MoreKnig.org

Юстыцыя: читать книгу онлайн полностью и бесплатно

Автор: Дюрренматт Фридрих



Шрифт:

— Вас пры гэтым не было, Шпэт, і зацеміце сабе на носе — мяне таксама.

І ён дапіў сваю чарку і зноў заснуў.

…Доктар h.с. Ісак Колер тэлеграмай паведаміў мне пра сваё прыбыццё: ён павінен прызямліцца паслязаўтра ў 22 гадзіны 15 хвілін рэйсам з Сінгапура, тады я застрэлю яго, а потым застрэлюся сам. Таму ў мяне застаюцца толькі дзве ночы, каб давесці справаздачу да канца. Тэлеграма Колера застала мяне знянацку, бо, мабыць, я ўжо не верыў у ягонае вяртанне. Шчыра прызнаюся, я п'яны. Я быў у «Хеку», апошнім часам я рэгулярна бываю ў «Хеку», за даўгім драўляным сталом, побач з такімі сама п'янымі. Жыву на сродкі Гізэлы і іншых паненак, якія пасля смерці Маркіза перабраліся да нас не з Нойшатэля, а з Жэневы і Бэрна, тым часам як многія з нашых сваёй чаргою перабраліся ў Жэневу і Бэрн, адбываецца шмат службовых перамяшчэнняў, якія асабіста мяне зусім не датычацца, бо афіцыйна я не маю права нічым займацца, акрамя як чакаць, калі прыйдзе тое паслязаўтрае. 22 гадзіны 15 хвілін. Месца Луцкі заняў Нольдзі Архідэйны, ён, здаецца, ураджэнец Залатурна, кар'еру зрабіў у Франкфурце і ўвесь з сябе такі далікатны, усе ягоныя паненкі цяпер ходзяць з архідэямі, а паліцыя ўся скапыцілася, нельга ж бо забараніць насіць архідэі, нейкая дама-юрыстка з Базэля, якая каля гадзіны ночы ў раёне Бэльвю ішла па вуліцы з архідэяй на блузцы — яна вярталася з тэледыскусіі пра выбарчае права жанчын, — была затрымана, дакументаў у яе пры сабе не было, скандал выбухнуў страшэнны, паліцыя і начальнік паліцыі — гэта з няўклюднага афіцыйнага абвяржэння — выставілі сябе на агульнае пасмешышча. Нольдзі Архідэйны атрымаў неабмежаваную ўладу, завёў сабе адваката Віхертэна, аднаго з даволі паважаных нашых адвакатаў, які з чыста сацыяльных меркаванняў мае намер выступіць у абарону гэтых дам, бо яны, калі ўжо на тое, спраўна плацяць падаткі; ён нават падняў пытанне пра стварэнне салонаў масажу. Асабіста мне Нольдзі Архідэйны намякнуў, што я «з сваім ладам жыцця» непрымальны больш у іхнім інтэрасе, аднак ён не дапусціць, каб я канчаткова ляснуўся, гэта яго святы абавязак перад нябожчыкам Луцкі, што ён ужо пагутарыў са сваім персаналам — уласныя словы Нольдзі — і што мне дазволена жыць і далей у «Хеку», начальнік паліцыі з таго часу таксама ні разу не назаляўся мне са сваёй увагай, мяркуючы па ўсім, нікога больш не цікавіць, як загінулі Луцкі і Маркіз, ды і нераскрытае забойства Дафны забыта. Такім чынам, мяне хоць і не ўтрымліваюць, але ўсё-такі падтрымліваюць. Калі ў «Хеку» госці просяць у мяне адрасочка, якога я даю бясплатна, і тады госці — у большасці геры ў веку — плацяць за мой віскі, гэта выглядае досыць высакародна, ну, і натуральна. Вось чым я магу абгрунтаваць свой нападпітак, кепскі почырк і паспешлівасць, бо, прызнаюся шчыра, атрымаўшы тэлеграму Колера, я для пачатку даўся ў запой, а потым сяк-так-неяк дабраўся да Шпігельгасэ, а цяпер вось, праз дваццаць гадзін, сяджу за сваім пісьмовым сталом. На шчасце, у мяне пры сабе бутэлька «Джоні Ўокера», на маё, я б сказаў, вялікае здзіўленне, хоць не, цяпера я прыпамінаю зубнога лекара з Туна, які знайшоў мяне ў «Хеку» і якога я ў «Манака» пазнаёміў з Гізэлай, так, атрымліваецца, я прыйшоў не з «Хека», як, магчыма, казаў раней, а з «Манака» — паспешнасць, якая патрэбна пры маіх запісах, не дае мне ні прачытаць напісанае, ні замоўчваць тыя альбо іншыя акалічнасці. Такім чынам, сваё пуздэрка я зарабіў сумленна, на Гізэлу зубнік не зрабіў ніякага ўражання, наадварот, ён усяляў у яе жах, за «Удавой Кліко» — гэта была другая бутэлька — ён дастаў з рота свае сківіцы, спачатку верхнюю, пасля ніжнюю, абедзве свайго ж вырабу, каля левага верхняга зуба мудрасці ён прадэманстраваў нам свае ініцыялы Ц.В., потым узяў сківіцы ў руку, пастукаў імі адна аб адну і паспрабаваў укусіць імі Гізэлу ў грудзі. У Хіндэльмана за суседнім столікам слёзы закапалі на жывот ад смеху, асабліва калі дантыст упусціў з рук сківіцы і яны ўпалі не толькі пад наш стол, але і пад стол Хіндэльмана, а той сядзеў з Мэрылін, гэтай новенькай з Ольтэна, адкуль, дарэчы, і сам Нольдзі Архідэйны, вой — не, ён з Залатурна, ба, а можа-такі з Ольтэна? — пасля чаго дантыст палез ракам за сваімі сківіцамі, якія мала таго, што ніхто не хацеў падымаць, але нават жа і наадварот, усе адграбалі нагамі пад суседні стол. Нарэшце Гізэла ўсё-такі ўмілажалілася, а мы рагаталі-рагаталі, аж ужо на змярканне пайшло і я атрымаў сваю бутэльку «Джоні». А дурны рогат Хіндэльмана раззлаваў мяне таму, што ў працэсе Колера ён паказаў сябе нікчэмным прадстаўніком абвінавачання. Гэта быў разгляд, я не абмовіўся, не перагляд, а разгляд. Усе лічылі, што Штусі-Лойпін вядзе справу да перагляду, але ён уразіў усіх тым, што падаў апеляцыю ў дэпартамент юстыцыі. Доктар h.с. Ісак Колер ні разу не прызнаваўся, што застрэліў германіста, прафесара Адальфа Вінтэра, у рэстаране «Du Théâtre». Адных паказанняў сведкаў недастаткова, калі сам злачынец аспрэчвае факт злачынства, урэшце ж сведкі могуць і памыляцца. З гэтай прычыны справа Колера падпадае не юрысдыкцыі кантанальнага суду, а суду прысяжных. І значыцца, трэба ўжыць усё магчымае з пункту гледжання правасуддзя і закона, каб ануляваць стары прысуд і перадаць справу Колера суду прысяжных, як яно і належыцца. Гэтая апеляцыя Штусі-Лойпіна, якая выклікала сутаргавае ператрэсванне актаў і пратаколаў, якое, на вялікі жах галавы нашай юстыцыі Майсея Шпрунгліна, пацвердзіла адсутнасць прызнання з боку абвінавачанага, бо за прызнанне былі памылкова прыняты філасофскія выверты Колера, мела вынікам, што галава нашай юстыцыі датэрмінова спраторыў на пенсію старшыню, суддзю кантанальнага суду Егерленэра, а чатыром членам судовай калегіі, як і пракурору Емэрліну, вынес асуджэнне, а справу Колера перадаў суду прысяжных — з пункту гледжання юрыдычнага акцыя крыху паспешлівая. Шалёная атака Емэрліна ні да чога не прывяла, пратэст, унесены ў федэральны суд, быў з такой самай, можна сказаць сенсацыйнай, хуткасцю адхілены — з'ява проста-такі ўнікальная для ўладаў, якія ад вечнай перагрузкі працавалі звычайна з хуткасцю слімака; адным словам, новы працэс адбыўся ўжо ў красавіку 1957 года.

Емэрлін не здаваўся, ён хацеў і тут выступіць абвінаваўцам, але Штусі-Лойпін адхіліў яго кандыдатуру як асобы прадузятай. Емэрлін змагаўся як леў і саступіў, толькі калі дачуўся, што з Штусі-Лойпінам не справіўся б і Фойзэр, прычым я толькі цяпер спахапіўся, што дагэтуль нічога не расказаў пра сам працэс, не расказаў, напрыклад, пра непрыглядную ролю, якую адыграў на ім начальнік паліцыі, паказаўшы, што не бачыў на свае вочы, як страляў Колер, а проста дапусціў гэта. Адным словам, Штусі-Лойпін схітрыўся націснуць на ўсе клавішы адразу. Не запярэчыш, ён быў цудоўны. Запрошаныя Штусі-Лойпінам сведкі так зацята супярэчылі адно аднаму, што прысяжныя часам заледзьве стрымлівалі смех, а публіка аж вішчала ад захаплення: тую акалічнасць, што рэвальвер так і не быў знойдзены, Штусі-Лойпін разыграў як па нотах, і, калі ранейшымі суддзямі яна была пакінута без увагі, інакш кажучы, пакінута па-за ўвагай, адсутнасць corpus delicti[4], гэта ўжо само па сабе ўважлівая прычына, каб апраўдаць Колера за недахопам доказаў. Паступова Штусі-Лойпін пачаў перанакіроўваць падазрэнне на Бэна: і на момант забойства Бэна быў у «Du Théâtre», і як бы там яно ні было, а ён — чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, і ўдадатак мае калекцыю зброі, якую (калі верыць Лінгарду) мерыцца прадаць з прычыны фінансавых цяжкасцяў — тут па зале праляцеў шэпт, — далей Штусі-Лойпін дазволіў сабе нейкія намёкі адносна разладу паміж доктарам Бэна і прафесарам Вінтэрам, праз што і ўзнікла патрэба дапытаць Бэна; усе нецярпліва чакалі допыту, але Бэна не прыйшоў у суд. Я і сам шукаў яго ўжо каторы дзень. Я прыняў цвёрдае рашэнне ўзяць на сябе абарону Бэна, пра што я ўжо раней інфармаваў Штусі-Лойпіна, дзеля абароны мне трэба была атрымаць ад Бэна сякую-такую інфармацыю, каб далей расследаваць злачынства Колера, але нават у бары «Супакой маю журбу» пра Бэна ніхто нічога не ведаў. Фойхтынг падазраваў, што Бэна хаваецца ў Дафны. Дафна — добрая, шчырая душа і не пакідае ў бядзе былых мілоснікаў, нейкі Эміль Э., каміваяжор фірмы дэзадарантаў, які нядаўна пакінуў у яе на Аўрораштрасэ свой месячны прыбытак, сказаў, што ў яго склалася ўражанне, быццам на кватэры ў Дафны ёсць яшчэ нехта. Знайсці Бэна не ўдавалася. Усе думалі, што ён збег. Паднялі на ногі ўсю паліцыю, падключылі Інтэрпол, адбывалася прыкладна тое самае, што і пры арышце Ісака Колера. Складанасці ўзніклі з Дафнай, яна патрабавала, каб ёй прад'явілі ордэр пракурора на ператрус у яе кватэры; калі ж Ільза Фройдэ на раніцу пераступіла парог майго бюро на Цэльтвэгэ, яна ўбачыла, што спрытны рапірыст і цэлкі стралок вісіць на люстры і пры гэтым пакалыхваецца на скразьняку, бо вокны і так ужо былі адчынены, а Ільза, уваходзячы, натуральна, адчыніла дзверы. У Бэна захаваўся ключ ад яго былога бюро, ён залез на мой пісьмовы стол, які колісь быў ягным сталом, а я тым часам з Дафнай… каб хоць такім чынам знайсці Бэна… ад мяне яшчэ шмат дзён пасля патыхала рознымі эсэнцыямі памянёнага Эміля Э…Мабыць-такі менавіта таму я і пішу з такой неахвотай пра сам працэс: на судзе абавязкова зайшла б гаворка пра мае новыя адносіны з Дафнай, прычым у прысутнасці Элен, калі б Штусі-Лойпін надумаўся дапытаць Дафну, а ён мусова надумаўся б, калі б Бэна не апярэдзіў яго сваім суіцыдам, які мусова ж быў бы патлумачаны як прызнанне віны. Доктар h.c. Ісак Колер быў з трыумфам апраўданы. Пакідаючы залу, ён затрымаўся каля мяне, паглядзеў халоднымі, бясстраснымі вачыма і сказаў, што разыгранае тут дзейства ёсць самае бессаромнае з усіх магчымых варыянтаў вырашэння праблемы, што мае фінансавыя складанасці — Госпадзе ты Божа мой! — цалкам зразумелыя, і чаму замест таго, каб прыйсці да яго, я перадаў вынікі сваіх росшукаў Штусі-Лойпіну, які і зладзіў гэты брыдкі балаган правасуддзя, апраўдальны вырак, цьфу і яшчэ раз цьфу, такая ганьба чалавеку — выглядаць нявіннай авечкай, ды і дзе ёсць яны, тыя нявінныя авечкі; а пасля ён дадаў фразу, якая канчаткова давяла мяне да белага накалу і пацвердзіла, што забіць Колера — гэта мой абавязак, бо павінен жа нехта аднавіць патаптаную справядлівасць, каб яна канчаткова не перарадзілася ў фарс. А сказаў Колер наступнае: калі б я перадаў матэрыялы расследавання яму замест таго, каб перадаваць іх Штусі-Лойпіну, Бэна і без ніякага суду гушкаўся б на люстры; з гэтымі словамі Колер штурхнуў мяне, як нейкага бадзягу, я адляцеў на Мока, які стаяў за мною, укладваючы ў кішэнь свой слыхавы апарат, а калі я штурхнуў яго, сказаў: «Так-так, а як жа, як жа». Колер пакінуў будынак суда. Банкет пераможцаў у Доме гільдзій, «У страказы». Тост прэзідэнта, вытрыманы ў гекзаметрах, адкуль Колер — напрасткі ў Аўстралію, а я са сваім рэвальверам спазняюся да адлёту. Гэтая гісторыя ўжо вядомая. З таго часу прайшло паўтара гады, зноў прыйшла восень. Заўсёды восень. Госпадзе, а я зноў п'яны, баюся, што мой почарк будзе зусім неразборлівы, а час адзінаццаць гадзін — засталося яшчэ 35 гадзін 15 хвілін, — калі піць далей, будзе катастрофа. Жахліва, калі Элен дагэтуль кахае мяне, мне гэта было б тое самае, што смяротны вырак. Магу толькі запэўніць, што я яе кахаў, а можа, кахаю і дагэтуль, хоць яна і спіць з гэтым старым атопкам Штусі-Лойпінам, а днямі я сустрэў яе з Фрыдлі, ён ахапіў правай рукой плечы Элен, быццам ужо даўно лічыць яе сваёй уласнасцю; зрэшты, усё гэта не мае аніякага значэння. Пісаць пра наша каханне не мае ніякага сэнсу, як не мае сэнсу перадаваць маю папярэднюю гутарку з прапаведнікам секты Бэргерам на лесвіцы — папярэдне я ж яшчэ раз наведаўся ў «Хек», але няўдала, з віскі выйшла асечка, аматары глядзелі футбол і былі не ў гуморы, бо швейцарцы гулялі нікудышне, а ў тыпаў, якія звычайна пытаюцца адрасы, настрой быў яшчэ горшы. «Манака» быў зачынены. Я выйшаў зусім без грошай, я пакінуў дома кашалёк, мне дазарэзу патрэбен быў віскі, я пацягнуўся ў «Du Théâtre», таксама нікога, Альфрэда, калі, вядома, гэта быў Альфрэда, неяк дзіўна на мяне паглядзеў, Эла і Клара рашуча выйшлі аднекуль з глыбіні залы, нехта вымавіў маё імя, Штусі-Лойпін сядзеў за сталом, дзе сваім даўнім часам паседжваў Джэймс Джойс, і кіўком рукі запрасіў мяне падсесці да яго. Эла і Клара надзьмуліся, але Штусі-Лойпін — ён і ёсць Штусі-Лойпін. Ён сказаў, каб я не бегаў з расшпіленай прарэхай, а калі я прыняў запрашэнне, сказаў яшчэ, што я пайшоў уразнос, і падліў вішнёўкі ў сваю каву. А мне патрэбна бутэлька віскі, неўпапад адказваў я, стан у мяне быў безнадзейны, я зразумеў, што без віскі не магу жыць, мяне ахапіў панічны страх, а раптам не разжывуся віскі, усё ўва мне супрацівілася думцы выпіць замест віскі што-небудзь іншае, віно, альбо, скажам, піва, альбо гарэлку, хай нават і пракіслы сідр, які хлебчуць клошары (не дзіва, што ў іх хоць і развіваецца цыроз вантробы, але затое не бывае раматусу), рэшта чалавечай годнасці ўва мне патрабавала віскі, толькі віскі, у імя справядлівасці, якая даканае-такі мяне, але тут ужо Элен паставіла перад мной шклянку. Даліне Штусі зноў патрэбен адвакат, холадна пачаў Штусі-Лойпін, яго пераемніка, хадыку Штусі-Зютэрліна, падстрэлілі на паляванні, нехта прыняў яго за сарну, ці тое Штусі-Бірлін, ці тое Штусі-Фойзі, не выключана, зрэшты, што гэта быў Штусі-Моозі, следчы ў Флетыгене паклаў справу ў архіў, страціўшы надзею яе раскрыць, вось належнае для мяне месца, вёска ўпершыню атрымала б у хадыкі аднаго не Штусі, ну, а там можна неяк уладзіць, каб я зноў вярнуў сабе свой патэнт. І гэта ён прапануе менавіта мне, сказаў я, залпам выпіўшы сваю шклянку; менавіта вам, адказваў ён, ведаеце, Шпэт, працягваў ён, настаў час, каб вы зрабілі высновы.

