Гарачая злосць апаліла Міцю — нашто ж яшчэ выдаюць Чэсю.
— У вайсковым шпіталі робіць... міласэрнай сястрою,— падказаў Бортнік.
Пад вачмі ў немца праз акуляры высвечваліся яркія дужкі святла. Ён падняў лысаватую голаў, і дужкі расплыліся і збеглі ніжай.
— А хто там з іх пераводзіць у лес палонных?
— Тую ўзялі,— нарэшце за спіною ў Міці азваўся Дабрыян.— Была тут у мяне на дыбе.
— Што гэта значыць?
— Голую во на тапчан палажылі, ды па кумпяках...
Міця ўявіў, як ірваў сукенку на асарамачанай, перапалоханай да смерці дзяўчыне, прагнучы яе болі, пакуты, крыві, разлютаваны Дабрыян.
I ён, мусіць, таксама ўспамінаючы ўсё, што тварылася тут на тапчане з раздзетай дзяўчынай, здурэла зарагатаў:
— Раўла, як свіння пад плотам.
— Дзе цяпер яна? — нібы забыўшыся пра Міцю, спытаў немец.
— Казакам перадалі. Тыя ўмеюць на локаць кішкі накручваць.
— З гэтым што? — адкінуўшы крысо мундзіра, недзе з кішэнькі немец дастаў залаты, на ланцужку, гадзіннік, пазногцем адкалупаў накрывачку.
— Мы яшчэ перамовімся,— скоса, адным вокам зіркнуў туды, на белы цыферблат, Бортнік.
I тады з лаўкі порста падскочыў Дабрыян, падкусваючы край губы, шомпалам парнуў Міцю ў плячо:
— Пайшоў, гніда.
Мацаючы нагамі цемнаватыя сходцы, Міця сунуўся паперадзе Сідорыка, што, прычакаўшы ў калідоры, гнаў яго назад у затхлы, з нявыветраным духам азызлага, гнілога сала глыбокі, вымураваны з каменняў і настылы за зіму падвал. Нешта крыўднае да адчаю, брыдкае і агіднае пераварочвалася ў душы, сціскала за горла: «Колькі ж можна за сваё кароткае жыццё сядзець у азызлых сутарэннях? Каго вінаваціць? На каго наракаць? Хібя толькі на сябе, на свой лёс? Няўжо выпала такая доля — пакутаваць і бедаваць? Дзе літасць, дзе бог, дзе праўда? Дзе ж усё?.. I пакутую не я адзін — увесь народ. I ўжо не адзін год — цэлыя вякі!»
Прысеўшы на слізкія нары і сцішыўшыся, учуў зноў, як гарыць неачахлым агнём шыя... Успомнілася, выплыла з падводнай глыбіні зноў тое далёкае: на запараным, задыханым Дабрыяне конна сядзіць і рагоча малахольны Тадак Пясэцкі. I ўбачылася, так выразна і блізка, ужо цяперашняе: гвалтам і дагала раздзетая і кінутая на дыбу-лаву з жалезнымі ножкамі — бездапаможная, квола-дрыготкая, як пташка, у дужых мужчынскіх руках зганьбеная дзяўчына. I яе раз’юшана і няшчадна, заплюшчыўшы ад асалоды вочы, сячэ плёткаю з ушытым на канцы волавам азвярэлы Стась Дабрыян.
— Білі? — перачакаўшы, покуль у Міці перагарыць, ападзе злосць, спытаў Лаўрын Царык.
— Не-е... Замахнуліся раз. Дарэчы, свой, тутэйшы, у школе вучыліся разам.
— Яно ж так...— густа і расцяжна засоп Царык.— Свой свайго і душыць. Свет так створаны,— ён прысунуўся бліжай, запах даўнім потам, густым тытунём: — А пра мяне нічога не распытвалі ?
— Не...
— Значыць, памагае Карыба. Дайшоў да Наваградка.
— Пра Наваградак намякаў немцу і Бортнік.
— Ого, у лесе пэўна здох воўк,— і ляпнуў цяжкаватаю, як пранік, рукою па Міцевым калене.— Будзем на волі. Я, можа, і не пайшоў бы да гэтага Карыбы, але, як кажуць, і да грыба трэба нагнуцца.
— Го, мужчынкі, досыць шаптацца,— гукнуў з другога дашчанага, наспех збітага палка, невялічкі з задзірыстым носам Васіль Самахвал: — Частуйцеся хлебам. Жонка прынясла. Я ж усяго як два тыдні жанаты.
— Ну? — Царык павярнуў туды свой гарбаваты, цяжка спушчаны нос.— Што ты кажаш?
— Праўду кажу.— Самахвал развязаў на рудаватай, старой торбе туга звітую аборачку, выцягнуў паўакрайца, разламаў на кускі.
— Чорны, мусіць, з гірсаю? — спытаў чарнявы, нядаўна пабіты, з падпухлым і пабрыдчэлым, як не сваім, тварам цыганісты мужчына.— I на смак во гаркаваты,— сказаў ён, пажаваўшы хлеб.
— Можа, і з гірсаю. Хутар пры балотцы. Шмат яе там у збожжы расце.