— Мне ясна, пра што вы кажаце, — перапыніў я, — не трэба толькі перад імем гэтага пацяробка ўжываць слова «гер».
— Я таго разу не зусім даўмелася да сэнсу вашага пытання, — ціха сказала яна.
І вакол нас таксама зрабілася ціха. Гізэла спырхнула з маіх каленяў і пачала асвяжаць макіяж. Я асатанеў ад злосці, разліў «вільямін» у чаркі і раптам заўважыў, што валасы ў мяне зліпліся, твар заліўся потам, што вочы пячэ, што я не паголены, што ад мяне кепска патыхае, раптоўная збянтэжанасць дзяўчат мяне страшэнна раззлавала, здавалася, быццам яны засаромеліся перад Элен, быццам сярод нас павеяла духам Арміі выратавання, я быў гатовы разнесці ўсё ўшчэнт, свет быў зладжаны шыварат-навыварат і дагары нагамі. Гэта Элен трэба было поўзаць на пузе перад гэтымі дзяўчатамі, але нічога, яна ў мяне яшчэ напоўзаецца. Я ўсё больш падліваў сабе, не кажучы ні слова, проста моўчкі глядзеў у спакойны твар з вялікімі цёмнымі вачыма.
— Фройляйн Элен Колер, — прамармытаў я заікаючыся і ўстаў, пахістваючыся, але ўстаў, - фройляйн Колер, я хачу зрабіць вам адну заяву, адну, але прынцыповую. Так-так, зрабіць заяву, гэта дакладная фармулёўка. Я застаў вас тады з вашым кныром-ёбарам Штусі-Лойпінам — без панікі, мілыя дамы, — я застаў вас, Элен Колер. Правільна. Я спытаўся ў вас, ці лёталі вы ў дзень забойства ці не, прычым менавіта тым рэйсам, які павінен быў даставіць ангельскага міністра на яго захлюпаны востраў. Правільна, правільна і яшчэ раз правільна. Вы адказалі на маё пытанне станоўча. А цяпер я хачу шпурнуць вам у твар самае галоўнае, так-так, Элен Колер, шпурнуць з усяе сілы. Рэвальвер быў у міністра ў паліто, вы яго адтуль дасталі, што для сцюардэсы не так ужо і цяжка, і гэта быў менавіта той рэвальвер, які паслужыў зброяй вашаму даражэнькаму татачку, так ніколі пазней і не знойдзенай зброяй забойства, што вы і без мяне выдатна ведаеце. Вы саўдзельніца, Элен Колер, вы не проста дачка забойцы, вы і сама забойца. Я ненавіджу вас, Элен Колер, я вас цяпер трываць не магу, ад вас, як і ад вашага паганага татачкі, нясе смуродам забойства, а не гарэлкі і распусты, як ад мяне. Зычу вам прасмерднуць жыўцом, Элен Колер, зычу вам рака ў вашу бясцэнную матку, бо, калі вам удасца выпладзіць на белы свет маленькага Штусі-Лойпіна, нашай зямлі настане канец, надта ж бо яна крохкая, каб насіць на сабе такую паскудную пачварыну. Мне ж будзе ад душы шкада нашай беднай зямелькі, нягледзячы на ўсе яе грахі, шкада за гэтых цудоўных патаскух, якім вы, любасная, у падноскі не вартая, якія займаюцца сумленным рамяством, мая пяшчотна каханенькая, а зараз згіньце з вачэй маіх, выпярдольвайце адсюль, каб я вас не чуў, не бачыў! І можаце з ходу падкаціцца пад свайго суперадваката…
Яна сышла. Што было далей, прамятаю цьмяна. Я нібыта ўпаў, прынамсі, я ляжаў ніцма на падлозе. Не выключана, што разам са мною ўпаў і столік, а з бутэлькі выцякла рэшта змесціва (гэта я добра памятаю), нейкі госць у акулярах і з лобам мысляра паскардзіўся, на скаргу прыплыла гаспадыня, тыповая бандэрша, Луцкі, высакародны Луцкі, завёў мяне ў туалет, я раптам зразумеў, што мяне раздражняюць яго вускі, пачаў з ім біцца. Луцкі ў мінулым быў баксёрам-аматарам, але абышлося без крыві, я рухнуў галавою ў пісуар, было вельмі непрыемна, найперш таму, што на ўсім ляжаў тойсты, як тынк, пласт сімволікі, быццам у дрэнным фільме. Потым раптам явілася паліцыя, вахмістр Штубер і з ім яшчэ двое. Некалькі гадзін яны трымалі мяне ў пастарунку, допыт, пратакол і г. д.