І калі ён, Штусі-Лойпін, аж так нястрымна рупіцца вызваляць з пашчы нашай юстыцыі нават невінаватых, калі ў іх ёсць хоць самы малы шанец не быць праглынутым гэтай пашчай, каб заставацца ў рамках зададзенага вобразу, — дык зусім жа не з мэтай паглуміцца з правасуддзя. Адвакат — гэта адвакат, а не суддзя, верыць ён у справядлівасць і ў закон, заснаваны на ідэі справядлівасці, альбо не верыць — яго асабісты клопат, урэшце ж, гэта наогул чыстая метафізіка, як, напрыклад, пытанне пра сутнасць лічбы, але, будучы адвакатам, ён абавязаны разабрацца, як павінна правасуддзе ўспрымаць суб'екта, які трапіў у яго лапы, як вінаватага альбо як невінаватага, незалежна ад таго, вінаваты ён ці невінаваты на самой справе. Элен расказала яму пра маё падазрэнне, але маё расследаванне не было даведзена да канца. Элен хоць і была тады сцюардэсай — Госпадзе, гэта ж людзі ў тыя часы яшчэ наіўна думалі, быццам гэта няма ладу якая прэстыжная прафесія! — але не ў тым самалйце, якім ангельскі міністр вяртаўся да сябе на востраў. А вяртаўся ён на ангельскім ваенным самалёце, які наўрад ці абслугоўваўся сцюардэсай кампаніі «Свісэйр». Чаму Элен так цьмяна адказала тады на маё пытанне, зразумець няпроста, яна не адразу ўлавіла сэнс майго пытання, а што да слоў, якія сказаў мне Колер і якія перадаў яму, Штусі-Лойпіну, Мок, дык асабіста хоча выглядаць нявіннай авечкай, яму б трэба прызнаць, што ён прыхлопнуў старога сябра ПЭН-клуба, і растлумачыць, чорт вазьмі, куды ён пасля гэтага падзеў рэвальвер. У яго, Штусі-Лойпіна пачуццё самае непрыемнае; вызваліць старога з пазуроў правасуддзя было яго юрыдычным абавязкам, цяпер жа, аднак, яму здаецца, што ён выпусціў на волю драпежнага звера, адзінца, самага небяспечнага, за паводзінамі Колера крыецца матыў, але абнародаваць яго Колер не хоча, спачатку ён, Штусі-Лойпін, лічыў, быццам Штаерман выкарыстоўвае Колера дзеля сваіх мэтаў, а цяпер яму здаецца, што гэта Колер выкарыстоўвае яе. Вінтэр, Бэна, Дафна, два сутэнёры — ці не залішне шмат нябожчыкаў, - а прыйдзе дзень, калі, вядома, я не ўрымшчуся, мяне таксама выцягнуць з Зіля. Так, пасля гэтай прамовы я атрымаў бутэльку, а ўжо як я дабраўся да Шпігельгасэ, пра тое змоўчу; пакуль Штусі-Лойпін частаваў мяне сваімі меркаваннямі Эла прынесла мне яшчэ адну шкляначку віскі — цуд, што я ўвогуле быў здольны перадаць сваю з ім гутарку, а цяпер палова другой ночы; мабыць, я ненадоўга задрамаў, застаецца крыху больш за дваццаць гадзін — не, дзевятнаццаць, я памыліўся, цяпер палова трэцяй, — і тады Колер, доктар h.c. Ісак Колер… А гутарка з Сымонам Бэргерам, верагодна, адбылася на лесвіцы, калі я з бутэлькай віскі вярнуўся на Шпігельгасэ. Прайшло, па-мойму, некалькі тыдняў з таго часу, як аціхлі псальмы «Святых з Ютлі», яны там проста перасталі драць горлы — Штубер з паліцыі маральнасці якраз сядзеў у мяне і даволі недвухсэнсоўна намякаў, што начальства па-ранейшаму падазравае наяўнасць сувязі паміж мной і арганізаванай прастытуцыяй, як раптам рэзка, на паўслове абарвалася псальма «О Хрыстос, твае пакуты…» — за гэтым пайшлі крыкі, лямант, пратэсты, галашэнні, шум, якога там зроду не бывала, і тупат мноства ног уніз па лесвіцы, далей — мёртвая цішыня, і Штубер далей выкладваў свае падазрэнні. Вось чаму мне трэба было б здзівіцца, калі я ўбачыў паверхам ніжэй каля дзвярэй малітоўнай залы іх прапаведніка. Ён стаяў нерухома, прыхіліўшыся да дзвярэй. Я хацеў прайсці міма, але ён паваліўся на мяне і ўпаў бы, калі б я не падхапіў яго. Адпіхваючы Бэргера, я ўбачыў, што ў яго абпалены твар і няма вачэй. Я ў жудасці хацеў ісці далей угору па лесвіцы, да сябе, але Бэргер не пускаў, ён учапіўся ў мяне і крычаў, што глядзеў на сонца, каб убачыць там Бога, а ўбачыўшы Бога, зрабіўся відушчы. Раней ён быў сляпы, цяпер відушчы. Відушчы, і пад гэты крык ён тузануў мяне так, што абодва мы ўпалі на прыступкі, якія вядуць да мяне. Ужо і не памятаю, чаго ён мне тады нагаварыў, я быў надта п'яны, каб разумець, што гэта поўная нялепіца, тое, што ён тут трызніў пра ўнутранасці сонца, пра поўную цемру, якая там пануе і непарыўна злітая са схаванасцю сонца, з неспатольнай прагай убірае ў сябе сонца, паглынае, не робячыся ад гэтага большай, быццам яна, цемра, — бяздонная дзіра, бездань безданяў, найбяздоннейшая бездань безданяў, і па меры таго, як сонца пусцее ўсярэдзіну, да цэнтра, яна расшыраецца вонкі, пакуль яшчэ нічога не прыкметна, але заўтра, прыкладна апалове адзінаццатай вечара, настане вялікі момант, сонца, захаваўшыся толькі ў выглядзе святла, успыхне, разрасцецца з хуткасцю святла і ўсё спаліць, зямля ад гэтага неверагоднага ззяння выпарыцца — прыкладна так ён гаварыў, як п'яны п'янаму, я і быў тады п'яны і такі застаўся, толькі яшчэ п'янейшы, чаму — і сам не магу зразумець, дзеля чаго я вось пішу тут пра гэтага прапаведніка, які стаў у пакрывале перад сваёй абшчынай, абвясціў ім хуткі канец свету і запатрабаваў, каб яго прыхільнікі дазволілі сонцу выпаліць ім вочы, як дазволіў гэта ён, пасля ён сарваў з галавы пакрывала, крыкі, пратэсты, галашэнні, небывалы шум, які мне тады давялося пачуць, і тупат цэлай абшчыны ўніз па лесвіцы — вось які быў адказ на ягоныя словы. Я перачытаў напісанае. Засталося гадзіны тры да таго, як мне ехаць у аэрапорт. Начальнік ужо з раніцы пабываў у мяне прыкладна апалове восьмай, а можа, яшчэ і паловы не было, ён сядзеў перад сваёй сафой, я вельмі здзівіўся, калі, прачнуўшыся, убачыў яго перад сабою, правільней сказаць, я заўважыў яго, калі мяне званітавала і я вярнуўся з туалета і хацеў зноў легчы. Начальнік спытаўся, ці не запарыць кавы, і, не дачакаўшыся майго адказу, прайшоў у кухонную нішу, а я зноў заснуў. А калі прачнуўся, кава была ўжо гатовая, і мы моўчкі выпілі яе. Пасля чаго начальнік спытаўся, ці вядома мне, што я — кожны дзесяты; а на маё пытанне, як разумець гэта дзіўнае пытанне, адказаў, што пакідае на волі кожнага дзесятага і я — у іх ліку. Інакш ён быў бы проста абавязаны арыштаваць мяне яшчэ каля труны Дафны; як і я, ён быў адвакат, як і я — нешанцаўлівы, толькі зрэд-часу яго прызначалі афіцыйным абаронцам, вось ён і асеў у паліцыі — сябры па партыі, якія ў жыцці і не падумалі б да яго звярнуцца, калі б у іх узнікла патрэба ў адвакаце, сасваталі яго як сацыяліста юрысконсультам у крымінальны аддзел гарадской паліцыі, а калі ён потым прасунуўся ўгору, а пад канец нават прапхнуўся ў начальнікі, дык гэта зусім не ў выніку нейкай там выдатнай адмысловасці ў заслугах, а чыста палітычных інтрыгаў, яны ж узнеслі яго на сваёй хвалі, прычым нешта падобнае адбываецца і на іншых узроўнях юрыдычнага апарата, не, ён зусім не намякае на карупцыю, Божа барані, але прэтэнзіі юстыцыі прадстаўляць сабою нешта аб'ектыўнае, нейкае стэрыльнае прычандалле, свабоднае ад якіх бы там ні было грамадскіх меркаванняў і прымхаў, настолькі не адпавядаюць сапраўднаму становішчу, што ён і выпадак з Колерам успрымае далёка не так трагічна, як успрымаю яго я; хто б пярэчыў, я зрабіў памылку, спачатку прыняўшы даручэнне Колера, а потым перадаўшы Штусі-Лойпіну матэрыялы, з дапамогаю якіх Штусі-Лойпін здолеў загнаць Бэна на люстру і выйграць працэс, але незалежна ад таго, вінаваты Колер ці не вінаваты — а ўсім жа і кожнаму вядома, што менавіта гер кантанальны радца прыстрэліў гера ўніверсітэцкага прафесара, ён, начальнік паліцыі, таксама ў гэтым упэўнены, — але вось як ён паглядзіць на мяне, як падумае, куды мяне завяло маё бурнае абурэнне апраўдальным прысудам, хай сабе і ўнікальным юрыдычна, але ж бездакорным і таму цалкам зразумелым — хай нават справядлівасці тут быў пастаўлены шах і мат, — дык і ўбачыць, што, калі я і далей буду практыкавацца ў справядлівасці, у мяне не застанецца іншага выйсця, як толькі засудзіць Колера, а заадно і сябе самога на смерць і выканаць прысуд, дастаць рэвальвер, які я схаваў пад сафою, ды і пераправіць спярша Колера, а там і сябе на той свет, хоць асабіста ён, начальнік паліцыі, лічыць гэта хоць і лагічным, але бязглуздым, бо перад абліччам справядлівасці ў яе абсалютным значэнні, як ідэі, якою яна па сутнасці і ёсць, я выглядаю зусім не лепш за Колера, дастаткова хоцяж бы ўспомніць пра ролю, якую я адыграў у лёсе Дафны. Перад абліччам справядлівасці абодва мы — аднолькавыя забойцы, што Колер, што я. А вось суддзя, той выконвае нармальныя абавязкі. Яго справа — сачыць, каб неяк функцыянаваў такі недасканалы інстытут, як юстыцыя, пакліканая клапаціцца, каб на гэтым свеце захоўваліся вядомыя правілы чалавечай гульні. Суддзя гэтак сама нікому нічым не абавязаны, як папа — веруючым. Але калі асобны чалавек надумае чыніць справядлівасць на свой лад, атрымаецца няма ладу як бесчалавечна. Ён абавязкова выпусціць з-пад увагі, што махлярства часам бывае больш гуманнае, чым непагрэшнасць, бо ўсясветны механізм час ад часу трэба шмараваць — гэты занятак найбольш прыстойны для нашай краіны. Фанатычны заступнік справядлівасці павінен быць і сам справядлівы, а ці насамрэч я справядлівы, меркаваць пра тое мне, а не яму. Як бачыце, начальнік, я здольны больш-менш дакладна перадаць сэнс нашай гутаркі, правільней, не гутаркі, а вашай лекцыі, бо асабіста я не сказаў ні слова, ляжаў сабе, прабляваўшыся, ды слухаў вас; не здзівіла мяне таксама, што вы адгадалі, якое было маё рашэнне з першага дня, можа, я менавіта таму і не ўпіраўся, падаючы, можа, я менавіта таму і дапамог Луцкі і Маркізу з Нойшатэля зварганіць алібі, можа, я менавіта таму і стаўся такім, які я ёсць, — нават на думку Нольдзі Архідэйнага занадта апушчаным, ніжэй годнасці тых дам, чый інтэрас ён прадстаўляе, — каб на свой лад стаць не менш вінаватым, чым h.c. Ісак Колер, але ўжо тады мой прысуд і выкананне яго робяцца для мяне самай справядлівай акцыяй на свеце, бо справядлівасць можа правіцца толькі паміж роўна-вінаватымі; так, існуе толькі адно распяцце Ізэнгаймскага алтара, дзе на крыжы вісіць укрыжаваны волат, знявечаны труп, пад чыім неверагодным цяжарам гнуцца бэлькі, да якіх ён прыбіты, Хрыстос, яшчэ больш страшны, чым тыя, для каго намалявана гэта распяцце, чым пракажоныя; калі яны бачаць на крыжы такога Бога, паміж імі і гэтым Богам, які паводле іх разумення наслаў на іх праказу, устаноўліваецца справядлівасць: такі Бог па справядлівасці быў укрыжаваны дзеля іх. Я пішу на цвярозую галаву, гер пракурор Фойзэр, я дастаткова цвярозы, менавіта таму і прашу вас не вінаваціць начальніка паліцыі ў тым, што ён не адабраў у мяне рэвальвер, уся наша гутарка, правільней, увесь ягоны добрапрыстойны маналог быў прамоўлены зусім не бацькоўскім тонам, а гэтая гісторыя наконт кожнага дзесятага, якому ён дазваляе збегчы, — хай у яе верыць той, хто здатны верыць, можа, ён быў бы рады, калі б мог хоць злавіць кожнага дзесятага, усё разам узятае было б правакацыяй; заднім чыслом ён будзе злавацца, што не затрымаў мяне тады, на могілках, калі паляцеў парасон, а ён узяў у мяне з рук стылет; але я яго добра ведаю, ён мысліць хутка, ён зразумеў, што тады давялося б не проста нанава падняць пытанне пра тое, хто забіў няшчасную Дафну Мюлер, але і пра тое, хто забіў забойцаў Дафны, што такім чынам ён трапіў бы ў арбіту Монікі Штаерман. А хто ж бо табе з добрай волі ды з добрага дзіва захоча звязвацца з пратэзнай імперыяй, якая намерылася зноў заняцца вытворчасцю зброі? Але затое, калі гадзіны праз дзве, дакладней, праз дзве гадзіны трыццаць хвілін я стрэлю ў доктара h.c. Ісака Колера, начальнік паліцыі адразу пачне актыўна дзейнічаць, нават калі мае стрэлы ні да чога не прывядуць, — аднак, гер пракурор, давайце ўмовімся: з аднаго боку, начальнік спрабаваў сваім душавыратавальным маналогам зрабіць так, каб стрэлы, калі нават я буду страляць, не зрабілі шкоды, але вось чаго вы ніяк не маглі западозрыць, гер начальнік, (я зноў звяртаюся да вас), я даўно памяняў халастыя патроны на баявыя. Таму й ні разу не заглыбляўся ў падрабязнасці наконт старызніка на ніжнім паверсе нашага дома. Падсвядома. Каб і вы не заняліся ім блізка. Гэты аднавокі тып — вялікі арыгінал, у яго можна купіць абсалютна ўсё. Можна было. Гэта таксама стала цяпер мінулым, гандляр ужо тры тыдні як выбраўся, памяшканне лаўкі на першым паверсе і кватэра на другім апусцелі, у «Святых з Ютлі» таксама цішыня і запусценне, а ўчора (ці тое заўчора, ці запазаўчора) я знайшоў у сябе заказны ліст, які атрымаў некалькі месяцаў таму назад, але неяк не сабраўся прачытаць, пісьмо ж такога зместу, што, маўляў, дом на Шпігельгасэ як помнік архітэктуры, які пад аховай дзяржавы, з прычыны аварыйнасці мае патрэбу ў неадкладнай рэстаўрацыі намаганнямі Фрыдлі, які перабудуе яго ссярэдзіны і пабудуе ў старых сценах раскошныя кватэры — гэта новы напрамак яго дзейнасці — у сувязі з чым я да 01.10 павінен вызваліць занятую мною плошчу, а як што 01.10 даўно мінула, мне давялося блукаць па ўсім горадзе, каб арганізаваць сабе апошнюю бутэльку віскі, як учора ў Штусі-Лойпіна ў «Du Théâtre», а то я здолеў бы здабыць яе ў кватэры ў аднавокага, хай не віскі, а на благі канец бутэльку грапы, гэтак сама, як я знайшоў у яго лаўцы, у раструбе альпійскага ражка, патроны, а халастыя, гер начальнік, якімі вы заладавалі мой рэвальвер, ссыпаў у ражок. О, мы абодва, доктар h.с. Ісак Колер і я, памром даволі мілагучна, пад родныя напевы. Але раней чым я — хай нават мая цвярозасць набывае ўсё больш пагрозлівы характар, настолькі пагрозлівы, быццам перад мною ўстае сонца, на якое я, як той вар'ят-прапаведнік, павінен глядзець вачэй не адводзячы, — раней чым я праз гадзіну без малога выеду ў аэрапорт) на сваім «фольксвагене», ён не вельмі добра перанёс рамонт, то бок я не даў закончыць яго за недахопам сродкаў), апошні зварот да вас, начальнік паліцыі. Я здымаю падазрэнне. Вы паводзіліся як прыстойны чалавек. Вы хацелі даць мне свабоду рашэння, не хацелі глуміць маю годнасць. Мне вельмі шкада, што я прыняў іншае рашэнне, не тое, на якое разлічвалі вы. А цяпер яшчэ адно, самае апошняе прызнанне. У гэтай гульні за справядлівасць я прайграў не толькі самога сябе, але і Элен, дачку забітага мною, які будзе маім забойцам. Мне ж такі давядзецца застрэліцца, бо ён будзе застрэлены мною. Futurum passiv. Зноў узгадваю ўрокі латыні, якія даваў мне ў прытулку стары святар, каб падрыхтаваць мяне да гарадской гімназіі. Я заўсёды з прыемнасцю ўспамінаю прытулак, нават у Мока ўспамінаў, хоць гаварыць з Мокам вельмі цяжка. Калі адзін пісьменнік расказваў пра смерць сваёй маці, да якое, мяркуючы па ўсім, быў моцна прывязаны, я пачаў абмалёўваць перавагі прытулака, а сям'ю паказваць як расаднік злачынстваў. Гэта ваша хвалёнае сямейнае шчасце, ад яго ж з душы верне — чым яўна засмуціў пісьменніка. А Мок раптам зарагатаў. Мок, пра якога ніколі толкам не ведаеш, з чым ён згодны, а з чым не; я падазраю, што ён умее чытаць з вуснаў, бо зноў адклаў убок слыхавы апарат, хоць асабіста ён гэта адмаўляе (чарговая хітрасць). Вось калі я хвалюся, што вырас без бацькі і без маці, сказаў Мок, яму гэта здаецца жахлівым, на шчасце, працягваў ён па-своему шматслоўна — пісьменнік тым часам даўно сышоў, - на шчасце, я стаў юрыстам і не збіраюся ў палітыку, хоць і гэта да канца не выключана, але чалавек, які расхвальвае сіроцкі прытулак, куды горшы за таго, які ў маладосці ваяваў ці тое са сваім бацькам, ці тое з маці, ці з абаімі адразу, як напрыклад, ён, Мок, які ненавідзеў сваіх старых горш за ясную халеру, як сам сказаў, хоць яны і былі добрыя сэрцам хрысціяне, ён іх усё роўна ненавідзеў за тое, што яны прывялі на свет восем дзяцей, і яго ўдадатак, не спытаўшыся ні ў кога з гэтай нетыповай па сваіх памерах пропадзі, ці хоча ён (альбо яна) быць прыведзеным на свет, рабіць дзяцей — гэта злачынства, якое не ведае роўных сабе; калі цяпер ён люта б'е разцом па chemp (Мок так называе камень), ён уяўляе сабе, што такім чынам па заслугах аддае свайму бацьку і сваёй маці, але ў маім выпадку не пытаецца, што я за тып такі, што пускае сліні з прычыны сіроцкага прытулка. Хай у яго, Мока, у вантробах сядзіць нянавісць да тых, хто яго зачаў, нарадзіў, а потым не ўтапіў у памыйным вядры, ён выкрасае сваю нянавісць з каменя, ператвараючы яе ў фігуру, надаючы ёй форму, мілую яго сэрцу форму, бо ён сам стварыў яе, і якая, калі б умела адчуваць, магла б сваёй калейкай ненавідзець яго, як ён ненавідзеў сваіх бацькоў, якія тасама яго любілі, якіх ён таксама засмучаў; усё гэта вельмі чалавечна, кругазварот нянавісці і любові паміж творцам і творывам, але калі ён уявіў сабе такога, як я, які замест нянавісці да тых, праз каго ён існуе і за тое, што існуе, любіць установу, якая стварыла і сфармавала яго, і якая з самага пачатку была надзелена схільнасцю не да чалавечага, а да ідэалогіі альбо ўсяго толькі да якога-небудзь прынцыпу — да справядлівасці, напрыклад, калі ж ён удадатак спрабуе ўявіць сабе, як такая асоба будзе пасля абыходзіцца з людзьмі, якія не адпавядаюць ягонаму прынцыпу, прынцыпу справядлівасці, каб ужо не прыводзіць іншага прыкладу, — а хто, скажыце, калі ласка, яму адпавядае? — у яго ад страху выступае халодны пот. Яго, Мока, нянавісць стваральная, а мая разбуральная, гэта нянавісць забойцы.

