Раздзел першы. Зямля мёртвых
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
"Вы ўзяліся пра гэта пісаць? Пра гэта! А я не хацеў бы, каб пра мяне гэта ведалі… Што я там зведаў… З аднаго боку, ёсць жаданне адкрыцца, выгаварыцца, а з другога — адчуваю, як я распранаюся, а мне б гэтага не хацелася…
Памятаеце, у Талстога? П'ер Бязухаў гэтакі ашаломлены пасля вайны, што яму здаецца — ён і ўвесь свет змяніліся назаўсёды. Але мінае нейкі час, і ён кажа сабе: "Гэтак жа буду сварыцца на фурмана, гэтак жа буду бурчэць". Навошта тады людзі ўспамінаюць? Каб аднавіць ісціну? Справядлівасць? Вызваліцца і забыць? Разумеюць, што яны — удзельнікі грандыёзнай падзеі? Ці шукаюць у мінулым абароны? I гэта пры тым, што ўспаміны — крохкая рэч, эфемерная, гэта не дакладныя веды, а здагадка чалавека пра самога сябе. Гэта яшчэ не веды, гэта толькі пачуцці.
Маё пачуццё… Я пакутваў, корпаўся ў памяці і прыгадаў…
Самае страшнае са мной было ў дзяцінстве… Гэта — вайна…
Памятаю, як мы, хлапчукі, гулялі ў "таты і мамы": распраналі малых і клалі іх адно на аднаго… Гэта былі першыя дзеці, што нарадзіліся пасля вайны… Уся вёска ведала, якія словы яны ўжо гавораць, калі пачалі хадзіць, таму што за вайну на дзяцей забыліся. Мы чакалі з'яўлення жыцця. "У таты і мамы" — гэтак называлася наша гульня. Мы хацелі ўбачыць з'яўленне жыцця… А нам самім было па восем-дзесяць гадоў…
Я бачыў, як жанчына сама сябе забівала. У кустах ля рэчкі. Брала цагліну і біла сябе па галаве. Яна была цяжарная ад паліцая, якога ўся вёска ненавідзела. Яшчэ будучы дзіцем я бачыў, як нараджаюцца кацяняты. Памагаў маме цягнуць цялятка з каровы, вадзіў да кныра нашу свінню… Памятаю… Памятаю, як прывезлі забітага бацьку, на ім свэдар, мама сама яго вязала, бацька, напэўна, быў расстраляны з кулямёта ці аўтамата, і штосьці крывавае проста шматкамі вылазіла з гэтага свэдра. Ён ляжаў на нашым адзіным ложку, больш пакласці не было куды. Потым яго пахавалі перад домам. I зямля не пух, а цяжкая гліна. З-пад градаў для буракоў. Вакол ішлі баі… На вуліцы ляжалі забітыя коні і людзі…
Для мяне гэта настолькі забароненыя ўспаміны, што я не гаварыў пра іх услых…
Тады я ўспрымаў смерць гэтак жа, як і нараджэнне… У мяне было прыкладна аднолькавае пачуццё, калі паявілася цялятка з каровы… Паяўляліся кацяняты… I калі жанчына ў кустах сама сябе рашала… Чамусьці гэта здавалася мне адным і тым жа, аднолькавым… Нараджэнне і смерць…
Я памятаю з дзяцінства, як пахне ў хаде, калі колюць кабана… I Вы толькі зачапілі мяне, і я ўжо правальваюся, валюся туды… У кашмар… У жах… Лячу…
Яшчэ памятаю, як нас, малых, жанчыны бралі з сабой у лазню. I ва ўсіх жанчын, і ў маёй маці выпадалі маткі (мы гэта ўжо разумелі), яны падвязвалі іх анучынамі. Я гэта бачыў… Маткі выходзілі ад цяжкай працы. Мужчын не было, іх на фронце, у партызанах перабілі, коней не было таксама, жанчыны цягалі плугі на сабе. Пераворвалі свае гароды, калгасныя палеткі. Калі я вырас і ў мяне надаралася блізкасць з жанчынай, я гэта прыгадваў… Тое, што бачыў у лазні…
Хацеў забыць. Усё забыць… Забываў… Я думаў, што самае страшнае са мною ўжо было… Вайна…
Але вось я паехаў у чарнобыльскую зону… Шмат разоў ужо быў там… I там зразумеў, што я не абаронены. Я развальваюся… Мінулае мяне ўжо не абароньвае…"
Пётр С., псіхолаг
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
"Уначы воўк у двор зайшоў. У акно вызірнула — стаіць і свеціць вачыма. Фарамі…
Я да ўсяго прывыклая. Сем гадоў жыву адна, сем гадоў, як людзі з'ехалі… Уначы, бывае, сяджу, пакуль не заднее, і думаю, думаю. I сёння ўсю ночку на ложку кручком сядзела, а пасля выйшла паглядзець, якое сонейка. Што вам я скажу? Самая справядлівая на свеце штука смерць. Ніхто яшчэ не адкупіўся. Зямля ўсіх прымае: і добрых, і злых, і грэшнікаў. А болей справядлівасці на гэтым свеце нямашака. Я цяжка і сумленна ўсё жыццё працавала. Жыла, як сумленне падказвала. А справядлівасці мне не выпадала. Бог недзе дзяліў, пакуль да мяне чарга дайшла — у яго ўжо нічога не засталося, каб мне даць. Малады можа памерці, а стары павінен… Спачатку я людзей чакала, думала — усе вернуцца. Ніхто ж навек не з'язджаў, ехалі перачакаць. А цяпер смерці чакаю… Памерці не цяжка, а страшна. Царквы няма… Бацюшка не прыязджае… Няма каму мне занесці грахі свае…
