І пацалавала каменную разумную морду.
Ён стаяў каля бялеючага ў змроку сфінкса.
— А гэта ты, — сказаў ён.
І яго рука з трапяткою пяшчотай пагладзіла мармуровую галаву.
Потым яны перасеклі шасэ і ўвайшлі ў гай. Холадна свяцілі ў імгле белыя, як дзявочыя рукі, ствалы бяроз.
Была ціша і спакой.
Ён бачыў, што яе вочы з чаканнем глядзяць на яго. Ён адчуваў, што так больш нельга, што яна выклікае яго на канчатковае рашэнне.
І ён рашуча сеў на пень.
— Слухай, — сказаў ён, — ты ведаеш, чаму я сёння пераганяў хворага?
— Не ведаю. Але ты быццам хацеў давесці нешта…
— І не давёў.
— У чым справа? Ты сёння такі дзіўны. Ты не можаш мне дараваць мінулага? А я ж…
— Глупства, — сказаў ён, — ты проста нічога не ведаеш. А між тым я скончаны чалавек. У мяне ангіна пекторыс. І незвычайна моцная.
— Што гэта? — спытала яна. У самых гуках гэтых слоў падалося ёй нешта пагражальнае.
— Гэта хвароба. Грудная жаба. Яна звычайна ў старых. Зрэдку-зрэдку ў маладых, якія не па сіле працавалі і шмат перанеслі… І мне такая радасць. — Ён памаўчаў, потым дадаў: — Страшна. І сам гіпнатызуеш сябе…
— Як гэта?
— Пакуль у кішэні лекі — прыпадкі радзейшыя. Але варта забыць іх дома і толькі прыгадаць, як страх, — і амаль заўсёды прыпадак… Часам у пакоі не хапае паветра. Хочацца выбіць вокны. Напэўна, гэта адна секунда, але здаецца — вякі.
— Родны мой, — яна апусцілася перад ім на калені, — гэта ўсё я вінаватая.
— Пры чым тут ты?
— Але ж я зараз зусім, зусім не тая.
— Не трэба, — сказаў ён. — Не думай, што я складаю лапкі. Я адчайна змагаюся, я вельмі, вельмі хачу жыць…
Ён маўчаў, і дзяўчыне на хвіліну здалося, што твар яго свеціцца знутры нейкім дзіўным святлом.
— Я Тольку і іншым гэтага дня ў Архангельскім не дарую, — сказаў ён.
— Але ты забываеш, што я з табою… Я ж кахаю цябе.
— А я не магу, таму што таксама кахаю. І смерць. І ты — удава. І, напэўна, нездаровыя дзеці…
— Але ж я цябе кахаю.
Яна гаварыла гэта так, быццам хацела пераканаць
— Я павінен працаваць, — сказаў ён. — Я і так амаль загубіў жыццё. За два гады — калі мне іх літасціва дадуць — я зраблю ўсё і тады з лёгкім сэрцам… Я не магу страціць яшчэ і гэта.
Твар дзяўчыны застыў.
— Любая мая, іначай нельга. Я памыліўся. Не трэба было, каб ты прыходзіла, не трэба Архангельскага, алей, гэтага дня. Не трэба было гэтага. Але што я мог зрабіць? Мне хацелася хоць адзін дзень, як усе, а потым… Я змаладушнічаў.