— Шпэт, дружа, — закончыў ён велягурыстыя і мала зразумелыя разважанні, - мне вас да душы шкада. Надта ж бо ў вас усё нягегла атрымалася.

Пасля гэтай размовы я больш ні разу не пераступаў парога ягонай майстэрні. А чаму я расказваю вам пра гэтую размову, гер начальнік? Ай, ды таму, што гэты дойлід, якога нядаўна ўшаноўвалі ў Венецыі, проста чортведама які слушны. Я чалавек з рэторты, я выгадаваны ва ўзорнай лабараторыі, настаўлены ў адпаведнасці з прынцыпамі выхаваўцаў і псіхіятраў, прадукаваных нашай краінай паралельна з высокадакладнымі гадзіннікамі, псіхатропнымі сродкамі, тайнай банкаўскіх укладаў і вечным нейтралітэтам. Я б і быў узорным прадуктам гэтай даследчай гаспадаркі, але ў ёй не хапала більярднага стала. Вось мяне і запусцілі ў свет, не надзяліўшы ўменнем разгадаць яго, бо да гэтага часу ў мяне не было з ім кропак судакранання, бо я ўяўляў сабе, нібыта і тут пануюць норавы сіроцкага прытулку, у якім я вырас. Без ніякай падрыхтоўкі мяне сутыкнулі з законамі драпежных звяроў, што пануюць у людстве, без ніякай падрыхтоўкі я ўгледзеў сябе сам-насам з тымі пачуццямі, якія надаюць чалавечыя рысы звярыным законам, — з годнасцю, адчуваннем меры, розумам, каханнем, нарэшце ж. Чалавечая рэальнасць пацягнула мяне за сабой, як бурлівая рака цягне таго, хто не ўмее плаваць, супраціўляючыся блізкай пагібелі, я на парозе яе сам зрабіўся драпежным зверам, і да гэтага звера пасля начной размовы з Штусі-Лойпінам, калі я прадаў свае матэрыялы, якія павінны былі апраўдаць забойцу, з'явілася дачка забойцы: так, Элен чакала мяне ў маёй адвакацкай канторы на Цэльтвэгэ, у маёй шыкоўнай трохпакаёўцы, якая дасталася мне ад Бэна. Цяпер толькі я скеміў, што яна чакала мяне не перад дзвярмі, а ўсярэдзіне. У крэсле каля майго пісьмовага стала. І што яна выдатна арыентавалася ў кватэры. Зрэшты, Бэна, Бэна, — хто ўстояў бы перад ім! І вось яна прыйшла, бо давярала мне, і вось яна аддалася мне, бо я хацеў яе, але не хапіла мне тае ночы ні адвагі даверыцца і ёй, ні перакананасці, што і яна хоча мяне, бо кахае. Так мы размінуліся з нашым каханнем. Я ўтоіў ад яе, што ніхто не змушаў яе бацьку ўчыняць забойства (нават калі чортава ліліпутка таго так моцна жадала), што яму проста падабалася на нашай грэшнай планеце строіць з сябе Госпада Бога, што сам я двойчы прадаўся, адзін раз яму, другі раз — прыма-адвакату, якога цешыла магчымасць давесці да канца гульню правасуддзя, падобна гросмайстру, які велікадушна дагульвае партыю, пачатую з пачаткоўцам. І мы спалі тае ночы, не размаўляючы і не падазраваючы, што шчасце без слоў — непамыснае. Таму, мусібыць, і існуе мімалётнае шчасце, яго я меў у тую ноч, калі пачаў здагадвацца, кім мог бы зрабіцца, неверагодныя магчымасці, якія былі ўва мне закладзены і якіх я не спраўдзіў, а як што я тады адчуваў сябе шчаслівым цэлую ноч, дык быў перакананы, што зраблюся тым, кім так і не зрабіўся. Але раніцай, калі мы зірнулі адно на аднаго, нам ужо было ясна, што ўсё закончылася. А цяпер мне пара ў аэрапорт.

III

Пасляслоўе аўтара. Нейкім дзіўным чынам я, калі задумацца, пазнаёміўся з некаторымі людзьмі, пра якіх толькі пазней даведаўся, што яны не проста былі замешаныя ў гэтую шматпланавую прыгоду, але і былі ў ёй галоўнымі персанажамі.

Адбылося гэта прыкладна ў 1984 годзе. У Мюнхене. Дзённіка я не вяду, таму не варта залішне давярацца датам, якія я прыводжу. Па-мойму, было тое напрыканцы траўня, а ўсю гісторыя я ўспрыняў тады як выдуманую. Утульны парк, утульная віла сярод высокіх дрэў. У парку ўздоўж адной сцяны вілы — засланыя сталы. Мілая гаспадыня. Выдаўцы, журналісты, людзі тэатра і кіно, — адным словам, разумна дазіраванае культурнае жыццё. Як звычайна, я кагосьці з кімсьці блытаю. Мне цьмяна здаецца, што вось тая ёсць менавіта тая, пра каго я думаю, што гэта якраз яна. Пасля высвятляецца, што яна ўсё-такі не тая самая. Пасля яшчэ нехта аказваецца зноў жа зусім не тым самым. Потым я з перапалоху сам палохаю аднаго галоўнага рэжысёра, у тэатры якога я калісьці ведаў усіх падрад, а цяпер ужо нікога падрад і не ведаю. Думаю, што ён думае, быццам я хачу ўціснуць яму сваю п'есу, а ён думае, быццам я хачу ўшыць яму сваю п'есу. Нейкі актор мітусіцца, як той кароль Лір, які забыў свой тэкст, і цяпер сам сабе рады не дасць: «Гіне тэатр. Няма новых п'ес». Іншага актора я столькі разоў бачыў па тэлевізары, што цяпер прымаю яго за свайго старога знаёмага, а ён бянтэжыцца, убачыўшы мяне ўпершыню. Нейкая жанчына вывозіць нейкага старца на калёсіках. Жанчына элегантная, фанабэрыстая, прыгожая. Гадоў пад пяцьдзесят. Я ведаю гэтую жанчыну, але не ведаю, як яе завуць. Яна стрымана вітае мяне, але звяртаецца да мяне на «ты» і называе мяне Максам. А які ж вам Макс? Вось і яна мяне з некім зблытала. Смех дый годзе! Яна перапрашаецца. Мне прыемна. Яна пераходзіць са мною на «вы». А хто ж гэты старац? Яе бацька. Мабыць, яму ўжо ого колькі! Так, сто, без хвосціка. Кволенькі, бясплотны. На дзіва жвавы. Скура ружовая. Рэдкія сівыя валоскі, падстрыжаныя вускі, дагледжаная бародка. Нешта паміж барадой і эспаньёлкай. Ён меў гутарку з баварскім прэм'ер-міністрам. Пра палітыку? Не, пра заснаванне фундацыі эфектыўных навук. Не разумею. Напладзілася столькі непатрэбных навук. Разумею. Яна ўсё яшчэ думае, што я яе ведаю, а я яе ведаць не ведаю. Гаспадыня гутарыць са старцам. Шчабеча з ім, часта смяецца. Мабыць, стары не без досціпу. Сяджу паміж невядомай знаёмай і ўдавой-немкай выдаўца-італьянца, з якім я аднаго разу ў Мілане меў знаёмства аж цэлы дзень. Знаёмая, імя якое ніяк не магу ўспомніць, здагадалася, што я не магу ўспомніць, як яе завуць. Яна змаўкае. Удава расказвае мне пра адну актрысу, у якую я быў калісьці закаханы. Актрыса збегла з пажарнікам. Пасля вячэры — у салон. Людзі кіно і тэатра тлумяцца вакол галоўнага рэжысёра. Гэта тыя, хто цікавіцца мастацтвам. Іншыя — вакол старога ў каталцы. Гэта тыя, хто цікавіцца рэчаіснасцю. Нейкі мастацтвазнаўца прамаўляе кароткае падзякаванне гаспадыні дома, на хвіліну спалучыўшы сваёй прамовай абедзьве сферы. Ён надта добра разбіраецца ў мастацтве, каб не недаацэньваць жыцця, і надта добра — у жыцці, каб не пераацэньваць мастацтва. Потым сферы зноў распадаюцца. Адны спрачаюцца пра Бота Штраўса, другія — пра Франца Ёзэфа Штраўса. А якое думкі старац? Ён гісторык, а не метэаролаг. Што ён хоча гэтым сказаць? Гісторык робіць далёкія прагнозы. Ён метафізік. Ён пэўны, што авалодаў сусветным духам. А метэаролаг дазваляе сабе толькі блізкія прагнозы. Ён чалавек навукі. І не лічыць, што авалодаў атмасферай. Насамрэч свет неспасцігальны. Што даступна ў палітыцы? Спорае хірургічнае ўмяшальніцтва, а потым — назіраннне за непрадказальным вынікам. Што ён хоча гэтым сказаць? Канцэрн, якому ён самахоць дапамагаў парадамі і якім несамахоць кіраваў, апынуўся ў цяжкім становішчы. Няма патрэбы апісваць яго падрабязна. Эканамічныя ўзаемасувязі куды складанейшыя, чым атмасферная абалонь, прагнозы тут яшчэ больш ненадзейныя. Старац гаварыў лёгка, няголасна і шпарка. Толькі час ад часу чулася паляскванне ўстаўных сківіцаў. І тады ўзнікала патрэба ці тое забіць чалавека, ці тое перадаручыць забойства каму-небудзь яшчэ. Агульная разгубленасць. Збянтэжанасць. Потым замілаванасць. Быццам старац намысліў расказаць любоўную гісторыя. Вядома, выносіць на абмеркаванне забойства — гэта ж faux pas[5]! Культурная сфера таксама натапырыла вушы. У гэтым ужо нешта было, як калі б старац, дапусцім, еў рыбу нажом. Хоць кароль, ды ўдадатак яшчэ кароль на парозе стагоддзя, мае права і на гэта.