… Першы раз сказалі, што ў нас радыяцыя, дык мы думалі: гэта хвароба нейкая, хто захварэе — адразу памірае. Не, кажуць, нешта такое, што на зямлі ляжыць і ў зямлю лезе, а пабачыць няможна. Звер, можа, бачыць і чуе, а чалавек — не. А гэта няпраўда! Я бачыла… Гэты цэзій у мяне на гародзе валяўся, пакуль дождж яго не намачыў. Колер у яго такі чарнільны… Ляжыць і пераліваецца шматочкамі… Прыбегла з калгаснага поля і пайшла на свой гарод… I гэтакі шматочак сіні… а праз дзвесце метраў яшчэ адзін… Велічынёй з хусцінку, што ў мяне на галаве. Гукнула я суседцы, другім бабам, мы ўсё абабегалі. Усе гароды, поле навакол… Гектары са два… Можа, чатыры вялікія шматкі знайшлі… А адзін быў чырвонага колеру… Назаўтра пасыпаў дождж. З самай раніцы. I да абеду іх не стала. Прыехала міліцыя, а ўжо не было чаго паказваць. Толькі расказвалі. Шматкі восьтакія… (Паказвае рукамі.) Як мая хусцінка. Сінія і чырвоныя.
Мы не надта баяліся гэтай радыяцыі… Калі б мы яе не бачылі, не ведалі, дык, можа, і баяліся б, а як паглядзелі, то ўжо не так страшна. Міліцыя з салдатамі трафарэткі паставіла. У каго ля хаты, дзе на вуліцы — напісалі: семдзесят кюры, шэсцьдзесят кюры… Век жылі на сваёй картоплі, на бульбачцы, а тут сказалі — няможна! Каму бяда, каму смех… Рабіць на гародах раілі ў марлевых павязках і гумавых пальчатках… А тады яшчэ адзін важны вучоны прыехаў і выступіў у клубе, што дровы трэба мыць… Дзіва! Не чулі б мае вушы! Загадалі перамыць падкоўдранікі, прасціны, фіранкі… Дык жа яны ў хаце! У шафах і куфрах. А якая ў хаце радыяцыя? За шклом? За дзвярыма? Ты знайдзі яе ў лесе, у полі… Калодзежы пазачынялі на замок, абгарнулі цэлафанавай плёнкай… Вада "брудная"… Якая ж яна брудная, яна такая чыстая! Нагаварылі мех — не завязаць. Вы ўсе памрэце… Трэба выязджаць… Эвакуіравацца…
Пералякаліся людзі… Набраліся страху… Той-сёй давай уначы сваё дабро закопваць. I я сваё адзенне склала… Чырвоныя граматы за маю сумленную працу і капейчыну, якая ў мяне была, прыхоўвалася. Такая туга! Такая туга гняла сэрца! Каб я так памёрла, як вам праўду кажу! А тут чую, што ў адной вёсцы салдаты людзей эвакуіравалі, а дзед з бабай засталіся. Перад тым днём, як людзей падымалі, вялі ў аўтобусы, яны ўзялі кароўку і выправіліся ў лес. Перачакалі там. Адкуль такая бяда бярэцца? (Плача.) Нетрывалая наша жытка… Рада не плакаць, дык слёзы цякуць…
Во! Зірніце ў акно: сарока прыляцела… Я іх не праганяю… Хоць, часам, сарокі ў мяне і яйкі з хлеўчука крадуць. Усё роўна не праганяю. Нікога не праганяю! Учора заяц прыбягаў…
Вось калі б штодня ў хаце былі людзі. Тут непадалёку ў іншай вёсцы. Таксама баба адна жыве, я казала, каб да мяне пераходзіла. Што паможа, а што не, але хоць бы загаварыць да каго. Паклікаць… Ноччу ўсё ў мяне баліць. Ногі круціць, быццам мурашы бегаюць, гэта нервы па мне ходзяць. Дык я вазьму што ў рукі. Жменьку збожжа… I хрусь, хрусь. Нервы тады супакойваюцца… Гэта ж так я нарабілася за сваё жыццё, так нагаравалася. Усяго хапіла і нічога не хачу. Калі б памёрла, дык і адпачыла б. Як там душа, а целу спакайней будзе. I дочкі ў мяне ёсць, і сыны… Усе ў горадзе… А я нікуды адсюль не хачу! Даў Бог гады, а не даў долі. Я ведаю, што дакучае стары чалавек, дзеці патрываюць, патрываюць ды пакрыўдзяць. Радасць ад дзяцей — пакуль малыя. Нашы бабы, якія паехалі ў горад, усе плачуць. То нявестка крыўдзіць, то дачка. Вярнуцца хочуць. Мой гаспадар тут… Ляжыць на могілках… На кладах. Калі б не ляжаў тут, дык жыў бы ў іншым месцы. I я з ім. (Раптам весела.) А што ехаць? Тут добра! Усё расце, усё цвіце. Пачынаючы з казюркі да звера, усё жыве.
