Я падзякаваў. Яна села ў глыбокі скураны фатэль. Я сеў насупраць, таксама ў глыбокі скураны фатэль. Усё было неяк дзіўна, гэтая дзяўчына гадоў прыкладна на дваццаць два, смуглявая, усмешлівая, раскаваная і ў той жа час сарамлівая, мноства кніг, масіўны пісьмовы стол, на заднім плане — більярд з шарамі, прамяні сонца, парк за прачыненымі шклянымі дзвярмі, праз якія ўвайшла Элен з пажылым герам Фёрдэрам. Фёрдэр быў бездакорна апранены, мне прадставілі яго як асабістага сакратара Колера, ён моўчкі і з выглядам амаль пагрозлівым пачаў мяне разглядваць. Пасля чаго зноў выйшаў, не развітаўшыся, не азваўшыся ані гукам. Мы засталіся ўдваіх. Элен была збянтэжана. Я таксама. Думкі пра яе бацьку скоўвалі мяне, адабралі дар мовы. Мне было шкада яе. Я зразумеў, што яна ніколі не зможа зразумець свайго бацьку і пакутуе ад неспасцігальнасці яго ўчынкаў.
— Гер Шпэт, — пачала яна, — бацька мне заўсёды шмат пра вас расказваў.
Гэта было нечакана. Я здзіўлена паглядзеў на яе.
— Заўсёды?
— З таго часу, як сустрэў вас у «Du Théâtre».
- І што ж ён вам расказваў?
— Ён непакоіўся за вашу адвакацкую практыку.
— Не было ў мяне тады ніякай практыкі.
— Затое цяпер ёсць, — канстатавала яна.
— Не сказаць, каб бліскучая, — прызнаўся я.
— Ён інфармаваў мяне пра справу, якую мерыўся вам даручыць.
— Ведаю.
— Вы возьмецеся за яе?
— Рашыў узяцца.
— Мне вядомыя ўмовы, — сказала яна. — Вось вам чэк. Гэта аванс. Пятнаццаць тысяч. Плюс яшчэ дзесяць. На выдаткі па справе.
Элен працягнула мне чэк. Я ўзяў яго і склаў напалам.
— Ваш бацька не паскупіўся, — сказаў я.
— Ён вельмі зацікаўлены, каб вы ўзяліся за яго даручэнне, — патлумачыла.
— Прыкладу ўсе намаганні.
Я сунуў чэк у кашалёк. Мы абое памаўчалі. Яна больш не ўсміхалася. Я адчуў, як яна падбірае словы.
— Гер Шпэт, — загаварыла нарэшце з запінкай, — я разумею, што бацькава даручэнне не зусім звычайнае.
— Нават вельмі.
— Гер Фёрдэр думае гэтак сама.
— Ахвотна веру.
— Але тым не меней яго трэба выканаць, — сказала яна рашуча, амаль горача.
— Дзеля чаго?
Яна ўмольна глянула на мяне.
— Гер Шпэт, я магу бачыцца з татам раз у месяц. Ён дае мне ўказанні. Справы ў таты вельмі заблытаныя, але яго абазнанасць шакіруе. Ён загадвае, я выконваю. Ён бацька, я дачка. Вы ж разумееце, я слухаюся яго.
— Ну, вядома ж.
Элен разгарачылася. Яе гнеў быў непадробны.