Насця Шаблоўская — 1986 года нараджэння — 570 бэр.
Алёша Пленін — 1985 года нараджэння — 570 бэр.
Андрэй Котчанка — 1987 года нараджэння — 450 бэр…
Кажуць, што гэтага не можа быць? I як жа яны жывуць з гэткаю шчытавідкай? Але хіба быў дзе-небудзь падобны эксперымент? Я чытаю… Бачу… Кожны дзень… Дапамагчы можаце? Не! Чаго тады прыязджаеце? Распытваеце? Прыстаяце да нас? Я не хачу гандляваць іх няшчасцем. Філасофстваваць! Адчапіцеся, людзі добрыя! Нам тут жыць…"
Аркадзь Паўлавіч Багданкевіч, сельскі фельчар
Маналог на два галасы — мужчынскі і жаночы
Настаўнікі Ніна Канстанцінаўна і Мікалай Прохаравіч Жарковы. Ён выкладае ўрокі працы, яна — філолаг.
Яна:
— Я гэтак часта чую пра смерць, што не хачу на яе глядзець. А вы ніколі не ведалі дзіцячых размоў пра смерць? У сёмым класе ў мяне спрачаюцца і абмяркоўваюць: гэта страшна ці не страшна? Калі малых дзяцей нядаўна цікавіла: адкуль яны? Адкуль дзеці бяруцца? Дык цяпер іх хвалюе, што будзе пасля атамнай вайны? Яны перасталі любіць класіку, я чытаю на памяць Пушкіна — у іх халодныя, адасобленыя вочы… Вакол іх ужо іншы свет… Чытаюць фантастыку, гэта іх захапляе, там, дзе чалавек адрываецца ад зямлі, арудуе касмічным часам, рознымі светамі. Яны не могуць баяцца смерці, гэтак, як баяцца яе дарослыя людзі, я, напрыклад, яна хвалюе іх, як нешта фантастычнае…
Разважаю… Думаю над гэтым… Смерць навакол змушае шмат думаць. Я выкладаю рускую літаратуру дзецям, якія не падобныя на тых дзяцей, што былі дзесяць гадоў назад. У гэтых на вачах увесь час штосьці ці кагосьці хаваюць… Закопваюць у зямлю… Хаты і дрэвы… Усё хаваюць… На лінейцы гэтыя дзеці трацяць прытомнасць, як пастаяць пятнаццаць-дваццаць хвілін, у іх кроў цячэ з носа. Іх нічым не здзівіш і нічым не парадуеш. Заўсёды санлівыя, стомленыя. Тварыкі шэрыя, бледныя. Не гуляюць і не дурэюць. А паб'юцца, незнарок разаб'юць акно — настаўнікі нават радыя. Не сварацца, бо яны на дзяцей не падобныя. I гэтак марудна растуць. Просіш на ўроку што-небудзь паўтарыць — дзіця не можа. Даходзіць да таго, што скажаш сказ, каб паўтарыў услед — не запамінае. "Ну дзе ж ты? Дзе?" — катурхаеш яго. Думаю… Шмат думаю… Я быццам вадой малюю на шкле, толькі я ведаю, што я малюю, ніхто не бачыць, ніхто не бачыць, ніхто не здагадваецца, ніхто не ўяўляе…
Наша жыццё круціцца вакол… Вакол Чарнобыля… Дзе тады быў, як далёка ад рэактара жыў? Што бачыў? Хто памёр? Хто паехаў? Першыя месяцы, памятаю, зноў загулі рэстараны, зашумелі вечарынкі… "Жывем адзін раз…", "паміраць, дык з музыкай…" Наехалі салдаты, афіцэры… Чарнобыль цяпер з намі кожны дзень… нечакана памёрла маладая цяжарная жанчына. Без дыягназу, патолагаанатам не паставіў дыягназу. Маленькая дзяўчынка павесілася. Пяцікласніца. Без дай прычыны. Маленькая дзяўчынка… На ўсё адзін дыягназ — Чарнобыль, што б ні здарылася, усе кажуць — Чарнобыль. Нас папракаюць: "Вы хварэеце, таму што баіцеся. Са страху. Радыефобія". Але чаму малыя дзеці хварэюць і паміраюць? Яны страху не ведаюць, яшчэ не разумеюць.