— Ён непаўторны, — прашаптала адна актрыса, якую я таксама калісьці бачыў, ці тое па тэлевізары, ці тое ў кіно, альбо ж думаў, што бачыў. Экран кіно і тэлевізара сплаўляе ўсе твары ў адзін. Добры дзесятак актораў на адзін твар. Старац папрасіў шампанскага. Адпіў. Паявіўся адзін рэжысёр і артыст, мой даўні прыяцель. З паходжання — швейцарац. З выгляду — расейскі вялікі князь, які прывык мець справы з прыгоннымі, рослы, станісты, але ўжо пасля страты спадчынных маёнткаў. Дагледжаная бародка, прадумана лёгкая прастата ў вопратцы. Пацалаваў у ручку гаспадыні, заўважыў пэўную разгубленасць прысутных, не без прыемнасці абвёў усіх вачыма і з уласцівай толькі яго сэрцу салодкай галантнасцю прамовіў: «Вітаю вас, гер радца! Вітаю цябе, Элен!», пасля чаго, зычліва зрабіўшы мне ручкай, сказаў: «Бачу, гер радца пачаў расказваць сваю гісторыю. Фантастычная гісторыя». Потым наліў сабе шампанскага і сеў. А старац вёў сваё далей. Ад яго зыходзіла нейкая ўладная сіла, якая ўсіх пад сябе падбірала. І ўсё было не ў тым, што ён казаў, а ў тым як. Вось чаму немагчыма ўзнавіць гэтую гісторыю так, як яе расказваў ён. Хай гаспадыня не зышча з яго за тое, што ён без усякіх там ухілак гаворыць пра забойства. Яму задалі пытанне, прыкладна ж так ён і паведаміў, што лічыцца палітычна магчымым. Палітыка і эканоміка падпарадкоўваюцца адным і тым самым законам, а менавіта палітыцы ўлады. Што стасуецца і з вайною. Гэта перад усім эканоміка ёсць працяг вайны іншымі сродкамі. І як бываюць войны паміж дзяржавамі, так бываюць войны і паміж канцэрнамі. А грамадзянскай вайне адпавядае барацьба за ўладу ў межах аднаго канцэрна. Усюды зноў і зноў узнікае патрэба альбо кагосьці адлучыць ад улады, альбо быць адлучаным самаму. І ў такой сітуацыі аператыўнае хірургічнае ўмяшальніцтва вельмі нават дарэчы, пасля чаго след пачакаць, каб пераканацца, ці дало яно карысць, а ці не. У выключных, хто скажа што супроць, але толькі ў выключных выпадках тут не абысціся без забойства. Само па сабе забойства — метад вельмі неэфектыўны. Тэрарызм пакідае толькі драпіны на паверхні сусветнай структуры. А вось забойства, учыненае ім, было неабходнасцю. Ясна, ён мог перадаручыць забойства. На любую справу можна каго-небудзь наняць замест сябе. Але яму неўзабаве ўсе сто, а ён, каб вы ведалі, яшчэ сам сабе завязвае шнуркі. Далей спатрэбілася яшчэ некалькі забойстваў, ну, але ўжо яны не вымагалі ніякага клопату. Пры стварэнні свету ўмяшальніцтва Бога спатрэбілася ўсяго адзін раз. Хапіла першага штуршка. Вось і на яго рашэнне праблемы сышло з хуткасцю маланкі. Старац выскаліўся. Больш за трыццаць гадоў таму яму давялося суправаджаць з прыватнай клінікі ў аэрапорт аднаго гэтак жа вядомага ў тыя часы, як і непапулярнага палітычнага дзеяча. У клініцы ён убачыў, што памянёны дзеяч, ужо ў зімовым паліто, разгублена стаіць каля ложка. Яго ўсе ганяць і пераследуюць. Уведзены ім падатак на спадчыну збанкруціў надта многіх. Ён вымушаны абараняцца. І ён дастае з кішэні рэвальвер. Вось чым ён прыстрэліць кожнага спадкаемцу, які застаўся без спадчыны. Сястра з лямантам «Ратуйце!» выскачыла з палаты. Тады ён зноў засунуў рэвальвер у кішэню. Прыляцеў доктар з двума санітарамі. Палкоўнік падчас вайсковай службы, грубы мяснік у медыцыне; ён паставіў такі дыягназ: хвароба цяпер дабралася да мозгу, ну, з медыцынскага боку гледзячы, праблемаў няма, ён яшчэ раз нашпігуе пацыента транквілізатарамі, і хай сабе вымятаецца на радзіму, інакш аддасць канцы проста тут. Бедалагу пасля кароткай звалкі, падчас якой быў накаўтаваны адзін санітар, вытраслі з паліто рэвальвер, увалілі яму ў задніцу — ах, пардон, пардон, пры дамах! — поўны шпрыц, зноў запакавалі ў зімовае паліто і запхнулі ў «ролс-ройс». І вось ён паехаў з узброеным і ачмурэлым дзяржаўным дзеячам назад у горад. Дзівосны вясновы вечар. Прысмеркі. Недзе каля сёмай. Як што ў нас устаюць рана, дык і вячэраюць таксама рана. Калі ён разам з задрамалым фінансавым геніем праехаў па Рэміштрасэ і ўбачыў людзей, што сцякаліся ў рэстараны, у яго ў галаве мільганула ідэя, як самым элегантным чынам вырашыць сваю праблему. «Божа, — сказала нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, — як займальна!» Асоба, ад уплыву якое ён павінен быў асланіць канцэрн, мела прызвычайку ў гэты самы час вячэраць у вядомым усяму свету рэстаране. Старац высербаў другі фужэр шампанскага. Ён сказаў шафёру спыніцца, дастаў рэвальвер з кішэні міністра, які ціхенька пахропваў, прайшоў у рэстаран, убачыў, што ягоныя разлікі правільныя і памянёная асоба там, застрэліў яе, адтуль — зноў у «ролс-ройс», засунуў рэвальвер у кішэню міністра, даставіў яго, шаноўнага міністра яе вялікасці, у аэрапорт, пасадзіў у самалёт, які спецрэйсам пераправіў хворага лідэра партыі на родную выспу, дзе той, яшчэ не паспеўшы толкам прыляцець, ужо прывёў да канчатковага фінансавага краху калісьці сусветную імперыю. Ціхае пасмейванне дзеячаў культуры. Дачка захоўвае велічную, амаль злавесную абыякавасць. Калі б яе бацька расказаў, што быў начальнікам канцлагера, яна і тады не змаргнула б. Мы ўсе слухалі, як зачараваныя. Як страшную казку. І ўсё ж не без прыемнасці, нават з пацехай, зачараваныя лёгкасцю і сарказмам, з якім старац апавядаў, усё як бы ссоўваючы ў сферу абстрактнага, нерэальнага. Толькі адзін выдавец разгублена спытаўся: «Ну, а вы?» — «Дружа мой, — адказаў старац, дастаючы з футарала масіўную цыгару (зыходзячы з вопыту, набытага мною за час, калі я курыў, здагадваюся, што гэта была «Топерс»), — дружа мой, вы пакідаеце па-за ўвагай дзве акалічнасці. Першая — у якіх колах мы з вамі абарачаемся, і другая — юстыцыя, бо яна хай хутчэй несвядома, чым свядома, арыентуецца на грамадскія колы, якія падупадаюць яе суду, хоць часам — асабліва ў адносінах да людзей прывілегіяваных — яна любіць дзейнічаць з залішняй суровасцю, каб пазбегнуць дакораў за прадузятасць менавіта таму, што яна яе мае». Зрэшты, каб не знудзіць: яго арыштавалі, кантанальны суд прызнаў яго вінаватым, а суд прысяжных пазней апраўдаў, хоць забойства было ўчынена ўва ўсіх на вачах. З неабходнасці. Не хапала доказаў. Паказанні сведкаў былі супярэчлівыя. Зброя так і не была знойдзена. Ну, бо і хто ж будзе трэсці міністрава паліто?! І матыву злачынства таксама ўстанавіць не ўдалося. Канцэрн ёсць нешта непранікальнае для пракурора. Удадатак, таксама выпадкова, у рэстаране быў былы чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, але, калі яго хацелі дапытаць, ён узяў ды павесіўся сабе на здароўечка. Проста трэба, каб усё так удала склалася, зрэшты, нельга выключаць, што і чэмпіён мог стрэліць якраз у тую хвіліну, калі ён, а яму было тады семдзесят, намерыўся страляць; адзіна рэальнае ва ўсёй гісторыі — гэта сам нябожчык, які ўткнуўся тварам у філе а-ля Расіні з зялёным бобам, наколькі ён памятае, але вось якім чынам гэтая рэальнасць спраўдзілася, па сутнасць ролі не грае. Старац раскурыў цыгару, якою да таго размахваў, як дырыжор палачкай. І раптам усе грымнулі рогатам, сёй-той нават запляскаў, адзін тоўсты журналіст адчыніў акно і рагатаў у ноч. «Нечуваная дасціпнасць». Усе былі перакананыя ў невінаватасці старца. Я таксама. А чаму? Ад яго абаяльнасці? Ад узросту? Файна! — заззяла нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, гаспадыня выказалася ў тым духу, што жыццё піша найневерагоднейшыя гісторыі, дачка паглядзела на мяне холадна і пільна, быццам хацела даведацца, паверыў я ці не. А старац курыў цыгару, у той самы час робячы трук, які ніколі не ўдаваўся мне, — выдыхаў дым колцамі. Ён разумее, гаварыў далей старац, што несправядліва асуджаны не такі недасяжны, як забойца, адсюль і шчырыя воплескі, такі ўжо ў яго лёс, што ніхто не хоча лічыць яго забойцам. Вось і я, мабыць, не веру — гэта старац ужо звярнуўся да мяне, — я, хто ў сваіх камедыях цэлымі гуртамі запраторвае сваіх герояў на той свет. Новы выбух рогату, агульнае ажыўленне. Падалі чорную каву, каньяк. Застаецца толькі пытанне маралі, зноў пачаў стары, засяродзіўшы сваю ўвагу на попеле цыгары, які ён не страсаў, а старанна нарошчваў. І раптам зрабіўся зусім іншы. Ужо не стогадовым старцам, а чалавекам без узросту. Учыніў ён забойства насамрэч альбо толькі збіраўся, сказаў старац, з пазіцыі маральнасці важны толькі намер, а не выкананне. Але пытанне маралі ёсць пытанне апраўдання дзеянняў, якія не адпавядаюць законам грамадства, якімі гэта грамадства нібыта кіруецца. Для апраўдання ж мы павінны скарыстацца дапамогай дыялектыкі. З пазіцый дыялектыкі можна знайсці апраўданне абсалютна ўсяму, тым самым — і з пазіцый маралі. Таму ён лічыць усякае апраўданне лішнім альбо, калі давесці гэтую думку да абсурду, усякую мараль амаральнай, ён мог бы заявіць, што дзейнічаў у інтарэсах канцэрна, які дарэчы, пазней усё адно збанкрутаваў, так што ягонае рафінаванае забойства аказалася непатрэбным незалежна ад таго, хто яго ўчыніў, ён сам ці хто іншы, а таму ён мог бы наступным чынам адказаць на пытанне, чаго можна дасягнуць сродкамі палітыкі: калі нечагась можна дасягнуць толькі дзякуючы выпадку альбо нешта дасягнута толькі выпадкова, дык яно ёсць поўная процілегласць таго, чаго хацелі дасягнуць на самай справе. Далей стары перапрасіўся. Ён пакорліва просіць высокашаноўную гаспадыню прабачыць яму сыход, а дачку Элен — даставіць яго ў гатэль «Чатыры пары года». Дачка выкаціла старога, не зірнуўшы на мяне. Я палічыў усю гэтую гісторыю выдумкай. Ну хто, скажыце вы мне, так забівае? Аднак нельга было не заўважыць, што стары сваім часам меў не абы якую ўладу, ды і цяпер яшчэ мае не абы якія ўплывы, а то з якое такое рацыі яго прымаў бы Штраўс. Мне ён падаўся прыдуманым варацілам, у якога на сумленні шмат чаго ёсцека-такі, але расказваць пра біржавыя махлярствы больш складана, чым пра забойствы, вось ён і распісвае няўчыненае забойства, бо можа не сумнявацца, што ва ўчыненае ім забойства ўсё адно ніхто не паверыць, як паверылі б у біржавыя спекуляцыі. У таксі я паспеў забыць яго гісторыю, раздумваючы толькі пра дыялектыку, якую ён падпарадкаваў маралі, і раптам успомніў ягонае імя: Колер, Ісак Колер. Аднойчы на банкеце ў сваіх сяброў я сядзеў якраз насупраць яго. Побач з яго дачкою. Калісьці. Шмат гадоў таму назад. Колер тады быў вельмі бадзёры і загарэлы. Дачка расказвала, што ён толькі што вярнуўся з падарожжа вакол свету.

