Сяргей Пясецкі
ПЯТЫ ЭТАП
KAPCAP ПАМЕЖЖА
Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі айчынны чытач мае мажлівасць пазнаваць творчасць свайго слыннага земляка, шырокавядомага ў Еўропе ўжо ў даваенны час, імя якому — Сяргей Пясецкі (1901, Ляхавічы — 1964, Лондан).
Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х на старонках «Голасу Радзімы» ў перакладзе Ф. Янушкевіча друкаваўся раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» (Kochanek Wielkiej Niedzwiedzicy, 1937); асобным выданнем пераклад выйшаў летась; гэта найбольш вядомы твор празаіка, перад вайной вылучаўся на Нобелеўскую прэмію); напрыканцы 1990-х у часопісе «Спадчына» з’явіліся раздзелы з рамана «Начныя багі» (пераклад B. Арэшкі). Урэшце, часопіс «Полымя» ў 2001 г. друкаваў раздзелы з рамана «Ніхто не дасць нам вызвалення» (пераклад П. Рагойшы). І вось новая сустрэча…
Як пісьменнік С. Пясецкі сфарміраваўся… у турме. Яго кідалі за краты 6 разоў. За турэмнымі сценамі ён адседзеў 14 гадоў. З іх апошнія 11 — бесперапынку. З іх 5 гадоў — у адзіночцы…
Турэмнае зняволенне паспрыяла самаадукацыі. Чытаючы першы твор празаіка, выразна ўсведамляеш: да багатага жыццёвага досведу, да неўтаймаванай фантазіі сапраўднаму раманісту патрэбны яшчэ глыбокія веды. Сяргей Пясецкі не меў мажлівасці вучыцца ў маладым цывільным жыцці: рэвалюцыі, акупацыі, вызваленчыя рухі, жыццё за кавалак хлеба на ракаўска-менскім памежжы…
Чаму сярод двух дзесяткаў эпіграфаў, падабраных Пясецкім для свайго першага рамана «Пяты этап», неаднаразова сустракаюцца біблійныя? Тлумачэнне простае: там, у польскіх турмах (Равічы, Каранова, св. Крыж), па Бібліі і па газетнай перыёдыцы C. Пясецкі вучыў польскую мову. Паводле ўласнага прызнання, ён не сутыкаўся, ды і не ведаў, а тым болей і не вучыў яе да дваццаці гадоў. Аднойчы ў перыёдыцы вычытаў пра літаратурны конкурс. Вязень Пясецкі за некалькі месяцаў напісаў раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» і… атрымаў першую прэмію! А потым і найдаражэйшы «ганарар» — датэрміновае вызваленне (дзякуючы заступніцтву слыннага раманіста Мельхіёра Ваньковіча, яшчэ аднаго нашага земляка, творчасць якога хто ведае на Беларусі?).
Ужо ў тым першым апублікаваным творы С. Пясецкага сярод каларытных герояў-персанажаў, чытач сустрэў вызначальную згадку-апісанне:
Вось такі наскрозь аўтабіяграфічны герой, праўдзівы карсар памежжа Раман Забава і быў ужо створаны С. Пясецкім у найпершым (па часе напісання) творы «Пяты этап». Раман быў напісаны… за 4 тыдні. За 28 дзён! (2–29 красавіка 1934 г.)
Паказальна, калі 2 жніўня 1937 г. С. Пясецкі пакідаў турэмныя сцены, ён вынес з сабою не толькі зачытаны асобнік «Бібліі» і два чарнавыя рукапісныя зборнікі вершаў (не захаваліся), але таксама і даўжэзны (бо на 600 загалоўкаў!) спіс літаратуры, якой не было ў турэмнай бібліятэцы, але якую вязень самых суровых польскіх турмаў жадаў прачытаць.
Яшчэ да вайны раман пачаў распаўсюджвацца ў замежжы: спачатку на шведскай (1939), потым дацкай (1943) і іспанскай (1948) мовах. А ўлічваючы, што нейкі час «Пяты этап» друкаваўся як частка рамана «Роўныя начным багам», сюды належыць залічыць і выданні італьянскія (1955–1956 гг.).