Я ўсё вам успомню… Ляцяць самалёты і ляцяць. Штодзень. Нізка-нізка над галовамі. Ляцяць на рэактар. На станцыю. Адзін за адным. А ў нас — эвакуацыя. Перасяленне. Штурмуюць хаты. Людзі пазачыняліся, пахаваліся. Скаціна рыкае, дзеці плачуць. Вайна! А сонейка свеціць… Я села і не выходжу з хаты, праўда, на ключ не замыкалася. Пастукалі салдаты: "Што, хазяйка, сабралася?" Пытаюся: "Сілком будзеце мне рукі і ногі звязваць?" Памаўчалі, памаўчалі і пайшлі. Маладзенькія-маладзенькія. Дзеці! Бабы на каленях перад хатамі поўзалі… Маліліся… Салдаты пад рукі адну, другую — і ў машыну. А я прыгразіла, каторы мяне зачэпіць, таго кіем агрэю. Сварылася! Моцна сварылася! Не плакала. Тады я не плакала.
Сяджу ў хаце. То крык. Крык! А то стала ціха… Аціхла. Я першым днём не выйшла з хаты…
Расказвалі: ішла калона людзей… I йшла калона скаціны. Вайна!
Мой гаспадар любіў казаць, што чалавек страляе, а Бог кулі носіць. Каму які лёс! Маладыя, што паз'язджалі, ужо ёсць што паўміралі. На новым месцы. А я з кавенькай — хаджу. Сумна стане, паплачу. Вёска пустая… А птушкі тут усялякія… Лятаюць… I лось ідзе хоць бы што… (Плача.)
Я ўсё ўспомню… Людзі паз'язджалі, а катоў і сабак пакінулі. Першыя дні я хадзіла і малака ім налівала, а сабакам па лусце хлеба давала. Яны стаялі ля сваіх двароў і гаспадароў чакалі. Чакалі людзей доўга. Галодныя каты елі агуркі… Елі памідоры… Да восені я ў суседкі касіла траву пад веснічкамі. Плот паваліўся, плот ёй прыбіла. Чакала людзей… Жыў у суседкі сабачка, звалі Жучком. "Жучок, — прашу, — калі першым людзей стрэнеш, — дык гукні мне".
Уначы сню, як я эвакуіруюся… Афіцэр крычыць: "Хазяйка, мы зараз усё будзем паліць і закопваць. Выходзь!" I вязуць мяне кудысьці, у нейкае незнаёмае месца. Няўцямнае. Гэта і не горад, і не вёска. I не зямля…
Надарылася такое… Быў у мяне харошы каток. Васька. Узімку галодныя пацукі панадзіліся — радачкі няма… Пад коўдру лезлі… Збожжа ў бочцы — дзірку прагрызлі. Дык Васька ўратаваў… Без Ваські б загінула… Мы з ім пагамонім, паабедаем. А тады Васька прапаў… Можа, агаладалыя сабакі дзе напалі і з'елі? Яны ўсё бегалі галодныя, пакуль не паўміралі, кошкі былі такія галодныя, што кацянят елі, улетку не елі, а зімой. Даруй мне, Божа! А адну бабу пацукі загрызлі… Зжэрлі. Рыжыя пацукі… Праўда ці не, а кажуць. Сноўдаюцца тут бамжы… Першыя гады дабра хапала… Сарочкі, кофты, футры… Бяры і вязі на барахолку… Нап'юцца яны, песні гарлаюць. Маць-перамаць. Адзін зваліўся з веласіпеда і заснуў на вуліцы. Раніцою дзве костачкі знайшлі і веласіпед. Праўда ці не? Не скажу. Гавораць.