Налета ці тое, магчыма, на пачатку верасня памёр бацька адной маёй знаёмай, пэўнай Штусі-Моозі. Гадоў пятнаццаць таму яна служыла ў нашым доме. Яна паведаміла мне, што прадаецца двор яе бацькі. Я ведаў гэты двор. Ён быў стары, паўразбураны. Я рашыў яго купіць. Выгляд адтуль вельмі ўражваў. Унізе — даліна Штусі, на дне яе Штусікофен, потым Флётыген, Верхнія Альпы. За домам крута абрываецца скала. Сама вёска — гняздзечка, гэта яшчэ не самыя Альпы. Старыя дамы. Капліца. Куды час ад часу наязджае з казанню флётыгенскі пастар. Гатэль. Проста дзіва, што яшчэ захаваліся вёскі, куды не заглядваюць турысты. Весці перамовы мне належала з хадайнікам па справах, «хадыкам» — як там называюць адвакатаў. Хадыка займаў пакой у гатэлі «У Лоенбэргера», а справы праварочваў унізе, у кнайпе, дзе слухачамі былі мясцовыя сяляне. Ён быў, бадай, нечым накшталт вясковага суддзі, да моманту майго прыезду ён якраз уладжваў адну бойку. Селянін з перавязанай галавой, памінаючы ліхім словам чорта, пакідаў залу. Праз столькі гадоў мне цяжка дакладна апісаць, як выглядаў той хадыка. Гадоў так на пяцьдзесят. Хоць, магчыма, і маладзей. Хранічны алкаголік. Ён піў «бэці» — гатунак гарэлкі, якую ў іншых мясцінах называюць пладова-ягадным кампотам. Ён здаваўся ўнураным, хоць і не быў такі. Зласліва-жоўцевы. Твар азызлы, але не без выразу адухоўленасці. Вадзяніста-блакітныя вочы, налітыя крывёю. Часцей шальмаватыя, часам летуценныя. Дзеля пачатку ён спрабаваў мяне абмішуліць. Загнуў цану ўдвая большую за тую, на якую намякала наша былая ахмістрыня. Расказваў велягурыстыя байкі наконт цяжкасцяў, якія мусова ўзнікнуць з боку абшчыннай рады ў Штусікофэне. Разводзіў нешта пра няпісаныя законы. Назваў двор праклятым, гаспадар яго, Штусі-Моозі, павесіўся. Кожны Штусі-Моозі тут вешаўся. Сяляне з нахабнай шчырасцю слухалі нашую гутарку, мімікай паказвалі ўдушэнне, калі ён гаварыў пра шыбенікаў, задзіралі правую руку над галавой, быццам зашморгваючы шворку, закочвалі вочы пад лоб, высалопвалі язык. Я скеміў, што хадыка зусім не збіраецца мяне абмішульваць, а проста хоча перашкодзіць здзелцы, — затое пазней ён спрытна ашукаў сям'ю нашай ахмістрыні. Ён прадаў двор за кідкую цану камусьці з Штусі-Зютэрлінаў. Адчуўшы, што мая цікавасць да куплі прыкметна астыла, хутчэй ад варожых адносінаў сялян, чым ад ягоных хітрыкаў, ён папрыветлівеў. Дарэчы, ён быў ужо нападпітку, хоць і не зрабіўся ад гэтага менш сімпатычным. Нават наадварот. У яго прарэзаўся гумар. Праўда, з'едлівы. Ён пачаў расказваць. Сяляне згуртаваліся цясней і пачалі пад'юджваць баяра. Ягоныя гісторыі, па ўсім мяркуючы, яны ўжо ведалі напамяць. І слухалі, як слухаюць гавэнды казачніка. Дык вось, ён бажыўся, што быў славутым адвакатам у самым вялікім горадзе нашай краіны. «Усрацца можна якім славутым», так і сказаў. І грошы шуфлем гроб. Зарабляў у асноўным на банках, на самых багатых сямействах горада. Але наймілейшай кліентурай былі яму прастытуткі. «Мае прасталытачкі», як ён сказаў. Ён выдаў пропадзь розных погудак, асабліва пра нейкага Нольдзі Архідэйнага. Большасць іх здаліся мне выдумкай, але я слухаў з неаслабнай увагай.

Не так тыя пагудкі, як за схаваную ў іх сацыяльную крытыку. Гэтая крытыка мела нейкі анархісцкі характар. Яна не вязалася з рэальнасцю. Яна адпавядала яго розуму. Ён заглыбіўся ў нетры гісторыі суду над нейкім забойцам. Ён граў ролі абвінавачанага і пяцёх членаў судовай калегіі. Сяляне рагаталі, аж заходзіліся ад захаплення. Ён, як абаронца, выйграў працэс. Пасля дадаў, што апраўданы ўсё-такі быў забойца. Апраўданы, урадавы радца, спрытна абдурыў і яго, і пяцёх членаў суду. Сяляне весяліліся, цяпер яны таксама налеглі на «бэці». Гісторыя гэтую яны яўна слухалі не ўпершыню і ўсё ніяк не маглі наслухацца. Яна зноў і зноў вымагала паўтору, а ён капрызіў, капыліў нос, аднекваўся, яму паднеслі чарачку, ён паказаў на мяне, — можа, чалавеку зусім і не цікава, а вы мне тут… мне таксама паднеслі чарачку, не-не, вельмі нават цікава.

Хадыка пачаў расказваць, як ён спрабаваў дабіцца перагляду справы, але гэтаму ўсупрацівіўся ўрад, а пад канец і федэральны суд. Урадавы радца — ён і ёсць урадавы радца. Кожная юрыдычная перашкода, кожная інтрыга выклікала выбух здзеклівага рогату. «Вось яна, ваша вольная Швейцарыя!» — крыкнуў адзін селянін і заказаў яшчэ па шкляначцы. І тады, расказваў далей хадыка, ён пачаў дзейнічаць на сваю рызыку. Ён дачакаўся, калі радца вярнуўся з падарожжа вакол зямлі. З прэсы даведаўся пра час вяртання. Пасля паведаміў пра свае планы начальніку паліцыі. Той загадаў ачапіць аэрапорт. Але хадыка, пераадзеўшыся прыбіральшчыцай, ушыўся ў брыгаду смецяроў. А ў накладным штучным бюсце схаваў свой рэвальвер. Адзін паліцэйскі спрабаваў схапіць яго за накладны бюст, але хадыка нарабіў крыку, быццам яго хочуць згвалціць. Начальнік прынёс прабачэнні, а паліцэйскага загадаў адправіць у арыштанцкую пры аэрапорце. Сяляне з радаснымі крыкамі ляпалі сябе па сцёгнах. Далей хадыка паведаміў, як ён застрэліў забойцу, апраўданага дзякуючы ягоным жа намогам. Па дарозе да залы пасажыраў першага класа. Пасля чаго радца грымнуўся галавою наперад проста ў бак на смецце. Падобна да Тэля, які прышыў у той цясніне Геслера, ён прышыў зладзея, радасна загаласіў адзін селянін, а астатнія радасна закрычалі. Дзікі ўсчаўся вэрхал. Вось яна, сапраўдная справядлівасць. Хадыка пачаў у асобах паказваць гісторыю свайго затрымання. Паказаў, як начальнік сарваў з яго накладны бюст. Залез на стол. Сказаў абарончую прамову перад пяццю сябрамі, якія сваім часам апраўдалі забітага, а цяпер, адпаведна, не маглі не апраўдаць яго забойцу. Пасля чаго кінуў проста ў твар суддзям: «А прападзіце вы пропадам з вашым правасуддзем» — і зрабіўся хадыкам па справах у даліне Штусі. Тут апавядальнік зноў грымнуўся на сваё крэсла. Адзін селянін устаў з напалавіну распітай бутэлькай «бэці» ў левай руцэ, паляпаў апавядальніка па плячы, заявіў, што сам ён Штусі-Штусі, а хадыка — адзіны не Штусі ў Штусікофэне, але, нягледзячы на гэта, ён швейцарац «што нада», пасля чаго да дна асушыў сваю бутэльку, паваліўся на стол і захроп. Астатнія зацягнулі адменены гімн:

Гісторыя здалася мне на дзіва знаёмай. Я хацеў высветліць сякія-такія нюансы, але хадыка быў надта п'яны, каб адказваць на пытанні. Некаторыя сяляне пагрозліва паўставалі з месцаў, пакуль іншыя дапявалі канец другой страфы:

А хадыку мне было шкада. Бліскучы прыма-адвакат зрабіўся затурканым правінцыйным адвакатам-хадыкам. Ён учыніў забойства, ён выйграў свой працэс, але забойства, ім учыненае, даканала яго. Я цалкам адмовіўся ад думкі купіць двор. Мне след было вымятацца, у даліне Штусі не прывячаюць прыхадняў з горада, а як што яны па нумары маёй машыны ўжо скумекалі, што я з Нойшатэля, я быў ім удвая чужы, прыблудзень, хоць і гаварыў з імі на адной мове, хай нават не так пявуча. Я пакінуў гасцініцу. Услед мне грамавое:

Гэта сяляне перайшлі да новага гімна.

Пасля зноў прагал у памяці. Стары ў крэсле-каталцы, яго дачка, п'яны забойца ў штусікофенскай гасцініцы сярод п'яных сялян — усё пайшло ў падсвядомасць, а згары наклалася прыкрасць, што я не магу купіць сялянскі двор. Між іншым, купіць яго я мерыўся не дзеля пустой прыхамаці, мне былі патрэбныя перамены. Вярнуўшыся дамоў, я прыступіў да рэарганізацыі. Было вымецена ўсё смецце, што набралася за сорак гадоў пісьменніцтва. Груды неапрацаванай карэспандэнцыі, рахункі, якія так і не трапілі мне на вочы і, аднак жа аплачаныя, каштарысы, так і не ўзятыя пад увагу, горы карэктураў, незлічона разоў перапісаныя рукапісы, накіды, фотаздымкі, малюнкі, карыкатуры, фантастычны кавардак, якому наканавана было часткова ператварыцца ў парадак, часткова знікнуць. Горы нечытаных рукапісаў, ужо шмат дзесяцігоддзяў пахаваных у плыні неапрацаванай пошты. Я наўздагад зірнуў у адзін з іх. Юстыцыя. Далоў макулатуру. Пры гэтым… Пры гэтым я міжвольна кінуў позірк на першую старонку і прачытаў імя: h.c. Ісак Колер. Я зноў дастаў рукапіс з пластыкавага мяшка. Нейкі доктар Х. прыслаў мне яе з Цюрыха, але я ніколі не чытаю прысланых мне рукапісаў. Літаратура мяне не цікавіць. Я сам яе ствараю. Доктар Х. Я ўспомніў. Кур. 1957 год. Пасля даклада. У гатэлі. Я пайшоў у бар выпіць шкляначку віскі. Акрамя бармэнкі, дамы не першай свежасці, я застаў там яшчэ аднаго наведніка, які адразу, ледзь я паспеў сесці, назваў сябе. Гэта быў доктар Х., былы начальнік кантанальнай паліцыі Цюрыха, мажны чалавек, старамодна апрануты, з залатым ланцужком ад гадзінніка папярок жылеткі, як іх сёння мала хто носіць. Нягледзячы на ўзрост, вожык на галаве ў начальніка быў яшчэ бездакорна чорны, а вусы пушыстыя. Ён сядзеў каля стойкі на высокім зэдлі, піў чырвонае віно, курыў «Байанас» і звяртаўся да барменкі па імені. Голас у яго быў гучны, жэсты выразныя, словам, чалавек без ценю гульні, які гэтак жа прыцягваў мяне, як і адштурхоўваў. На раніцу ён давёз мяне на сваёй машыне да Цюрыха. Я пачаў гартаць рукапіс. Ён быў надрукаваны на машынцы, пад загалоўкам дапісана ад рукі: «Можаце рабіць з гэтым, што захочаце». Я пачаў чытаць рукапіс і прачытаў яго ўвесь. Аўтар, нейкі адвакат, не справіўся з матэрыялам. Яму надта перашкаджалі бягучыя падзеі. Пра самае важнае ён пачаў расказваць толькі ў канцы, але менавіта тут яму раптам не хапіла часу. Ён зрабіўся ахвярай сваёй паспешлівасці. У цэлым спроба дылетанцкая. Ды і асобныя мясціны знедаўмілі мяне. Узяць хай хоць бы назвы некаторых раздзелаў: «Спроба ўнесці парадак у беспарадак». Потым імёны. Хто такі Нікадэмус Мольх, хто Дафна Мюлер і хто Ільза Фройдэ? І хто расстаўляе ў сябе ў парку цэлую армію садовых гномаў? Начальнік нібыта гаварыў мне, што любіць Жан Поля? Але спытацца ў начальніка ўжо нельга, ён памёр. У 1970-м. Пасля я прачытаў ліст, прыкладзены начальнікам да рукапіса: «Я вяртаюся з пахавання. Ездзіў хаваць Штусі-Лойпіна, На пахаванне прыйшоў толькі Мок. Пасля чаго мы з ім паабедалі ў «Du Théâtre». Елі суп з лівернымі фрыкадэлькамі, філе а-ля Расіні з зялёным бобам. Пасля абеду мы доўга шукалі слыхавы апарат Мока. Афіцыянтка, як аказалася, знесла яго з посудам. А што да нашага дарагога фанатыка справядлівасці, дык яму і на самай справе ўдалося прабрацца ў аэрапорт. З камандай смецяроў. І стрэліць ён стрэліў, але адразу ад страху ўпаў галавой у бак са смеццем. На шчасце Колер нічога не заўважыў, бо якраз у гэты час падняўся чатырохматорны самалёт. Зрэшты, наш тэрарыст і не мог зрабіць большае шкоды. У адным ён пралічыўся. Я ўсё-такі заняўся падрабязней гэтым старызнікам. У альпійскім ражку былі правільна прэпараваныя халастыя патроны. Але пасля я абсалютна не ведаў, што мне рабіць з фанатыкам справядлдівасці. Ён быў чалавек прапашчы. Перадаваць яго ў рукі правасуддзя я не хацеў. Штусі-Лойпін (глядзі вышэй) паспачуваў яму і падшукаў яму працу. З таго часу прайшло некалькі гадоў. Ваш доктар Х., экс-начальнік. Я патэлефанаваў у Штусікофен. Да тэлефона падышоў гаспадар «Лойенбэргера». Я папрасіў хадыку. Памёр. На тым тыдні. Перабраў «бэці». Як яго звалі? Звалі як? Хадыкам. Дзе яго пахавалі? У Флётыгене, трэба думаць. Я паехаў туды. Могілкі ляжалі за вёскай. За каменнай агароджай. Чыгунная літая брама. Было холадна. Першы раз за гэты год я ўлавіў дыханне зімы. У могілках ёсць нешта блізкае майму сэрцу. У дзяцінстве я любіў гуляць на могілках. Гэтыя могілкі мелі сваё аблічча, у кожнага нябожчыка была свая магіла, магільныя пліты, чыгунныя крыжы, пастаменты, калоны, стаяў нават адзін анёл. На магіле нейкай Крыстлі Мёзер. Але Флётыгенскія могілкі былі даволі сучаснымі могілкамі, пачатымі дзесяць гадоў таму назад паводле пастановы абшчыннай рады Флётыгена. Ад тых, хто памёр больш за дзесяць гадоў таму назад, не засталося і следу. Як што тэрыторыя была строга абмежаваная і не не магла быць пашырана — надта высокія сённяшнім часам цэны на зямлю, — супакоенаму дазвалялася не больш чым дзесяцігадовае супакаенне ў роднай зямлі. А пасля — напрасткі ў вечнасць. Але ўжо дазволеным дзесяць гадоў належала ляжаць па стойцы «смірна». Ува ўсіх аднолькавыя пліты. На магілах — аднолькавыя кветкі. Аднолькавыя пліты, надпісаныя адным і тым самым шрыфтам. І вось нябожчыкі пакоіліся строгімі радамі, а сярод іх — і той, каго я шукаў. Беспарадкавы ў жыцці, упарадкаваны пасля смерці. Ён ляжаў апошні ў радзе, каля яшчэ пустой магілы. Пліта ўжо пакладзена, кветкі (астры, хрызантэмы) ужо пасаджаны. На пліце: ФЕЛІКС ШПЭТ, Хадыка, 1930–1984.

Вярнуўшыся дахаты, я яшчэ раз перачытаў рукапіс. Мабыць, яго перадрукавалі з арыгінала. І нягледзячы на лірычныя адступленні ад рукі начальніка, ён максімальна адпавядаў зыходнаму варыянту. Што да Шпэтавага расказу, дык ён у Штусікофэне хваліўся забойствам, якога не ўчыняў, а Колер у Мюнхене зваліў забойства на чалавека, якога хацеў прыбраць разам з забітым. Я зняў з рукапісу фотакопію. Адрас доктара h.c. Ісака Колера я знайшоў у тэлефоннай кнізе. Я адправіў копію яму. Праз некалькі дзён я атрымаў пісьмо ад Элен Колер. Яна прасіла мяне наведаць яе. Бацькава маёмасць не дазваляе ёй адлучацца з дому. Я адказаў тэлефонным званком. І ўжо на другі дзень уступіў у колераўскія валоданні.

