— Я і самастойны.
— Так, мне дакладвалі. Ну, і як гандаль у лаўцы?
— Гер Колер, — сказаў я, — тут пра гэта, бадай што, гаварыць недарэчы.
— Значыцца, кепска, — кіўнуў ён, — так я і думаў. А кантора ваша ў мансардзе на Шпігельгасэ, праўда? Таксама кепска. Яшчэ горш нават.
Гэта ўжо перабірала край. Я ўстаў.
— Альбо вы скажаце мне, што вам ад мяне трэба, гер Колер, альбо я пайду, — груба сказаў я.
Абсалютна шчаслівы чалавек таксама ўстаў, раптам перад маімі вачыма зрабіўся магутным, непераможным і ўціснуў мяне назад у крэсла абедзвюма рукамі, апусціўшы іх, як гіры, на мае плечы.
— Сядзьце, — сказаў ён пагрозліва, амаль злосна.
Мне нічога не заставалася, як паслухацца.
— Добра, — сказаў я і прыціх.
Ахоўнік таксама. Колер зноў сеў.
— Вам патрэбны грошы, — канстатаваў ён.
— Гэтага мы абмяркоўваць не будзем, — адказаў я.
— Я мог бы даць вам даручэнне.
— Слухаю.
— Я хачу, каб вы нанава расследавалі маю справу.
Я разгубіўся.
- Інакш кажучы, гер Колер, вы хочаце дабіцца перагляду?
Ён кіўнуў.
— Калі б я хацеў перагляду, гэта азначала б, што вынесены мне вырак несправядлівы. Але ён больш чым справядлівы. Жыццё маё завершана і падшыта да справы. Я ведаю, тутэйшы дырэктар лічыць мяне крывадушнікам, і вы, Шпэт, здаецца, таксама. Магу зразумець. Але я не святы і не д'ябал, я ўсяго толькі чалавек, які прыйшоў да высновы, што, каб жыць, дастаткова турэмнай камеры, а каб памерці — ложка, пазней — труны, бо прызначэнне чалавека — мысліць, а не дзейнічаць. Дзейнічаць можа кожны асёл.
— Добра, — сказаў я, — вельмі пахвальныя высновы. Але цяпер дзейнічаць за вас павінен буду я. Яшчэ раз даследаваць вашу справу. А ці дазволена аслу папытацца, што вы намыслілі?
— Нічога я не намысліў, - коратка адказаў доктар h.c. Ісак Колер. — Я проста разважаю. Пра свет. Пра людзей. Магчыма, пра Бога. Але на развагі мне патрэбен матэрыял, інакш мае думкі пачынаюць круціцца ў пустаце. Ад вас мне не трэба нічога, апрача невялікай дапамогі ў маіх занятках, якія вы спакойна можаце разглядаць як хобі міліянера. Дарэчы, вы не адзіны, у каго я прашу нязначных паслугаў. Вы ведаеце старога Кнульпэ?
— Прафесара?
— Яго-яго.
— Я ў яго вучыўся.
— Ну, вось бачыце. Цяпер ён на пенсіі, і каб ён канчаткова не спарахнеў, я і яму даў даручэнне. Цяпер ён заняты даследаваннем. Вынікі аднаго забойства. Ён высвятляе наступствы, якія паследавалі і яшчэ паследуюць у выніку гвалтоўнага спынення жыцця аднаго калегі. Надзвычай цікава. Ён у захапленні. А задача ў тым, каб, даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку. А ваша задача, шаноўны, будзе іншага роду, і ў пэўнай ступені яна процілеглая таму, што робіць Кнульпэ.
— Якім жа чынам?
— Вы павінны нанава разгледзець мой выпадак, зыходзячы з дапушчэння, што забойца быў не я.
— Не разумею.
— Вам трэба скласці фіктыўнае дапушчэнне, толькі і ўсяго.