Мокрыя лісты пахнулі віном.
Хлопец сеў на кукішкі перад помнікам і прачытаў глыбока ўрэзаныя літары:
І раптам засмяяўся — так шырока і шчыра, што яна здзівілася.
— А Юсупаў так і не заўважыў, што яго абсмяялі. Гэтага часта не заўважаюць.
Дрэвы былі нейкія ненатуральныя. Вільгаць прасякала іхнюю кару, і яны здаваліся чорнымі, абвугленымі ў полымі ўласнай лістоты.
— Глядзі, — сказала яна.
Каля самога партэра было відаць некалькі дрэўцаў, лістота якіх была бледна-зялёнай, але сярод вогненнага індзейскага пажару астатніх дрэў здавалася слаба-блакітнай.
— Феі скачуць, — занурыла яна галаву, — метрэскі Пана. Ведаеш, я заўсёды адчуваю з імі крэўную сувязь. Быццам гэта мяне так…
І яна заспявала на матыў старога пастараля:
Je vous embrasse bien tendrement[1].
Ён з пяшчотай, як на маленькую, глядзеў на яе.
— Намалюй гэта, — сказала яна.
— Ды гэта ж Вато. У горшым выпадку Сомаў… Можна і па-свойму. Ідзе алеяй такі селадон на чырвоных абцасах. Твар змаршчакаваты, прыязна-салодкі, бы арангутана. Адзін арап вядзе яго пад руку, другі ззаду нясе табакерку.
— Не трэба арапаў, — сказала яна, — няхай лепей дзве жывыя красуні. Арапам што! А гэтыя дзве бачылі, як на звычайнай, добрай зямлі чужое вырастала: чужыя тэатры, чужыя палацы, звычаі. Нядобрая, чужая сіла. Страшна…
— Ну, я гэтыя дзіцячыя страхі перажыў, — усміхнуўся ён, — яшчэ тады, калі ты не ведала, што робіш.
Яны паснедалі у бедным кафэ, пасля бясконца блукалі алеямі, моўчкі пасядзелі на лаўцы ў парадзелым садовым цяньку.
І яна сама потым не заўважыла, як перамагла, як, непрыкметна для яго, адвяла яго прэч ад людных алей.
Старая царква ўрасла ў зямлю, праваленыя ямы склепаў былі напалову занесены лістотай і смеццем.
А ўнізе трапятаў залатымі і зялёнымі манетамі ўвесь пранізаны касым сумным святлом бярозавы гай.
З Масквы-ракі павявала журботным грыбным халадком.
Яны спускаліся, несучы за нагамі цэлыя вадаспады, цэлыя лавіны лістоў. Над абрывам навісла выгнутая бяроза. І тут ён прачытаў у вачах дзяўчыны нешта такое, чаго нельга было не заўважыць.
Ён прыхіліў яе спіною да гэтага выгнутага дрэва, прыпаў да яе, абняў, адчуваючы мускуламі пляча яе плечы, а рукамі — шурпата-атласную бярозавую кару.
Паварушыцца было нельга, бо яны абавязкова ўпалі б. Ды ім і не хацелася варушыцца. Ён нахіліўся, пацалаваў яе ў прыадкрыты рот.
І амаль адразу закруціўся віхор, ускінуўся над абрывам чырвоны лісцяны смерч. Хлопец падхапіў яе на рукі, збег уніз.
Міліцыянер, які вечна трапляецца на вочы ў нязручны час і ў самых лепшых месцах, крыкнуў ім наўздагон:
— Не дазволена туды.
Куды там! Яны праімчаліся паўз яго, звярнулі, забарабанілі па мастках, якія ўрываліся ў ціхую затоку, што зелянела рэзкай асакой.
Сонца сядала, сплюшчанае, чырвонае, як апельсін. Кармінам узяліся грабеньчыкі шэрага зыбу там, па-за плёсам.
Плыў ценем на сонцы самотны рыбак, а яны не ведалі, што для людзей на беразе яны таксама толькі два цені, якія спляліся ў адно на фоне пунсовага дыска.
Яна пырснула яму ў твар вадой. Вада пахла рыбай. Дзяўчына кінулася ад яго прэч, як спуджаная лясная каза. У лёгкіх скачках. Амаль не дакранаючыся зямлі, толькі правяраючы, ці тут яна.
[1] Я вас цалую вельмі пяшчотна.