Пясэцкі махнуў чорным рукавом з шарым закарвашам.
— Гэй, Корсак, варочайся назад, лезь у яму, покуль я цябе не прыстрэліў! Хай ідзе ён, гэты стары чмут,— і бот, упэцканы ў рыжаватую гліну, ткнуўся ледзь не ў самы Царыкаў чорна-сіняваты, з сівай іскрыстай, як замаразак, шчацінай няголены твар.
З чужой добрай помаччу Царык выкарабкаўся з ямы і, угнуўшыся, трохі нават накульгваючы і падвалокваючы ногу, пайшоў на жоўты, з падточаным берагам касагор, дзе пад вартай старых круглаверхіх хвояў свіціліся пабеленымі сценамі местачковыя хаткі.
Адтуль ён прынёс вяроўку і нечаканую ўжо для Міці навіну, якую пераказаў, упёршыся зморана на лапату, калі выцягнулі з ямы цяжкі камень.
— Забег да Карыбы. Ён мой даўні таварыш,— Царык згроб жменяй з броваў кроплі поту.— Хай ратуе. А то, думаеш, мы не дагадаліся, што гэты пэцкала, што выдае сябе за палячка, хацеў цябе прыстрэліць. Трэба ратавацца. Наказаў і тваёй...
— Каму?
— Ну, не прыкідвайся. Хіба не знаю. Хай таксама шукае якога ратунку. А то не бачыш — згінем.
У Міці ўстрывожана закалацілася і заныла ад нейкага шчымлівага болю пякучае сэрца — ён убачыць Чэсю. Яна не выцерпіць і, напэўна, прыбяжыць сёння. I праўда, Чэся з’явілася скора, калі іх гналі на абед,— хоць які там абед — пойла з гнілаватых буракоў, белавата-сыпкі, гаркаваты з выметкаў рознай мукі і вотрубяных дамешкаў хлеб.
Не даходзячы мураванкі, з боку брукаванай вуліцы пад шара-бліскучым, навіслым над тратуарам яблыневым голлем Міця нечакана ўбачыў на дамскім, з радужнай сетачкай веласіпедзе знаёмую постаць у карычневым каптаніку са стаячым каўняром, абшытым чорнай апушкай, і ганарыста нацягнутым на адно вуха берэтам.
З дробным, нібы шкляным звонам, веласіпед саскочыў з тратуара на мутны ружаваты брук і, бліснуўшы руляй, спыніўся напроці маўкліва-панурых вязняў. Яны, заклаўшы назад рукі, паволі ішлі сярэдзінаю шашы, прыгорбленыя і сцішэлыя ад прытоеных цікаўных позіркаў стрэчных людзей; за імі, трымаючы пад пахаю ацяжэлую вінтоўку і насунуўшы на вочы дзюбаватую шапку, падкоўкамі ботаў цокаў Тадак Пясэцкі.
— Міцек! — задушлівы, глыбокі ўскрык вярнуў Міцю нешта даўняе, шчымліва-радаснае.
— Да арыштаваных не падыходзіць! — прыкрыкнуў Пясэцкі і, апярэджваючы Чэсю, падбег да калоны вязняў.
— Міця, за што? — Чэся, саскочыўшы з веласіпеда і ведучы яго блізенька каля сябе, здзіўлена-вялікімі вачмі глядзела на Міцю.
— Не ведаю, Чэся.
— Што перадаць табе?
— Нічога.
— Я во наспех нешта ўзяла,— з кіраўніцы яна зняла белую торбачку з вышытай у двух зялёных лісціках ружай.
— Я сказаў адысці ад арыштаваных! — злосна ўжо зароў Пясэцкі і рвануў з Чэсіных рук вышываную торбачку.— Падаянкі трэба перадаваць толькі праз паліцыю.— I махнуў гэтаю торбачкаю.— Там, у камендатуры.
Чэся нечакана павярнула веласіпед і нечакана загарадзіла дарогу Пясэцкаму.
— Тадэк, ты ж быў добры.
— Добрыя даўно звяліся,— ён адвярнуў сваю дзюбаватую чорную шапку і падняў палатняную торбачку.— На і адыдзі, калі не хочаш мыць у паліцыі падлогу і сходы.
Міця ледзьве трываў, душа гарэла ад нянавісці і гневу, што не можа ўдарыць, забіць Пясэцкага. Перасільваючы сябе, папрасіў толькі:
— Чэся, не трэба, не прыніжайся.
— Што рабіць, Міцек? Можа, схадзіць куды, папрасіць? Можа...
Міця маўчаў, угнуўшы голаў, пазіраў, як слізгала на няроўных каменнях калекая ў чаравіку з высокім скрыўленым заднікам нага дужага, падобнага да цыгана мужчыны. Ён усё спатыкаўся і пахістваўся набок. Поруч шоргаў доўгімі, як ночвы, збітымі, упэцканымі ў гліну і размоклымі туфлямі Лаўрын Царык.
Пішчалі ад вады і Міцевы, каторы ўжо дзень не сушаныя, расквашаныя і ажно сівыя чаравікі.
I праўда, што рабіць, каго прасіць, як ратавацца? Вайна разагнала, раскідала ўсіх.
— Міцек, я ведаю. Я дагадалася, куды ісці,— наскочыўшы ў выбоіну, заляскаў і балюча зазвінеў Чэсін веласіпед.
— Куды ты пойдзеш, Чэся? — Міця, прыгледзіўшыся, бачыў, як змянілася, як пасталела яна, як нешта смутна-хваравітае абяскровіла яе твар і пасініла, сцягнула яе падпухлыя вусны.
— У Наваградак.