Я памятаю тыя дні… Мне пякло горла, цяжар, нейкі цяжар ва ўсім целе. "Вы выдумляеце, — сказала ўрач. — Усе зараз сталі надта надумлівымі, таму што Чарнобыль здарыўся". — "Якая надумлівасць? Баліць, у мяне няма сілы". Саромеліся з мужам прызнавацца адно аднаму, але ў нас адымаюцца ногі. Усе вакол жаліліся, нашы сябры, усе людзі, што ідзеш па дарозе і, здаецца, тут бы лёг. Вучні клаліся на парты, у час урокаў трацілі прытомнасць. I жахліва ўсе сталі невясёлыя, змрочныя, за цэлы дзень аніводнага добрага твару не сустрэнеш, каб хто-небудзь каму ўсміхнуўся. З васьмі раніцы да дзевяці вечара дзеці знаходзіліся ў школе, строга забаранялася гуляць на вуліцы, бегаць. Ім выдалі адзенне: дзяўчынкам — спаднічкі і кофты, хлопчыкам — касцюмы; але яны ў гэтым адзенні ішлі дадому, дзе яны там былі ў ім, мы не ведалі. Па інструкцыі мамы павінны былі дома кожны дзень гэтае адзенне мыць, каб у школу дзеці прыходзілі ва ўсім чыстым. Па-першае, далі толькі адну, напрыклад, кофтачку і адну спаднічку, а змены не далі, а па-другое, мамы загружаны хатняй гаспадаркай — куры, карова, парасё, ды і не разумеюць яны, што гэтыя рэчы трэба мыць штодзень. Бруд для іх — гэта чарніла, зямля, тлушчавыя плямы, а не ўздзеянне нейкіх кароткачасовых ізатопаў. Калі я спрабавала растлумачыць што-небудзь бацькам сваіх вучняў, памойму, яны разумелі мяне не больш, чым калі б раптам да іх заявіўся шаман з афрыканскага племя. "А што гэта такое — радыяцыя? Не чуваць і не відаць… А-а… У мяне вунь грошай ад палучкі да палучкі не хапае. Апошнія тры дні заўсёды на малацэ ды на бульбе сядзім. А-а…", — і маці махне рукой. А малако нельга… I бульбу нельга. У краму завезлі кітайскую тушонку і грэчку, а на што ім купіць? Інструкцыі разлічаны на дасведчанага чалавека, на пэўную бытавую культуру. Але яе няма! Няма ў нас таго народа, на якога разлічаны гэтыя інструкцыі. Акрамя таго, што не вельмі проста растлумачыць, чым адрозніваюцца бэры ад рэнтгенаў… З майго пункту гледжання… Я б гаварыла пра фаталізм, гэткі лёгкі фаталізм. Напрыклад, з гародаў у першы год нічога нельга было спажываць, усё роўна елі, рабілі запасы. Яшчэ гэтак хораша ўсё ўрадзіла! Ты паспрабуй скажы, што агуркі есці няможна і памідоры… Што значыць — няможна? Па смаку нармальныя… I ён іх есць, і жывот у яго не баліць… I ў цемры ніхто не "свеціцца"… Суседзі нашы паклалі тым годам новую падлогу з мясцовага лесу, памералі — фон у сто разоў вышэйшы за дапушчальны. Ніхто той падлогі не разабраў, яны так і жылі. Усё, маўляў, неяк уладзіцца, як там яно будзе, але ўладзіцца само па сабе, без іх, без іхняга ўдзелу. Па першым часе сякія-такія прадукты насілі да дазіметрыстаў, правяралі — у дзесяткі разоў вышэй за норму, але пасля перасталі. "Не чуваць, не відаць. А, прыдумаюць гэтыя вучоныя!" Усё ішло сваім парадкам: узаралі, пасеялі, сабралі… Здарылася неймавернае, а людзі жылі, як жылі. I адмаўленне ад агуркоў са свайго гарода было важней за Чарнобыль. Дзяцей усё лета трымалі ў школе, салдаты памылі яе мыцельным парашком, знялі вакол пласт зямлі… А восенню? Восенню паслалі вучняў выбіраць буракі. I студэнтаў на поле прывезі, пэтэвэшнікаў. Усіх сагналі. Чарнобыль — гэта не так страшна, як пакінуць на полі нявыкапаную бульбу… Хто вінаваты? Ну, хто вінаваты, акрамя нас саміх!
