— Каго там знойдзеш ці дапытаешся цяперашнім часам?
— Знайду... Камашылу...
I тут ужо зусім выйшаў з цярпення, не вытрываў Пясэцкі, але голас яго сарваўся і захрас у пракураным горле. Нарэшце, адкашляўшыся, ён крыкнуў па-польску:
— Холера! Псякрэў! Не вольно розмавяць![12]
— Як ты, Чэся? — нібы не было гэтага злога, помслівага напамінку Пясэцкага, задраў сваю кепачку Міця.
Яна махнула перад тварам рукою, нібы хацела засланіцца ад раптоўных слёз, доўга маўчала, пракоўтваючы свой даўкі боль, нарэшце адазвалася, ужо таксама па-польску:
— Не мартві сень о мне. Чуень сень добжэ[13],— і падняла руку ў карычневай шоўкавай пальчатцы, скоранька перабіраючы скурчанымі пальцамі, струнка прыпаднялася ўся, каб бачыць за чужымі плячмі і галовамі Міцю: — Цалуень ці моцна[14].
I асталася стаяць на шарым, выкладзеным квадратнымі плітамі тратуары пад доўгім галлём чорнай грушы, што пераважылася цераз мігатлівы, зліты ў адзін пас штыкетнік.
— Шыбчэй, холера! — зноў уедліва гаркнуў Пясэцкі.
За навалам пераплеценага, аблашчанага вясновым сонцам прысаддзя, за гонтавымі жаўтлява-замшэлымі дахамі местачковых будынкаў падымаўся мутна-бляшаны, пабіты ржавымі плямамі дах мураванкі.
Міця азірнуўся: Чэся, падаўшыся яшчэ да крутабокай, абклеенай афішамі тумбы, спынілася за ёю і, трымаючы адной рукою сцішана-паслухмяны веласіпед, а другою, бездапаможна-скурчанай, закрыла вочы і здрыганулася ад сцішнага плачу. I Міця нечакана пачуў яе стогн і ўсхліпы. Стрэчныя людзі азіраліся то на яе, то на купку вязняў, што глухаватымі крокамі ступала па старым выбоістым бруку. На вузкую вуліцу ў чорным адчаі хілілася калюча-голае і крывое галлё прысадаў.
У Міцевай душы нязносна зашчымела і запяклася балючым, як вытрываць, згусткам крыўда на гэты пусты, сінявата-хмуры вясновы свет: няўжо яны не стрэнуцца болей, няўжо не будзе той пяшчоты, салодкага адчування адно аднаго? Няўжо не вернуцца хвіліны кароткага шчасця, няўжо наперадзе чэрствыя, пакутныя дні чакання блізкай смерці?
Нібы здагадваючыся пра гэтыя цяжкія, трывожна-затоеныя Міцевы мыслі, ужо вечарам на цвілых, слізка-азызлых ад падвальнай вільгаці нарах да Міці падсунуўся Лаўрын Царык, здушана зашаптаў, падмахваючы галавою назад, на паўкруг закратаванага, нібы ў касцёле, тоўстымі прэнтамі акна, што выходзіла на глухі дзядзінец даўнейшай сальнай лаўкі дварчанскага гандляра і прайдзісвета Станчука-Дранчука:
— Гэ, гляджу, ты ўжо саўсім скіс,— і штырхануў локцем.— Дзень-два трэба патрываць, а там — на волі...
— Хто знае, як будзе,— Міця верыў і не верыў, бо было нешта па-дзіцячы смешнае ў Царыкавай радасці.
— Праўду кажу... Сам бачыш: нас пакінулі тут, у паліцыі, а астатніх перадалі казакам. Там людарэзы горшыя, чым паліцыя.
— Няўжо Пясэцкі пашкадуе нас?
— Гэты, каб прымеў, жыўцом з’еў бы. Але наш лёс не ў яго руках.
Сёння і праўда тых сямёра мужчын і сярод іх здаравеннага, пад два метры ростам, дварчанскага балагола Таўкуна не прывялі ў гэты смярдючы, з нявыветраным духам елкага сала падвал. Значыць, Царык кажа праўду, Пасля вячэры, на якую разам з закурэлым аплеценым дротам ліхтаром, што падвесілі за ржавы крук пад шурпатай столлю, прынеслі па кансерваванай бляшанцы несалёна-цёплага пойла, зверху якога густа, як раска на цвілой сажалцы, плавала грэцкая луска, усіх па калейцы пачалі вызываць на першы допыт.
Сутулаваты, з падбрытымі вусікамі, што чорнай, нібы наклеенай кажурынкай зачапіліся пад наздраватым носам, Сідорык першым паклікаў калекага, з падвернутай ступою мужчыну.
Нясмела ступіўшы і зачапіўшыся няспрытнаю нагою за парог, цыганаваты мужчына вярнуўся праз паўгадзіны, а то і менш, з падпухлым, апаласканым халоднаю вадою тварам і акрываўленаю ў пальцах праваю рукою, якую ён пагушкваў, прытрымліваючы левай, і крывіўся, падкусваў губу, каб перабіць і суняць боль.
I ўсе, зіркнуўшы на акрываўленую руку, таксама астуджаную ад гарачага болю шчымліва-халоднаю вадою, без ніякага роспыту, маўчучы, здагадаліся, што яе раструшчылі, усунуўшы каля завесаў у дзверы.
Цыганаваты мужчына прысеў на азызла-слізкі ад вільгаці палок чамусьці поруч з Міцем і зноў ад болю, ажно трасучы падбародкам, уцягнуў са свістам у сябе гэты затхлы дух падвала.
Ён нават нешта сказаў, але яго перабіў востры неспадзяваны, нібы ляскат перуна, голас Сідорыка:
— Корса-а-к!
Цяжкія, акутыя цынкавай бляхай дзверы ўедліва зарыпелі, адсланяючы паўцёмны і вузкі калідор.
Міця, чуючы ўсё яшчэ тупаваты боль у прыдушанай каменем назе, выйшаў у калідор, дзе ў малочнай, падвешанай да столі лямпачцы слепаватай чырванню датляваў валасок. Тут панура туліўся ад настылага холаду падвала яшчэ адзін паліцыянт.
Халаднавата і не вельмі светла было і ў прасторным пакоі на другім паверсе мураванкі, куды Міцю падапхнуў, мацюкнуўшыся і астаўшыся сам у калідоры, сутула-сухарлявы злосны Сідорык.
Шары, забэрсаны поцемкам вечар ціснуўся да двух шыракаватых вокнаў на шэсць балонак з ніжняй форткай, якую, пэўна, пабаяўшыся скразняку, локцем штырхануў немалады ўжо сіваваты немец з вітымі пагонамі на салатавым мундзіры.
«Жандармерыя»,— вызначыў Міця, спыніўшыся каля венскага крэсла.
[12] — Халера! Псякрэў! Не дазволена гаварыць! (польск.).
[13] — Не гаруй пра мяне. Чуюся добра (польск.).
[14] — Цалую цябе моцна (польск.).