Калі я ішоў да чыгуннай рашоткі, у мяне было такое адчуванне, быццам я ўступаю ў рукапіс і гэты рукапіс мяне кампраметуе. Сама прырода дыхала багаццем. Кастрычніцкая флора тут добра адшкадавалася сваімі дарамі. Дрэвы як на падбор — велічныя і ў летнім уборы. Не дзьме фён. Акуратна падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя багі з маладзецкімі сцёгнамі і такімі ж лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паваў. Навакол мёртвая, дрымотная ціша. Толькі зрэдчас птушыныя галасы. Сцены дома ўвітыя дзікім вінаградам, плюшчом і ружамі, сам ён вялікі, прасторны, са шчытом. Усярэдзіне — лёгкі і ўтульны. Антыкварная мэбля, кожны прадмет — твор мастацтва. На сценах — славутыя імпрэсіяністы. Далей — познія фламандцы (мяне вяла па доме старэнькая пакаёўка). Мне было прапанавана пачакаць у кабінеце доктара h.c. Ісака Колера. Памяшканне было прасторнае. Вызалачанае сонцам. Праз адчыненыя дзверы можна было выйсці проста ў парк. Вокны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Паркет з каштоўных пародаў дрэва. Гіганцкі пісьмовы стол. Глыбокія скураныя крэслы. На сценах ніякіх карцін, толькі кнігі — да самай столі. Выключна кнігі па матэматыцы і натуральных навуках, салідная бібліятэка. У прасторнай нішы — більярд з чатырма шарамі на полі. Праз адчыненыя дзверы ўкаціў сябе h.c. Ісак Колер, яшчэ больш кволы і эфемерны, яшчэ больш празрысты, амаль фантом. Мяркуючы па ўсім, ён мяне не заўважыў. Ён пад'ехаў да більярда, выцерабіўся, на маё здзіўленне, з крэсла і пачаў заўзята гуляць. З дзвярэй у задняй сцяне ўвайшла Элен. Спартыўны выгляд — джынсы, шаўковая кашуля, жыкет ручнога вязання з трыма вялікімі квадратамі, чырвоным, сінім і жоўтым. Яна прыклала палец да вуснаў. Я зразумеў і пайшоў за ёю. Прасторная гасцёўня. Зноў адчыненыя дзверы. Мы селі на тэрасе. Пад тэнтам. Апошні раз сёлета я сядзеў на свежым паветры. Старыя плеценыя крэслы. Чыгунны стол з шыферным верхам. На газоне — касілка. Першыя кучы восеньскага лісця. Паміж імі павы. Яна сказала, што я застаў яе за працай у садзе. Углыбіні парку нейкі хлопец капаў зямлю. І пасвістваў. А ад паваў трэба было пазбавіцца. Суседзі пратэстуюць. Яны пратэстуюць ужо пяцьдзесят гадоў. Але бацька любіць паваў. Як ёй здаецца, выключна назло суседзям. Ён даваў сваім павам крычаць колькі ўлезе. Нягледзячы на шматразовае ўмяшальніцтва паліцыі. На свеце няма гуку больш мярзотнага за павін крык. Дамы навокал праз гэты павін крык прыкметна патаннелі. Адпаведна ўпалі цэны і на зямлю. Тады бацька скупіў усё падрад, і суседзі заткнуліся, больш не маглі скардзіцца. Потым яна наліла мне чаю. Я сказаў, што яе бацька — пачвара. Яна не спрачалася. А рукапіс прачытала? Прагледзела — быў адказ. Я сказаў, што Шпэт яе кахаў, але пра гэта яму было нялёгка пісаць, і яна ж таксама колісь кахала яго. Ах, гэты мілы Шпэт, адказала яна. Адзіная жанчына, якую ён кахаў, была Дафна, пра яе ён і піша асабліва замілавана. А каханне да яе, Элен, проста выдумляе. Выдумляў, удакладніў я, наш мілы Шпэт два тыдні таму назад сканаў у даліне Штусі. «Чай зусім прастыў», — сказала яна і выплюхнула з чашкі праз агароджу тэрасы на пасыпаны жоўтым лісцем газон, якраз пад ногі хлопцу, які з нахабным свістам прабягаў міма.

А потым закрычалі павы. Звычайна яны гэтай парою не крычаць, патлумачыла Элен, зараз перастануць. Але павы не пераставалі. «Хадземце лепш у харомы», — прапанавала яна, і мы ўвайшлі ў дом, зачынілі за сабою дзверы, селі ў два фатэлі, паміж якімі стаяў гульнёвы столік. Каньяку? Так, калі ласка. Яна наліла. Павы за дзвярыма ўсё крычалі, тупа, злавесна. На шчасце бацька іх не чуе, сказала яна, а потым спыталася, ці чытаў я, што напісана пра сапраўдную Моніку Штаерман. Усё гэта ўяўляецца мне досыць непраўдападобным, адказаў я. Яна таксама была аднаго разу запрошана да Монікі Штаерман, летнім вечарам, пачала Элен, ёй тады не было і васемнаццаці, і яна, як усе ў гэтым горадзе, прымала Дафну за Моніку Штаерман, захаплялася ёю, але і зайздросціла таксама, у прыватнасці праз Бэна, таму што Бэна пазбягаў яе, хоць у тыя часы спакушаў усіх падрад, гэты красунчык Бэна, тады лічылася найвышэйшым шыкам і прэстыжам пераспаць з Бэна, гэтак жа як лічылася шыкам і прэстыжам пераспаць і з Монікай Штаерман; хоць усе былі перакананыя, што яны абое ў будучым пабяруцца, але гэта якраз і вабіла. Яна, Элен, была, што ні кажы, дачка Колера і таму недатыкальная. Бэна свядома пазбягаў яе, а яна прыняла запрашэнне Монікі Штаерман без ніякіх ваганняў, магчыма сама ў сабе спадзеючыся застаць там Бэна, настолькі яна была ў яго закаханая. Пасля вячэры, за чорнай кавай, яна паведаміла бацьку пра свой намер. Бацька спытаўся, куды менавіта яе запрасілі, на Аўрораштрасэ ці не, і наліў сабе «Марк». Дома ён заўсёды п'е «Марк». У «Мон-рэпо», адказала яна. Туды яшчэ дагэтуль нікога не запрашалі. Нікога, сказаў бацька. Дагэтуль туды запрашалі адно Людэвіца і яго самога. Дык вось ці можа ён даць ёй параду? Яна ўсё роўна не паслухаецца ніякіх парадаў, задзірыста адказала яна. Не трэба ёй прымаць гэтага запрашэння, сказаў бацька і выпіў свой «Марк». Гэта і была яго парада. Але яна ўсё адно пайшла. Даехала на ровары да Вагнерштуца, прыхіліла ровар да агароджы і пазваніла каля брамы, працягвала Элен далей свой расказ. І здзівілася, што за гэтым нічога не паследавала. Потым яна заўважыла, што рашотчатыя весніцы наогул не зачыненыя, яна адчыніла іх і ўступіла ў парк, але, ледзь уступіла, адразу ж адчула прыступ незразумелага страху. Яна ўжо была хацела вярнуцца, але цяпер ужо весніцы не паддаваліся. Калі дагэтуль Элен расказвала няўпэўнена, запіналася, дык тут пачала гаварыць так, быццам усё, што адбылося пасля, адбылося не з ёю, а з кімсьці іншым. З гэтага моманту, расказвала Элен далей, яна ўжо не сумнявалася, што яе завабілі ў пастку. Заняхаены парк быў заліты вечаровай чырванню, гэты паток святла здаўся ёй благім знакам. Яна аўтаматычна ішла далей да нябачнай вілы. Друз парыпваў пад нагамі. Яна заўважыла садовага гнома, аднаго, потым яшчэ трох, пасля адразу некалькі ўздоўж дарожкі, яны стаялі сярод бадылля непадстрыжанага газона, сярод лубіну і смолак, выглядвалі са сплётаў карэння: нягледзячы на мардаценькія тварыкі, у гэтай злавеснай вечаровай чырвані яны здаваліся падступнымі і гнюснымі, асабліва калі яна заўважыла, што ўніз з дрэваў таксама шчэрацца гномы, паляць люлькі, ад агіды яна ўсё хутчэй бегла сярод гномаў, пакуль не апынулася перад цэлай сцяной гноміх з велізарнымі галовамі, большымі за тыя, якіх яна ўбачыла спярша, — прыкладна з чатырохгадовае дзіця. Дранцвеючы ад жудасці, яна заўважыла, як адна з гэтых фігур ашчэрыла ёй зубы. У панічным страху яна паляцела па парку, міма непрыстойных гномаў, пакуль не выскачыла на лугавіну, дзе ніякіх гномаў не было, сама лугавіна падымалася ўгору, а наверсе яе вачам адкрылася віла. Задыхаючыся, яна спынілася і паглядзела назад. Спадзеючыся, што ўсё гэта ёй толькі памроілася, што яна ўбачыла кашмар. Але яна ўбачыла ашчэраную гноміху, якая дробненька дыгала, спяшаючыся да яе. Яна кінулася да вілы, уляцела ў адчыненыя дзверы, яна чула ў сябе за спінай дробненькі тупат, яна прабегла праз вестыбюль, потым праз залу, дзе ў каміне патрэскваў агонь, хоць на дварэ стаяла лета, нідзе ні душы — і толькі дробненькія крокі за спінай. Яна ўбегла ў нейкае падабенства кабінета. Сцены, заклееныя фотаздымкамі Бэна, страшэнна яе спалохалі. Першым парываннем было вярнуцца назад, але ў зале, у водблісках каміна, яна зноў угледзела карліцу з велізарнай, безвалосай галавой, маленькімі зморшчаным тварыкам і вырачанымі вачыма. Элен бразнула дзвярмі кабінета і замкнулася ссярэдзіны. Яна была адна. Яна кінулася ў скураны фатэль, адчула непрывычны саладжавы пах і самлела. Ачуўшыся, убачыла, што яе з усіх бакоў зашчамілі чытыры голыя магуты, пра якіх пазней магла б толькі сказаць, што яны былі безвалосыя і што ад іх патыхала аліўкавым алеем, якім яны нашмараваліся і таму былі такія слізкія, як рыбы. Яе раздзелі, як яна ні ўпіралася. Яна пачула нястрымны смех і ўбачыла жанчыну, якою захаплялася і якой зайздросціла і якую прымала за Моніку Штаерман. Голая Дафна Мюлер сядзела ў скураным фатэлі. Гэта яна смяялася. Раптам аднекуль узнік прафесар Вінтэр, голы, трыбухаты. За спінай у юрлівага фаўна яна ўбачыла карліцу. Тая сядзела на шафе і пераможна сузірала Элен. Калі чорнабароды сатыр авалодаў Элен, у яе ў галаве бліснула думка — менавіта бліснула, гэта не проста ўстойлівае словазлучэнне, — думка пранікла ў яе мазгі, як пранікае бліскавіца, і не засталося іншых думак, акрамя адно што ўсё тут адбываецца з ёю толькі з волі гэтай карліцы, якая загнала яе ў гэты кабінет, каб з ёю, Элен, зрабілі тое, чаго палка жадала сама карліца, але чаго з карліцай нельга было зрабіць, а потым, калі на яе кінуўся Бэна, а за ім чацвёра слізкіх голых, і ўсё гэта — пад несціханы смех Дафны, Элен ахапіла (адзіная магчымасць супраціўляцца, адзіная зброя) бязмерная пажада, яна ўскрыкнула, яна крычала, крычала, пажада рабілася тым больш неспатольнай, чым зайздрослівейшым рабіўся позірк карліцы. Карліца дрыжала ўсім целам, у вачах у яе бачылася нешта большае, чым бязмежная зайздрасць, здавалася, быццам яна дрыжыць ад гора, што не дадзена ёй, карліцы, зведаць асалоду, якую адчувае тая, якую гвалцяць на яе ж загад яе ж халопы. Нарэшце карліца ў поўным жаху закрычала: «Годзе!» — і разверзлася нястрымным хлюпаннем. Элен адпусцілі, карліцу вынеслі, Элен засталася ў кабінеце адна. Яна сабрала сваю вопратку, у зале яшчэ не прагарэў камін, прабралася праз вестыбюль у цёмны парк, дайшла да брамы. Брама была не замкнёная, закончыла Элен сваю аповесць, і яна паехала дамоў на ровары.

Яна памаўчала. Пасля спыталася ў мяне, ці не шакіраваны я яе расказам. «Не, — адказаў я, — але чарачка каньяку мне цяпер не зашкодзіла б». Яна наліла мне і наліла сабе. Калі яна вярнулася, працягвала яна далей свой расказ, бацька ўсё яшчэ быў у кабінеце за пісьмовым сталом. На яе амаль не глянуў. Яна яму ўсё расказала. Тады ён падышоў да більярда і зайграў. А ў яе спытаў, чаго ёй яшчэ трэба. Адпомсціць, сказала яна. «Забудзь пра гэта», — сказаў бацька. Але яна прагнула помсты. Тады ён перастаў іграць і ўважліва паглядзеў на яе. Ён раіў ёй не хадзіць туды, а яна не паслухалася, пайшла. Яе клопат. Ніхто не абавязаны слухацца парадаў, інакш парада будзе не парада, а загад. Тое, што здарылася, не мае значэння, бо яно ўжо здарылася. Яго трэба адкінуць, хто не ўмее забываць, той кідаецца пад колы часу і дае сябе раздушыць. А яна настойвае на помсце. Дзетачка, сказаў бацька, гэта ён першы раз у жыцці так яе назваў, усё, што ім дагэтуль было сказана, — гэта таксама не больш як парада, але калі яна патрабуе помсты, выдатна, будзе ёй помста. І гэта ўжо ягоны клопат. Потым ён паклаў на більярднае поле чатыры шары і стукнуў, толькі адзін раз, спярша паслаў шар у борт, адтуль шар адкаціўся назад і саштурхнуў другі шар у лузу. Вінтэр, сказаў бацька, калі чарговы шар знік у лузе. Бэна. Потым Дафна. А калі ён сказаў — Штаерман, на полі ўвогуле больш нічога не засталося. А яна? — спытала Элен. А яна была кіем, адказаў ён. І кій спатрэбіўся яму ўсяго адзін раз. Што будзе з імі? — спытала яна. Яны памруць, адказаў бацька. У той паслядоўнасці, якую ён устанавіў. А цяпер хай ідзе спаць, яму трэба папрацаваць.

Гэтая размова, працягвала яна, крыху памаўчаўшы, калі мы паспелі выпіць па трэцяй, а з суседняга пакоя пачуўся стук більярдных шароў, гэтая размова захавалася ў яе памяці больш злавеснай, чым тое, што адбылося ў «Мон-рэпо», у сябе ў пакоі яна патушыла святло і доўга ў гэтую бясконцую ноч разглядвала неміласэрныя зоркі, якім не абыходзіць тое, ці ёсць на жалю вартым, нікчэмным шарыку Зямлі, жыццё, ці няма, а пра чалавечы лёс і гаварыць няма чаго, і тут яе забрала злосць, бацька, вядома ж, хацеў, каб яна туды пайшла, і цвёрда спадзяваўся, што цікаўнасць пацягне яе. Але вось чаму карліца абрала менавіта яе? Каму было наканавана прыніжэнне: Элен ці бацьку Элен? Калі бацьку, чаму ён тады спачатку адгаворваў яе помсціцца? Хацеў сабе вырашыць пытанне, ці варта яму ўступаць у барацьбу ці не? Але ў імя чаго вялася гэта барацьба? І хто каму ў ёй супроцьстаяў? Яе непакоіла думка, што за цагельным трэстам, пра які бацька абавязкова ўспамінаў як бы жартам, крыюцца іншыя, куды больш значныя гешэфты і што ён час ад часу заводзіць мову пра сілікон, якому належыць будучыня, хоць усе, у каго яна толькі ні пыталася, адказвалі, быццам, ані подумкі, ані здагадкі, пра што гэта талкуе бацька. Можа, барацьба ўспыхнула паміж ім і Людэвіцам? І тым, што з ёю здарылася, Штаерман давала бацьку зразумець, што не хоча больш ягонага ўмяшальніцтва?