Раней мы не заўважалі гэтага свету вакол сябе, ён быў, як неба, як паветра, як быццам хтосьці яго даў нам навечна, і ён ад нас не залежыць. Будзе заўсёды. Раней я любіла легчы ў лесе на траву і любавацца небам, мне было гэтак хораша, што я забывалася, як мяне завуць. А цяпер? Лес прыгожы, процьма чарніц, але іх ніхто не збірае. У асеннім лесе рэдка пачуеш чалавечы голас. Страх у адчуваннях, на падсвядомым узроўні… У нас засталіся тэлевізар і кнігі… Уяўленне… Дзеці растуць у хатах… Без лесу і ракі… Могуць толькі на іх глядзець. Гэта зусім іншыя дзеці. А я прыходжу да іх: "Унылая пора. Очей очарованье…" Усё з тым жа Пушкіным, які здаваўся мне вечным. Часам паяўляецца кашчунная думка: а раптам уся наша культура — куфэрак са старымі рукапісамі? Усё тое, што я люблю…
Ён:
— Ведаеце, у нас было ваеннае выхаванне… Нас арыентавалі на адбіццё і ліквідацыю атамнага нападу. Мы павінны былі супрацьстаяць хімічным, біялагічным і атамным войнам. А не выводзіць з арганізма радыенукліды… З вайной параўноўваць нельга, не дакладна, а ўсе параўноўваюць. Я дзіцем перажыў ленінградскую блакаду. Параўноўваць гэта нельга. Там мы жылі, як на фронце, пад бясконцымі абстрэламі. I голад, некалькі гадоў голад, калі чалавек апускаўся да дзвярыных інстынктаў. А тут, калі ласка, выйшаў — і ў гародзе ўсё расце! Гэта непараўнана. Але я іншае хацеў сказаць… Згубіў нітку… Выслізнула… А-а… Калі пачынаецца абстрэл, не дай Бог! Ты можаш памерці не калі-небудзь, а зараз, у гэтую во хвіліну. Зімой — голад. Палілі мэблю, мы ўсё драўлянае ў сваёй кватэры спалілі, усе кнігі, па-мойму, нават нейкімі старымі анучамі палілі. Чалавек ідзе па вуліцы і сеў, на наступны дзень ідзеш, ён сядзіць, гэта значыць, ён замёрз, ён сядзіць гэтак тыдзень ці да вясны сядзіць. Да цяпла. Ні ў кога няма сіл яго з лёду высечы, у рэдкіх выпадках, калі хто-небудзь на вуліцы падаў, да яго падыходзілі, памагалі. Міма. Усе паўзуць міма. Я памятаю, што людзі не хадзілі, а поўзалі, гэтак марудна яны хадзілі. Гэта ні з чым не параўнаць!
… З намі, як выбухнуў рэактар, яшчэ жыла мама, мая мама, яна паўтарала: "Самае страшнае, сынок, мы з табой перажылі. Мы перажылі блакаду. Нічога страшнейшага не можа быць".