Цяпер да гэтых перакладаў далучаецца і беларускі. Чытачу будзе цікава даведацца пра шмат якія рэаліі з кантрабанднага і шпіёнскага жыцця на памежжы і найперш Менска (так афіцыйна падавалі назву сталіцы БССР да 1939 г.).
Ужо на волі ў даваенны і паваенны час (пісьменнік жыў у Італіі, а пазней у Англіі, дзе і памёр), паўстаў дзесятак твораў, пераклад якіх на беларускую мову паспяхова працягваецца.
Так што айчыннага чытача яшчэ чакае не адзін этап пазнання творчасці нашага таленавітага земляка з Ляхавіч.
Язэп Янушкевіч
Уступ
РУЖОВЫ ЛІХТАР
На душэўнае развіццё Рамана Забавы вялікі ўплыў зрабіў ружовы ліхтар. Ён забыўся пра яго зусім, але тонкае, ружовае святло таго ліхтара не гасне і па-ранейшаму мігціць у далёкай клетцы мозгу, у плынях падсвядомага і часта мае вырашальны ўплыў на колер, характар і напругу ягоных пачуццяў, імкненняў і ўчынкаў.
Было гэта неўзабаве пасля рэвалюцыі 1905 года. Ромак меў тады сем гадоў і рос хлопчыкам надзвычай уражлівым, з багатай фантазіяй. Кожнае здарэнне рабілася важкай падставаю, каб снаваць бясконцыя мары… Аднойчы, на свята, бацька загадаў яму прыапрануцца і павёў яго ў кіно. Першае наведванне сінематографа зрабіла на Ромку незабыўнае ўражанне. Хлопчык апынуўся ў краіне цудаў, пра існаванне якой нават не падазраваў. На чарадзейным палатне, пад вытанчаныя адлегласцю і прыцемкам гукі скрыпкі і піяніна, пад размеранае туркатанне апарата праплывалі перад ім цудоўныя краявіды нейкай паўднёвай ракі, з маляўнічымі берагамі, прыгожымі наваколлямі. Фільм быў зняты не вельмі ўдала, у некалькі шэрых паўтонаў (якая ж тады была кінатэхніка), але для Ромкі гэта быў цуд, які ўзнёс яго ў найбагацейшую і найвышэйшую краіну мар, казак і сноў.
Кінатэатр, у які трапіў Раманік, зваўся «Увесь свет». Перад ягонымі параднымі дзвярыма, над шыльдай вісеў вялізарны ружовы ліхтар. Ён праменіў навокал мяккае святло, што мільярдамі каляровых іскрынак, блікаў і агнёў пералівалася на снезе, якім была засыпана вуліца. Ліхтар той стаў для Ромкі знакам, нават сімвалам уцялесненых цудаў і ўвабраў у сваіх прамянях «увесь свет»: свет фантастычных прыгод, незвычайных людзей, геройскіх подзвігаў.
Міналі гады. Раманік рос. Зрабіўся палкім аматарам кіно… Почасту расчароўваўся, калі ў гучна разрэкламаваных фільмавых хітах бачыў пыхлівую, пустую дзяшоўку. Але няспынна смактаў яго голад незвычайных уражанняў, якога ніколі не мог наталіць.
Часта, ужо вучнем, прыпыняўся на рагу цэнтральнай вуліцы места, адкуль можна было здалёк бачыць цудоўны ліхтар. Летуценна глядзеў у тым кірунку і, нібыта гэта быў няспынны боль ад нейкай хваробы, адчуваў у душы дзіўны неспакой, які рабіў яго абыякавым да рэчаіснасці, і нават раздражняльным.
Далейшае жыццё Ромака поўнілася незвычайнымі прыгодамі. Неаднойчы мог выбраць паміж выгодамі спакойнага, мяшчанскага ладу жыцця і цёмнай небяспечнай дарогай авантурніцтва. Калі апынаўся на ростані — куды ж падацца, тады непрыкметна ўсплывалі з падсвядомых куточкаў душы прыспаныя лагодныя прамяні ружовага ліхтара і казачна пераўвасабляліся ў сакавітыя колеры, бляскі і вясёлкі менавіта таго небяспечнага шляху, робячы яго неадольна прывабным… І Раманік ішоў па цаліку, да абяцаных цудаў, у краіну ружовых сноў. Ішоў, часта супраць уласнай разважлівасці, насуперак жаданню і наперакор волі.