Я задумаўся над яе расказам. Аднаго не разумею, сказаў я, ваш бацька распавядаў у Мюнхене пра забойства, што матыў ён падаў фальшывы, не бяда, хай так, але вось што яму толькі каля рэстарана прыйшла ў галаву думка скарыстацца рэвальверам ангельца — не і не, гэта непраўдападобна. Элен уважліва паглядзела на мяне. Небывала прыгожая жанчына. Ваша праўда, сказала яна, бацька схлусіў. Яны ўдваіх абгаварылі гэта забойства. І небарака Шпэт пра гэта здагадаўся. Ён застрэліў Вінтэра са свайго рэвальвера, пасля сунуў яго ў кішэню міністру, а ўжо пасля яна дастала рэвальвер з кішэні і ў Лондане выкінула яго ў Тэмзу. Міністр ляцеў не на самалёце кампаніі «Свісэйр», засумняваўся я. Так, Штусі-Лойпін меў рацыю, выстаўляючы гэта пярэчанне, адказала яна, але і Штусі-Лойпін не мог ведаць, што яна суправаджала міністра па ягонай асабістай просьбе. Дзеля гэтага яна рэгулярна наведвала яго ў прыватнай клініцы. Яна змоўкла. Я агледзеў яе. У яе за плячыма было цэлае жыццё, і ў мяне за плячыма было цэлае жыццё. «А Шпэт?» — спытаў я, але яна ўхілілася ад майго позірку. Я расказаў ёй пра сваю сустрэчу з Шпэтам. Яна выслухала. У Шпэта склалася памылковае ўражанне пра яе, спакойна сказала яна, вось і ў мяне складваецца пра яе памылковае ўражанне. Усяго праз некалькі тыдняў пасля той ночы яна ўступіла ў сувязь з Вінтэрам, а потым з Бэна — адсюль і свара Бэна з Вінтэрам і Дафны з Бэна, і яе разрыў з Штаерман, з кім яна яшчэ спала, па сутнасці няважна, хай хоць з усімі падрад — вось, бадай што, самы дакладны адказ. Яна і сама сябе не разумее. Яна зноў і зноў спрабуе знайсці рацыянальнае тлумачэнне нечамусь ірацыянальнаму, але яе паводзіны не залежаць ад розуму. І можа, усе тлумачэнні ёсць усяго толькі зачэпка, каб апраўдаць сваю натуру, якая ў тую ноч у «Мон-рэпо» заявіла пра сябе магутным парываннем, можа, употайкі марыць пра ўсё новыя гвалты, бо чалавек бывае свабодны адно калі яго гвалцяць, — свабодным нават ад сваёй волі. Але гэта, зразумела, усяго толькі адзін з варыянтаў тлумачэння. Нядобрае адчуванне, што яна была толькі прыладай у руках бацькі ніколі не пакідала яе. Усе, каго ён назваў падчас той гульні на більярдзе, памерлі ў ім жа названай чарговасці. Штаерман — апошняя. Два гады назад. Як параіў бацька, яна ўвайшла ў канцэрн па зброі, ад чаго акцыянернае таварыства «Трог» прагарэла. А потым Моніку Штаерман знайшлі мёртвую на яе грэчаскім востраве. І чатырох целаахоўнікаў, зрашэчаных кулямі. Прычым Штаерман знайшлі толькі праз паўгода — яна вісела ўніз галавою на аліве. Хіба я не чытаў пра гэта? Прозвішча Штаерман ні пра што мне не гаварыла, адказаў я. Калі ў газетах было апублікавана паведамленне пра знікненне Штаерман, сказала Элен, яна знайшла на стале ў бацькі тэлеграму, у якой не было нічога, апрача радка 1171953, калі прыняць гэты радок як дату, дык атрымаецца дзень згвалтавання. А як што забойства было ўчынена па даручэнні бацькі, хто яго выканаў, і хто стаяў за выканаўцамі, і хто стаяў за тымі, што стаялі за выканаўцамі? Ці азначала смерць Монікі Штаерман канец нейкай эканамічнай вайны? Ці была гэта вайна за ўладу нечым рацыянальным альбо ірацыянальным? Што наогул творыцца на свеце? Яна не ведае. Я таксама не ведаю, сказаў я.

«Але вернемся да Шпэта», — прапанаваў я, калі, вядома, яна не супраць. Яна сказала, што не супраць; калі Шпэт узяўся за даручэнне яе бацькі, яна спадзявалася, што ён дакапаецца. Дакапаецца да чаго? Да таго, хто падбухторыў яе бацьку на забойства. «Не надта лагічна», — сказаў я. «Чаму ж?» — адказала яна, гэта яна падбухторыла. У яе ж быў выбар. Атрымліваецца замкнутае кола, канстатаваў я, спярша яна валіла віну на бацьку, цяпер на сябе. Мы абое вінаватыя, сказала яна, Ну, гэта ўжо нейкае вар'яцтва. А яна і ёсць вар'ятка. «Далей», — скамандаваў я. Яна не давала вывесці сябе з раўнавагі. Калі пасля таго, як бацьку апраўдалі і ён з'ехаў, Шпэт груба накрычаў на яе і ўжо мала не дабраўся да ісціны, а яна пайшла да начальніка паліцыі і ва ўсім яму прызналася. «Гэта ж як разумець?» — спытаў я. Яна прызналася, яна прызналася ва ўсім, паўтарыла Элен. «Ну і што?» — спытаў я. Яна памаўчала, потым адказала, што начальнік паліцыі спытаўся ў яе гэтак сама «Ну і што?». Пасля чаго раскурыў цыгару і сказаў, быццам усё гэта — леташні снег, Бэна сам пакінуў жыццё, высвятляць задам наперад, хто менавіта страляў, альбо — куды ўжо там — даваць нырца ў Тэмзу і шукаць там рэвальвер не ўяўляецца магчымым, бываюць выпадкі, калі справядлівасць траціць сэнс і ператвараецца ў фарс. Яна хай ідзе сабе дамоў, а ён сваёй чаргой забудзе, пра што яна яму тут распавядала. Чаму яе бацька ані словам не памянуў Шпэта? — спытаўся я. Ён яго забыў, адказала. І Штусі-Лойпіна таксама, сказаў я. Увогуле вельмі дзіўна, сказала, яе бацька перакананы, што забойства ўчыніў не ён, а Бэна. Яна адзіная, каму яшчэ вядома, што забойцам быў яе бацька. А ці дакладна ёй гэта вядома, спытаў я, хоць і мала верагодна, але, магчыма, забойцам усё-такі быў Бэна. Яна заматала галавой. Не, бацька. Яна аглядала рэвальвер, які дастала з кішэні міністра, а дома сама яго зарадзіла.

Я спытаўся, навошта яна мне ўсё гэта расказала. Яна здзіўлена паглядзела на мяне. Тады навошта я пераслаў ёй рукапіс? Толькі каб дакапацца да праўды? Я перш за ўсё пісьменнік, якога цікавіць не чужая праўда, а свая ўласная, я думаю толькі пра тое, каб напісаць раман, і ні пра што іншае, і калі выйдзе кніга, дык яна будзе падпісана маім імем, а не імем Шпэта. Каму належыць рукапіс, мне ці Шпэту, ведаю толькі я, а я кажу, што атрымаў яе ад начальніка паліцыі. Яна таксама ведала старога балбатуна, ён часта бываў у гасцях у яе і яе бацькі і шчыраваў з ім. Гэтак сама ён мог шчыраваць і са мной. Але ўжо калі я хачу скарыстацца ёю, дык не трэба апісваць яе як гётэўскую жанчыну, якіх трэба пералупцаваць усіх да адной, настолькі яны занудлівыя, калі, вядома, не лічыць Філіны, адзінай з ягоных твораў, з якою старэнькі і сам не цураўся пераспаць. І Элен нерухома паглядзела перад сабою. Міма акна, пасвістваючы, прайшоў той самы хлопец. А ці знайду я сам дарогу? Я развітаўся. Стары па-ранейшаму ганяў шары. Ад борта дубэльтам.

Без чвэрці два. Я заходжу да сябе ў кабінет. Калі я абсталёўваў яго, з акна было відаць возера. Цяпер возера засланілі дрэвы. Некалькі дрэў нават давялося ссячы, тыя, якіх яшчэ не было, калі я сюды ўехаў. Сячы дрэвы вельмі шкада, іх не сякуць, іх забіваюць. А дуб вырас вялікі і магутны. Па дрэвах я адчуваю бег часу, свайго часу. Не так, як вызначаю яго, гледзячы ў неба. Не без журботы знаходжу там Сіта, Альдэбаран, Капэлу, зімовыя зоркі, хоць на дварэ яшчэ лета, — прыкмета таго, што за траціну года робішся на год старэйшы. У небе пракручваецца аб'ектыўны, вымерны час чалавека амаль шасцідзесяціпяцігадовага ўзросту, суб'ектыўна ж час рухаецца разам са мною і з дрэвамі ў бок смерці, і тут ужо яго нельга вымерыць, можна тольакі адчуць. А як успрымае час Зямля? Я гляджу на начное возера, яно зусім не перамянілася, калі адхіліцца ад таго, што начворылі з ім людзі. І як успрымае свой узрост сама Зямля? Аб'ектыўна? Ці здаецца сабе старажытнай? Чатырох з палавінай мільярдаў год? Альбо суб'ектыўна лічыць, быццам уступіла ў найлепшую пару свайго жыцця, бо можа мінуць яшчэ сем мільярдаў гадоў, перш чым яе спапяліць сонца? Альбо яна ўспрымае час на маланкавай хуткасці, калі адчувае сябе нецярплівай, няспыннай сілай, бурліць і кіпіць усярэдзіне, адрывае кантыненты адзін ад аднаго. Грувасціць горы, ссоўвае пліты, насылае моры на сушу, а наша блуканне па цвёрдым грунце ці не ёсць на самой справе хадзьба па грунце хісткім, які штогадзіны, штохвіліны пагражае раззеўрыцца і паглынуць нас? І нарэшце, як там яно з часам роду людскога? Мы вымералі яго з усёй даступнай нам аб'ектыўнасцю, мы падзялілі яго на старажытны час, сярэднявечча, новы час і ноўшы ў чаканні яшчэ найноўшага; ёсць падзелы і больш тонкія, калі, напрыклад, за спадкамі Ўсходу ідзе эпоха грэкаў, у якой змыкаюцца Цэзар і Хрыстос, за ёю па пятах ідзе эпоха веры. Рэнесанс радасным звонам абвяшчае век Рэфармацыі, а за ім ідзе век, калі нястрымна падрастае розум, ён падрастае і па сённяшні дзень, усё падрастае і падрастае, а на дробязі проста не трэба зважаць. Першая сусветная вайна, і Другая, і Асвенцім былі ўсяго толькі эпізодамі, Чаплін больш вядомы свету, чым Гітлер, у Сталіна дагэтуль вераць адны албанцы, а ў Мао — некалькі перуанскіх тэрарыстаў, сорак гадоў міру — гэта вам чагосці вартае, праўда ж, не ўсюды а толькі для звышдзяржаваў, яшчэ ў Эўропе, ну і на Ціхім акіяне — у агульным і цэлым, і ў Японіі, дачыста адмытай ад любога грэху Хірасімай і Нагасакі, і нават Кітай гасцінна расхрыствае свае дзверы пад напорам усемагчымых турыстычных бюро. Але як гэты мірны перыяд, калі ў яго наогул ёсць час, каб так называцца, — як успрымае свой час ён? Ці спыняецца ён у яго ўспрыняцці, і калі спыняецца, дык ці ведае ён, што з ім рабіць? Ці ўцякае ён ад яго? А можа праносіцца над галавой, як ураган, як тарнада, шпурляючы аўтамабілі адзін на адзін у кучу-малу, зрываючы цягнікі з рэек, разбіваючы аб скалы гіганцкія лайнеры, агнём выпальваючы гарады? Як аб'ектыўна раскручваецца час нашага саракагадовага, даступнага вымярэнню свету, час, калі сапраўдная вайна, у імя якой ідзе няспынная гонка ўзбраення, здаецца ўсё больш непамыснай, хоць планы яе выношваюцца няспынна? А наш мірны час, дзеля захавання якога мільёны выходзяць на дэманстрацыі, цягаюць транспаранты, падпяваюць рок-групам і моляцца — ці не прыняў ён даўным-даўно форму таго, што мы колісь называлі вайной, бо мы самыя дзеля свайго ж заспакаення спраўна аздабляем наш мір рознымі катастрофамі? Усеагульная гісторыя абяцае чалавецтву бясконцы час, а для Зямлі, калі меркаваць аб'ектыўна, ён, магчыма ўяўляецца толькі хуткацечным эпізодам, нават менш, чым эпізодам — нейкі інцыдэнт у межах адной зямной секунды, з пункту гледжання касмічнага амаль непаддатны ўспрыманню з ледзь прыкметным шнарам пасля сябе. Ледзь падняўшыся з зямлі, яшчэ загрузаючы ў гліне, дарыйцы наіўна думалі, што нападаюць на саміх сябе. Вось так і мы насамрэч, заледзьве ацалеўшы пасля ледніковага перыяду, нападаем на самых сябе, будзь тое ў дні міру, будзь тое ў дні вайны, мужчыны на жанчын, жанчыны на мужчын, мужчыны на мужчыен, жанчыны на жанчын, кіраваныя не розумам, а неспасцігальным у сваіх матывацыях інстынктам, які мае за плячмі на мільёны гадоў больш доўгае развіццё, чым розум. Вось гэтак, пагражаючы атамнай, вадароднай, нейтроннай бомбамі, мы ўберагаем сябе ад самага жудаснага, як тыя гарылы, барабанім сябе кулакамі ў грудзі, каб запалохаць зграі іншых гарылаў, і ў той самы час рызыкуем загінуць ад таго самага міру, які намагаемся сіламоц уберагчы, загінуць, каб голле мёртвых лясоў укрыла наша здыханне.

Я стомлена вяртаюся да свайго пісьмовага стала, да свайго поля бітвы, у сферу прыцягнення сваіх твораў, але ніякай іншай рэчаіснасці, апрача той, дзе іхні час сцёк, іхні, а не наш. Я не здолеў разгадаць іх, прыдуманых шмат. Мае творы самі стварылі сваю рэчаіснасць, вырваўшы яе з майго ўяўлення і тым самым — з маёй рэчаіснасці, з часу, спажытага на тое, каб іх стварыць. Тым самым яны таксама зрабіліся часткай нашай агульнай рэчаіснасці і, адпаведна, адной з магчымасцяў, адну з якіх мы ў сваю чаргу называем сусветнай гісторыяй, гэтак жа захутанай у кокан нашых фантазіяў. Але хіба гісторыя, якая зрабілася рэчаіснасцю толькі ў маім уяўленні і якая цяпер, ужо напісаная, пакідае мяне, утрымлівае ў сабе менш сэнсу, чым сусветная гісторыя, — хіба ж яна менш сейсмаўстойлівая, чым глеба, на якой мы ўзводзім свае гарады? А Бог? Калі ўявіць яго сутным, рабіў бы ён інакш, чым доктар h.c. Ісак Колер? Хіба Шпэт не быў вольны адмовіцца ад даручэння знайсці забойцу, якога не было? Хіба ён не быў вымушаны знайсці забойцу, як той чалавек, які, пакаштаваўшы ад дрэва пазнання дабра і зла, быў вымушаны знайсці Бога, якога не было, знайшоў чорта? І ці не ёсць гэты апошні — выдумка, якою скарыстаўся Бог, каб апраўдаць сваё няўдалае творыва? Каго лічыць вінаватым? Таго, хто дае даручэнне, ці таго, хто яго прымае? Таго, хто забараняе, ці таго, хто ігнаруе забарону? Таго, хто выдае законы, ці таго, хто іх парушае? Таго, хто дае свабоду, ці таго, хто ёю карыстаецца? Нас пагубіць свабода, якую мы даем іншым і даем сабе. Я пакідаю свой кабінет: вызвалены ад маіх твораў, ён апусцеў. Палова пятай. На небе я першы раз бачу Арыён. Каго ён пераследуе?