Мы рыхтаваліся да вайны, атамнай вайны, будавалі ядзерныя сховішчы. Ад атама хацелі схавацца, як ад асколкаў снарада. А ён усюды… У хлебе, у солі… Дыхаем радыяцыяй, ядзім радыяцыю… тое, што можа не быць хлеба і солі, і можна есці ўсё, ажно да таго, што зварыць у вадзе скураны рамень, дзеля паху, наесціся пахам — я мог зразумець. А гэтага не… Усё атручана? Зараз важна ўясніць, як жа нам жыць? У першыя месяцы быў страх, асабліва ўрачы, настаўнікі, карацей, інтэлігенцыя, больш дасведчаныя людзі, яны кідалі ўсё і з'язджалі. Імчаліся адсюль. Але ваенная дысцыпліна… Партбілет на стол… Нікога не выпускалі… Хто вінаваты? Каб адказаць на пытанне, як нам жыць, трэба ведаць: хто вінаваты? Хто ж? Вучоныя ці персанал станцыі? Дырэктар? Дзяжурныя аператары? Але чаму, адкажыце мне, мы не змагаемся з аўтамабілем, як тварэннем розуму чалавечага, а з рэактарам змагаемся? Патрабуем закрыць усе атамныя станцьг, а атамшчыкаў аддаць пад суд?! Праклінаем! Веды, самі веды не бываюць злачыннымі. Вучоныя сёння таксама ахвяры Чарнобыля. Я хачу жыць пасля Чарнобыля, а не паміраць пасля Чарнобыля. Хачу зразумець…
Рэакцыі сёння ў людзей розныя, усё-такі дзесяць гадоў прамінула, а яны мераюць вайною. Вайна чатыры гады доўжылася… Ужо, лічыце, — дзве вайны… Я пералічу вам, якія ёсць рэакцыі: "Усё ўжо ў мінулым", "Як-небудзь абыдзецца", "Дзесяць гадоў мінула. Ужо не страшна!","Мы ўсе памром! Усе хутка памром!", "Хачу з'ехаць за мяжу", "Нам павінны памагчы", "А, пляваць! Трэба жыць"… Здаецца, усё перабраў? Вось гэта мы чуем кожны дзень… З майго пункту гледжання, мы — матэрыял для навуковых даследаванняў… Міжнародная лабараторыя… Нас. беларусаў, дзесяць мільёнаў, больш за два мільёны жыве на заражанай зямлі. Гіганцкая д'ябальская лабараторыя… Запісвай дадзеныя, эксперыментуй. Едуць да нас адусюль… Абараняюць дысертацыі… З Масквы і Пецярбурга… З Японіі, Германіі, Аўстрыі… Яны рыхтуюцца да будучыні… (Доўгі перапынак у гаворцы.)
Што я падумаў? Я зноў параўнаў… Я падумаў, што пра Чарнобыль магу гаварыць, а пра блакаду не магу. Прыслалі запрашэнне з Ленінграда, запрашэнне на сустрэчу "Дзеці блакаднага Ленінграда", я паехаў, але не змог там слова з сябе выціснуць. Проста распавесці пра страх? Мала… Проста пра страх… Дома пра блакаду мы ніколі не ўспаміналі, мама не хацела, каб мы ўспаміналі блакаду. А пра Чарнобыль мы гаворым… Не… (Запыняецца.) Між сабою мы не гаворым, гэта гаворка ўзнікае, калі хто-небудзь да нас прыязджае: замежнікі, журналісты, сваякі, якія тут не жывуць. Чаму мы не гаворым пра Чарнобыль? У школе? З вучнямі? Пра гэта з імі гавораць у Аўстрыі, Францыі, Германіі, куды яны ездзяць на лячэнне. Пытаюся ў дзяцей, пра што там з імі гавораць, чым цікавяцца? А яны часта не памятаюць ні горада, ні вёскі, ні прозвішчаў людзей, у якіх былі, пералічваюць падарункі, што смачнае елі. Камусьці падарылі магнітафон, а камусьці — не;
