— Злы ты, Костак, стаў.
— Дабратою на гэтым свеце не выратуешся, запомні, Корсак! — і ў Камашылы заскрыпелі зубы.
XI
Двое конных — адзін у чорнай шыракаплечай бурцы, другі ў нямецкім шынялі, але абое ў сівых кубанках і абое на добрым падпітку,— уз’ехалі на цёмна-зялёны ад ільсністай руні і крутаваты грудок.
Чорства-хрумсткая жвірыстая дарога закруцілася разарваным чарвяком і папаўзла ў даліну да верасаўскіх хутароў, гэтакіх шара-папяловых, як і сама яшчэ незазелянелая веснавая зямля.
Хмурачыся ад нізкага сонца, што вызірала і хавалася ў навале сініх з сляпуча белымі краямі хмар, і яны задралі тлуставата-чырвоныя набрынялыя твары і абвялі вачмі сіняватую, завешаную смугою далечыню. Адзін з іх, маладзейшы, даўгашыі, у расшпіляханым шынялі раптам прыўзняўся на голай калодцы сядла і замёр,— праз шум вільгатнаватага мяккага ветру ён учуў песню.
Пасярод шара-злінялага лужка з першымі лапічкамі акрыялай травы пералівалася і трапятала рабенькае азярцо. Да вады, дзе выскачыла першая трава, лезла ненаежная, згаладалая вішнёвая карова, і гуртом пры дарозе пасвіліся тры сівыя авечкі з двума чорнымі асенчукамі-ягняткамі. Седзячы пры дарозе на замшэлым пляшывым валуне, спявала не вельмі моцным і стройным, што зрываўся, голасам дзяўча-падлетак.
— Слушай, поймать бы,— яшчэ вышэй на страмёнах падняўся казак у расхлістаным шынялі.
— Ково? — сонна і драмліва адазваўся той, што быў у чорнай бурцы.
— Да вон поет, едри ее вошь,— даўгашыі аблізаў перасмяглыя губы і шпорамі падцяў каня пад бакі.
Балюча ўздрыгнуўшы, конь ірвануўся супраць шумліва-тугога і парнага вясновага ветру.
— Ты это шутейно, аль всерьёз? — захлябнуўся ад ветру старэйшы.
— Какие еще шутки, если я по бабе соскучился.
— Ты погоди, Терентий.
— Не боись, старый хрыч.
— Партизаны могут быть там.
— А черт их поймет, где они есть, а где их нету. Держи за мной. Слышишь?
Казак у чорнай бурцы моўчкі турзануў повад, і конь, бачачы перад сабой другога, паляцеў наўскапыты.
— Я уже не помню, когда бабу имел. Думаю, и тебе невтерпеж. Правду говорю, аль нет? Ха-ха-ха,— зарагатаў малады, падтрасаючыся на цвёрдым без лямцу сядле, і пачаў заязджаць ад хутара, каб пераняць дзяўча, калі яно шмыгане дадому.
Але, крутнуўшыся на камені, дзяўча толькі ўстала, учуўшы, мусіць, у сябе за спіною стукат конскіх капытоў і ўстрывожана-пудка пазірала на конных, што галопам імчалі сюды, да трапяткога, зморшчанага азярца, і, як чуючы якую бяду, падняла пысу, уцягнула ў вялікія чорныя ноздры паветра вішнёвая карова.
Даўгашыі нечакана спешыўся, скінуў шынель, махнуўшы яе на голую люльку сядла, а падаў повад таму, што быў у шырокай з вострымі плечукамі, нібы павешанай на калок, бурцы:
— Подержи, Гаврнлыч, я ее зараз,— і засмяяўся, жмурачы чырвоныя вочы на адутлавата-набрынялым ад перапою твары.— А девка хороша. Нерожалая, как у нас говорят.
З карабінам наперавес, няцвёрдым крокам пайшоў да сівага замшэлага валуна, за якім баязліва, чуючы трапяткі, адчайна-халодны стук і боль у сэрцы, стаілася чатырнацца-цігадовае бялява-курносае дзяўча.
Яно то сціскала ад страху кулачкі, ажно рабіліся белымі пучкі, то расціскала іх.
Казак, шоргаючы аб леташнюю чараду ботамі, блізіўся да яго і, нечакана працягнуўшы руку, прыжмурваючы адно вока, лісліва зацягнуў:
— Милушка, не бойся, иди сюда.
— Што вы, адчапецеся,— уздрыгнула і замахала локцямі, як падбітая пташка крыллямі, збялелая дзяўчынка.
— Не вздумай тикать,— казак зачапіўся за купіну і падняў з вачэй сівую з сінім верхам кубанку.— Видишь винтовку — убью.
— Вой, дзядзечка, не чапай мяне! — з плачом заенчыла і замільгала ружаватымі босымі нагамі на другі бок азярца перапуджаная дзяўчынка. На плячах у яе толькі запузырылася і затрапятала ражком выцвілая лёгка-паркалёвая хустка.
— Ішшо чего,— знявераны казак прыляпнуў рукою па гладкім прыкладзе вінтоўкі і марудна пераступіў высокую з пучком леташняй цыбулі рудую купіну.— Этак и убежит, гадина.— I азірнуўся на напарніка, што спакойна сядзеў на мокрым, што льсніўся да поту, чорным кані: — Не давай уйтить, Гаврилыч!