— А мы маглі б…
— Не.
І, быццам баючыся самога сябе, ён устаў і пайшоў гаем да аўтобуснага прыпынку. Ён пачуў ззаду — ці гэта яму здалося — слабы вокліч.
Потым яна дагнала яго і моўчкі пайшла поруч.
Яны сядзелі на лаўцы, а паўз іх раз-пораз з рэвам праляталі грузавікі, вырываючы з небыцця і зноў агортваючы змрокам ствалы і шаты бяроз.
— В-ву-у, в-ву-у, в-ву.
Потым прыйшоў аўтобус. Пусты. І яны селі ў ім на задняе сядзенне. Кандуктар падала ім білеты, уважліва паглядзела на маладую пару і, перасмыкнуўшы, быццам з марозу, плячыма, села ў другім канцы машыны.
Ёй на хвіліну стала страшна сам-насам з гэтым хлопцам.
Усю дарогу яны ехалі моўчкі. І маўчанне было цяжкім. Першай не вытрымала яна:
— Ды кажы ж ты што-небудзь.
І ён стаў задаваць пытанні, не чакаючы адказаў:
— Ну як жывеш? Як працуецца?
Гэты голас усё яшчэ гучаў у яе вушах, калі яны стаялі на прыгараднай платформе Яраслаўскага вакзала. Ён вырашыў праводзіць яе.
Але лёс, здавалася, апошні раз пайшоў ім насустрач: з рэпрадуктара данёсся браскучы змрочны голас:
— Грамадзяне пасажыры! Па тэхнічным прычынам адыход прыгарадных цягнікоў затрымліваецца. Тым, хто можа дабрацца гарадскім транспартам, раім скарыстаць гэту магчымасць.
— Пачакаем, — упарта сказаў ён.
— Дарагі мой, — ціха сказала яна, — чаму ты адмаўляешся ад кахання, чаму ты так лёгка адмаўляешся ад мяне? Я зраблю бясхмарнымі твае дні, я зраблю так, што табе будзе стакрат лягчэй. Я ўліла б у цябе ўсё сваё жыццё. Я ж кахаю. Я кахаю цябе.
— Ты загубіш сабе жыццё, — сказаў ён. — А я не хачу гэтага. Таму што кахаю. Кахаў нават тады, калі мне трэба было б ненавідзець.
Тагасветны голас з рэпрадуктара:
— Грамадзяне пасажыры. Па тэхнічных прычынах… раім выкарыстаць гэту магчымасць.
— Дарагі мой, мы паедзем адсюль. Будзе цёплае мора. Яно будзе цалаваць ногі. Мае і твае… І ты пабачыш, ты пабачыш, табе стане лягчэй.
— Не трэба, — ціха сказаў ён, — не заваблівай, не дабівай.
— Грамадзяне пасажыры… раім скарыстаць гэту магчымасць.
Яны стаялі так каля гадзіны, упарта чакаючы цягнікоў, якія не пойдуць. І яна гаварыла, гаварыла, верачы ў магію слоў, якія ўжо нічога не маглі змяніць. І словы яе гучалі ў яго вушах пад жалобны, нечалавечы голас з рэпрадуктара:
— Грамадзяне пасажыры… грамадзяне пасажыры… раім скарыстаць гэту магчымасць… раім скарыстаць…
І раптам ён сказаў, гледзячы ёй проста ў вочы:
— А ты мне не верыш. Ты думаеш, я проста не кахаю цябе пасля таго, што было.
Яна пільна паглядзела на яго:
— Не… цяпер веру.
— Грамадзяне пасажыры, — бразгацеў голас у рэпрадуктары.