Пшэбыеўскі. О, па розуму мне тут роўных няма.
Кацярына. Вось гэта праўда, цяжка пару знайсці.
Пшэбыеўскі. Другі раз ну проста распірае ад розуму, не ведаеш, што і рабіць.
Кацярына. Падзяліліся б з кім.
Пшэбыеўскі. А я так і раблю, я парады ўсім тады даю. Вось і панне Катажыне хачу даць.
Кацярына. Якую ж гэта параду пан хоча мне даць?
Пшэбыеўскі. Выходзьце, пані Катажына, замуж.
Кацярына. Дзякуй, так і зраблю. Толькі вось каго жаніхом абраць — парады ў пана пытаць не стану.
Пшэбыеўскі. За мяне, за мяне, як крулеву апрану, у Варшаву завязу.
Несцерка. Дзень добры, паночку.
Пшэбыеўскі. От, халера ясна, збегла.
Несцерка. Э, паночку, дзеўку голымі рукамі не зловіш.
Пшэбыеўскі. Тады сеткай зловім, залатой. Як адвязу ў Варшаву… Кажы, што новага.
Несцерка. Ох, паночку, што ні навіна, то не радасць.
Пшэбыеўскі. За дрэнныя весткі — сам ведаеш, якая ўзнагарода.
Несцерка. Што рабіць, як лепшых няма. I так заходзіў, і гэтак. I з ёю гутарыў, і з бацькам. Убіла сабе ў галаву гэтага Андрэя — за яго, або ў ваду, кажа, — і ўсё тут.
Пшэбыеўскі. А што ж бацька — тысячу мне вінен, — сілком хай цягне да касцёла. За гэтыя грошы дзве такія Катажыны купіць можна.
Несцерка. Ён не супраць, але ж пан хацеў паціхеньку абвянчацца.
Пшэбыеўскі. Але. Катажына, хаця і прыгажуня, а мяшчаначка, не з рукі мне, Пшэбыеўскаму, пры ўсім народзе. Вось пажыве ў Варшаве, стане паненкаю…
Несцерка. А сілком, паціху, — не атрымаецца. Дзеўка не конь, вупраж не накінеш.
Пшэбыеўскі. Захочаш пакатацца — запражэш. Дзе ж твая хвалёная хітрасць?
Несцерка. Пры мне, паночку, пры мне. Вы казалі, што вам абы да касцёла, а там ужо ваш клопат.
Пшэбыеўскі. От, пасля касцёла дзеўка мякчэй становіцца.
Несцерка. Вось я і прыдумаў…
Пшэбыеўскі. Ну дык расказвай, што ты прыдумаў.
Несцерка. Даведаўся я, паночку, што Кацярына чакае Андрэя з дня на дзень. I хочуць да касцёла…
Пшэбыеўскі. То разбой! Я паклічу варту!
Несцерка. Э, паночку. Толькі спалохаеце. А вось мы ёй вестачку пададзім — як ад Андрэя. А пан пераапранецца — ды замест яго пад вянец. А там — воля ваша, мой клопат — да касцёла.
Пшэбыеўскі. От праўда, галота на выдумкі хітрая.
Несцерка. Хай пан загадае запрэгчы тройку — увечары я пад’еду па Кацярыну, у мяне ўжо ўсё дамоўлена.