Малодшы камандзір похапкам нырцануў у калідор і прычыніў дзверы. Забава (гэта быў ён) выняў з шапкі канверт і падаў маёру. Маёр разарваў канверт, уважліва прачытаў і зірнуў на Забаву.
«Шпіён, агент выведкі, — падумаў. — Можа нават афіцэр… Апрануты неяк дзіўна… Толькі клопаты з такім!»
— Сядайце, калі ласка, — сказаў, паказваючы рукой на крэсла.
Забава сеў.
— Пан жадае перайсці мяжу на адрэзку майго батальёна?
— Так.
— Калі пан жадае ісці?
— Сёння, калі сцямнее.
— Мае пан абраны пункт для пераходу мяжы?
— Не. Зрэшты, маю… Рэч пра тое, каб перайсці мяжу ў такім месцы, каб паблізу знаходзіўся гасцінец, што вядзе ў Менск. Было б добра пайсці па найкарацейшым шляху.
— Добра.
Маёр націснуў гузік званка.
У дзвярах вырас узводны.
— Па вашым загадзе…
— Папрасі да мяне камандзіра першай роты, — перабіў яго маёр. — І зараз жа!
— Ёсць!
Пасля таго, як узводны пайшоў, маёр пачаў разглядаць раскіданыя на пісьмовым стале паперы. Меў выгляд чалавека, які мае вялікае жаданне спытаць у шпіёна пра пэўныя рэчы.
«Чалавек, як-ніяк, цікавы. — думаў маёр, — але лепш: дыстанцыя. Можа таксама пачне пра штосьці распытваць або вось раптам праявіць якую нечуваную нахабнасць».
Праз нейкі час звярнуўся да Забавы:
— Ці пакіне пан у нас якія-небудзь паперы? Калі так, гэта найлепш зрабіць цяпер…
— Вядома.
Забава выняў з бакавой кішэні фрэнча стосік дакументаў, лістоў і здымкаў. Маёр уклаў усё гэта ў вялікі канверт, запячатаў і напісаў сённяшнюю дату.
— Калі пан вернецца, дык, калі ласка, прашу спаслацца на дату. А калі мяне не. Праз які час пан мяркуе вярнуцца?
— Залежыць ад акалічнасцей. Я магу зусім не вярнуцца! — весела адказаў Забава.
«Няварта было пра гэта пытацца. Не вельмі тактоўна», — падумаў маёр і дадаў гучна:
— На мяжы цяпер спакойна.
«Навошта я гэта кажу, — зноў падумаў маёр. — Супакойваю яго, а ён зусім не выглядае, каб баяўся».
У калідоры прагрукаталі крокі, у дзверы пастукаліся.
— эсьць! —
У кабінет увайшоў высокі, малады паручнік. Ляснуў абцасамі.