КАНЕЦ ЧАЦВЁРТАГА ЭТАПУ
Мяне калаціла ад холаду. Сцены камеры, дзе я знаходзіўся, былі выкладзены з вялізных часаных валуноў. З такіх самых валуноў былі скляпенне і пліты на падлозе. Вакол панаваў прыцемак, у якім ледзьве мог адрозніць далоні сваіх рук на каленях. Яны выглядалі невыразнымі белымі плямамі. Я сядзеў на вузкім зэдліку, спінай да мураванай сцяны, убіраючы ў сябе яе холад і волкасць. Перада мною нібыта чорная заслона шчыльна загароджвае ўсю прастору паміж сценамі, столлю і падлогай. Прыцемак не быў аднастайны — месцамі радзеў, потым зноў гусцеў.
Пачуваўся быццам спавітым незвычайным жахам, якім поўнілася ўсё вакол мяне. Трывогу, якую адчуваў, магу параўнаць з трывогай асуджанага, які чакае расстайнай хвіліны, калі будуць выводзіць яго з камеры для выканання смяротнага прысуду. Пакута мая цягнулася доўга.
У нейкае імгненне заслона неўпрыкметку расхінулася. Перада мною адкрылася чэрава даўжэзнага калідора, які знікаў далёка ў цемры. Пра даўжыню таго калідора мог меркаваць па перспектыве зіхоткіх ліхтароў з нікелевымі рэфлектарамі, пастаўленых уздоўж сцяны праз некалькі крокаў адзін ад аднаго. У кожным ліхтары гарэла свечка. Першыя два ліхтары знаходзілася на адлегласці некалькіх крокаў ад мяне, і вышыня кожнага з іх была больш чым паўтара метра.
Як загіпнатызаваны, узіраўся ў глыбіню таго калідора. Удалечыні паказалася чорная пляма. Яна расла, расла і ўсё больш імкліва пасоўвалася да мяне. Спачатку гэтай плямай я проста зацікавіўся, але мяне раптам агарнуў страх. Зірнуў направа, налева: выйсця ніякага… Пляма штораз набірала акрэсленыя формы. Неўзабаве мог ужо адрозніць вострыя суглобы локцяў, абрыс галавы, плеч і чагосьці такога, што выпірала над галавой. Прывід той быў ахутаны чымсьці белым, нібы саванам. Калі гэтае нешта апынулася на адлегласці некалькіх крокаў ад мяне, я зірнуў уніз, на ногі і ўбачыў дзве вялікія бярцовыя косці… шкілета. Ледзяная хваля дрыготкі пракацілася па спіне, скура на чэрапе сшэрхла, я пачаў уціскацца ў сцяну, нібы жадаючы схавацца ў ёй…
Смерць была ўжо блізка. Да яе заставалася некалькі крокаў. У роспачы кінуўся наперад. Не могучы абмінуць макабрычнай — звышжудаснага выгляду, — постаці, што загарадзіла мне дарогу, хапянуў яе за ногі, адчуваючы ў далонях цвёрдасць костак, рассунуў іх і… шмыгануў паміж імі ў калідор.
Я імчаў з усіх сіл, не азіраючыся. Калідор быў бясконца доўгі. Нібы эскорт, мяне сустракалі шэрагі ліхтароў і залатыя агеньчыкі свечак у іх. Дабег да канца калідора — куды далей? Ага, направа, у малую камеру, падобную да той, з якой толькі што збег, толькі святлейшую. У той камеры заўважыў невялікія прачыненыя дзверы. Над імі вісеў на сцяне карабін і кулямётная стужка патронаў. Сарваў са сцяны карабін і выслізнуў, аслеплены дзённым святлом, на вуліцу.
Бег далей, уляцеў у нейкі завулак. Азірнуўся. За некалькі дзясяткаў крокаў ад мяне ішлі на ўсю шырыню вуліцы ўзброеныя людзі. Прылёг за падмуроўкай жалезнай агароджы і пачаў страляць у іх. Адказалі тым жа. Страляніна трывала доўга. Заўважыў незвычайнае, што моцна мяне здзівіла: кулі лёталі ў паветры гэтак павольна, што я мог сачыць за кожнай…