І ён гнаў яе, гнаў, захлынаючыся ветрам.
Валасы, што лятуць па ветры, і працягнутыя рукі за імі.
Потым ён кудысьці знік. Яна азірнулася на бягу, яшчэ раз азірнулася расчараваная і стала.
Яго голас даляцеў зверху. Агромністае дрэва амаль лягло над вадой, звесіўшыся з нізкага абрыву. Ён стаяў на ім, недзе сярод галін, і, смеючыся, клікаў яе:
— Ну хадзі сюды. Хадзі ж. Не? Ну то я сам.
І лёгка збег па пахілай галіне, па якой забраўся туды.
Яна кінулася была бегчы, але адразу стала, таму што ўбачыла перад сабою топкае месца. Ён не даў ёй апамятацца, падхапіў яе на рукі, у два скачкі перакрыў балацявіну, вынес на сухі бераг і наблізіў да яе вачэй жорсткія, пірацкія вочы.
— Ну, — сказаў ён.
— Ну, — паўтарыла яна.
І раптам, адразу за гэтым, яна пабачыла ў гэтых вачах спалох, глыбокі бязвыхадны, нават яшчэ большы, чым ля санаторыя, Хлопец апусціў яе на зямлю.
— Што з табой? Задыхаўся?
— Пачакай хвілінку, — глуха сказаў ён.
І, пасля паўзы, зусім іншым голасам сказаў:
— Хадзем да аўтобуса. Там… лес па другі бок шашы.
І, быццам хацеў адвесці яе ад таго, што ледзь не здарылася, дадаў:
— Ён не такі людны.
Надрэчная балюстрада была пустой. За роўняддзю ракі, за паплавамі з манашымі шапкамі стагоў, за сінімі хваёвымі лясамі палымнеў, барвавеў, разліваўся, прарочачы вецер, трывожны захад. Расплаўленае золата, вадкая барва ліліся на зямлю.
І ў гэтай чырвані ўставалі дымныя, наскрозь залатыя і зіхатлівыя контуры нябачаных крамлёў.
Дзяўчына глянула на яго і ўбачыла твар, заліты гэтым нетутэйшым святлом. І ўспамін, упершыню за гэты дзень, нарадзіўся ў яе.
…Капліца ў далёкім гарадку. Бронзавы анёл, што высіцца над галовамі людзей. А пад ім, проста на каменных плітах, раскладзена вогнішча. І адбіткі, дрыготкія, зменлівыя, заліваюць крывёй твар гэтага анёла, робяць яго жывым, пагрозлівым.
З алтара рэзка пахне, — людзей не выпускаюць ужо некалькі дзён, — людзі сядзяць вакол апошняга вогнішча, якое ім дазволілі раскласці. І адна з гэтай купкі паклала руку на галаву дзяўчынкі, на яе галаву, і добрым, бязмерна добрым голасам кажа:
— Мы з табою доўга не пабачымся, донька. Але ты ведай, свае хутка знойдуць цябе. Радзіма цябе не забудзе. Памятай, ты з Расіі. Ты — савецкая. І ў Крамлі ёсць чалавек, які цябе не пакіне.
А потым чыесьці рукі, што пахнуць шорсткім салдацкім сукном, нясуць яе, а здалёк даносяцца нахабныя, грубыя галасы:
"Мадонна, мадонна".
Яе не забылі.
Дагарае захад, і гэты, з такім самым тварам, трывожна глядзіць удалячынь.
"Пашкадуй мяне, злітуйся, — хацелася сказаць ёй, — распляці мае косы. Вось я ўся тут, перад табой".
Але замест гэтага яна павольна пайшла па вузкіх у прыцемку алеях. Ён ішоў за ёй, баючыся згубіць яе ў шэрай імгле.
І толькі каля сходаў тэрасы яна спынілася ля мармуровага льва, нахілілася над ім, глянула скоса на спадарожніка.
— Гэта ты, — сказала яна.