Пасляслоўе. Даводзіцца з чыста тэхнічнага боку канстатаваць, што спроба расказаць пра маю першую сустрэчу з Элен правалілася. А расказаў я пра апошнюю сустрэчу, з чаго вынікае, што на будучае трэба прыняць некаторыя меры перасцярогі. Запісы, зробленыя нападпітку, патрабуюць адмысловай асцярожнасці. Кароткія сказы, толькі кароткія. Даданыя тояць у сабе небяспеку. Сінтаксіс спараджае вэрхал. А цяпер трэба дапісаць эпілог (толькі што атрымаў ад Колера чарговую паштоўку, гэтым разам з Рыо-дэ-Жанэйра, з палымяным прывітаннем, адтуль ён вылятае ў Сан-Францыска, а з Сан-Францыска на Гаваі, пасля на Самоа, карацей, часу мне хапае). А ўсё ў тым, што мне зрабіў візіт начальнік кантрольнай паліцыі. Візіт быў вельмі важны. Гэта я ўсведамляю. Дарэчы, гэтым, магчыма, і можна патлумачыць, што цяпер я цвярозы. Даказаць пакуль што нічога нельга, але, як я падазраю, начальнік здагадваецца, што я намысліў. Жах, калі гэта так. З другога боку, тады ён забраў бы ў мяне рэвальвер. Прыйшоў да мяне без ніякага папярэджання, гадзін каля дзесяці вечара, праз два дні пасля той злашчаснай сцэны ў кавярні. На дварэ была снежная плягота. І тут ён раптам з неба зваліўся ў маю мансарду. Унізе завывала секта:
Начальнік трохі сумеўся. Ён збянтэжана пакасіўся на мой пісьмовы стол, завалены спісанымі аркушамі.
— Вы, мабыць, пісьменнікам намыслілі зрабіцца, — буркнуў ён.
— А чаму б і не, гер начальнік. Калі чалавеку ёсць што расказаць, — адказаў я.
— Падобна на пагрозу.
— Разумейце, як хочаце.
Заціснуўшы падпахай бутэльку, ён агледзеўся па баках. На жаль, на кушэтцы ў мяне ляжала дзяўчына, якое я зусім не ведаў, яна проста ўвязалася за мною, магчыма, гэта быў дарунак ад Луцкі, яна яўна ўжо раздзелася і легла, натхнёная фальшывым уяўленнем пра свае службовыя абавязкі. (Сумленныя адносіны да працы адчуваюцца ў нас абсалютна ва ўсім. Але што мне было да яе, я працаваў, я разбіраў свае запісы.)
— Апранайся, — загадаў начальнік, — а то прастудзішся. А мне трэба пагутарыць з адвакатам.
Ён паставіў бутэльку на стол.
— Каньяк, — сказаў ён, — «Адэ», рэдкая марка. Ад сябра з заходняй Швейцарыі. Давайце пасмакуем. А вы, Шпэт, прынясіце дзве чаркі. Яна сёння больш піць не будзе.
— Слухаюся, гер начальнік, — адказала дзяўчына.
— Ты пойдзеш дахаты. На сёння годзе.
— Слухаюся, гер начальнік.
Яна амаль паспела апрануцца за гэты час.
— Дабранач.
— Дабранач, гер начальнік.
І пайшла. Мы чулі, як яна збегла ўніз па лесвіцы.
— Вы яе ведаеце? — спытаўся я.
— Я яе ведаю, — адказаў начальнік.
Паверхам ніжэй сектанты ўсё яшчэ гарлалі свой харал.
Начальнік наліў каньяк у чаркі
— Ваша здароўе.
— Ваша.
— У вас ёсць рэвальвер? — спытаў ён.
Аднеквацца не мела сэнсу. Я дастаў рэвальвер з пісьмовага стала. Ён уважліва агледзеў яго, пасля аддаў мне.