22.09.1985

[4] Склад злачынства (лац.).

[5] Прамашка (фр.).

Назад 1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 Вперед
Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code

Новые книги

Смотреть все
Гремячая башня
Гремячая башня
[Детские приключения / Детские остросюжетные]
«Когда оживают Тени» – мистический детектив для детей и их родителей, где чувства и переживания принимают облик таинственных существ. Здесь загадки соседствуют с юмором, а каждое новое дело знакомит
0
Неверный. Свадьба моего мужа
Неверный. Свадьба моего мужа
[Секс и семейная психология / Любовные романы / Современные любовные романы / Современная проза]
– Мне нужно, чтобы ты сделала тест на беременность. – Муж протягивает мне упаковку. – Зачем? Я недавно делала… – Сделай ещё раз! Я собираюсь жениться на другой женщине. Если ты не беременна, то
0
Престолы и господства
Престолы и господства
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Собрание в Колоссах Павел никогда не видел: его основал Епафрас, и от него Павел узнал, что там учат почитать посланников и жить по азбуке мира. В ответ Павел поёт песнь о Первенце, Которым
0
Встреча в облаках
Встреча в облаках
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Из Коринфа Павел с Силуаном и Тимофеем пишет молодому собранию в Фессалонике, откуда ему пришлось уйти ночью. Тимофей вернулся с доброй вестью: они стоят. Павел вспоминает, как жил у них, работая
0
Удерживающий
Удерживающий
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Несколько месяцев спустя Павел снова пишет в Фессалонику: там говорят, будто день Господень уже настал, и, может быть, ходит письмо, будто бы от него. Прежде должен открыться человек беззакония,
0
Добрый подвиг. I
Добрый подвиг. I
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Павел, снова свободный, оставил Тимофея в Ефесе, а сам ушёл в Македонию. Теперь он пишет ему, как держать собрание: кого ставить надзирающими и служителями, как быть со вдовами, с богатыми, с теми,
0
Добрый подвиг. II
Добрый подвиг. II
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Павел снова в узах, в Риме, и знает, что конец близко. Из прежних спутников при нём остался один Лука; Димас ушёл, а на первой защите не пришёл никто. Он зовёт Тимофея прийти до зимы и захватить
0
Критское поручение
Критское поручение
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Тита Павел оставил на Крите — довершить недоконченное и поставить старейшин по городам. Критяне, по слову их же провидца, всегда лжецы, а тем, кто учит за корысть, надо заграждать уста. Чистым всё
0
Мелхиседек
Мелхиседек
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Длинное письмо без имени и без привета тем из евреев, кто пошёл за Помазанником. Пишущий не видел Его сам — весть он принял от слышавших; но старые книги знает так, как священник знает Дом. Сын
0
Царский закон
Царский закон
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Иаков, брат Господень, старший у старейшин Иерусалима, пишет на праздник седмиц двенадцати коленам в рассеянии: всякий добрый дар — свыше, от Отца светов, у Которого нет перемены. Слушать мало —
0
Очевидцы
Очевидцы
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Второе письмо Петра — тем же, кому и первое. Он знает, что скоро оставит свой шатёр, и спешит напомнить: не басням они поверили — они сами видели Его величие и слышали голос на святой горе.
0
Бог есть любовь
Бог есть любовь
[Научная фантастика / Альтернативная история]
Письмо без подписи и без привета. Пишет один из тех, кто видел Его своими глазами и касался Его руками, — пишет «детям»: о свете, в котором нет никакой тьмы, о любви, которая выгоняет страх, о Каине,
0

Самые популярные книги

Хорошая, плохая, грешная 3
Хорошая, плохая, грешная 3
[Попаданцы]
У Эвирейл Миардо нет ни единой свободной минутки на грусть и рефлексию! Да и когда? Столько дел, столько дел! Шахту выкопай, лавку открой, артефакты создай, эльфа за попу укуси... Ничего не
13
Последняя Гадина империи
Последняя Гадина империи
[Попаданцы / Бояръ-Аниме / Русское фэнтези / Самиздат]
Пятьсот лет назад я была прославленным зельеваром, матриархом и почтенной основательницей династии. А сегодня очнулась в теле изнеженной барышни на пепелище семейной усадьбы и обнаружила, что весь
12
Те, кто приходит в тишине
Те, кто приходит в тишине
[Альтернативная история / Попаданцы / Самиздат / Боевая фантастика]
Редкий бой бывает похож на предыдущий. Мы учимся. На своих и на чужих ошибках. Стараемся расти над собой. Противник – тоже. Он анализирует наши ошибки, учитывает остроумные решения. То есть
10
Замок над морем
Замок над морем
[Героическая фантастика / Любовное фэнтези]
Волны перемешивают гальку, жизнь перемешивает людские судьбы. Воины и рабы, дети Ардена и слуги Ириона, все равны перед вечностью. Казалось бы, все решено, расставлены фигуры и начата игра. Но
6
Оружейникъ. 1866
Оружейникъ. 1866
[Попаданцы / Альтернативная история / Самиздат]
Умереть в шестьдесят шесть, заслонив собой молодого стажёра, — достойный финал для оружейника. Очнуться в теле семнадцатилетнего подручного на Тульском оружейном заводе в 1866 году — уже второй
5
Граф поневоле. Книга вторая
Граф поневоле. Книга вторая
[Юмористическая фантастика / Альтернативная история / Попаданцы / Самиздат]
Умереть от пули киллера — обидно. Очнуться в 1827 году — странно. Обнаружить, что я теперь двадцатилетний граф, а моё имение разорено, — перебор. Хотя… Жив, молод, с титулом — уже хорошо. С
5
Наследник $$$ уровня Х
Наследник $$$ уровня Х
[Попаданцы / Книги про волшебников / Городское фэнтези / Самиздат]
Надо судить человека, прежде чем полюбил его, ибо, полюбив, уже не судят.
4
Тени сумрака
Тени сумрака
[Альтернативная история / Попаданцы / Боевая фантастика / Самиздат]
Один известный драматург сказал: вся жизнь – театр. А у Егора вся жизнь сплошное приключение. Вроде и не собирался ни с кем воевать, даже ссоры не искал, а неожиданно для себя вдруг нарвался на
4
Без страха и упрёка 7
Без страха и упрёка 7
[Альтернативная история / Попаданцы]
Алексей Штурмин достиг многого, но настоящее восхождение на вершины власти только начинается.
4
Лешие. Том 1
Лешие. Том 1
[Самиздат / Альтернативная история / Попаданцы]
Август 1914 года. Армия Самсонова идёт в Восточную Пруссию — прямо в немецкую ловушку. До катастрофы под Танненбергом десять дней. Подполковник Гордеев изучал её в военной академии. Теперь он
4
Второй шанс для Лекаря. Том 9
Второй шанс для Лекаря. Том 9
[Альтернативная история / Попаданцы]
Умереть после спасения чужой жизни — не самый плохой финал для врача. Всю свою жизнь я посвятил медицине. Последняя операция стала для меня одновременно победой и приговором — прямо у хирургического
4
Безмолвная. Книга четвёртая
Безмолвная. Книга четвёртая
[Попаданцы / Альтернативная история / Самиздат]
Избитый сюжет о попаданце в тело девушки. Не новый сюжет, рассказывающий о его нелёгкой жизни в Стране Утренней Свежести, и долгом восхождении на музыкальный олимп. И совсем древний сюжет о том, что
4

Самые комментируемые

Семья для брошенки. Вторая жизнь с нуля
Семья для брошенки. Вторая жизнь с нуля
[Любовная фантастика / Самиздат / Попаданцы]
Семь лет унижений, презрения и пустой постели. Герцог Дрейк Ашфорд объявил свою истинную жену бракованной и отправил в ссылку на Ольцег — умирать среди таких же «ненужных». Он думал, что сломал
23
Замок над морем
Замок над морем
[Героическая фантастика / Любовное фэнтези]
Волны перемешивают гальку, жизнь перемешивает людские судьбы. Воины и рабы, дети Ардена и слуги Ириона, все равны перед вечностью. Казалось бы, все решено, расставлены фигуры и начата игра. Но
6
Отбор невест, или Три орешка для темного
Отбор невест, или Три орешка для темного
[Любовная фантастика]
Каждая приличная драконица должна пройти отбор невест, иначе внукам у камина будет нечего рассказать. Так говорила моя маменька, а ей можно верить — за ее спиной аж четыре таких отбора! Так что я
14
Печать Забытой Эпохи
Печать Забытой Эпохи
[Любовная фантастика / Попаданцы]
— Скажи спасибо, что не оставил босой на улице, Верадель. Забирай свои проклятые северные руины и убирайся, — самодовольно бросил мне бывший муж, швырнув на стол бумаги о разводе. Он думал, что
25
Кодекс Магических Зверей XI
Кодекс Магических Зверей XI
[РеалРПГ (RealRPG) / Попаданцы / Городское фэнтези]
Десятки лет спасения жизней и смерть на полу собственной ветеринарной клиники. Только вместо небытия — пробуждение в теле юнца, чья лавка «целителя чудовищ» на грани полного развала. Вот только у
2
Хозяйка Тиховодья. Развод на краю болот
Хозяйка Тиховодья. Развод на краю болот
[Любовное фэнтези / Попаданцы]
- Двадцать четыре года, Веста. Наследника нет. Подпиши, и получишь Тиховодье. - А где это? - На краю Хляби. Тихо, сыро, никого. Утром я собирала клюкву в Мещёре и шагнула в болотное окно. Очнулась в
15
Шахматистка. Выжить на Арене Смерти
Шахматистка. Выжить на Арене Смерти
[Любовное фэнтези / Попаданцы / Книги про волшебников / Самиздат]
Кто-то попадает в имбовых персов: Избранных, Тёмных властелинов и прочих крутых ребят. А я попала в тело бездарной адептки магической академии. Как она сюда поступила-то, без грамма магии? Неважно,
14
Пулеметчик Федя
Пулеметчик Федя
[Альтернативная история / Юмористическая фантастика / Попаданцы / Самиздат]
Пулеметчик — это не звание, это диагноз. Тридцать пять лет, пулемёт «Печенег», рукавица прилипла к раскалённому кожуху — и здравствуйте: июнь сорок первого, чужие двадцать два года, чужие руки,
11
Диагноз
Диагноз
[Самиздат / Детективная фантастика / Городское фэнтези / Юмористическая фантастика]
Некромантия в нашем мире давно стала такой же частью жизни, как радио, кино, телефоны и аэропланы. Но разве могла я подумать, что однажды приду наниматься на службу к лучшему некроманту столицы! Он —
18
Будущее начинается с привычек. Ежедневные ритуалы, которые развивают мозг ребенка, самостоятельность и уверенность в себе
Будущее начинается с привычек. Ежедневные ритуалы, которые развивают мозг ребенка, самостоятельность и уверенность в себе
[Дом и семья / Психология / Секс и семейная психология / Саморазвитие]
Если ребенок не хочет самостоятельно одеваться, вовремя ложиться спать и правильно питаться, значит, ему нужно развить привычки, которые помогут стать более организованным и ответственным. Корейская
0
Ведьма и Экзорцист. Второй шанс на жизнь
Ведьма и Экзорцист. Второй шанс на жизнь
[Детективы / Триллер / Любовное фэнтези / Фэнтези]
Приказ ясен: отравить Дерека вель Гранна. Последствия – костёр и пепел. Белладонна уже прошла этот круг, сгорела и получила второй шанс. Теперь она знает, что приказ – лишь верхушка заговора, в
4
Последняя Гадина империи
Последняя Гадина империи
[Попаданцы / Бояръ-Аниме / Русское фэнтези / Самиздат]
Пятьсот лет назад я была прославленным зельеваром, матриархом и почтенной основательницей династии. А сегодня очнулась в теле изнеженной барышни на пепелище семейной усадьбы и обнаружила, что весь
12

Прямо сейчас читают

Джейн Эйр (другой перевод)
Джейн Эйр (другой перевод)
[Классическая проза]
Это – одна из самых знаменитых книг всех времен и народов. Книга, на которой выросли поколения и поколения читательниц. Книга, которая не стареет и не теряет своего обаяния. Книга, которая
0
Проклятие любви
Проклятие любви
[Любовная фантастика]
Одно проклятие. Четыре смертные женщины. Семь дней до того, как боги будут навечно изгнаны в Чистилище. Вся жизнь Шей переворачивается с ног на голову после того, как ее парень бросает ее в
0
Падение Левиафана. Часть 3
Падение Левиафана. Часть 3
[Попаданцы / Альтернативная история / Исторические приключения / Самиздат]
Я очутился в прошлом — в теле умирающего государя. Ещё вчера я проводил аудит крупных компаний, а сегодня получил страну, которая пожирает сама себя. Вокруг — казнокрады, интриганы и те, кто мечтает
0
Князь Серебряный
Князь Серебряный
[Русская классическая проза]
Граф Алексей Константинович Толстой (1817–1875) остался бы в истории русской поэзии и литературы благодаря одному только лирическому шедевру «Средь шумного бала…». А ведь им создано могучее
0
Истинная для трёх драконов
Истинная для трёх драконов
[Эротика, Секс / Любовная фантастика / Попаданцы]
Увидев странную дверь, я в неё вошла и оказалась в другом мире. Небольшой обряд, и вот я уже оказываюсь истинной для трёх драконов. Уже радуюсь возможности выбрать самого лучшего, как узнаю, что
0
Русские земли в Средние века
Русские земли в Средние века
[История]
Книга Георгия Вернадского посвящена становлению централизованного государства в постмонгольской Руси, когда усилиями Ивана III и Василия III — в основном мирно, но при необходимости огнем и мечом —
0
Развод. Из Германии за любовью
Развод. Из Германии за любовью
[Современные любовные романы / Самиздат]
— Если ты выйдешь на работу, кто будет заботиться о доме? Кто будет заботиться обо мне? Кто будет содержать дом в чистоте и порядке? У тебя очень много обязанностей, Мира. — мой муж брезгливо
1
Крестовый поход Гитлера. Европа против России
Крестовый поход Гитлера. Европа против России
[Военная история / Публицистика / Государство и право / Научпоп]
Странные вещи происходят с изучением истории, в том числе — с историей Второй мировой войны. С одной стороны, написаны тысячи томов исследований, с другой — не установлена единая дата ее начала.
0
Чего хотят драконы
Чего хотят драконы
[Любовная фантастика / Самиздат]
Ноктюрн для капитана
Ноктюрн для капитана
[Любовная фантастика / Космическая фантастика]
На этой далекой планете ее называют Осой. Юная и самоотверженная, она прилетела защищать самых необычных существ во Вселенной. А он – разжалованный начальник по безопасности – категорически против
0
Детективное агентство по особо не важным делам. Степные волки
Детективное агентство по особо не важным делам. Степные волки
[Детективная фантастика / Самиздат]
Ладжи нашел себе место по душе. Теперь он помогает простым людям и защищает их от преступников, а вторых от своего напарника Рока. Как бы ни было сложно молодому офицеру это признать, но мир нельзя
0
Притчи
Притчи
[Религиозная литература: прочее]
Любовь к жизни, доверие к себе, доброе и активное отношение к окружающим — вот основные уроки притч, сообщенные Крайоном проповеднику и писателю Ли Кэрроллу. Истории Крайона, как и комментарии к ним,
0