— I не прастудзіся. Тут во снег, зіма, а ў нас ужо сяўба. Авёс сеюць,— Сказала з гаркатою і схавала вочы.— А мой, сам ведаеш, як сабака каля рэзьні, у Дварчанаў круціцца.
— Забыцца пра яго трэба,— сказаў Міця і не паверыў чамусьці сабе, што кажа праўду, устрывожаны, уджалены рэўнасцю да Імполя.
— З вачэй можна прагнаць, а з галавы,— яна падышла да воза і аправіла, падтаўкла пад хлопчыкам суха-порсткую, шапаткую салому.
Памагаючы выкіраваць праз вузенькі з’езд на шашу непаслушнага, унароўленага каня, Міця прайшоў услед за возам, паціснуў Алесіну цёпла-мяккую, бязвольную руку і, вяртаючыся назад, каля паласатай будкі стрэўся з Камашылам. Той, заўважыўшы Міцю, выпнуў вастравата-тонкія губы, нягучна засмяяўся і грузна ўроскідку пайшоў насустрач, скрыўленыя боты з чуйным шоргатам тапталі збуцвелае лісце пад дзяркатымі абрэзанымі ясенямі.
— Ты яшчэ ўсё гневаешся, як маленькі,— падбіваючы каленьмі караткаваты нямецкі шынель, ён дайшоў да Міці і, наровячы, каб, мусіць, не прыкмеціў вартавы, падаў Міцю тоўста-халаднаватую руку.— А цябе мы, скажу, ледзьве выбавілі з тых дварчанскіх лёхаў. Балазе да казакаў не трапіў. Тады хто ведае, што было б. Тут іх, як молі, поўны Наваградак. Тысяч пяць будзе. У вёсках каля шашы стаяць. Ды пёс з імі, расказвай пра сябе.
— А што тут расказваць, бачыш сам, што робіцца кругом.
— Пытае, ці бачу? Не было і няма спакою на нашай зямлі,— загароджваючы дарогу і не пускаючы да брамы, Камашыла злавіў Міцю за рукаво: — Пройдземся.
— Ды я ўжо так забавіўся. Снег паслалі раскідаць за брамай.
— Нічога, управяцца і без цябе. Дарэчы, я сказаў, што забіраю цябе ў свой узвод,— Камашыла прыпыніўся, паглядзеў удалечыню на роснае, там-сям яшчэ ў плесні і не акрыялае пасля зімы жыта за снежнаю, разбітаю саньмі канаваю, на адзінокі прысадзісты дуб з рэдка-круглаю чорнаю кронаю і блізкі смутны шары хутар, акружаны крывымі, нізкімі яблынямі. Там на мокры пазелянелы плот лез і гаўкаў вялікі жоўты сабака.— Зірну во на гэты хутар і кожны раз успамінаю сваю хату. Гэтаксама садок быў... Ты ж ці ведаеш — спалілі.
— Хто? — Міця вырваў з яго ўчэпістай рукі сваё рукаво.
— Ты як маленькі... Свае. Хто ж?!
— Даўно?
— Летась... Праз гэта, пэўна, і бацька памёр: шампаламі ссеклі. За мяне. За мною ўсё палявалі. Раз нават прыскочылі, калі я ўдома быў. Нехта падкусіў. Не ведаючы, куды дзецца, я на бярэзіну залез. I не дагадаліся, не паднялі голаў. У хаце, у стопцы ўсё перапаролі, а голаў не паднялі. Во тады ў мяне на вачах бацьку білі. Якраз пад бярэзінаю. Я ж кажу, найбольш стараліся свае. Ім яшчэ адрыгнецца...
Ён перастаў чвякаць цяжкімі ботамі па раскіслай з прытоптанай чорнай травою зямлі, прыпыніўся, засоп у нос:
— Але нагаворымся потым. А цяпер ідзі збірай свае манаткі. I скажы, што цябе перавялі да мяне ва ўзвод.
— А што тут збіраць? — засмяяўся Міця, падмахнуўшы палатнянаю торбачкаю.— Дзве торбы маю, адну во з сушанымі грушамі, другую — з пэндзлікам ды брытваю.
