— Калі пан вяртаецца?
— Не ведаю пэўна. Праз некалькі дзён.
— Чаму пан жыве ў Польшчы?
— Я некалі не пайшоў у савецкае войска і быў змушаны потым эміграваць у Польшчу.
— Можа, пану прыкра, што так я распытваю?
— Але ж я ахвотна адказваю.
— Пан, пэўна, галодны? Можа, гарбаты?
— Ахвотна б напіўся, але маю пільную справу ў месце і хацеў бы выканаць яе з вечара. У вас можна хадзіць па месце без пропуска?
— Так, але ходзяць патрулі і трэба мець добрыя дакументы. Пан можа ў нас пераначаваць.
— Вядома, хацеў бы толькі папярэдне схадзіць у места.
— Калі пан вернецца?
— Праз гадзіну. Найпазней праз дзве.
— Мы будзем пана чакаць.
Забава пашыбаваў па цёмных, брудных вулках места. Святло электрычных ліхтароў гарэла толькі на цэнтральных вуліцах. Рэшту места ахутвала цемра, у якой панура прытаіліся цёмныя камяніцы. Вокны ўсюды былі пазавешваны. Мінакоў сустракалася мала. Час ад часу з тарахценнем праязджалі аўтамабілі. Тады вуліца поўнілася ляскатам жалеззя і туркатаннем рухавіка. Жоўтыя языкі ліхтароў лізалі мокрыя камяні бруку.
Найболей здзівіла яго тое, што нават у цэнтры места, дзе панаваў адносна вялікі рух, не чуваць было людской гамонкі.
«Тут ніхто не гаворыць, не смяецца: нечага ўсе баяцца!» — зрабіў выснову Забава.
Пачуваўся, быццам нырцануў у ваду і паволі плыве ў ёй. Уражанне гэта ўзмацняў дробны дождж і бліскучыя каціныя ілбы мокрага бруку. Вуліцы пакідалі ўражанне брудных каналаў, а людзі нейкіх фантастычных рыб. Здавалася, што не ішлі, а плылі, цёмныя, цяжкія, бясформенныя.
Забава ішоў у кірунку Залатой Горкі.
Забава ляжаў у ложку і пры святле свечкі з вялікай цікавасцю чытаў «Таямніцы Парыжа». Дзесьці далёка за акном працягла і надакучліва галасіў міліцэйскі свісток. Забава падняўся з ложка, узяў на кухні сякеру, расчыніў рамы і аканіцы, вылез праз акно на вуліцу.
Было ціха і цёпла. Забава ў адной бялізне з сякерай у руцэ ішоў у кірунку свістка. На бакавой вуліцы ўбачыў міліцыянера, які няспынна свістаў, працавіта адтапырваючы шчокі. У правай руцэ трымаў наган з узведзеным курком. Руля рэвальвера была накіравана ў грудзі чалавека, які ляжаў у рыштку з паднятымі ўгару рукамі. Трохі далей ляжаў, перакулены ў канаве, воз.
— Што тут здарылася? — спытаў Забава, набліжаючыся з сякерай у руцэ да міліцыянера.
Ахоўнік грамадскага спакою, убачыўшы сякеру ў руцэ Забавы, падаўся назад, але, заўважыўшы лаяльны выраз на твары Забавы, сказаў:
— Таварыш, я арыштаваў злодзея, які хацеў збегчы, але ў яго перакуліўся воз. Свішчу, свішчу, а з камісарыяту ніхто не падыходзіць.
Забава згадаў доўгія спісы расстраляных, штодня друкаваныя ў газетах, і свой нядаўні арышт, калі ледзь не паклаў жыццё.
— Гэта злодзей?! — спытаўся пагрозліва.
— Так, таварышу.
— А што тут з ім бавіцца! Я яго зараз ліквідую. У нас нядаўна гэткія, а, можа, акурат і ён сам, кабана скралі. — Забава бліснуў лязом сякеры, падымаючы яе.
— Нельга, таварышу! — міліцыянер схапіў яго за руку. — На гэта ёсць следства і суд. Можа, яшчэ іншых выкрыем, ягоных хаўруснікаў. Ведаеце што? — дадаў неўзабаве. — Папільнуйце гэтага сукінага сына, а я прывяду з аддзялення падмогу, бо нельга фурманку тут пакінуць. Там шмат скрадзенай з вайсковага склада конскай збруі.
— Добра, — сказаў Забава, — толькі хутка.
— Мігам!