Прыязджаюць у апратках, якія самі не зарабілі і не зарабілі іх бацькі. Вось як быццам яны недзе на выстаўцы пабывалі. У вялікім магазіне… Увесь час чакаюць, што іх яшчэ раз туды павязуць. Пакажуць, абдораць. Яны да гэтага прывыкаюць. Прывыклі. Гэта ўжо спосаб іх жыцця, уяўленне аб ім. Пасля гэтага вялікага магазіна, які называецца замежжам, пасля гэтай дарагой выстаўкі трэба ісці да іх у клас. На ўрок. Я іду і бачу, што гэта ўжо назіральнікі… Назіраюць, а не жывуць. Я вяду іх у сваю майстэрню, там стаяць мае драўляныя скульптуры. Яны ім падабаюцца. Кажу: "Гэта ўсё можна стварыць са звычайнага кавалка дрэва. Паспрабуй сам!" Прабудзіся! Мне гэта памагло выйсці з блакады, я гадамі выходзіў…
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
"Мурашы паўзуць па ствале… Вакол грукоча ваенная тэхніка. Салдаты. Крыкі, лаянка. Мат. Трашчаць верталёты. А яны паўзуць… Я вяртаўся з зоны і ад усяго ўбачанага за дзень яснай у памяці заставалася толькі адна карціна… Мы спыніліся ў лесе, я стаў пакурыць ля бярозы. Стаў блізка, абапёрся. Проста перад маім тварам мурашы поўзалі па ствале, не чуючы нас, не звяртаючы аніякай увагі… Мы знікнем, а яны і не заўважаць. А я? Я ніколі раней іх гэтак блізка не заўважаў…
Спачатку ўсе гаварылі "катастрофа", потым "ядзерная вайна". Я чытаў пра Хірасіму і Нагасакі, бачыў дакументальныя кадры. Страшна, але зразумела: атамная вайна, радыус выбуху… Гэта я нават мог сабе ўявіць. Але тое, што здарылася з намі, не месцілася ў свядомасці. Мы адыходзім… Ты адчуваеш, як штосьці зусім невядомае разбурае ўвесь ранейшы свет, упаўзае, улазіць у цябе. Памятаю размову з адным вучоным: "Гэта на тысячы гадоў, — тлумачыў ён. — Распад урану — гэта дзвесце трыццаць восем паўраспадаў. Перавядзем на час: адзін мільярд гадоў. А ў торыю — гэта чатырнаццаць мільярдаў гадоў". Пяцьдзесят… Сто… Дзвесце гадоў… Але далей? Далей мая свядомасць не сягала. Я ўжо не разумеў, што такое — час? Дзе я?
Пісаць пра гэта цяпер, усяго дзесяць гадоў мінула… Пісаць? Думаю, няма сэнсу! Не ўцяміць, не спасцігнуць. Усё роўна будзем прыдумваць што-небудзь падобнае на наша жыццё… Я спрабаваў… Нічога не атрымалася… Пасля Чарнобыля засталася міфалогія пра Чарнобыль… Газеты і часопісы спаборнічаюць, хто напіша страшней, асабліва любіць страхі чалавек, які там не быў. Усе чыталі аб грыбах з чалавечую галаву, але ніхто іх не знаходзіў. Таму трэба не пісаць, а запісваць. Дакументаваць. Дайце мне фантастычны раман пра Чарнобыль… Няма яго! Рэальнасць куды больш фантастычная!
У мяне асобны блакнот… Запісваю размовы, чуткі, анекдоты. Гэта самае цікавае, і яно па-за часам. Што засталося ад Старажытнай Грэцыі? Міфы Старажытнай Грэцыі…
Вось мой блакнот…
З гаворак
"Па радыё ўжо трэці месяц: абстаноўка стабілізуецца… Абстаноўка стабілізуецца… Абстаноўка стаб…"
"Прыехалі інструктары з Цэка. Іх маршрут: на машыне з гасцініцы — у абком партыі, назад — таксама на машыне. Абстаноўку вывучаюць па падшыўках мясцовых газет. Поўныя сакваяжы мінскіх бутэрбродаў. Чай заварваюць на мінеральнай вадзе. Таксама прывезенай. Расказвала пра гэта дзяжурная гасцініцы, дзе яны жылі. Людзі не вераць газетам, тэлебачанню і радыё, шукаюць інфармацыю ў паводзінах начальства. Яна найбольш верагодная".
"Самая папулярная казка зоны: лепш за ўсё памагае ад стронцыю і цэзію — "Столичная".