— Во дрочыцца.
— Што пляцеш. Чаму ўсе не спяць? — Камашыла, не апранаючыся, у шарых трыкатовых падштаніках, што абцягвалі яго тоўстыя крываватыя ногі, выбег на сярэдзіну казармы, крыкнуў, аж перасеў яго голас: — Узвод, устаць!
Рыпнуўшы ложкамі, шэсцьдзесят салдат у міг вока падскочылі і прыліплі босымі нагамі да настылай цэментнай падлогі.
— Сесць! — крыкнуў і зверавата азірнуўся Камашыла.
Усе прыселі, паклаўшы рукі на калені.
— На дупу сесць! На дупу!..
Салдаты мяшкамі аб’ехалі на цэментную падлогу. Міця ўчуў настылы холад цэменту і агідную нянавісць да Камашылы.
— Устаць!
Гэтая нянавісць і падняла Міцю.
— На дупу сесць!
— Устаць!..— роў, што было моцы, Камашыла, узяўшыся ў бокі і падышоўшы сюды, дзе падымаўся і садзіўся Міця. I нават паказаў яму стаяць, але Міця, нібы не змеціўшы Камашылавага падморгвання, падаў і ўставаў разам з усімі. Чуў, як пад каленямі баляць, ажно гудуць з непрывычкі стомленыя ногі.
Нездароўчы, задыханы і збялелы Камашыла змогся нават ад свайго хрыплаватага крыку. Чарнатою разяўленага рота выдыхнуў:
— Ну, быдла, я вышкалю, я прывучу вас да вайсковага парадку!
Употай ды няўзнак ад іншых, паклікаўшы Міцю ў туалет і цэдзячы з сябе доўга і з уздрыгваннем, пачаў дакараць.
— Ты дарма... Я ж міргнуў, мог і не выконваць мае каманды.
— Ну як жа ж я адзін буду стаяць як слуп.
— Гэта і праўда,— ажывіўся ён і перабраў пальцамі гузікі.— Так, пэўна, лепш. Не трэба паказваць перад іншымі, хто мы. А гэтае быдла трэба добра школіць. Бачыш, нават у канаўку зрабіць што трэба не могуць, цураць во пад ногі,— шырокім натужлівым крокам ён пераступіў едка-смуродную лужыну на жоўтай кафельнай падлозе і выйшаў з мураванага, з аконцамі і камінкамі, чыстага пабеленага туалета.
У гэты час раптоўнаю маланкаю палыхнула высокае вогнішча, і, счакаўшы, сюды дакаціўся і грымнуў тупаватым ляскатам далёкі ўзрыў.
I нібы папхнуў у плечы Камашылу — той пакаўзнуўся на сцежцы:
— О, падлюкі, грымнулі, аж...
— Ды вунь у прадмесці,— Міця махнуў рукою на залацістае полымя, што шугала між доўгіх будынкаў, і ад якога поўз угору вялы, падсвечаны чырванню, дым.
— I пад носам у казачкоў,— задзёр голаў і паглядзеў на гэты пажар Камашыла.— Ці не нафтабаза?.. Зараз трывога будзе. Прапала наша ноч.
I праўда, на шапаткі, усыпаны жвірам двор з глухога з зацемненымі вокнамі будынка казармы выскоквалі салдаты.
— Прыспешым крок,— Камашыла першым ірвануўся туды, да цёмна-вірлівай купы людзей.
За ім пабег і Міця, удыхаючы на поўныя грудзі свежы вецер, што пах полем, раскіслаю зямлёю, блізкасцю зялёнай вясны.
Асвяціўшы высокай яснасцю неба, пажар кідаў рэдзенькія водбліскі сюды, на маладыя з белымі камлямі бярэзінкі, на перапуджаных, што перамаўляліся, салдат, на жоўтыя сцены казармаў, адбіваўся, як трывожны захад сонца, ломкай чырванню ў частых, нібы пакратаваных, шыбах вялікіх вокнаў.
...У казармы вярталіся, ужо згасалі зоркі, і ў бярозавым гайку тоненька адзін перад адным высвіствалі дразды. У горадзе, перабраўшы ўсе вуліцы і завулкі, яны так нікога і не знайшлі. I нехта падказаў, што група — чалавек сем узброеных — пасля пажару нафтабазы была відаць на балотцы: грэбляю праз лазнякі ўцякала за груд, на блізкія ад горада хутары. Кінуўшыся і ўжо, вядома, позна, акружаць хутары, яны на полі насцігнулі пустую без фурмана падводу, а ў блізкай да дарогі хатцы, дзе ляжаў хворы на тыф, Камашыла дагадаўся падысці да ложка і адкінуць на хворым коўдру — там аказаўся адзеты і нават у ботах малады і, як можна было пазнаць па гутарцы, нетутэйшы хлопец.
— Гэта той, што біў майго бацьку,— ідучы за возам, у якім ляжаў са звязанымі назад рукамі невядомы хлопец, Камашыла, шалеючы ад нейкай гарачкі, штурхаў локцем Міцю.— Той, кажу.
— Адпусціць трэба было. Якая халера пагнала цябе да ложка.
— Успомніш некалі мяне, калі ты нарвешся на іх, як яны цябе адпусцяць... Хіба на той свет.