Несцерка. Бач ты?!
Іван. Ну, пайшлі ў хату, што, табе там месца не знайшлося?
Несцерка. Хто яго ведае. Я чалавек прахожы, мне не пад плотам — і то добра. Дзе пакладуць, там і лягу, хоць і не вячэраўшы.
Іван. Ну то і перакусім разам. Мяне ж іх благароддзе на гадзіну адпусціў — дай Бог яму здароўя, паставіў яму выпіць на апошні рубель. Эй, Малання, адчыняй.
Малання(убачыўшы Івана). А-о-о-о…
Іван. Што, касатка, — не рада?
Малання. А-о-о-о…
Іван. Сядай, добры чалавек. А ты цягні на стол усё, што ёсць. Можа, апошні раз у сваёй хаце перакусіць давядзецца — палітыка, брат, — тонкая справа. Ды расказвай, як жывеш тут без мужа.
Малання(ставіць на стол хлеб і сала). Вядома, як удава.
Іван. Мабыць, не сумуеш?
Малання. А і не павесялішся — на хлебе з салам.
Іван. А салдат і вадзе, бывае, рад. А з салам ды хлебам — то свята.
Несцерка. Гэта так. Сала — добра, а вось гусь — таксама не горш.
Іван. Які гусь?
Несцерка. Тушаны — з печы, вунь там, за ўслонам.
Малання. Што ты мелеш, мо п’яны?
Iван. А ты адкуль ведаеш?
Несцерка. Ды я, міл чалавек, наскрозь бачу. Асабліва, калі есці хочацца. Заглянь, заглянь, гаспадынька, у печ і ў шафу.
Малання. Што ты вярзеш, валацуга!
Іван. Ну-ну, не шумі, я і сам загляну. (Дастае гуся.) Каму ж гэта ўсё прыгатавана? Ох, дабяруся я да цябе…
Несцерка. Давай, салдацік.
Iван. I як ты на гэтую шафу глянуў? А то бачыш, як з бабаю. А вось у нас таксама быў адзін гэтакі, як і ты. Але ён усё больш чарцей бачыў — дык яго ў манастыр адпусцілі.
Несцерка. Эй, чарцей — гэта я яшчэ ў дзяцінстве мог.
Малання. Ды ты сам чорт бязрогі.
Несцерка. Вось, напрыклад, бачыш бочку?
Іван. Ну.
Несцерка. А ў ёй — бачу — сядзіць чорт.
Іван. Не можа быць. А калі яго перахрысціць?
Несцерка. Не заўсёды дапамагае. Каб чым другім…
Іван. А ну, пачакай… (Бярэ ружжо, цэліцца.)