(Хлопае ў далоні, звяртаецца да дзяўчат-танцорак). Прыгатаваць усё! Перша сцэна — танец. Музыка — раз-два — раз-два-тры!
О! Матка боска — як нежывыя — віва, віва, вось гэтак. Амарозо — вось так. (Паказвае, як трэба рухацца.) Зноў — музыка — кантабіле, кантабіле. От, як з дрэва зробленыя! Рукі — рукі — грацыя. О, пані Катажына, — як вывучыць гэтых! I музыка — хоць вушы затыкай. Трэба выпісваць італьянцаў. Пастух, дзе пастух? — выхад пастуха.
Пастух (спявае).
Пшэбыеўскі. Стоп, стоп, усё не тое! (Выходзіць сам, робіць некалькі «па» і пяе.)
От, пані Катажына — ну што з імі зробіш. I потым, што гэта за мова?! Ці ж можна размаўляць на гэткай туземнай мове?! На сцэне трэба па-французску або па-польску.
Кацярына. А па мне, паночку, няма лепш той мовы, на якой маці калыханку пела.
Пшэбыеўскі. Маці! Калыханку! Не, не. Ні пець, ні танцаваць! Не тая парода. Трэба выпісваць італьянак.
Кацярына. Занадта складана пан усё прыдумаў — вось і не атрымліваецца. А што пець ды скакаць — нашы дзяўчаты не горш за італьянак могуць.
Пшэбыеўскі. О пані! Мастацтва — тонкая рэч. Тут патрэбна парода. Віва — кантабіле, тэмпо — брыо.
Кацярына. А вось пагляньце — ваша брыла.
Пшэбыеўскі. То цо такое пані мувіць!
Кацярына. А гэта песня такая.
Пшэбыеўскі. Ах, то песня?
Кацярына. Песня, песня.
Пшэбыеўскі. Песня добрая. Гэткія песні трэба запісаць і выдаць ксёнжкай у Варшаве. То туземны фальклор.
Кацярына. Пан так навукова кажа, што і зразумець цяжка.
Пшэбыеўскі. Але. Да навукі я маю розум. А пані Катажына вельмі добра скакала. Зусім як тая козачка. (Хоча абняць Кацярыну.)
Кацярына. Козачкі не толькі скачуць, яны яшчэ і бадаюцца.
Пшэбыеўскі. О, пані Катажына, я толькі меў намер падзякаваць за танец.
Кацярына. Пан казаў, што мы не ўмеем танцаваць.
Пшэбыеўскі. О, я толькі меў на ўвазе, што гэткія танцы не для сцэны. Мастацтва — тонкая рэч. Вось калі будзе гатова мая опера…
Кацярына. А калі ж яна будзе гатова?
Пшэбыеўскі. О! Такое грандыёзнае прадстаўленне мае быць толькі па асаблівым выпадку. Напрыклад, для вяселля. Як пані Катажына адносіцца да вяселля?
Кацярына. Гэта справа добрая. Ды вось жаніха няма.
Пшэбыеўскі. Жаніха можна знайсці.
Кацярына. Цяжка знайсці такога, якога хочацца.
Пшэбыеўскі. А якога пані хоча?
Кацярына. Каб быў прыгожы…
Пшэбыеўскі. То ці ж я не прыгожы — такіх шчыблетаў ні ў кога ў акрузе няма, а фрак з самога Парыжа.
Кацярына(убок). Добры фрак, ды сам дурак. (Пшэбыеўскаму.) Яшчэ каб разумны быў.