Тут жа за сталом сядзеў яшчэ адзін у нямецкай зеленкаватай форме. Далей і абапал стала яшчэ двое — у чорных мундзірах з шарымі каўнярамі і з шарымі закарвашамі. Ужо свае, з паліцыі: камендант Бортнік і тутэйшы паляк Ядлоўскі, меншы па званні, бо нават у абмотках.
З боку ад Міці на шыракаватай абслізганай з жалезнымі падпорамі лаўцы, што стаяла сярод няроўнага, з тупаватым вуглом пакоя, зашчаміўшы між каленяў тоўстыя кулакі, сядзеў асалавелы, недаспаны з чырвонымі, як у ангорскага труса, вачмі, ужо нават і добра знаёмы па шостым класе, бо далей не вучыўся, Стась Дабрыян. Міця сумеўся і апаў душою, убачыўшы яго тут.
Не хацелася верыць, што ціхі, сарамяжлівы і ўжо зусім баязлівы Стась Дабрыян, якога папіхалі ўсе, а найбольш здзекаваўся Тадак Пясэцкі,— уссунуўшыся яму на спіну і трымаючы за вушы, ездзіў па класе і нават яшчэ пад рогат усіх расцяжна бэкаў,— ачуціўся тут у катоўні? Няўжо час, вайна, чужая смерць, на якую кожны нагледзеўся, так змяніла, так перайначыла і знявечыла людзей?
Міця краем вока зіркнуў на жоўтую, як выскаблены стол, лаўку і ўжо між Дабрыянавых зашчэмленых каленяў убачыў абшморганы да бляску шомпал, які востра і балюча ўпіраўся ў халяўку кепска зашнураванага, з высалапленым языком чаравіка.
I ўспомнілася ўжо іншае, чутае нядаўна ад кабет у Верасаве, што ў паліцыі лютуе нейкі кат, які замучыў дварчаскую кабету, поручы і круцячы шопмалам у незагоеную прастрэленую рану.
Няўжо гэта ён, сарамяжлівы Стась Дабрыян?
— Не азірайся,— пачуўся адтуль, з лавы, Стасеў і не Стасеў грозлівы голас.— Часу няма, ноч на дварэ. Распранайся.
— Пачакай,— падняў левую руку Бортнік, правай ён круціў, раструшчваў кончык прымоклай жоўтай цыгарэты.
Але Міця ўбачыў, як Стасю падміргнуў сіваваты ў зялёным фрэнчы немец і Стась у міг вока, падхапіўшыся з лавы, ужо нават спрытна і звыкла, з хлёсткім свістам махнуў шомпалам.
Удар прыйшоўся па карку — нечакана цяжкі і балючы. Міця ледзьве ўстояў на нагах, ледзьве стрымаўся, каб не закрычаць, не адказаць на гэты ўдар азвярэлым, свірэпым мацюком. Ён толькі бязвольна заскрыгітаў зубамі.
Бортнік, абцёршы рукою губы, павярнуўся да немца:
— Тут за яго прасілі.
— Хто? — па-польску спытаў другі — бялявы, з прыгладжанымі лысаватымі валасамі і з вялікімі вачмі.
— З Наваградка.
Міця, гатовы ўжо да новага, гарачага, што апякаў, як распаленае ў горне жалеза, удару шомпалам, напята і напружана заціх.
Немец разгарнуў чорна-мармуровы ў кардонных вокладках з паўкруглымі кантамі сшытак, што ляжаў перад ім, і выцягнуў з кішэні жоўты скураны футляр. Шчоўкнуў кнопкаю. Расшчаміўшы тонкадрацяныя, спружыністыя вушкі, надзеў акуляры на тонкі нос:
— Прозвішча?
— Корсак,— падсунуўся на кароткім, са спінкай, зэдліку мардаты Ядлоўскі.— Знаўся з бальшавікамі.
Нямецкі афіцэр пацягнуў на тонкім носе серабрыстыя акуляры і зіркнуў зверху шкельцаў.
— Быў сакратаром сельсавета,— Міця цяжка паварушыў перасохлым языком.
— Значыць, уводзіў жыдоўскі парадак? — зноў па-польску спытаў немец.
— Ён і за нашую справу пацярпеў,— нервова пачаў смактаць запаленую цыгарэтку ўстрывожаны Бортнік.— Сядзеў у польскай турме.
— Та-а-ак,— немец адною рукою трымаў, каб не загарнуўся чорны сшытак, другою падсоўваў на носе акуляры.— А дзе жывеш?
— У Верасаве.
— Далёка адсюль?
— Пяць кіламетраў.
— Та-а-к... Як ачуціўся тут падчас узрыву вадакачкі?
— Прышоў купіць газеты. Пра здарэнне на станцыі нічога не ведаю.
— Не прызнаецца, халера,— выскаліўся Бортнік.— Дзявулю тут мае. Да яе, мусіць, прыбягаў.
— I хто ж яна? — зноў спадлоб’я, угінаючы голаў, зіркнуў немец.