— Балазе торбы ёсць, а ў торбу нешта знойдзем,— і Камашыла падміргнуў недаспаным вокам з чырванаватым бялком.
А вечарам ужо ў затхлай казарме, што пахла сапрэлымі ботамі, паказаўшы на пусты жалезны ложак поруч са сваім, што стаяў зводдаль ад салдацкіх, ткнуў Міцю адломаны кавалачак зманліва і смачна пахучай ад каляндры і кмену падсушанай кілбасы:
— З’ясі потым упоцемку пад коцам,— ён прысеў на рыпучы ад жалезных спружын Міцеў ложак.— Я тут, у Наваградку, з мацераю жыву. Перавёз яшчэ да таго, як спалілі хутар. Спачатку думаў прыжаніцца. Недзе з-пад Бугуруслана з Расіі тут ачуцілася адна шмара. Але ці возьмеш такую? Кажу ёй, звары булён, а яна пытае, дзе мяса. Нават не знае, што падсквараны картапляны булён можна зварыць без мяса. Але ліха з ёю. Як той казаў, абы шыя, хамут знойдзецца,— і падазрона азірнуўся.— Трэба неяк выратавацца ў гэтым пекле, падсцерагаць будзем адзін аднаго... Я гляджу, тут усе — то сват, то брат, то кум. Словам, людзі горнуцца адзін да аднаго. А мы што — лыкам шытыя? Пачуеш што, так падказвай, не таіся. Трэба ж нам ведаць, хто чым дыхае.
Пад несціханае парыпванне ложкаў, свіст насоў, удушлівы прастудны кашаль, хрусткі скрыгат зубоў, мармытанне, пацмокванне ў сне і нечы ў далёкім кутку пералівісты храп Міця доўга не мог заснуць. Думалася то пра агідную Камашылаву просьбу быць у яго за нейкага падказчыка, выведніка ці паслугача, то пра адзінокага бацьку, то нечакана пра тую крыўду, што так і не зажыла да гэтай пары, калі бацька да смерці зняважыў Міцю, нечакана секануўшы яго нейкім пугаўём па галаве,— тады Міця ў жніво, у самую падхватную работу перад світаннем вярнуўся з вечарынкі дадому, то ўжо са шчымлівай радасцю і нечаканай трывогай зноў пра яе, пра Чэсю: ці не арыштавалі яе? Да Грабянкаў, як ведаюць усе Дварчаны, нават з Варшавы прыходзілі сувязныя. Кажуць, нейкі «Рысь».
— Хі-хі-хі,— раптам нехта здушана і не ўтрываўшы зарагатаў над Міцевым ложкам.— Чуеш?
— Што! — перарваўшы нітку сваіх думак, Міця ўзняўся на локцях, прыслухаўся да залівістага, з прысвістам далёкага храпу.— Грае, як арган.
— Ды не... Сюды глянь,— затхла дыхнуў на Міцю бялявы і цыбата-сутулы хлопец, засланяючы слабенькую, ледзьве жывую пад столлю лямпачку.— Бачыш, укрыўся коцам і дрочыць сябе, аж ложак калоціцца. I так кожны вечар. Я яго, падлу, зараз правучу...
Адною рукою падцягваючы шырокія ў паясніцы кальсоны, другую выцягнуўшы наперад, цыбаты хлопец перагнуўся цераз свой ложак і на суседнім, што стаяў упрытык і дзе ўздрыгвалі накрытыя злінялым коцам вострыя калені, ірвануў на сябе гэты злінялы коц.
— Гы-гы-гы! — зарагатаў ён, паказваючы на раскрытага вуграватага салдата.— Дрочыцца во, хлопцы.
— Глядзі, каб часам з табою чаго не зрабіў.
— Праўда? Няўжо?
— Нагледзеўся на дзеўку.
— Ды жанаты ён,— паднімаліся, глядзелі сюды і крычалі з усіх старон салдаты.
— Што такое, Падліпскі? — падхапіўся нарэшце і злосна вызверыўся на цыбатага хлопца, што стаяў каля свайго ложка, трымаючы злінялы коц, злосна-пазелянелы Камашыла.