I Міця, нават забыўшыся, што шчыміць і ные прыдушаны палец, зашастаў па чорным леташнім крываўніку.
Адным, здаецца, махам узбег па вільготна-ліпкай, што паскрыпвала пяском, дарозе на стромы груд, дзе мякка і густа шумяць, адхіляючыся ад падточанага сыпкага берага, круглаверхія з тоўстымі, пакручанымі, як раматусам, лапамі старавечныя хвойкі.
Далей, за імі, у маладым падлеску, у круглых, як насенны кутасік у цыбулі, ялаўцовых кустах, велічна і ўзнёсла падымалася ружаватая, з шыза-зялёнай і маленькай ад вышыні кронай, задумлівая, з нейкім сваім, непадступным гонарам хвойка.
I Міця задыхнуўся, успомніўшы зіму, глыбокі снег, непраглядна-сівую кудасу, трэск разгайданага галля і сушняку, і яе, цёпла-пахучую Чэсю. Даверліва і аддана-мяккую вільгаць яе вуснаў, яе глыбокі і захватліва-парывісты, балюча-стомлены, сутургаваты ўздых...
Як ачаравала, як перайначыла і абвеяла зіхатліва-радужнай яснасцю свет гэтая першая блізкасць.
Міця завярнуў на цвёрдую сярод вузлаватых у нарасцях белай смалы пераплеценых карэнняў вузкую сцежку, што ўмела роўненька бегчы між непрыступных камлёў сосен. Ногі заслізгаліся па карычняватай, летась увосень нацярушанай ігліцы.
Калі ён вернецца, калі ён прыйдзе з Чэсяй да гэтай прыгожай сасны, каб абняць іх абедзвюх разам?
Няўжо ніколі?
I нечакана тугі, звінючы, як струна, і адначасны з глухаватым вінтовачным стрэлам свіст кулі ачуціў Міцю. Ён азірнуўся — страляў Пясэцкі, стоячы каля чорна-белага, стракатага камля старой, што расла зводдаль ад струхнела-гнілаватых, дашчаных хлевушкоў, вілаватай бярэзіны.
Толькі цяпер Міця зразумеў, што будзе далей, калі ён ступіць хоць адзін крок — Пясэцкі стрэліць зноў.
Брыда! Гад! Паскудства! Ён выправіў Міцю знарок, каб напалохаць, паздзекавацца, а калі Міця паспрабуе ўцякаць, то і застрэліць. Апраўданне лёгкае — хацеў уцячы. Чуючы, як усё гарыць і пераварочваецца ад страшнай нянавісці, болю і адчаю, Міця памалу пайшоў назад. Ногі дрыжалі і спатыкаліся на шарай, паточанай ужо ружаватымі дзюбкамі травы і няроўнай сцежцы.
Пасмоктваючы танную нямецкую цыгарэтку, што вісела на адкапыленай губе, Пясэцкі кляцнуў замком, выкінуў патрон, што курыў яшчэ смярдзючым дымком, спытаў пісклявата-бабскім голасам:
— Чаго вярнуўся?
— Бо хацеў,— Міця сціснуў зубы, прымяргоўваючыся на выпадак чаго вырваць вінтоўку.
— А я думаў, ты пойдзеш далей...
— А ты страляў бы, падлюка?
— Ха-ха...— Пясэцкі двума пальцамі злавіў на губе рассліненую цыгарэтку.— Шкада, што і так злямзіў.
Нешта балюча і цяжка абарвалася ў Міцевай душы.
— Гніда...
— Маўчы! А то! — Пясэцкі зноў кляцнуў замком.
— Што? — Міця стаяў збялелы, увесь ужо дрыготка-напяты.
— Ідзі лепш па вяроўку, пакуль я з цябе не злупіў шкуру.
З ямы высунуліся вязні, аблёгшы локцямі на край берага, глядзелі, што робіцца каля адзінокай тоўстай у камлі звіслай бярэзіны.
— Што, яшчэ не прыняслі вяроўку? — спытаў высокі шыракаплечы мужчына, задзіраючы свой ліловы нос.
— Ды во не ідзе,— здзекліва ўсміхнуўся Пясэцкі.
Міця злосна спадлоб’я зіркнуў на Пясэцкага і, памалу адыходзячыся ад бярэзіны, ступіў на ружаватую, скрыпучую ад вільготнага пяску дарогу. Яна падымалася туды, дзе была Чэся, дзе быў іншы, здаецца, вольны, хоць на міг і ясна-велічны, поўны хараства свет.
Азірнуўся. Пясэцкі, паставіўшы каля бота вінтоўку, маўкліва і падазрона глядзеў з-пад свае чорнай даўгадзюбай шапкі. Паклаўшы аблакачоныя рукі на бераг, выцягваючы голаў, сцішана вызіралі з ямы і нічога не разумелі ўсе чатыры здзіўленыя вязні.
Раз’юшаны Пясэцкі раптам крутнуўся, падбег да жвірыстай гурбы свежага пяску, злосна і дзіка чарпануў па ёй ботам і сыпнуў вязням у твар:
— Чаго вызверыліся? Марш працаваць!
— Валам і то даюць перадыхнуць,— аказаўся малады, падобны да цыгана мужчына.