Бургамістр(п’е і закусвае, Брындзюкоўна бегае вакол, падсоўвае талеркі, падлівае віно). Што гэта вы клапоціцеся сёння?
Брындзюкоўна. Хто ж паклапоціцца, як не законная жонка. Селядца вазьміце, «пашлет» паспрабуйце.
Бургамістр. Што гэта вы… турбуецеся… як на свята…
Брындзюкоўна. Хто ж патурбуецца, як не законная… наліце яшчэ.
Бургамістр(п’е). Дзякуй, дзякуй, толькі што гэта вы так частуеце…
Брындзюкоўна. Хто ж пачастуе, як не жонка законная. Ноч не спіш, думаеш, як дагадзіць.
Бургамістр. Дзякуй, дзякуй… Толькі што гэта вы…
Брындзюкоўна. Наліце, наліце хранцузскага. Калі ж і адпачыць, як ні пасля працы, дзе ж як не дома — а жонка, законная, усё падрыхтуе. (Выбягае.)
Бургамістр. Няўжо праўда? Падрыхтуе? З Пшэбыеўскім. (Праводзіць рукой па горле.)
Моцнае віно…
Брындзюкоўна. Заморскае, адпачніце, дзе ж адпачнуць…
Езус Марыя, Езус Хрыстус, — дапамажы.
Бургамістр. А, душагубцы! Я табе пакажу, як людзей рэзаць! Законнага мужа! Я вас выведу на чыстую ваду. Змова! На ўладу руку паднялі — га?!
Брындзюкоўна. А-а, Езус Марыя, дапамажы!
Бургамістр. Я табе дапамагу — і да Пшэбыеўскага дабяруся! Ён на мяне даўно зубы вострыць — бач, дарогу яму перайшоў. Я вам пакажу! Мужа рэзаць!
Брындзюкоўна. А-а-а-а, я не рэзала, гэта ўсё ён навучыў!
Бургамістр. I да яго дабяруся! Не пагляджу, што Пшэбыеўскі! Усе на катаргу пойдзеце! Бургамістр проста так не дасца! (Кідае плётку, становіцца насупраць Брындзюкоўны і паказвае ёй фігу.) Зарэзаць — а вось бачыла?
Брындзюкоўна(хапае яго за руку, але Бургамістр штурхае яе, і яна садзіцца на падлогу). Не хацела я рэзаць!
Бургамістр. Смерці мае захацела?
Брындзюкоўна. Не смерці я хацела, а кахання… А-а-а…
Бургамістр. Якога кахання?
Брындзюкоўна. Такога, як тады, калі пажаніліся, каб не бегаў па патаскухах… А-а-а…
Бургамістр. Ты што вярзеш?
Брындзюкоўна. А-а-а… (Мацае плечы.) Што толькі не рабіла — і зеллем паіла, і шаптух вадзіла, у, казёл пракляты, як да жонкі — дык яго няма — усё па патаскухах. Валацуга гэты і параіў выгаліць тры валасіны пад барадою і — ад іх, кажа, усё зло. Ці ж я не законная жонка, ці ж я не хачу кахання?! А-а-а…
Бургамістр. Які валацуга?
Брындзюкоўна. У ратушы ў тваёй, калі застала цябе з гэтай макрахвосткаю — а-а-а! — прападзі ўсё пропадам, у манастыр пайду ад такога жыцця — а-а-а… (Паўзе на карачках праз усю сцэну.)
Бургамістр. Стой! Стой!
Успомніў. Успомніў, дзе я яго бачыў! Гэта ж ён у мяне ля рэчкі штаны ўкраў! I Яцаку прадаў — а я яго чуць у астрог не пасадзіў! Гэта ж Несцерка! Гэта ж яму стары Пшэбыеўскі коней прайграў! Ага! Дык вось як яно?! Ну пачакай! Я цябе дастану! Толькі трэба ўзяцца з розумам! Я табе выпішу пашпарт! Паглядзім, хто каго!
Карціна шостая
Лакей. То хай пані пачакае, пан зараз прыйдзе.