— Якраз вы і дапаможаце мне, — сказала Элен і падала мне руку, — была шчаслівая пазнаёміцца з вамі.
За агароджай мяне ўсё яшчэ чакаў Лінгард у сваім «поршэ», толькі цяпер ён сядзеў не на месцы шафёра, а побач і курыў з адсутным выглядам, увесь у сабе.
— Усё ў парадку, — сказаў я. — Даручэнне прынята.
— А чэк? — спытаўся ён.
— Таксама.
— Выдатна, — сказаў Лінгард.
Я сеў за руль. Лінгард прапанаваў мне цыгарэту, даў агню. Я курыў, абедзве рукі на баранцы, успамінаў Элен і быў шчаслівы. Радаваўся будучыні.
— Ну і што? — спытаўся Лінгард.
Я раздумваў, яшчэ не ўключаючы запальванне.
— Ёсць толькі адна магчымасць, — адказаў. — Для нас Колер больш не забойца. Цяпер мы павінны падыгрываць.
— Згода.
— Дапытайце сведак яшчэ раз, — працягваў я. — Вывучыце мінулае Вінтэраў, хто там вораг, хто сябар.
— Зоймемся доктарам Бэна, — адказаў ён.
— Алімпійцам? — здзівіўся я.
— Сябрам Вінтэра, — паясніў Лінгард. — І Монікай Штаерман.
Моніка Штаерман была адзінай спадчынніцай Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О.
— Чаму? — спытаўся я.
— Прыяцелька Бэна.
— Не, лепш не будзем ублытваць яе, — задумліва сказаў я.
— О'кей, — сказаў Лінагард.
Нешта тут было не так.
— Дзіўна ўсё-такі, - сказаў я.
— Што менавіта?
— Вас парэкамендаваў мне Колер.
— Чыстая выпадковасць.
Я ўключыў запальванне і асцярожна крануў з месца. Яшчэ ніколі мне не даводзілася сядзець за рулём «поршэ». На віядуку Лінгард спытаўся:
— Шпэт, а вы знаёмы ў Монікай Штаерман?
— Я яе толькі раз бачыў.
— Дзіўна.
У Талакеры я яго высадзіў і паехаў далей з горада. Куды вочы глядзелі. Бяздумна паехаў у восень. І як ні супраціўляўся, твар Монікі Штаерман увесь час выплываў на пярэдні план, засланяючы твар Элен Колер.