Абудзіўся ад холаду, на досвітку. Білі дрыжыкі. Выняў з-пад моху лісты, схаваў на сабе і пайшоў на ўзлесак. Заўважыў дзвюх жанчын, што працавалі ў полі паблізу нейкай дарогі. Наблізіўся да іх, добразычліва прывітаўся:
— Дабрыдзень!
Здзіўленыя жанчыны паднялі галовы. Адна выцерла нос даланёй і паправіла хустку на галаве.
— А чаго хочаце? — адазвалася па-беларуску.
— Скажыце, дзе дарога да Менска?
Жанчыны абмяняліся позіркамі, у якіх чыталася паразуменне. Пасля непрацяглага маўчання адна з іх паказала яму пальцам на дарогу, якую толькі што прамінуў, і неахвотна сказала:
— Тамака дарога.
— А колькі вёрстаў будзе адгэтуль да Менска?
— Не ведаю. Не лічыла. А людзі па-рознаму кажуць.
Забава выйшаў на гасцінец і прыспешаным крокам скіраваўся на ўсход па мала выезджаных утравелых каляінах.
Уставала сонца. Вясёлае. Усмешлівае. Вымытае ранішняй расой. Раса ззяла, кожная расінка была ў арэоле залатых промняў.
У Менск Забава прыйшоў, калі ўжо змяркалася. Прыйшоў без аніякіх прыгод, шчасліва абмінаючы ўсе небяспечныя месцы, пра якія пакуль і не ведаў.
Найперш жадаў аднесці ліст і фотаздымак да спадарыні Ядвігі Двалінскай. Даручыў яму гэта зрабіць яе муж, чыгуначны службоўца з Вільні. Ён дзеля гэтага і пазнаёміўся з Забавам праз пасярэдніцтва агульных знаёмых.
Раман лёгка знайшоў патрэбную яму вуліцу і прыбіты над варотамі бляшаны нумар хаты. Увайшоў на шырокі, патанаючы ў змроку, падворак. З брудных, смуродных сенцаў адчыніў дзверы ў пакой. Насустрач яму ў твар бухнула цёплая пара.
— Хто тамака? — раздаўся голас габрэйкі, якая мыла бялізну.
— Дзе жыве Двалінская? — спытаў Забава.
— Ідзіце на самы канец двара. Там стаіць маленькая хацінка. У ёй жыве Двалінская.
Неўзабаве Забава пастукаў у малое акенца побач з уваходнымі дзвярыма. Праз момант заўважыў за шклом невыразную, белую пляму твару.
— Хто там?
— Тут жыве спадарыня Ядвіга Двалінская?
— Тут. А чаго жадаеце?
— У мяне да яе ліст. Ад мужа.
— Ліст!.. Ад мужа!..
Неўзабаве Забава апынуўся ў малым пакойчыку. Памяшканне тое і спальня за перагародкай былі кватэрай трох дарослых людзей і дзіцяці. Умэбляваная бедна, але ўсюды панавала ўзорная чысціня. На стале гарэла лямпа. Бацька спадарыні Ядвігі, высокі, атлетычнага складу мужчына гадоў за пяцьдзесят, зацягнуў на вокнах фіранкі. Жонка ягоная спала за перагародкай. Спадарыня Ядвіга чытала ліст ад мужа. Была відавочна ўсхваляваная, на яе шчоках выступіла чырвань.
Бацька спадарыні Ядвігі панура маўчаў. Забаве здалося, што ён незадаволены, але з якой прычыны? Спадарыня Ядвіга прабегла вачыма аркуш і пачала ўважліва чытаць, засяроджваючыся над кожным сказам.
Спадарыня Двалінская адклала лісты ўбок:
— Пан даўно бачыў Кароля?
— Тыдзень таму.
— Пан з Вільні?
— Не, жыву стала ў Ракаве, паблізу мяжы. Пачаў займацца кантрабандай. Маю некалькі лістоў і пэўныя свае справы, таму прыйшоў у Менск. Я жыў тут калісьці.