркам і апусціў чарнява-віхрастую голаў.
— Беларускі паэт,— лісліва, зазіраючы афіцэру ў сінія з чыстымі перламутравымі бялкамі вочы, падхвальваў Міцю жаўтлява-нездароўчы Камашыла.
— Вершаў даўно не пішу,— рэзка сказаў Міця, каб скінуць гэтую агіднасць.
— А я думаў рэкамендаваць вас у газету. Але добра,— тонкая рука паднялася і прыляпнула па вышмарганым, працёртым да белаватасці зялёным сукне.— Паслужыце покуль што ў нас. Нам патрэбныя тыя, хто адчувае дух народа, хто верыць у непераможную сілу і моц нашай Бацькаўшчыны. Беларусы даўно зняверыліся. Саромеюцца нат прызнацца, хто яны. Адракаюцца ад мовы, ад свайго паходжання. Ці я не праўду кажу? — Але не дачакаўшыся, што адкажа Міця, з цвёрдасцю ў голасе зноў прыляпнуў рукою па вышмарганым сукне.— Трэба будзіць народ. Але перш быць самому прыкладам для народа. Трэба пачынаць з самога сябе.
— Ты ж, пэўна, дагадваешся,— улучыўшы момант, калі задыхнуўся, ажно закашляўся ад свае прамовы афіцэр, зарыпеў на крэсле і павярнуўся да Міці, косячы лупаватымі вачмі, жаўтлявы адутлаваты Камашыла.— Мы ж цябе выцягнулі з турмы.
— Дагадваюся,— прызнаўся Міця.
— Гэта трэба цаніць,— падмахнуў бяляваю, што пачынала ўжо лысець, галавою нездароўчы Камашыла.
— Вам спярша прыдзецца паслужыць тут,— цвёрдыя сінявата-бліскучыя, як у дзяўчыны, вочы зіркнулі на Міцю.— А з цягам часу пашлём вас на афіцэрскія курсы. Не важна, што яны нямецкія, важна іншае — вы мацьме магчымасць атрымаць веды. Без сваіх кадраў мы, беларусы, нішто. Наша слабасць у тым, што няма нацыянальнай інтэлігенцыі. Адрадзіць нацыю могуць толькі самаахвярныя, моцныя духам, поўныя веры ў неўміручасць народа і ўзброеныя трывалымі ведамі людзі.
Прыпамінаючы цяпер нядаўнюю гутарку, Міця прыкідваў сабе — таіўся гэты чарнява-прыгожы, адзеты ў нямецкую форму афіцэр, зманьваў лісліва-ўгодлівай размовай пра ўсё балючае, непадступна-святое, стараючыся падкупіць Міцю, ці, рызыкуючы ўсім, рабіў гэта праўдзіва, адкрыта і свядома.
Ці распазнаеш цяпер людзей! Які настаў час. Але ж калі чалавеку жылося лепш? Да нас — не, пры нас — не. Хібя пасля нас?.. Смешна гадаць і прыкідваць. Як мы горка і балюча раскайваемся, калі прыходзіць тое, чаго з такою прагай, адчаем і жаданнем даўно чакалі. Як горка і невыносна тады бывае на душы...
Міця не заўважыў, як паменшыў да горбачкі сіняватага чыстага снегу той шары вялікі курган, да якога яны падышлі з шуфлямі з гадзіну назад.
— Трэба ўзяць лом,— Самахвал дзярката шаргануў шуфлем па сінявата-бугрыстым лёдзе, ажно ў Міці па скуры прабег пякучы мароз.— Без лома тут не ўгрызеш. Я збегаю...
Вярнуўся ён скора і без лома, устрывожана-радасна крыкнуўшы:
— Наказалі паклікаць цябе.
— Куды? — Міцю зноў убачыўся той невялікі з усечаным вуглом пакой і жоўты з зялёным сукном канцылярскі стол.— У штаб, ці што?
— Патрэбны ты ў штабе, як у мосце дзірка,— засмяяўся Самахвал, прыскальваючы адно вока.— Бяжы, вунь за брамаю сястра чакае.
Міця, чуючы, як туга і хрустка парыпвае пад нагамі вільготны жвір, подбегам мінуў жоўта-цагляную казарму і задыхнуўся ад радасці — за перакрыжаванымі прантамі жалезнай брамы стаяў буланы з белай храпай і ноздрамі конь, выменяны Алесяй за адзежу яшчэ ў польскіх кавалерыстаў, ужо трохі змораны і падтупаны за гэтыя гады.
На возе, засланым малінава-стракатай, што калола ў вочы, новай радзюжкай, сядзеў хлопчык у вушатай шапачцы з брыльком.
Алеся, крышку горбячыся, у суконнай, у цёмна-зялёныя балонкі, накінутай на плечы хустцы, хадзіла каля ўспуджанага, нечым знерваванага каня,— ён, трасучы звінючымі цуглямі, ускідваў голаў і бэрсаў канюшыну, што ляжала на зямлі пад нагамі.