— Во, не дабярэш, што есці,— яна махнула рукою і перад яго задранай храпай з вялікім сінім вокам, што страхатліва і пудка паблісквала.
— Чым ты яго, сястра, угнявіла? — паказваючы вартавому, што ён ідзе за браму да воза, гукнуў вясёлы і радасны Міця.
— Відаць, вайсковы конь — не зносіць баб,— выскаліўся каля паласатай будкі сутулаваты, гадоў пад сорак, вартавы.
— Ай, божачка, няўжо ты, Змітрык? — ускрыкнула Алеся і, слізгаючыся па сатлела-гнілым і кіслым леташнім лісці, пайшла насустрач Міцю, перакасіўшы ў балючай слязлівай міне твар.— Ледзьве напытала цябе. Увесь Наваградак аб’ехала.
Яна абхапіла, абвіла Міцю рукамі за шыю і, падступаючыся, пачала цалаваць у шчаку.
— Зблажэў, божа мілы,— нарэшце адступілася, ловячы папушчаны рог вялікай, цёмна-зялёнай хусткі.— Адмяніўся, не пазнаць. Ды яшчэ ў гэтай адзежы... Але балазе жывы ды здаровы.
— I ты нейкая збедаваная,— ён паглядзеў на яе звялыя сіняватыя губы, з куточкаў якіх пярсцёнкам маладзіка разбегліся зморшчынкі.
— А вунь тых, што сядзелі з табою ў дварчанскай цюрме, казакі замардавалі. Няхай бог адносіць ды не дапускае, якое на свеце шаленства пачало рабіцца.
— I Царыка?..— абмёр душою Міця.
— Таго чорнага, насатага?.. Кажуць, услед за табою павязлі.
— Куды?
— Ці сённяшнім светам дапытаеш. Чуткі да пагалоскі ідуць,— яна абярнулася да воза, адкінула радзюжку і знайшла пад ёю белую палатняную торбачку, пашытую, мусіць, са старой кашулі.— Во груш сушаных табе прывязла і сухарыкаў, што напякла на мёдзе.
— А сама як жывеш? — Міця, развязаўшы, зазірнуў у торбачку, жменяю чарпануў цьмяна-карычняватых сухарыкаў і кінуў перад хлопчыкам на стракатую радзюжку.— I яго во ў гэтакую далеч пацягнула за сабою.
Учуўшы, што пра яго гавораць, хлопчык апусціў шарыя вялікія вочы, моргаючы выгнутымі густымі вейкамі. Нешта Імполева было ў ім і чужое для Міці. Міця заўсёды раўнаваў сястру да патайнога, да ненавіснага яму Імполя.
— Пытаеш, як жыву? — у Алесі сутаргава ўздрыгнулі губы, балюча сцяліся, яна пракаўтнула даўкі камяк і нарэшце сказала праз слёзы: — Во з ім... Гаспадар расце. А далей ужо сам знаеш...
— Ды знаю...— уздыхнуў Міця, успамінаючы Дварчаны, тое акно ў чужой хаце, за якім мільгнуў і знік Хрысцін перапалоханы твар.— Бацька як?..
— Па табе гаруе. Пра нейкія сны, пра чорныя і шэрыя пташкі, што сняцца яму, расказвае. Навін, кажа, шмат чорных будзе.
— Навіны-то, праўда, чорныя. Невядома, калі вырвуся дадому,— Міця туга зашмаргнуў торбачку, падмахнуў ёю.— Але чаго гараваць, кормяць ды адзяюць во.
— Можа, калом у горле тая яда стаіць, а ты мяне суцяшаеш, Змітрычак,— і, азірнуўшыся на вартавога, Алеся вышмаргнула з-за пазухі плюшавага пералівістага чорнага сачыка, перашытага з даўнейшага, яшчэ з дзявочага паліто, нешта сціснутае ў жмені.— Я табе мамін крыжык прывязла. Нават у касцёле яшчэ раз пасвянціла яго. Схавай і беражы. I ён цябе берагчы будзе.
Міця, разглядючы на далоні пацямнелы, з чырвонай нітачкай рабавата-залацісты крыжык, сумеўся:
— Няўжо ён, той самы пазалочаны крыжык?
— Сцёрся ўжо, але схавай... Мяне бярог ад смерці і цябе зберажэ.
— Нешта выдумала,— Міця, не хочучы, запхнуў крыжык у кішэню.— I дзе ён цябе ўжо бярог?
— Там, дзе была мая смерць. На калеі... Хіба ты, Змітрычак, забыўся ўжо?
Ён зачырванеўся і ад брыдкасці, што распытаў не тое, і ад таго, што не браў талісмана:
— Даруй, Аляксандрачка, я незнакрок, я не хочучы... Зляцела з языка.
— Ат, перагораю,— і, распасцёршы рукі, як крыллі, з гэтай клятчатай хусткай, яна зноў абхапіла яго за шыю і пачала цалаваць у твар.
Абняўшы яе, зноў заплаканую, ён тыкаўся чуткімі губамі ў шорсткае брыво, і скроню са слізкімі валасамі, у халаднаваты яе лоб з бародавачкай.
— Беражыся. Не кажы нічога проці помслівых людзей. Кепскія людзі цяпер, страх і казаць,— яна адступілася ад яго і паправіла на плячах цяжкую суконную хустку.
— Ці я ўжо такі...