Зноў пачуўся звонкі шолах у паветры. Яна прыўзняла бліскучыя вочы.
— Мінулае не забываецца. А наша было цудоўным. Ты не пісаў, я разумею, ты не мог. Але потым…
— Што потым?
— Потым, калі… боль прайшоў. Я даведалася, што яны ўзвялі на цябе паклёп, што гэта яны выжылі цябе з універсітэта, і не магла ім дараваць. Я так чакала, мне было так цяжка.
— Барыс не вінаваты, — сказаў ён, — гэта ўсё Толька, яго дружок. Падумаеш, вакцына супрацьчумная. Змагар. Дбайнік.
Дзяўчына здрыганулася:
— Гэта была вялізная подласць: наклеіць на цябе, такога добрага да людзей, той паршывы ярлык. Але ж ты памятаеш, які быў час? І я адхіснулася ад цябе, паверыла. Потым мне сказалі, што ты абразіў мяне, назваў дурніцай-энтузіясткай…
Хлопец сумна ўсміхнуўся:
— Потым бойка была. Борка стукнуў мяне. І зусім нечакана…
— Ведаеш… гэта ж я вінавата. Гэта я сказала яму, што раней мужчыны ведалі, як ім дзейнічаць у такіх выпадках. Ён пайшоў неахвотна, ён вельмі любіў цябе.
— Цябе ён любіў больш.
Яна не слухала яго:
— А потым Толька вырашыў зрабіць такое. А я не магла памагчы табе. Не знайшлося ў мяне сілы, каб памагчы табе, свайму ворагу, калі ўбачыла такую несправядлівасць.
— Добра, — сказаў ён. — Чаго там.
Насустрач сталі трапляцца хворыя з санаторыя на абрыве. І дзяўчына зноў — у які ўжо раз — заўважала, як спахмурнеў твар прыяцеля.
Ён заўважыў аднаго, высокага, натапыранага, сутулага. Высокі ішоў у самы канец алеі, да апошняга ўказальніка. Крокі даваліся яму цяжка, але, відаць, ён упарта хацеў узяць апошнюю, паўкіламетровую дыстанцыю, якая нібы адна толькі і аддзяляла яго ад выздараўлення. І хлопец раптам узяў дзяўчыну пад руку і хуткімі крокамі павёў яе па алеі.
Хутчэй. Хутчэй. Усё хутчэй.
Яна ішла за ім і не разумела, што здарылася, прыціскаючы да высокіх грудзей ахапак вільготных пярэстых лісцяў.
Чалавек з санаторыя застаўся ўжо далёка ззаду, яны збеглі ўніз па адхоне, па забрукаванай цаглінамі сцежцы, узрытай і ўспучанай карэннямі таполяў, якія прагна прабіваліся да паветра, да жыцця.
Гэта быў ужо не бег, а палёт сярод чырвоных, быццам крывёю аблітых хмызнякоў. Галіны хвасталі іх па руках; двума каметнымі хвастамі ўзляталі за спіной у паветра жоўтыя і барвяныя лісты.
І перад позіркам маладога чалавека ўстаў прывід мінулага: гон двух маладых, здаровых аленяў у нетрах асенняй пушчы. Галінастыя, закінутыя рогі аленя, белая "сурвэтка" яго сяброўкі.
Трубны аленяў крык. Далёкае рэха кахання.
Тады і ён паляваў. Нашто? Гэта вельмі страшна зверу: адчуваць недзе, за кожным кустом, невядомага стралка.
І ўсё ж ён бег, спачатку ўніз, пасля міма спортпляцоўкі, заваленай бронзавымі лістамі, пасля ўгору, па адхоне. І паступова ўсё больш акрыленым рабіўся яго твар. І калі яны спыніліся зноў у алеі, яна, паглядзеўшы на гэтыя крылатыя бровы, на дрыжачыя ноздры, на моцныя, як кавальскі мех, грудзі, ціха сказала:
— Божа, каб жа ты і тады, на тых сходах, быў такі. Ты б іх усіх раскідаў. Ты б і мяне пераканаў…
— Я заўжды баяўся несправядлівасці, пасаваў перад ёю.
— Ведаю. Ты яршысты і злы. І вельмі добры і безабаронны. Я рада, што зноў з табою.
Яна павярнулася да маленькага бюста Пушкіна і кінула да падножжа калоны ахапак лапчастых лістоў, што адразу рассыпаліся веерам.
— Дзякуй табе.
Маленькая язычніца, яна быццам святкавала невядомы абрад. Ёй было ўсё адно, хто перад ёю. Ён даў ёй вочы спадарожніка, і яна была ўдзячна яму.